Янка Хвораст
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Я́нка Хво́раст (24 лютага [ст. ст. 11 лютага] 1902, в. Кацёлкі, цяпер Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 1 ліпеня 1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1977). Стрыечны брат Рыгора Шырмы.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні (Расейская імпэрыя). Ягоная маці, Захвея Васільеўна, паспрыяла росту таленту Рыгора Шырмы, які пачаў запісваць народныя песьні менавіта ад сваёй цёткі па бацьку.
Навучаўся сьпярша ў польскай гімназіі, з 1926 — у Віленскай беларускай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у гуртках, тэатральных пастаноўках, сьпяваў у хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы і распачаў творчую дзейнасьць як саліст танцавальнай групы хору славянскай песьні (1928). У 1929 паступіў на філялягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе быў адным з кіраўнікоў музычна-драматычнай сэкцыі Беларускага студэнцкага саюзу[1], браў актыўны ўдзел у дзейнасьці Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. У 1935 року, атрымаўшы дыплём магістра філязофіі, цягам трох рокаў ня мог уладкавацца на працу праз сваё беларускае паходжаньне, праваслаўнае веравызнаньне і спачуваньне адраджэнцкаму руху[2]. Толькі ў 1938 уладкаваўся на працу настаўнікам польскай і лацінскай моваў, псыхалёгіі і лёгікі ў Вілейскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР зьяўляўся кіраўніком і салістам харэаграфічнай групы Беларускага ансамблю песьні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы (1940-я—1951), зь якім гастраляваў па Ўрале, Сыбіры, Сярэдняе Азіі. У канцы сьнежня 1943 року калектыў вярнуўся ў Беларусь, выступаў на заводах, фабрыках, шпіталях, у партызанскіх атрадах і на перадавой. За час працы з танцавальнай групай да ейнага расфармаваньня ў 1951 Янка Хвораст распрацаваў і паставіў болей за 60 танцаў, танцавальных кампазыцыяў, мініятураў.
у 1953—1960 — саліст балету Беларускай філярмоніі, аб’ехаў з гастролямі шматлікія гарады Савецкага Саюзу. Акрамя таго, займаўся пастаноўкамі народных танцаў для калектыву.
У 1960—1978 пэўны час працаваў выкладчыкам у Менскай харэаграфічнай вучэльні, кансультантам рэспубліканскага Дому народнай творчасьці, аказваў дапамогу самадзейным харэаграфічным калектывам (сярод якіх смургонскі народны ансамбль песьні і танца імя Агінскага[3], наваградзкі народны ансамбль песьні і танца «Сьвіцязь», ваўкавыская «Маладосьць», дзятлаўскі «Лянок», лідзкая «Лідчанка» і інш.[2]).
З 1978 року на пэнсіі. Памёр у 1983.
Remove ads
Дзейнасьць
Любоў да народных сьпеваў і танцаў яшчэ ў дзяцінстве пераняў ад сваёй маці Захвеі Васілеўны, якая была вядомай на ўсё вакольле сьпявачкай, глыбокай знаўцай народнае песьні.
Дзякуючы глыбокаму веданьню беларускага танцавальнага фальклёру, беражліваму стаўленьню да яго нацыянальна-спэцыфічных асаблівасьцяў зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё беларускага народна-сцэнічнага танцу. Стварыў сцэнічныя варыянты беларускіх танцаў «Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка», кадрыляў «Котчынская», «Беларуская». Вялікая заслуга Івана Хвораста ў адраджэньні беларускіх карагодаў (танкоў) «Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны», «Вішанька» і інш.
Запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі «Беларускія танцы» (1974, 1977), «Танцы Янкі Хвораста» (1991).
Яму належаць таксама харэаграфічныя кампазыцыі «Палянэз Агінскага» і «Сьвітанак над Сьвіцязьзю».
Remove ads
Узнагароды
- Заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1977)
- Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савету БССР
- мэдалі
Бібліяграфія
- Як правільна гаварыць і пісаць па-беларуску (разам зь Янкам Станкевічам, Станіславам Глякоўскім і Антонам Шукелойцем; Вільня, 1937)[4]
- Белорусские танцы / И. М. Хворост (1974)[5]
- Хворост И. М. Белорусские танцы / редактор С. М. Гребенщиков. — Мн.: Беларусь, 1977. — 150 с. — 8000 ас.[5]
- Іван Хвораст. Танцы Янкі Хвораста. — Менск: Рэспубліканскі навукова-мэтадычны цэнтар культуры, 1991. — 137 с. — ISBN 5-7815-1095-8[6]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads