Холмская губэрня
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Хо́лмская губэ́рня (па-расейску: Холмская губернія, па-ўкраінску: Холмська губернія, па-польску: gubernia chełmska) — адміністрацыйная адзінка Расейскай імпэрыі і Ўкраінскай дзяржавы гетмана Скарападзкага. Вылучаная зь Люблінскай і скасаванай Седлецкай губэрняў Царства Польскага ў 1912. Складалася зь мясцовасьцяў са значнай удзельнай вагой усходніх славянаў (збольшага ўкраінцаў[1]). Губэрнскае места — Холм.
Remove ads
Расейская імпэрыя
Утварэньне губэрні
Калі пасьля загаду ад 17 красавіка 1905 навочна праявіўся правал палітыкі русіфікацыі й навароту ў праваслаўе жыхароў Холмшчыны і Падляшша[2], у найвышэйшых кіроўных колах Расеі ўзрасла цікаўнасьць да высоўваных яшчэ ў другой палове XIX стагодзьдзя плянаў вылучэньня «спрадвечна рускіх» земляў усходніх паветаў Люблінскай і Седлецкай губэрняў (Холмшчына) зь пераважным маларускім (украінскім) насельніцтвам у асобную Холмскую губэрню. Прапанову пра вылучэньне Холмшчыны з Царства Польскага падаў у Дзяржаўнай Думе япіскап Холмскі і Люблінскі Яўлогі (Георгіеўскі). Законапраект быў унесены ў III Дзяржаўную думу 19 траўня 1909, у той самы дзень перададзены ў камісію па накіраваньні заканадаўчых прапановаў. 17—20 лістапада 1909 адбывалася абмеркаваньне ў адмысловай «Холмскай» падкамісіі. Даклад камісіі прадстаўлены ў агульны сход Думы 7 траўня 1911, ягонае абмеркаваньне заняло 17 паседжаньняў. 4 траўня 1912 Закон «Аб утварэньні з усходніх частак Люблінскай і Седлецкай губэрняў асаблівай Холмскай губэрні, з адабраньнем яе з-пад кіраваньня варшаўскага генэрал-губэрнатара» ўхвалены Думай і Высачайшэ зацьверджаны 6 ліпеня [ст. ст. 23 чэрвеня] 1912. Афіцыйнае адкрыцьцё губэрні адбылося 8 верасьня 1913 року. Супраць стварэньня Холмскай губэрні ладзіліся шматлікія пратэсты, у тым ліку і ў самой Дзярждуме. Акрамя іншага, пабачылі сьвет публікацыі пра спрадвечна польскі характар земляў Холмшчыны работы Любаміра Дымсры, Стэфана Дзявульскага і Генрыка Вярценскага.
У 1915 Холмская губэрня была фармальна падпарадкаваная Кіеўскаму генэрал-губэрнатарству, аднак у сувязі з акупацыяй губэрні Цэнтральнымі дзяржавамі гэтае рашэньне фактычна не было ўвасобленае ў жыцьцё.
Тэрытарыяльны склад
Граніца Холмскай і Люблінскай губэрняў была вельмі складанай і пакручастай (у прыватнасьці, з анклявамі воласьцяў Радэчніца і Тарноград, якія не ўвайшлі ў склад Холмскай губэрні). Гэта адбылося нібыта праз наяўную на гэтай тэрыторыі перавага расейскага насельніцтва, з улікам сфальсыфікаваных (на думку польскіх крыніц) урадавых статыстычных зьвестак[3].
- У склад Холмскай губэрні ўвайшлі 58 гмінаў цалкам і 24 часткова зь ліквідаванай Седлецкай губэрні:
- Бяльскі павет
- частка Владаўскага павету (вёскі Беднароўка, Белка, Угнін і Хмелеў гміны Дубовая Калода; гміна Остраў; вёскі Бабянка, Каляховічы і Тысьмяніца гміны Тысьмяніца; гміны Усьцімаў, Воля Верашчынская, Владава, Вырыкі, Ганьск, Гарадышча, Крываверба, Аполе, Раманаў, Сабібар, Турна і места Владава)
- частка Канстантынаўскага павету (гміны Галоўчыцы, Карніца, Ласіцы, Чухлебы, Альшанка, Багукалы, Вітулін, Гушлеў, Заканальле, Паўлаў, Ракітна, Своры і асада Янаў)
- фрагмэнт Радзынскага павету (гміны Тлусьцец, Загайкі, Шустка; вёскі Калэмброды і Жалізна гміны Жалізна; гміны Бярозавы Кут, Яблань і Жэроцін).
- Акрамя таго, зь Люблінскай губэрні:
- Грубешаўскі павет
- Тамашоўскі павет
- значная частка Холмскага павету (гміны Цыцаў, Сядлішчы, Паўлаў, Букова, Вайславіцы, Жмудзь, Крывічкі, Альховец, Ракалупы, Раёвец, Сьвержы, Стаў, Турка і места Холм)
- значная частка Замосцкага павету (вёскі Вішанкі, Забытаў і Манастырак гміны Стары-Замасьць; гміны Высокая, Шчабрэшын; вёскі Воля Чарнастоцкая, Дзельцы, Радачніца, Радачніцкі кляштар, Трасіны і Чарнасток гміны Радачніца; вёска Разлопы гміны Сулаў; гміна Замосьце за выняткам вёскі Жданаў; вёскі Белаволя, Вулька Вяпрэцкая і Ліпск гміны Мокрае; гміны Зьвярынец; вёскі Ліповец, Сохі, Тарэшпаль і Шозды гміны Тарэшпаль; гміны Краснобруд, Лабуне, Скярбешаў, Сухаволя і места Замасьць)
- значная частка Бялгорайскага (места Білгорай; вёскі Пушча Сольская[4], Ражнуўка[4], Баяры[4] і Дылі гміны Пушча Сольская; вёскі Дарэзьня Сольская, Дарэзьня-Загроды, Лазоры, Майдан Стары, Майдан Новы, Рагалі, Руда Сольская, Соль і Смольскае гміны Соль; вёскі Гарасюкі і Рычкі гміны Гута Крашоўская; гміны Кшэшаў, Бабіцы, Бішча, Воля Ружанецкая, Горны Паток, Княжполь, Лукова і Майдан Сапоцкі)
- фрагмэнты Любартаўскага павету (вёскі Дратаў, Каніволя, Кабылкі, Людвін і Шчэцін гміны Людвін)
- фрагмэнты Краснастаўскага павету (вёскі Дабрыняў, Лапеньнік Рускі і Стужыца гміны Лапеньнік-Гурны; вёскі Бзітэ, Вінцэнтаў, Крупец, Крупэ, Загрода, Кастунін, Жданае і Верхавіны гміны Рудка; вёскі Аляксандраўскі Красьнічын, Анельпаль, Брэзіны, Боньча, Вулька Красьнічынская, Дзярэўнікі, Залесьсе, Красьнічын, Альшанка і Старая Весь гміны Чайкі).
Адміністрацыйны падзел
Холмская губэрня складалася з 8 паветаў:
Насельніцтва
На 1909 рок насельніцтва земляў, што ўваходзілі ў склад Холмскай губэрні, складала 703 000 чал.
Усё насельніцтва Холмскай губэрні, паводле зьвестак афіцыйнай расейскай статыстыкі, складала каля 760 тыс. чалавек, зь якіх каталікі складалі 311 тыс., праваслаўныя — 305 тыс., юдэі — 115 тыс., пратэстанты — 28 тыс. Пры гэтым праваслаўныя складалі больш за палову насельніцтва толькі ў Грубешаўскім, а таксама нязначных частках былых Любартаўскага і Краснастаўскага паветаў. У частках Тамашаўскага і Холмскага паветаў, а таксама ў былым Владаўскім павеце колькасьць праваслаўных перавышала лік каталікоў прыблізна на 5%. На 1 студзеня 1914 у Холмскай губэрні з усяго насельніцтва 912 095 чалавек украінцы складалі 446 839, то бок 50,1%, палякі — 30,5%, жыды — 15,8%.
Нацыянальны склад тэрыторыяў паветаў, уключаных у 1912 року ў склад губэрні, паводле зьвестак перапісу 1897[5]:
Герб

Герб Холмскай губэрні быў Найвышэй зацьверджаны 15 кастрычніка 1914 року і меў наступнае апісаньне: «У зялёным шчыце з галавою, між трыма залатымі дрэвамі ідзе срэбны мядзьведзь з чырвонымі вачыма і языкам. У залатой галаве шчыта чорны Імпэратарскі арол з трыма каронамі».
Улада
Губэрнатары
- 1 верасьня 1913[6] — (між 26 траўня[7] і 7 ліпеня [8]) 1914: Аляксандар Волжын (1862 (1860?) — 1933), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер (с траўня 1914 — гафмайстар); першы Холмскі губэрнатар, раней — апошні седлецкі губэрнатар[9].
- (не раней за 26 траўня) 1914 — (не пазьней за 15 жніўня)[10] 1916: Барыс Кашкараў, сапраўдны стацкі дараднік[11].
- (не пазьней за 1 верасьня)[12] 1916 — (пасьля 2 сакавіка) 1917[13]: Леанід Савёлаў (1868—1947), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер; апошні холмскі губэрнатар.
Віцэ-губэрнатары
- 1 верасьня 1913 — (не раней за 26 траўня 1914): Аляксандар Фулён, стацкі дараднік і камэр-юнкер
- 1914—1917: Міхаіл Цярэнін, калескі сакратар[14]
Духоўныя ўлады Холмскай япархіі
Холмская губэрня ўваходзіла ў склад утворанай 29 чэрвеня [ст. ст. 16 чэрвеня] 1905 (паводле іншых зьвестак — 18 ліпеня) 1905 року Холмскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы.
- 31 ліпеня [ст. ст. 18 ліпеня] 1905 (з 20 траўня 1912 архіяпіскап) — 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914: Яўлогі (1868—1946)
- 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914 — 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915: Анастасі (1873—1965)
- 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915 — 3 красавіка 1916: вакантнае
- 4 траўня [ст. ст. 21 красавіка] 1916[15] — 9 чэрвеня [ст. ст. 27 траўня] 1917: Сьвяты Сэрафім (1880—1937), япіскап Бельскі
Remove ads
1915—1918-я рокі
У жніўні-верасьні 1915 тэрыторыя губэрні знаходзілася пад акупацыяй Цэнтральных дзяржаваў (нямецкія і аўстра-вугорскія войскі). Губэрнскія і павятовыя ўстановы акупаванай Холмскай губэрні былі эвакуяваныя ў Казань і працягвалі функцыянаваць і пасьля лютага 1917 року.
Пачаткова ўся тэрыторыя Холмскай губэрні знаходзілася пад непасрэдным кіраваньнем нямецкіх і аўстрыйскіх вайсковых улад, аднак у чэрвені 1916 зона аўстра-вугорскай акупацыі, што ахоплівала ўласна Холмшчыну (Бялгорайскі, Грубешаўскі, Замасцкі і Тамашаўскі паветы), адышла ў вядзеньне Люблінскага ваеннага генэрал-губэрнатарства, якое выкарыстоўвала польскую адміністрацыю. У 1916—1918 тэрыторыя губэрні ўваходзіла ў склад Каралеўства Польскага. Паводле ўмоваў Берасьцейскае мірнае дамовы 27 студзеня (9 лютага) 1918 між УНР і Цэнтральнымі дзяржавамі Холмшчына (а таксама прылеглыя раёны Гарадзенскай і Люблінскай губэрняў) была перададзеная Ўкраіне.
Remove ads
Украінская дзяржава
У красавіку 1918 року паветы былой расейскай Холмскай губэрні разам з прылеглымі часткамі Люблінскай губэрні былі перададзеныя ў склад Валынскай губэрні Ўкраінскай Дзяржавы гетмана Скарападзкага. 15 лістапада 1918 гетманат вылучіў асобную Холмскую губэрню. Губэрнскім местам было вызначанае Берасьце-Літоўскае. Губэрняй кіраваў староста Аляксандар Скаропісь-Ялтухоўскі. Аднак праз супрацьдзеяньне мясцовых польскіх уладаў ён ня быў дапушчаны ў Холм і здолеў зарганізаваць украінскую адміністрацыю толькі ў паўночных паветах Холмскай губэрні, акупаваных нямецкімі войскамі.
Холмская губэрня ў гэты пэрыяд улучала:
- паўднёвую частку Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні;
- Бяльскі павет Гарадзенскай губэрні;
- паўднёвую частку Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні;
- Пружанскі павет Гарадзенскай губэрні;
- часткі Канстантынаўскага павету Люблінскай губэрні;
- часткі Радзынскага павету Люблінскай губэрні;
- часткі Краснастаўскага павету Люблінскай губэрні.
2-4 лістапада 1918 року фактычнае кіраваньне ў паўднёвай частцы губэрні перайшло да польскіх уладаў. У пачатку сьнежня 1918 была ліквідаваная ўкраінская адміністрацыя і на поўначы губэрні, а яе прадстаўнікі на чале з губэрнскім старостам трапілі ў лягер для інтэрнаваных асобаў у Калішы. Пазьней тэрыторыя былой Холмскай губэрні была ўлучаная асобнымі паветамі ў склад створанага 14 жніўня 1919 року Люблінскага ваяводзтва. УНР прызнала страту Холмшчыны па ўмовах Варшаўскай дамовы 21 красавіка 1920 року.
Глядзіце таксама
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads