кароль дацкі і нарвэскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Гаральд Сінязубы Гормсан (па-старажытнанарвэску: Haraldr blátǫnn Gormsson, па-дацку: Harald Blåtand Gormsen) (нар. к. 935—986/987) — Кароль Даніі ды Нарвэгіі. Сын караля Горма Старога і Тыры.
Гаральд Сінязубы Harald Blåtand | |
Хрышчэньне Гаральда манахам Попам. Рэльеф пачатку XIII стагодзьдзя[1] | |
Кароль Даніі | |
к. 958 — к. 986 | |
Папярэднік | Горм Стары |
Наступнік | Свэн Вілабароды |
Кароль Нарвэгіі | |
к. 970 — к. 975/986 | |
Рэгент | Хакан Сыгурдсан |
Папярэднік | Гаральд Шэрая Скура |
Наступнік | Свэн Вілабароды |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | к. 935, |
Памёр | 986/87, |
Каралеўскі дом | Гормы |
Дынастыя | Кнютлінгі |
Жонкі |
Гірыта Швэдзкая Това |
Бацька | Горм Стары |
Маці | Тыра Данэбад |
Лічыцца (хоць гэты факт спрэчны), што за Гаральдам Данія была навернутая ў хрысьціянства. Паводле Відукінда Корвскага, сучасьніка караля і Ота I, Гаральд быў ахрышчаны «клерыкам на імя Попа»[2]. Адам Брэмэнскі праз 100 гадоў па Гаральдавай сьмерці ўжо пісаў, што дацкі кароль быў гвалтоўна навернуты імпэратарам Отам I пасьля паразы ў бітве[3]. Аднак Відукінд ня згадвае пра гэтую падзею нічога. Праз чатыры стагодзьдзі сага «Зямное кола» згадвае, што Гаральда разам з графам Хаканам ахрысьціў Ота II[4].
Так ці інакш, у 960-я рокі, неўзабаве пасьля свайго навяртаньня, Гаральд перазахаваў труну бацькі ў царкве побач з паганскім курганом, у якім той быў пахаваны першапачаткова, і паставіў у ягоны гонар адзін з рунічных камянёў[5].
Каб узмацніць сваю ўладу, Гаральд рэканструяваў фартэцыю ў Арасе (цяпер Оргус) у цэнтры свайго каралеўства, а таксама збудаваў пяць кругавых фартэцыяў у стратэгічных мясьцінах па радыюсе ад Арасу: Трэльлебор на востраве Зэляндыя, Борэрынг ва ўсходняй Зэляндыі, Нонэбакен на Фюне, Фюркат на Хімэрляндзе (паўночная Ютляндыя) і Огерсбург ля Лімф’ёрду.
Таксама ён збудаваў найстарэйшы вядомы мост у паўднёвай Скандынавіі 5 мэтраў шырынёю і 760 даўжынёю.
Браў удзел у замежных выправах, дапамагаў Рычарду Бясстрашнаму ў 945 і 963, а ягоны сын захапіў Зэмляндыю. Пасьля забойства караля Гаральда Шэрая Скура нарвэжцы трапілі ў падпарадкаваньне да Гаральда Сінязубага.
У выніку паразы свайго войска ад немцаў у 974 пад Данэвірке ён страціў кантроль над Нарвэгіяй, пасьля чаго немцы вярнуліся на землі паміж Скандынавіяй і Нямеччынай. У 983 року яны былі выгнаныя адтуль бодрыцкімі і Гаральдавымі войскамі, але неўзабаве Гаральд I быў забіты ў паўстаньні, паднятым ягоным сынам Свэнам.
Гаральдава мянушка «Сінязубы» (ст.-нарв. blátǫnn) ўпершыню занатаваная ў «Роскільскай хроніцы» 1140 року[6]. Як тлумачылася, Гаральд меў заўважны хворы зуб, які выглядаў «сінім» (што азначала «цёмным»).
Паводле іншага тлумачэньня, у Ангельшчыне яго называлі тэнам (валадаром)(en) (перакручанае ад «анг. tan»), адкуль гэтая мянушка перайшла назад у старанордзкую мову). Атрымлівалася, што цалкам ягоная мянушка азначала «цёмны валадар»[7].
Трэцяя тэорыя, агучаная захавальнікам Елінгавых камянёў Хансам Оле Мат’есанам, што Гаральд паўсюдна насіў сіняе адзеньне. Сіні колер быў самы дарагі, дык такім чынам кароль нібыта падкрэсьліваў уласную каралеўскую годнасьць.
У гонар гэтага караля названы бяздротавы пратакол сувязі «Bluetooth», прызначаны дзеля злучэньня кампутараў, мабільных тэлефонаў, пляншэтаў, друкарак і да т. п. Выбар назвы патлумачаны тым, што як Гаральд Сінязубы аб’яднаў Данію і Нарвэгію, так і тэхналёгія аб’ядноўвае розныя віды прыстрояў[8]. Лягатып «Bluetooth» складаецца з малодшых альфабэтных(en) рунаў H ( гагаляз) і B ( бэрканан), якія ўтвараюць ініцыялы караля.
У кампутарнай гульні «Sid Meier’s Civilization V» Гаральд Сінязубы паказаны кіраўніком Даніі. Дзеля далучэньня Даніі і караля неабходна спампаваць дадатак(en) да гульні, выдадзены ў траўні 2011 року.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.