From Wikipedia, the free encyclopedia
Земляны воўк (Proteles cristatus) — афрыканскае млекакормячае з сямейства гіенавых. Традыцыйная назва гэтага віду на афрыкаанс aardwolf ў перакладзе азначае «земляны воўк» і адлюстроўвае яго звычку жыць ў норах.
Воўк земляны | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Proteles cristatus Sparrman, 1783 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Распаўсюджанне | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даўжыня цела 55-95 см, даўжыня хваста — 20-30 см, вышыня ў плячах — 45-50 см. Дарослыя асобіны важаць ад 8 да 14 кг, у залежнасці ад даступнасці ежы[1]. Палавы дымарфізм ў памерах не назіраецца.
Галава падобная да сабачай, падоўжаная, з вузкай пысай. Валасяное покрыва густое, складаецца з доўгага грубага асцюка і мяккай поўсці. Грыву ўтвараюць падоўжаныя валасы, якія растуць ад загрыўку да крупу. Грыва ў выпадку небяспекі дыбіцца, з чаго земляны воўк выглядае буйней.
Колер шэрсці светлы, ад жаўтавата-шэрага да рудаватага; горла і ніжняя частка цела больш бледныя, шэрыя з белым. Кантрасныя ўзоры звычайна складаюцца з 3 папярочных і 1-2 дыяганальных чорных палос на баках і мноства папярочных палос на лапах.
Хвост руністы, у чорных плямах; канец хваста чорны. На мордзе валасы кароткія (10-15 мм) і рэдкія, шэрага колеру; канец морды аголены і чорны[1].
Пальцаў на пярэдніх канечнасцях 5, на задніх — 4, на іх моцныя кіпцюры. Хада пальцаходная.
Вочы даволі буйныя; вушы вялікія і завостраныя. Язык шырокі; сліна, якую выдзяляюць буйныя падсківічныя залозы, клейкая, як і ўва ўсіх тэрмітафагаў. Сківіцы землянога ваўка непрапарцыйна моцныя, з вострымі ікламі, аднак у сувязі з асаблівасцямі яго харчавання карэнныя зубы спрошчаныя і рэдка размешчаныя. Моцная жавальная мускулатура і вострыя іклы неабходныя земляным ваўкам для сутычак з супраціўнікамі і драпежнікамі[2].
Земляны воўк сустракаецца ўва Усходняй і Паўднёвай Афрыцы.
Адна папуляцыя землянога ваўка жыве ў Паўднёвай Афрыцы (ПАР, Лесота, Свазіленд, Намібія, Батсвана, Зімбабвэ, Паўднёвая Ангола, Паўднёвая Замбія і паўднёва-заходні Мазамбік).
Іншая, больш паўночная, папуляцыя сустракаецца ад Цэнтральнай Танзаніі праз Паўночна-Усходнюю Уганду, Кенію, Самалі, уздоўж узбярэжжа Эфіопіі, Эрытрэі і Судана да паўднёва-ўсходняга ўскрайку Егіпта.
Геаграфічна адрозніваюць 2 падвіды земляных ваўкоў:
Жыве на адкрытых сухіх раўнінах (са штогадовым узроўнем ападкаў 100—800 мм)[2], сустракаецца ў сельскагаспадарчых угоддзях. Гарыстых мясцовасцяў, пустыняў і трапічных лясоў пазбягае. Арэал пераважна супадае з распаўсюджваннем тэрмітаў сямейства Hodotermitidae, якія насяляюць травяністыя раўніны і саваны.
Земляныя ваўкі жывуць манагамнымі сямейнымі парамі. Агрэсіўна абараняюць свае кармавыя тэрыторыі, памеры якіх вар’іруюцца ад 1 да 4 км2 у залежнасці ад колькасці ежы. Звычайна на кожнай кармавой тэрыторыі знаходзіцца каля 3000 тэрмітнікаў, па 55 000 насякомых у кожным[4]. Межы кармавога ўчастка па перыметры пазначаюцца жаўтлява-аранжавымі выдзяленнямі анальных залоз, якія на паветры з-за акіслення хутка набываюць чорны колер. Ўнутры участкаў, каля логаваў таксама ставяцца пахкія меткі.
Земляны воўк актыўны ў прыцемках і па начах, толькі ў Паўднёвай Афрыцы зімой пераходзіць да дзённай актыўнасці, што адпавядае паводніцкім патэрнам яго асноўнай ежы, тэрмітаў. Земляны воўк рухаецца з хуткасцю каля 1,7 км/г, за ноч улетку пакрывае 8-12 км, узімку 3-8 км.
Удзень земляны воўк звычайна хаваецца ў падземных сховішчах, звычайна ў старых норах трубказубаў, а таксама ў пустуючых норах дзікабразаў. Здольны рыць і ўласныя норы. На тэрыторыі землянога ваўка можа быць да дзясятка логавішчаў, якія ў сярэднім выкарыстоўвацца па 6-8 тыдняў.
Земляны воўк сілкуецца тэрмітамі і зрэдку — іншымі насякомымі, іх лічынкамі або павукамі. Аснову яго рацыёну складаюць тэрміты родаў Trinervitermes:
У адрозненне ад іншых тэрмітафагаў, земляны воўк не разбурае тэрмітнікі, але чакае, пакуль тэрміты выйдуць на паверхню і злізвае іх з глебы, для гэтага выкарыстоўвае свой шырокі клейкі язык. Адзін земляны воўк за ноч здольны з’есці ад 200 000 да 300 000 тэрмітаў, што ў год складае каля 105 000 000 тэрмітаў. Земляныя ваўкі практычна не маюць харчовых канкурэнтаў: іншыя віды-тэрмітафагі (трубказуб, дзікабраз) ядуць тэрмітаў роду Trinervitermes шмат радзей. Зрэдку земляны воўк ловіць дробных грызуноў і птушак, якія робяць гнёзды на зямлі, або шукае іх яйкі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.