Аляксандр Тарасевіч

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Аляксандр Тарасевіч або Аляксандр Тарасовіч, у інацтве Антоній; аўтограф Alexander Tarasowicz (каля 1640, мерк. Глуск, Новагародскае ваяводстване раней за 12 чэрвеня 1727 і не пазней за 15 жніўня 1727, Кіеў) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Хуткія факты Аляксандр Тарасевіч, Дата нараджэння ...
Remove ads

Біяграфія

Украінскі даследчык Дзмітрый Стэпавык[uk], аўтар дзвюх манаграфій пра Аляксандра і Лявонція Тарасевічаў, адзначаў, што верагодныя звесткі пра іх ёсць толькі на падпісаных самімі мастакамі гравюрах.[1]

Аднак, сам Стэпавык, спрабуючы выявіць украінскае паходжанне Тарасевічаў і вытлумачыць прычыны іх пераезду ў Кіеў, выказаў здагадку пра роднасць мастакоў з біскупам мукачаўскім Васілём Тарасовічам[uk]. Стэпавык абгрунтоўваў сваю гіпотэзу пазнейшым прыняццем Аляксандрам Тарасевічам духоўнага сану, а таксама навучаннем яго ў Аўгсбургу, адносна недалёкім ад Мукачаўскай епархіі. На думку Аляксандра Ярашэвіча, гіпотэза Стэпавіка не тлумачыць чаму Тарасевіч пасля Аўгсбурга аказаўся ў Вільні[1], а пагатоў у невялікім Глуску і што звязвала мастака з Палубінскімі.[2]

Нямногія захаваныя інвентары Глуска, спадчыннага маёнтка Палубінскіх, а потым Дамініка Мікалая Радзівіла, у НГАБ даследаваў Аляксандр Ярашэвіч. У інвентары 1638 года сярод мяшчан Глуска Тарасевічы не згаданы, але малазямельны Сапон Тарасовіч адзначаны ў вёсцы Вольніца. У інвентары 1692 года ўжо радзівілаўскага Глуска, сярод 400 гарадскіх дымоў у завулку пад возера адзначаны ювелір («злотнік») Севярын Тарасевіч, а на падзамчы жыў яшчэ адзін «злотнік» Ян Тарасевіч. Абодва злотнікі не плацілі і не адбывалі ніякіх павіннасцяў уладальніку Глуска, то-бок былі вольнымі. У 1713 годзе адзін з 440 гарадскіх пляцаў займаў уніяцкі святар («айцец») Ян Тарасевіч, на думку Ярашевіча, ён можа быць тоесны раней згаданаму «злотніку» Яну Тарасевічу. У сёлах паблізу Глуска тым самым 1713 годам адзначаны Сямён, Іван, Марка, Алясей, Максім, Лявон, Васька і Яська Тарасевічы. У 1755 годзе ў Глуску адзначаны Пётр Тарасевіч, які займаў пляц нейкага ранейшага не названага імем Тарасевіча.[2]

Ювелірнае рамяство, адзначае Ярашэвіч, было вядома ў Глуску працяглы час, у 1638 годзе тут згаданы «злотнік» Верамей, у 1755 годзе — Сямён Злотнік. На думку Ярашэвіча, вельмі імаверна, што з кола глускіх злотнікаў і паходзяць Аляксандр і Лявонцій Тарасевічы.[2]

Нямецкі мастацтвазнавец Георг Каспар Наглер[en] у 1858 годзе выказаў здагадку, што Аляксандр Тарасевіч атрымаў мастацкую адукацыю ў нямецкім Аўгсбургу, вучыўся ў гравёраў Кіліянаў, бо даследчык адзначыў падабенства графічнай манеры Тарасевіча да школы Кіліянаў, а таксама, што ў асабістай бібліятэцы майстра было шмат аўгсбургскіх выданняў.[3] Следам за Наглерам інфармацыя пра навучанне ў Аўгсбургу звычайна даецца як сцвярджэнне[2].

На думку Ярашэвіча, быццё Аляксандра Тарасевіча ў Аўгсбургу цяжка назваць вучнёўскім. Гравюра для тытульнага аркуша аўгсбургскага выдання «Rosarium…» (1677) зроблена ім яшчэ ў Глуску ў 1672 годзе ў стылі маньерыстычна перагружанага барока. Другі варыянт тытульнага аркуша ў духу больш ураўнаважанага барока, які ўжо нагадваў тагачасную еўрапейскую кніжную гравюру, магчыма, зроблены Тарасевічам ужо ў Аўгсбургу, але ён не падпісаны, як і гравюры каляндарнага цыклу. Польская даследчыца Марыя Цубжынская абвяргае, што «Rosarium…» выданы ў Аўгсбургу[2], але ўводзіны ў кнізе майнцкага арцыбіскупа заахвочваюць працяг даследаванняў.[4]

У 2-й палове XVII ст. баварскі Аўгсбург быў буйнейшым цэнтрам ювелірнага мастацтва, куды ездзілі для ўдасканалення свайго майстэрства злотнікі з Вялікага Княства Літоўскага. Вялікалітоўскія магнаты нярэдка заказвалі рэчы ў Аўгсбургу, у інвентарах адзначаюць рызы абразоў і іншыя «аушпорския» ювелірныя вырабы. На думку Ярашэвіча, з мэтай удасканалення, імаверна, ездзіў і працаваў пэўны час у Аўгсбургу і Аляксандр Тарасевіч з Глуска.[2]

У 1680-я гады мастак пераехаў у Вільню, супрацоўнічаў у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі.[5]

Каля 1688 года Тарасевіч пакінуў Вялікае Княства Літоўскае і пераехаў у Кіеў, які толькі адышоў да Маскоўскай дзяржавы. У Кіева-Пячэрскай лаўры ён прыняў інацтва пад імем Антоній. На Украіне ён стаў пачынальнікам школы медзярыту, але ўласных гравюр стварыў толькі некалькі -- партрэты палітычнага дзеяча Васіля Галіцына (1690), Мялеція Антыяхійскага (1693), чарнігаўскага архіепіскапа Лазара Барановіча (1693). З 1705 года Антоній вядомы як намеснік Свенскага манастыра каля Бранска.

Памёр Аляксандр Тарасевіч ігуменам Кіева-Пячэрскай лаўры. Пасля яго смерці ва ўласнасць Кіева-Пячэрскай лаўры перайшла бібліятэка, якую, відавочна, мастак прывёз з сабою ў Кіеў з Вільні або Глуска, рэестр бібліятэкі апублікаваны ў 1901 годзе.

Remove ads

Творчасць

Thumb
Пакланенне вешчуноў (з кнігі «Rosarium…»), 1672-77

Амаль уся творчая спадчына Аляксандра Тарасевіча належыць да вялікалітоўскага (глуска-віленскага) перыяду. За кіеўскі перыяд ён стварыў не так шмат гравюр, не такая адчувальная творчая эвалюцыя. З гэтай прычыны, на думку Аляксандра Ярашэвіча, цяжка казаць пра Тарасевіча як украінскага мастака. Аднак, важная роля Тарасевіча ў станаўленні кіеўскай гравюры на метале.[4]

Найбольш раннія з вядомых твораў Тарасевіча — сорак медзярытаў да кнігі «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…» («Малітвы і службы Маці Боскай Марыі…»), створаны, імаверна, у Глуску, прынамсі надпіс на тытульным аркушы сцвярджае: «Alexander Tarasowicz scuipsit anno 1672 w Hlusku» («Аляксандр Тарасовіч гравіраваў года 1672 у Глуску»). Над двума групамі гравюр мастак працаваў, імаверна, у 1672—1677 гадах. Кніга выдавалася двойчы — у Аўгсбургу і Вільні. Сорак ілюстрацый дзеляцца на дзве групы: каляндарны цыкл (12 медзярытаў, 6,3 х 9,7 см) і гравюры на евангельскія сюжэты (27 медзярытаў, памеры большасці — 16 х 13 см), якія зместам, стылем і манерай работы між сабой адрозніваюцца. Калі каляндарны цыкл блізкі да твораў Пітэра Брэйгеля старэйшага і вызначаецца асабістымі назіраннямі народнага жыцця, то ў ілюстрацыях на евангельскі сюжэт адчуваецца веданне рэнесанснага і сучаснага мастаку заходнееўрапейскага жывапісу і графікі.[3]

Імаверна, ілюстрацыі да «Rosarium…» прынеслі мастаку шырокую вядомасць, бо кнігі з яго ілюстрацыямі неўзабаве выходзяць у Вільні, Кракаве, Слуцку, Замосці. Акрамя кніжнай ілюстрацыі Аляксандр Тарасевіч шмат працаваў у партрэтным жанры. Вядома, што мецэнатам мастака выступаў маршалак Аляксандр Гілярый Палубінскі, для якога Тарасевіч у 1675 годзе ў Глуску стварыў медзярыт «Радаслоўнае дрэва…».[3] У 1677 годзе ў Глуску Тарасевіч стварыў медзярытны партрэт віленскага суфрагана Мікалая Слупскага[1].

У друкарні Віленскай акадэміі зафіксавана пяць выданняў з яго гравюрамі. Вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Тры філасофіі…» (1675), «Рацыянальная філасофія…» (1683) і іншыя. Кніга «Скарбніца святога жыцця…» (1682) змяшчае 42 медзярыты на сюжэты касцельнай службы — другі па колькасці цыкл медзярытаў Тарасевіча пасля кнігі «Rosarium…».[3]

Аляксандр Тарасевіч супрацоўнічаў таксама са слуцкай друкарняй. Для аднаго з яе выданняў у 1685 годзе ён стварыў медзярытны партрэт мінскага харунжага Казіміра Клакоцкага.[3]

Лічыцца, што Тарасевіч стварыў на Беларусі і Літве асобную школу гравюры. Аднак мастак не пакінуў па сабе непасрэдных пераймальнікаў. Як і дрэварыты Францыска Скарыны, яго творы паслядоўнікам засталіся недасягальнымі[3].

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads