From Wikipedia, the free encyclopedia
Гасто́мель (па-ўкраінску: Гостомель) — мястэчка ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Горад-герой Украіны (2022)[2]
Гастомель лац. Hastomieĺ | |||||
укр. Госто́мель | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | каля 1492 | ||||
Магдэбурскае права: | 1614 | ||||
Краіна: | Украіна | ||||
Вобласьць: | Кіеўская | ||||
Раён: | Бучанскі | ||||
Плошча: | 38 км² | ||||
Вышыня: | 109 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +380 04597 | ||||
Паштовы індэкс: | 08290 | ||||
КОАТУУ: | 3210945900 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 50°35′21.4″ пн. ш. 30°15′30.3″ у. д. | ||||
Гастомель | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Найранейшая пісьмовая згадка пра Гастомель адносіцца не пазьней, як да першай паловы 1492 году, калі, яшчэ пры жыцьці караля Казімера, кіеўскі ваявода Юры Пац аддаў яго ў трыманьне пану Сеньку Валадковічу[lower-alpha 1]. У 1495 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандар надаў Гастомель князю Івану Дашкавічу Глінскаму; у 1496 годзе наданьне тое было пацьверджана, а права на добры С. Валадковіча скасавана[3][lower-alpha 2]. 10 красавіка 1508 і 26 лютага 1509 году датаваныя прывілеі, згодна зь якімі пасьля пераходу Глінскіх да маскоўцаў, маёнтак Гастамляны альбо Гастомль атрымаў намесьнік оўруцкі пан Сямён Палазовіч[4].
Унучка Сямёна Полаза пані Фенна Любецкая, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага, ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім, кіеўскім харунжым, ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие», сярод якіх — Гастомель[5].
Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (разам з Гастомлем) было далучана да Кароны Польскай[6].
Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі (ваяводзтва) на 1581 год, з 2 дымоў асадных сялянаў і з 2 агароднікаў сяла Гастомля пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, выбіралася адпаведна па 15 грошаў і па 6 грошаў[7].
26 чэрвеня 1600 году падкаморы Шчасны Харлінскі запісаў сынам Мікалаю, Станіславу, Юрыю ў спадчыну ўсе свае добры, у ліку якіх — Гастомель[8].
У 1614 годзе кароль Жыгімонт Ваза надаў новазаснаванаму месту Гастомель пана Станіслава, сына Шчаснага, Харлінскага Нямецкае права з штотыднёвым торгам і двума кірмашамі на год[9].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 году, зь 4 асядлых дымоў мястэчка Гастомель пана Юрыя Ласоты выбіралася па 3 злотыя, з 10 агароднікаў, што жылі з абмалоту, — па 24 грошы, з 2 млыновых колаў вясковых — па 3 злотыя[10].
У годзе 1654 мястэчка захоплена маскоўскім войскам. У 1694 годзе тут была пабудавана царква.
Згаданае мястэчка Гастомель у тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714, 1715, 1724 гадоў; у тарыфе Кіеўскага павету 1734 году сказана, што тут налічвалася 25 двароў[lower-alpha 3] (×6 — каля 150 жыхароў)[11].
Паводле тарыфу 1754 года, з 20 двароў[lower-alpha 4] (каля 120 жыхароў) мястэчка Hostoml жытомірскага харунжага пана Яна Якубоўскага «do grodu» (Жытомірскага замку) выбіраліся 3 злотых і 4 грошы, «do skarbu» — 12 злотых, 16 грошаў[12]. М. Баліньскі і Т. Ліпіньскі сьведылі, што ў тарыфе 1771 году Гастомель не згаданы ў ліку мястэчак, а ў тарыфе 1775 году названы вёскай з 50 дымамі[13].
Габрэйскія перапісы 1773, 1778 гадоў засьведчылі пражываньне ў мястэчку[lower-alpha 5] Гастомель адпаведна 7 і 9 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Барадзянскага кагалу ў Жытомірскім павеце. На 1784 год паведамляецца пра наяўнасьць 11 габрэйскіх дамоў з 40 жыхарамі[14].
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гастомель апынуўся ў Расейскай імпэрыі. З 1797 году мястэчка — у межах Кіеўскага павету Кіеўскай губэрні.
У парэформавы пэрыяд Гастомель стаў цэнтрам аднайменнай воласьці. На 1885 год тут налічвалася 92 двары з 590 жыхарамі, дзейнічалі царква, сінагога, валасная управа, 2 пастаялыя двары, 2 піўныя, 5 лавак, вадзяны млын. За 3 вярсты – казённыя вінакурня і піваварня, 3 вадзяныя млыны і 1 вятрак. За 2 вярсты – паромная пераправа праз раку Ірпень. За 2 вярсты – лесапільня і смалярня. За 4 вярсты – цагельня з 2 вадзянымі коламі. за 4 вярсты – смалярня з піўной[15].
На 1900 год у 303 дварах мястэчка Гастомель налічвалася 996 мужчынскага і 1051 жаночага полу жыхароў, усяго — 2047 чалавек. Зямлі ў мястэчку — 3478 дзесяцін, 2191 сажань, зь якіх 2252 дз. належалі абшарнікам братам Васілю і Ўладзімеру Красоўскім, 87 дз. 293 саж. — царкве, 1139 дз. 1898 саж. — сялянам. Гаспадарка Красоўскіх, якой кіраваў Марцыян Лановенка, вялася паводле чатырохпольнай сістэмы, а сялянская — паводле трохпольнай. У мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква і школа пры ёй; дзьве сінагогі, фіялачны завод Андрэя Купэрштэйна, загадчыкам якога Арон Гутнак; аптэка, 1 валасная аптэка і склад пры ёй, 2 фельчары, 5 павівальных бабак, 5 пастаялых двароў, хлебазапасны магазын, 1 гандлёвая лазьня, 2 пякарні, 1 вінная лаўка, 2 піўныя, 20 гандлёвых лавак, 2 вадзяныя млыны, 3 кузьні. Пажарны абоз складалі 6 бочак і 6 багроў[16].
У 1972 годзе вёска Мастышча была ўключана ў склад Гастомелю. Сапраўдным упрыгожваньнем паселішча зьяўляецца Пакроўская царква.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.