Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч
(1858—1941) батанік, памолаг From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч (польск.: Adam Hrebnicki-Doktorowicz; 6 студзеня 1858, Цётча Лепельскага павета Віцебскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці Беларусі — 13 кастрычніка 1941, Роюс паблізу Ігналіны, цяпер Ігналінскі раён Літвы) — біёлаг, батанік, навуковец-садавод і памолаг. Прафесар (1918).
Remove ads
Біяграфія
З шляхецкага роду Грабніцкіх герба «Астоя». Нарадзіўся ў маёнтку свайго дзядзькі.
У 1872 годзе набыў маёнтак Арэхаўна «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года», імаверна, пасля асуджэння і смерці былога ўладальніка, стрыечнага брата Отана Грабніцкага, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў[3].
Вучыўся ў Віцебскай класічнай гімназіі і Дынабургскім рэальным вучылішчы. У 1883 годзе скончыў Лясны інстытут у Санкт-Пецярбургу (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны лесатэхнічны ўніверсітэт), атрымаў дыплом вучонага лесніка I-га класу. Спецыялізацыю праходзіў пад кіраўніцтвам батаніка І. П. Барадзіна.
У 1884—1891 гадах працаваў асістэнтам, у 1902—1922 гадах быў прафесарам пладаводства і агародніцтва, на заснаванай ім кафедры садаводства Ляснога інстытута.

У 1895 годзе стаў членам Бюро па прыкладной батаніцы Вучонага камітэта Міністэрства земляробства і дзяржаўнай маёмасці (цяпер — Усерасійскі інстытут раслінаводства імя М. І. Вавілава, Санкт-Пецярбург). Да работ у Бюро яго і лепшых батанікаў Санкт-Пецярбурга прыцягнуў А. Ф. Баталін, галоўны батанік і дырэктар Імператарскага Батанічнага саду ў Санкт-Пецярбургу. Членамі Бюро без забеспячэння, якія бралі пасільны ўдзел у працах Бюро ў гэты перыяд, былі прызначаныя ў 1894 годзе — асістэнт па кафедры батанікі Імператарскай Ваенна-медыцынскай акадэміі В. К. Варліх і прафесар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Х. Я. Гобі, у 1895 годзе — выкладчык пладаводства Ляснога інстытута А. С. Грабніцкі і ардынатар Клінічнага інстытута Вялікай княгіні Алены Паўлаўны А. В. Пель; у 1896 годзе — малодшы кансерватар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага батанічнага сада Г. І. Танфільеў.
У 1886 годзе апісаў, забяспечыўшы ўласнымі малюнкамі, яблыкі сорту Edelbohmer і ў тым жа годзе апублікаваў працу ў пецярбургскім штомесячніку «Веснік садоўніцтва».
Разам з прафесарам А. Ф. Рудзскім пераклаў на рускую і браў актыўны ўдзел у першым рускім выданні шырока вядомай двухтомнай працы нямецкага садавода М. Гашэ «Кіраўніцтва па пладаводстве» (Пецярбург, 1889).
У 1890 годзе на хутары Рай (цяпер — Дукштаская сянюнія Літвы) на плошчы 15 га заклаў гадавальнік і вялікі калекцыйны сад з 512 сартоў яблыні і 256 сартоў грушы і вёў за імі падрабязныя назіранні. У 1922 годзе ў яго памалагічным садзе было ўжо 1197 сартоў яблыні, грушы, слівы, вішні і чарэшні.[4] У 1894 годзе знаходзіўся з навуковымі мэтамі ў Паўночнай Амерыцы.
Увайшоў у гісторыю расійскага садоўніцтва вядомай працай «Атлас пладоў», які выдадзены (1903) пад яго рэдакцыяй і з удзелам у апісанні 46 з 114 распаўсюджаных у Расіі сартоў яблыні і іншых пладовых парод. Выданне «Атласа пладоў» прафінансаваў імператар Мікалай II.
У 1900 годзе ў Пецярбургу пад яго рэдакцыяй выйшла кніга А. Ц. Болатава «Выявы і апісанні розных парод яблыкаў і груш, якія пладаносяць у Дваранінаўскіх, а таксама і ў іншых садках».
Супрацоўнічаў у многіх часопісах, дзе апублікаваў каля 100 артыкулаў па садоўніцтву, у Энцыклапедыі сельскай гаспадаркі, выдадзенай А. Ф. Дэўрыенам у 1900—1906 гадах. Шмат увагі надаваў пошуку і апісанню мясцовых сартоў яблыні.

Галоўныя навуковыя працы прысвечаны сортавывучэнню, выяўленню і апісанню каштоўных сартоў пладовых культур народнай селекцыі, вывучэнню біялогіі апылення і апладнення пладовых культур.
Быў кавалерам многіх ордэнаў Расійскай імперыі.
Пасля далучэння Прыбалтыкі да СССР у 1939 годзе стаў кансультантам Літоўскага агранамічнага інстытута. Памёр ад цяжкай хваробы.
У Роюсе Адаму Грабніцкаму пастаўлены помнік.
Remove ads
Выбраныя працы
- Уход за плодовым садом. — СПб, 1893;
- Атлас плодов (вып. 1-4). — СПб, 1903—1906 (редактор и соавтор);
- К вопросу о перекрестном опылении плодовых деревьев. — Петроград, 1915.
Зноскі
- Гончаров Н. П. «Не притащенная» наука: институциализация прикладной ботаники в России, The “not dragged” science: The institutionalisation of applied botany // Историко-биологические исследования — 2020. — Т. 12, вып. 3. — С. 13–31. — ISSN 2076-8176; 2500-1221 — doi:10.24411/2076-8176-2020-13002
- Роберт Регель: Отдел прикладной ботаники, 1917–1918 гг, Robert Regel: the Bureau of Applied Botany, 1917–1918 // Историко-биологические исследования — 2015. — Т. 7, вып. 4. — С. 90–123. — ISSN 2076-8176; 2500-1221
- Василий Азоронок. За четверть века до катастрофы (руск.)
- У 1956 годзе на гэтай тэрыторыі створаны апорны пункт Віценайскай плодагародніннай вопытнай станцыі (цяпер Літоўскі НДІ плодаагародніцтва).
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads