Жыгімонт Ваза
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Жыгімонт Ваза, Жыгімонт IV[3][a] (20 чэрвеня 1566, Грыпсгольм у Швэцыі — 30 красавіка 1632, Варшава) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1587—1632), кароль швэдзкі (1592—1599, тытулярны кароль да 1632). Заснавальнік фактычнай дынастыі Вазаў у Рэчы Паспалітай, пляменьнік па кудзелі апошняга манарха краіны з роду Ягелонаў Жыгімонта ІІ Аўгуста (1548—1572).
Remove ads
Імя
Зігімунд, Зігімунт, Зігісмунд або Зігісмонд, пазьней Зыгмунд, Зыгмант або Жыгмант (Sigimund, Sigimunt, Sigismund, Sigismondus[4], Siegmund, Zygmont[5], Żygmont[5]) — імя германскага паходжаньня[6]. Іменная аснова сіг- (зыг-, зег-) (імёны ліцьвінаў Зігібут, Зыгел, Зыгер; германскія імёны Sigibot, Sigel, Siger) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага sigus 'перамога'[7], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Скірмунт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sciremunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[8] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[7]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[9].
Адпаведнасьць імя Жыгімонт германскаму імю Sigimund сьцьвердзілі францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[10], і амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[11].
Remove ads
Біяграфія
Сын караля Швэцыі Югана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога. 3 1568 году спадчыньнік швэдзкага стальцу.
Абраны каралём і вялікім князем на элекцыйным сойме 1587 году, пасьля сьмерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, канцлера і гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага. Перамог іншага кандыдата, аўстрыйскага эрцгерцага Максыміляна. Але на элекцыйным сойме не было паслоў ад Вялікага Княства Літоўскага. Каб дамагчыся падтрымкі сваёй кандыдатуры ў Вялікім Княстве 28 студзеня 1588 году зацьвердзіў асабістым прывілеем новую рэдакцыю Статуту, на што ня меў фармальных паўнамоцтваў бяз згоды сойму.
Унутраная палітыка
Намагаўся аднавіць пазыцыі каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай, але гэта не дало жаданых вынікаў. Падтрымаў Берасьцейскую унію 1596 году. Але мусіў спрыяць прыняцьцю пастановаў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631 гадоў, якія гарантавалі правы праваслаўных.
Паралельна гэтаму ў 1592 г. быў каранаваны як кароль Швэцыі, але праз пасьлядоўную пракаталіцкую палітыку імкліва нажыў апазыцыю ў краіне, дзе актыўна адбывалася Рэфармацыя. У выніку ў 1599 г. быў дэтранізаваны, хоць да самой сьмерці фармальна заставаўся каралём Швэцыі і перадаў гэты тытул сынам, Уладзіславу IV і Яну ІІ Казімеру (гл. ніжэй), што ў пэрспэктыве разам з прадаўжэньнем прэтэнзіяў Жыгімонта да швэдзкага стальцу спрычынілася ў тым ліку да сутыкненьняў са Швэцыяй за Інфлянты.
Збліжэньне Жыгімонта Вазы з Габсбургамі выклікала ў Польшчы незадавальненьне большасьці шляхты. Кароль стварыў вакол сябе кола зь езуітаў, іншаземцаў і шэрагу магнатаў.
Намаганьні Жыгімонта Вазы ўвесьці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, перадачу стальцу ў спадчыну, спробы зьменшыць ролю паслоў соймавых выклікалі незадавальненьне шляхты, якія выліліся ў соймавы крызіс 1605—1607 гг. і Рокаш 1606—1608 гадоў пад кіраўніцтвам кракаўскага кашталяна Мікалая Зэбжыдоўскага і падчашага ВКЛ Януша Радзівіла. Пасьля разгрому каралеўскай арміяй пад кіраўніцтвам Янам Каралем Хадкевічам узброенных сіл ракашанаў у Гузаўскай бітве 1607 г. і супакаеньня Я. Радзівіла ў ВКЛ у чэрвені 1608 г. сойм 1609 г. пацьвердзіў шляхецкія вольнасьці, непарушнасьць абраньня караля і несупынную прысутнасьць сэнатараў дзеля кантролю за ягонымі дзеяньнямі.
Вонкавая палітыка

Арыентаваўся на Габсбургаў і Сьвятую Рымскую імпэрыю, што замацавалі два шлюбы з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, сёстрамі, Ганнай і Канстанцыяй.
У 1592 годзе пасьля сьмерці Югана III заняў швэдзкі сталец. Палітыка аднаўленьня пазыцыяў каталіцкай царквы ў Швэцыі цалкам правалілася. У 1599 годзе швэдзкая пратэстанцкая групоўка скінула яго са стальцу і абрала рэгентам, а з 1604 году і каралём, яго дзядзьку Карла IX. Да канца свайго жыцьця Жыгімонт Ваза імкнуўся вярнуць сабе швэдзкую карону, уцягнуўшы Рэч Паспалітую ў доўгі канфлікт са Швэцыяй.
Падтрымліваў прапанову групоўкі магнатаў і шляхты аб ажыцьцяўленьні аб’яднаньня Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай на правах трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі разам з Польшчай і Вялікім Княствам. Падтрымаў Ілжэдзьмітрыя І, Ілжэдзьмітрыя IІ, даваў ім дапамогу і дазволіў вэрбаваць войска ў Вялікім Княстве і Польшчы. Пасьля некаторых ваганьняў у 1610 г. пагадзіўся на наданьне свайму сыну, Уладзіславу IV, тытулу расейскага цара.

У 1600 годзе пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй. Войска Рэчы Паспалітай атрымала перамогу ў Кірхгольмскай бітве 1605 году, аднак скарыстаць посьпех з прычыны малалікасьці ня здолела, і вайна працягвалася. Пасьля запрашэньня царом Васілём Шуйскім у Маскоўшчыну швэдзкага корпусу дзеля барацьбы з войскамі Лжэдзьмітрыя II пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў. У выніку паразы маскоўскага войска каля Клушына ў 1610 годзе Васіль Шуйскі быў скінуты са стальцу, маскоўскія баяры і месьцічы абвясьцілі царом сына Жыгімонта Вазы — Уладзіслава[12].
Жыгімонт Ваза спрабаваў праводзіць актыўную палітыку на поўдні. Падтрымліваў імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі супраць Чэхіі і Трансыльваніі, што выклікала несупынныя напады на Ўкраіну і поўдзень Польшчы хаўрусьнікаў Трансыльваніі крымскіх татараў і туркаў. У 1620 годзе польскае войска разьбілі туркі каля Цацоры. Але ў Бітвы пад Хоцінам 1621 году войска Рэчы Паспалітай атрымала перамогу над імі, якой аднак не скарысталася.
Remove ads
Вынікі кіраваньня
Зьнешнія і ўнутраныя палітычныя пляны Жыгімонта Вазы не ўдаліся, шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай і зьмяншэньню яе ролі ў эўрапейскім палітычным жыцьці[13][14].
Галерэя
Творы малярства
- Творы малярства
- Марцін Кобэр, каля 1590 г.
- Пітэр Паўль Рубэнс, каля 1624 г.
- Невядомы мастак, каля 1645 г.
- Невядомы мастак, XVII ст.
Папярэднік Стэфан Баторы |
Вялікі князь літоўскі 1587—1632 |
Наступнік Уладзіслаў Ваза |
Кароль польскі 1587—1632 |
Глядзіце таксама
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads