Чонсі Білапс

баскетбаліст ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia

Чонсі Білапс
Remove ads

Чо́нсі Рэй Бі́лапс (па-ангельску: Chauncey Ray Billups; нар. 25 верасьня 1976 году, Дэнвэр, Каларада, ЗША) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст. На працягу 17 гадоў сваёй гульнявой кар’еры выступаў за 7 каманд у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі, правёўшы 7 сэзонаў у «Дэтройт Пістанз», зь якой стаў чэмпіёнам НБА і самым каштоўным гульцом Фіналу ў 2004 годзе. Па заканчэньні гульнёвай кар’еры працаваў аналітыкам на ESPN. Пазьней стаў баскетбольным трэнэрам, ачоліўшы ў 2021 годзе клюб НБА «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз».

Хуткія факты Клюбы ...
Remove ads

Кар’ера

Білапс пачаў сваю кар’еру ў НБА зь перамогі над «Чыкага Булз», набраўшы 15 пунктаў і аддаўшы 4 галявыя перадачы. Гульня пачаткоўца была няроўнай, добрыя гульні чаргаваліся з дрэннымі. Пасьля няўдалага пачатку сэзону «Сэлтыкс» пастанавілі, што Білапс не апраўдаў чаканьняў, і вырашылі абмяняць яго[9]. 18 лютага 1998 году Білапс быў абменены ў «Таронта Рэптарз»[10]. Па абмене Білапс заняў пазыцыю стартавага гульнёвага абаронцы. Цягам астатніх 29 гульняў сэзону гулец зьбіраў у сярэднім 11,3 пунктаў і рабіў 3,3 перадачы за гульню. 21 студзеня 1999 году, на наступны дзень па заканчэньні лакаўту 1998—1999 гадоў, Білапс пакінуў каманду ў рамках абмену, далучыўшыся да «Дэнвэр Нагетс».

Білапс, трапіўшы ў каманду свайго роднага гораду, хутка выціснуў з асноўнага складу асноўнага гульнёвага абаронцу Ніка ван Эксэла. «Нагетс» ня здолелі прабіцца ў плэй-оф у сэзоне 1998—1999 гадоў, скончыўшы розыгрыш з паказьнікам 14–36. Пасьля трынаццаці гульняў новага сэзону баскетбаліст атрымаў траўму левага пляча[11], якое вымагала хірургічнай апэрацыі[12][13]. У выніку каманда абмяняла спартоўца ў «Арланда Мэджык», дзе астатнюю частку сэзону Білапс праходзіў рэабілітацыю, а пасьля стаў вольным агентам.

8 жніўня 2000 году Білапс падпісаў кантракт зь «Мінэсотай Тымбэрўулвз»[14]. Баскетбаліст пачаў сэзон 2000—2001 гадоў у якасьці стартавага гульца, але хутка быў выціснуты Кевінам Гарнэтам. Пасьля двух сэзонаў у якасьці рэзэрвовага Білапсу адмовілі ў новым кантракце, і ён зноў стаў вольным агентам. 17 ліпеня 2002 году Білапс узгодніўся з «Дэтройт Пістанз»[15]. У першым сэзоне спартовец зрабіў шэсьць пераможных кідкоў і аднойчы быў названы гульцом тыдня НБА. У першым раўндзе плэй-оф «Дэтройт» гуляў з «Арланда Мэджык», а Білапс у 6-й гульні сэрыі набраў 40 пунктаў. У другім раўндзе дэтройцы сустрэўся зь «Філадэлфіяй Сэвэнці Сыксэрз», але гулец атрымаў траўму шчыкалаткі ў першай гульні сэрыі[16], прапусьціўшы наступныя тры наступныя матчы[17]. У фінале Ўсходняй канфэрэнцыі баскетбаліст гуляў, не зважаючы на боль, але каманда выбыла пасьля паразы ад «Нью-Джэрзі Нэтс».

Thumb
Абаронца ў складзе «Дэнвэр Нагетс».

У сэзоне 2003—2004 гадоў Білапс умацаваў свой статус лідэра каманды. 20 лютага ў гульні супраць «Мінэсоты» абаронца аформіў свой другі трыпл-дабл у кар’еры. У плэй-оф «Пістанз» вылучыліся выдатнай абаронай, перамогшы пасьлядоўна «Мілўокі Бакс», «Нью-Джэрзі Нэтс» і «Індыяну Пэйсэрз» на шляху да фіналу. Такім чынам, «Дэтройт» упершыню з 1990 году выйшаў у фінал НБА, дзе сустрэўся з «Лос-Анджэлес Лэйкерз» з зоркамі ў асобах Шакіл О’Ніла і Кобі Браянта. «Пістанз» не ўважаўся сур’ёзным прэтэндэнтам на тытул, але менавіта яны перамаглі сэрыю ў пяці гульнях і сталі чэмпіёнамі НБА. Білапс быў прызнаны самым каштоўным гульцом фінальнай сэрыі[18]. Паводле вынікаў наступнага сэзону Білапс быў улучаны ў другую зборную ўсіх зорак НБА, а «Пістанз» зноў дакрочыў да фіналу, дзе ў драматычнай сэрыі зь сямі гульняў каманда зазнала паразу ад «Сан-Антоніё Спэрз». У сэзоне 2005—2006 гадоў Білапс працягваў дэманстраваць стабільную гульню, а таксама стаў сукапітанам каманды і ў гэтай якасьці прывёў «Пістанз» да найлепшых вынікаў у гісторыі клюбу паводле вынікаў рэгулярнага сэзону — 64 перамогі супраць 18 паразаў. У гэтым сэзоне Білапс упершыню ўзяў удзел у Матчы ўсіх зорак НБА, у апытаньні за яго прагаласавалі 717 тысячаў заўзятараў. Ён таксама зноў быў улучаны ў другую зборную ўсіх зорак НБА. Не зважаючы на найлепшы сэзон у сваёй гісторыі, «Дэтройт» прагуляў «Маямі Гіт» у фінале канфэрэнцыі[19]. 11 ліпеня 2007 году Білапс падпісаў новы чатырохгадовы кантракт на 46 мільёнаў даляраў зь «Пістанз»[20]. 18 лютага 2008 году абаронца згуляў у Матчы ўсіх зорак НБА і быў улучаны ў трэцюю зборную НБА па заканчэньні сэзону. У плэй-оф «Пістанз» зноў прагулялі ў фінале канфэрэнцыі, на гэты раз «Кліўлэнд Кавальерз». Пасьля двух гульняў сэзону 2008—2009 гадоў Білапс быў абменены ў «Дэнвэр Нагетс» на Алена Айвэрсана[21][22].

У першым раўндзе плэй-оф Білапс усталяваў рэкорд «Нагетс» паводле найбольшай колькасьці трохпунктавых кідкоў у адной гульні (8) і рэкорд паводле найбольшай колькасьці трохпунктавых кідкоў у сэрыі плэй-оф (19). Каманда выйшла ў фінал канфэрэнцыі, што стала сёмым запарам выхадам Білапса ў гэтую стадыю, чаго раней дасягалі толькі Мэджык Джонсан, Майкл Купэр, Карым Абдул-Джабар і Курт Рэмбіс з часоў дамінаваньня «Бостан Сэлтыкс» у 1950-х і 1960-х гадах. «Нагетс» прагулялі ў сэрыі з шасьці гульняў «Лос-Анджэлес Лэйкерз». 5 лютага 2010 году ў гульні супраць «Лос-Анджэлес Лэйкерз» баскетбаліст назьбіраў 39 пунктаў, што стала ягоным асабістым рэкордам паводле назьбіраных пунктаў. У першым раўндзе плэй-оф «Нагетс» нечакана прайгралі клюбу «Юта Джаз». Неўзабаве гулец быў абменены ў «Нью-Ёрк Нікс», не зважаючы на тое, што Білапс жадаў працягу сваёй кар’еры ў Дэнвэры. У новай камандзе абаронца таксама не затрымаўся, бо клюб адмоміўся ад яго ўжо ў сьнежні 2010 году[23]. 16 сьнежня 2011 году Білапс абвесьціў, што будзе гуляць за «Лос-Анджэлес Кліпэрз» і што не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію. Тым ня менш, 7 лютага 2012 году падчас гульні супраць «Арланда Мэджык» спартовец атрымаў цяжкую траўму ў выглядзе разрыва ахілавай сухажылы, і выбыў да канца сэзону[24]. У наступным розыгрышы НБА ён усьцяж пакутаваў ад траўмаў і змог згуляць толькі ў 22 гульнях[25].

Празь пяць гадоў па абмене гулец вярнуўся ў Дэтройт, падпісаўшы двухгадовы кантракт на 5 мільёнаў даляраў[26]. Праз траўмы ён гуляў мала, таму 9 верасьня 2014 году Білапс абвесьціў аб сваім сыходзе з баскетболу[27].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads