Аляксандр Коўш
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Аляксандр Коўш (2 жніўня 1884, Рыдзялі Гродзенскі павет, цяпер Гродзенскі раён — 1943) — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч.
Remove ads
Біяграфія

Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка, з якім напачатку 1-й сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.
У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 года ў Вільні, настаяцель прыхода ў Шніпішках (цяпер у межах горада), дзе за некалькі месяцаў аднавіў і адрамантаваў прыходскі храм. У сваіх казаннях ён заклікаў прыхаджан змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адкрываць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненню паланізацыі[1].
У 1925 годзе Каўша, як спецыяліста ў банкаўскай сферы, запрасілі на пасаду бухгалтара ў Беларускі кааператыўны банк, які пачаў дзейнічаць у Вільні. Нягледзячы на духоўны статус, ён прыняў прапанову, аднак не пакінуў прыход у Шніпішках[1].
З 1926 года святар выкладаў Закон Божы[1] і кіраваў інтэрнатам[2] у Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Шмат увагі надаваў грамадскай дзейнасці. Ён стаў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася аказаннем матэрыяльнай дапамогі бедным і ўтрыманнем інтэрнатаў пры беларускіх гімназіях[1].
У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы[1]. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве — самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні[1].
Шмат часу адводзіў А. Коўш асветніцкай рабоце. У 1928—1929 гадах рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца», друкаваў там артыкулы, прысвечаныя гісторыі праваслаўя ў Беларусі; змяшчаў афіцыйныя дакументы мітраполіі, нарысы, павучальныя апавяданні для моладзі і іншае[1]; кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры.
У верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі А. Каўша ў в. Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка за ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. На новым месцы службы святар не мог займацца грамадскай і выдавецкай справай. Ён арганізаваў царкоўны хор, які спяваў духоўныя песні, чытаў казанні на беларускай мове. У 1937 г. А. Коўш пераехаў у в. Кастыкі Вілейскага павета[1].
У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка[1].
У 1941 годзе прыехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у выдавецкай камісіі пры мінскім архірэі. Потым атрымаў прыход у Плешчаніцах Лагойскага раёну. У 1943 годзе за дапамогу ў выратаванні яўрэяў Аляксандр Коўш быў арыштаваны гестапа і расстраляны[1].
Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз[3].
Remove ads
Зноскі
- Коўш Аляксандр - Беларусь у асобах i падзеях . bis.nlb.by. Праверана 13 чэрвеня 2024.
- Мае ўспаміны зь Віленскай Беларускай гімназіі. Спадчына. 1999. №1. С. 29-60. . pawet.net. Праверана 19 снежня 2024.
- У Вільні зьнесьлі дом Зоі Каўшанкі // Наша Ніва, 18 ліст. 2008
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads