Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч
беларускі нейрахірург, акадэмік НАН Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Арнольд Фёдаравіч Смеяно́віч (11 жніўня 1938, Бранск — 2 студзеня 2021, Мінск[1]) — беларускі нейрахірург. Акадэмік НАН Беларусі (2009), доктар медыцынскіх навук (1981), прафесар (1993). Правёў больш за 10 тысяч аперацый[2]. Яго называлі вядучым нейрахірургам Беларусі[3][4][5].
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца — ўраджэнца Пухавіцкага раёна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны[2]. Дзяцінства і юнацтва Арнольд Смеяновіч правёў у вёсцы Пухавічы з маці Галінай Лукінічнай[2].
Скончыў Пухавіцкую сярэднюю школу (1955) і лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута (1960). У 1960—1963 гадах працаваў урачом Дрыбінскай бальніцы. У 1963—1975 гадах — урач-нейрахірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы[5].
Пад кіраўніцтвам прафесара Я. І. Злотніка праводзіў спачатку простыя, потым больш складаныя аперацыі і адначасова займаўся навуковай дзейнасцю. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Параўнальная ацэнка метадаў вызначэння калатэральнага кровазвароту ў паўшар’і мозгу пры пальцавай аклюзіі соннай артэрыі»[1].
У 1975 годзе стаў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Распрацоўваў методыку па выдаленні неўрыномы (дабраякаснай пухліны) слыхавога нерва. Праведзеныя даследаванні ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Мікранейрахірургія неўрынам слыхавога нерва» (1981)[1].
У 1989 годзе ўзначаліў нейрахірургічны аддзел НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 2006 года — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь), дзе працаваў да самай смерці. У 1998—2005 гадах — дырэктар інстытута[5].
У 2000 годзе арганізаваў і ўзначаліў курс нейрахірургіі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які ўпершыню ў Беларусі забяспечыў паслядыпломную падрыхтоўку урачоў па нейрахірургіі і нейратраўмалогіі (з 2004 года ў складзе кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА).
У 2004 годзе выбраны членам-карэспандэнтам, у 2009 годзе — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1]. Правадзейны член (акадэмік) Беларускай медыцынскай акадэміі (1996). Дэлегат чацвёртага Усебеларускага народнага сходу (2010).
Быў старшынёй Беларускага навукова-медыцынскага таварыства нейрахірургаў, членам рэдкалегіі беларускіх і замежных часопісаў («Здравоохранение», «Медицинская панорама», «Медицинские новости», «Вопросы нейрохирургии», «Нейрохирургия»), ганаровым членам Асацыяцыі нейрахірургаў Расіі (2005) і іншых замежных таварыстваў па нейрахірургіі. У 2003 годзе пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны і праведзены першы Рэспубліканскі з’езд неўрапатолагаў і нейрахірургаў Беларусі[6].
Уваходзіў у склад падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, экспертнага савета пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па абароне дысертацый.
Арнольд Смеяновіч сябраваў з многімі пісьменнікамі, мастакамі, быў добра знаёмы з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Ён аўтар прадмоў да кніг казахскага пісьменніка Немата Келімбетава ў перакладзе на беларускую мову, кнігі Алеся Карлюкевіча «Сцежкамі Ігуменшчыны»[7].
Быў жанаты. Жонка — Тамара Іванаўна, таксама лекар. Сын — Віталь Смеяновіч, нейрахірург, кандыдат медыцынскіх навук; дачка — стаматолаг[3].
Памёр 2 студзеня 2021 года ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19[2]. Пахаваны 5 студзеня 2021 года на малой радзіме ў Пухавічах[7].
Remove ads
Навуковая дзейнасць
Аўтар больш за 450 навуковых прац, 10 манаграфій, 18 метадычных рэкамендацый, 25 вынаходніцтваў і патэнтаў. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 6 зборнікаў навуковых прац «Актуальныя праблемы неўралогіі і нейрахірургіі»[1], абаронены 19 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі[5].
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці — хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсіўных форм астэахандрозу пазваночніка, рэканструктыўная хірургія пашкоджанняў плечавога спляцення. Упершыню ў СССР распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрыном пераддзвернасмоўжыкава нерва і шэраг новых методык лячэння неўралагічных разладаў, звязаных з гэтым захворваннем[6].
Пад кіраўніцтвам А. Ф. Смеяновіча распрацоўваліся метады дыягностыкі і мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і паяснічнага стэнозу, нервовай і мышачнай пластыкі для аднаўлення функцый верхняй канечнасці пры пашкоджанні плечавога спляцення, лячэння абсцэсаў галаўнога мозга і інш.[1]
Аўтар методыкі комплекснага хірургічнага аднаўлення функцыі верхняй канечнасці пры пашкоджаннях плечавога спляцення, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы[5] і ўключае ў сябе цэлы шэраг новых рэканструктыўнай хірургічных умяшанняў[6]. Распрацаваў праблемы лячэння гліяльных пухлін галаўнога мозгу, што дазволіла амаль удвая павялічыць працягласць жыцця гэтай катэгорыі хворых. Праводзіў комплекснае даследаванне па праблеме дыягностыкі і хірургічнага лячэння сасудзістых заган развіцця вертэбрабазілярнай сістэмы (артэрыяльных анеўрызмаў). Распрацаваў і ўкараніў у практыку цэлы шэраг арыгінальных методык, якія маюць прыярытэтнае значэнне ў лячэнні нейраанкалагічных хворых.
Асноўныя працы
- Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. [в соавт.] — Минск : Беларусь, 1973. — 143 с.: ил.
- Артериовенозные мальформации задней черепной ямки [в соавт.] // Актуальные проблемы неврологии и нейрохирургии. — Мн., 2000. Вып. 2.
- Диагностика и хирургическое лечение субтенториальных околостволовых менингиом. [в соавт.] — Минск : Минсктиппроект, 2005. — 107 с.
- Альдегиды в пластичной хирургии [в соавт.] — Минск: Звязда, 2012. — 253 с.
Remove ads
Узнагароды і званні
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1994, у аўтарскім калектыве)[5] — за цыкл прац «Патагенез, клініка і дыягностыка неўралагічных праяваў астэахандроза пазваночніка».
- Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2005, 2008) — за цыкл прац па распрацоўцы новых прынцыпаў і мікранейрахірургічных тэхналогій лячэння пухлін асновы чэрапа.
- Ордэн Айчыны III ступені (2014)[8].
- Ордэн «Знак Пашаны» (СССР)[6].
- Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (1998).
- Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі (2002)[1].
- Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна (2011).
- Ганаровае званне «Мінчанін года» (2002).
- Нагрудны знак «Выдатніку аховы здароўя СССР» (1984, 1989).
- Нагрудны знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (1998).
- Ганаровыя граматы: Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1994), Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2007), Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума ВАК Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Памяць
Акадэміку А. Ф. Смеяновічу прысвечаны паэтычныя і публіцыстычныя творы Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, Алеся Марціновіча, Вольгі Савасцюк, Уладзіміра Ліпскага і іншых літаратараў[7].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads