Кір Стармэр
брытанскі палітык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сэр Кір Родні Стармэр (па-ангельску: Keir Rodney Starmer; нар. 2 верасьня 1962 году) — брытанскі палітык і праўнік, які займае пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі зь ліпеня 2024 году і лідэра Лейбарысцкай партыі з 2020 году. Раней з 2020 году па час свайго прызначэньня прэм’ер-міністрам быў лідэрам апазыцыі. З 2008 па 2013 гады працаваў кіраўніком пракуратуры.
Remove ads
Remove ads
Біяграфія
Раньнія гады
Сын Родні Стармэра, які займаўся вытворчасьцю сьлясарных інструмэнтаў, і Джазэфіны Стармэр. У Кіра ёсьць старэйшая сястра Ганна 1961 году нараджэньня, а таксама малодшыя брат і сястра Нікалас і Кэтрын 1964 году нараджэньня. Неўзабаве пасьля нараджэньня Кіра сям’я пераехала ў горад Окстэд у графства Сарэй. У 1974 годзе Кір паступіў у школу. Займаўся музыкай, засвоіў гру на флейце ў дастатковай ступені дзеля паступленьня ў музычную школу і на патрабаваньне бацькоў езьдзіў суботамі ў Лёндан на заняткі[6].
Навучаньне і праца праўнікам
З адзнакай скончыў Лідскі ўнівэрсытэт з ступеньню бакаляўра права, а затым вывучаў права ў Оксфардзкім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень бакаляўра цывільнага права. У 1987 годзе быў прыняты ў калегію адвакатаў і спэцыялізаваўся на правах чалавека. Да 1990 году супрацоўнічаў з праваабарончай групай Liberty, а затым працаваў у бюро Doughty Street Chambers, па-ранейшаму займаючыся абаронай правоў чалавека. Быў супрацоўнікам цэнтру правоў чалавека пры Эсэскім унівэрсытэце, кансультант па правах чалавека Асацыяцыі старэйшых паліцэйскіх афіцэраў, дарадца па правах чалавека Назіральнай рады Паўночнаірляндзкай паліцыі з 2003 году[7].

У 2002 годзе быў прызначаны каралеўскім адвакатам[8]. З 2008 па 2013 гады ачольваў Каралеўскую пракурорскую службу[9].
Уваход у палітыку
У 2015 годзе быў абраны ў Палату абшчынаў ад лёнданскай акругі Голбарн і Сэнт-Панкрас, атрымаўшы 52,9 % галасоў[10]. 7 кастрычніка 2016 году лідэр Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін зрабіў перастаноўкі ў сваім ценявым кабінэце, прызначыўшы Стармэра ценявым міністрам выхаду з Эўразьвязу[11].
23 верасьня 2019 году на канфэрэнцыі лейбарыстаў у Брайтане Стармэр беспасьпяхова дамагаўся адназначнага пазыцыянаваньня партыі за захаваньне сяброўства Вялікабрытаніі ў ЭЗ, што супярэчыла «нэўтральнаму» у гэтых адносінах курсу Корбіна[12]. Парлямэнцкія выбары 12 сьнежня 2019 году адзначыліся цяжкай паразай лейбарыстаў, але ў сваёй акрузе Стармэр з вынікам 64,52 % атрымаў трыюмфальную перамогу над кансэрватарам Аляксандрай Гэйўард (15,63 %)[13].
Лідэр лейбарыстаў
4 студзеня 2020 году Стармэр абвесьціў аб намеры змагацца за лідэрства ў Лейбарысцкай партыі[14]. Раней ён агітаваў за правядзеньне другога рэфэрэндуму аб сяброўстве Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе, але ў новых варунках заявіў аб неабходнасьці прызнаць рэчаіснасьць. Заявіў пра неабходнасьць працягнуць супрацьдзеяньне жорсткай фінансавай і бюджэтнай палітыцы, а таксама выпусьціў чатыроххвілінны рэклямны ролік, у якім нагадаў, што чыніў юрыдычную дапамогу ўдзельнікам пратэстаў супраць падушнага падатку і адстойваў інтарэсы рабочых і прафзьвязаў, выступаў супраць Ірацкай вайны і падтрымліваў у судзе пазовы супраць кансэрватыўных урадаў праз дапушчаныя імі парушэньні ў пытаньнях сацыяльнай абароны шахтараў і прызначэньня дапамогі прасіцелям палітычнага прытулку[15].

20 студзеня 2020 году Стармэр стаў першым афіцыйным кандыдатам у перадвыбарчай кампаніі, атрымаўшы падтрымку неабходнай колькасьці прафзьвязаў[16]. 4 красавіка 2020 году Стармэр перамог у першым туры прамых выбараў лідэра лейбарыстаў. Яго падтрымалі 56,2 %[17].
5 красавіка Стармэр сфармаваў свой ценявы кабінэт, улучыўшы ў яго ўсіх сваіх супернікаў па барацьбе за лідэрства ў партыі, а таксама былога лідэра лейбарыстаў Эда Мілібэнда[18]. 6 траўня 2021 году ў Вялікабрытаніі адбыліся мясцовыя выбары, прайграныя лейбарыстамі, а таксама дадатковыя выбары ў Палату абшчынаў ад выбарчай акругі ў горадзе Гартэлпул — яго лейбарысты таксама саступілі кансэрватарам, але раней нязьменна там перамагалі з моманту стварэньня акругі ў 1974 годзе[19].
5 траўня 2022 году ў шэрагу рэгіёнаў Вялікабрытаніі адбыліся мясцовыя выбары, зыход якіх аказаўся пасьпяховым для лейбарыстаў — яны атрымалі большасьць у 11 радах і страцілі яе ў шасьці, колькасьць жа радаў, кантраляваных кансэрватарамі, зьнізілася на 12[20]. 4 траўня 2023 году чарговыя мясцовыя выбары ў Ангельшчыне адзначыліся пераканаўчай перамогай Лейбарысцкай партыі, якая ўпершыню з 2002 году атрымала большасьць дэпутацкіх мандатаў у мясцовых радах[21]. У 230 мясцовых радах лейбарысты атрымалі 2675 месцаў, павялічыўшы сваё прадстаўніцтва на 643 мандаты, а кансэрватары змаглі ўтрымаць 2296 дэпутацкіх мандатаў, што азначала памяншэньне іхняй колькасьці на 957. Лейбарысты дамагліся кантролю над 71 радай (на 22 больш, чым кантралявалі да выбараў), а кансэрватары пакінулі за сабою толькі 33 рады, тым самым паменшыўшы іхную колькасьць на 48[22]. 2 траўня 2024 году лейбарысты атрымалі трыюмфальную перамогу на мясцовых выбарах у Ангельшчыне, то бок з 107 мясцовых радаў кансэрватары забясьпечылі большасьць толькі ў 6, а лейбарысты — у 50[23].

16 траўня 2024 году Стармэр апублікаваў праграму першых шасьці крокаў, якія распачне ягоны ўрад у выпадку перамогі на парлямэнцкіх выбарах. Пры гэтым ён папярэдзіў, што спатрэбіцца дзесяцігодзьдзе дзеля зьяўленьня першых станоўчых вынікаў ажыцьцяўленьня праграмы. Прапанаваныя былі наступныя крокі, як то забесьпячэньне эканамічнай стабільнасьці, скарачэньне тэрмінаў чаканьня прыёму ў дзяржаўнай сыстэме аховы здароўя, прыём на працу 6500 новых настаўнікаў, абнаўленьне сыстэмы пагранічнага кантролю, заснаваньне дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі Вялікабрытаніі[24].

22 траўня 2024 году прэм’ер-міністар Рышы Сунак пасьля кансультацыі з каралём Карлам III прызначыў парлямэнцкія выбары на 4 ліпеня 2024 году[25]. На думку выданьня Politico, Стармэр з 2020 году рабіў усё магчымае дзеля зьмены рэпутацыі Лейбарысцкай партыі як непатрыятычнай і якая надае недастаткова ўвагі праблемам бясьпекі, і дамогся на гэтым кірунку прыкметнага посьпеху. Пазыцыя ценявога кабінэту Стармэра палягала на захаваньні цьвёрдай падтрымкі Ўкраіны ў адбіцьці расейскага ўварваньня[26].
24 траўня 2024 году Стармэр заявіў пра гатоўнасьць прызнаць дзяржаву Палестыну ў выпадку прыходу да ўлады. Раней у Лейбарысцкай партыі разгарнулася жорсткая ўнутраная барацьба адносна ваеннай апэрацыі Ізраілю ў сэктары Газы пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. У прыватнасьці, Стармэр быў крытыкаваны за частковы адыход ад партыйнай лініі з патрабаваньнем неадкладнага спыненьня агню і быў абвінавачаны ў паразах лейбарыстаў на мясцовых выбарах у акругах зь вялікай доляй выбарнікаў-мусульман[27].
Пасада прэм’ер-міністра
Афіцыйна Стармэр стаў новым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі пасьля сустрэчы з каралём Карлам ІІІ 5 ліпеня 2024 году[28].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads