Беларуска-рускі слоўнік Байкова і Некрашэвіча
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Беларуска-рускі слоўнік Байкова і Некрашэвіча, тагач. Беларуска-расійскі слоўнік — беларуска-рускі слоўнік, падрыхтаваны пад рэдакцыяй М. Байкова і С. Некрашэвіча, і выпушчаны Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі ў Мінску ў 1926 годзе. Меў 356+IV старонак, каштаваў 2 рублі.
Слоўнік утрымліваў больш за 20 тыс. словаў, з якіх большую частку складалі словы агульнага ўжывання, значна меншую — навуковыя тэрміны, прафесіяналізмы, некаторыя ўласныя беларускія імёны, назвы беларускіх гарадоў і рэк, устойлівыя спалучэнні словаў. Рэестравыя беларускія словы забяспечаны асобнымі граматычнымі і стылістычнымі паметамі.[1] Прыкладаў ўжывання няма, бо аўтары жадалі скараціць аб’ём слоўніка.
Як адзначалі аўтары, слоўнік павінен «даць дапамогу пры чытаньні сучасных беларускіх выданьняў тым асобам, якія хаця й маюць або элемэнтарна-тэорэтычнае, або практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацьце, якім уладае сучасная навукова-літаратурная беларуская мова ў параўнанні з мовай расійскай»[2].
Крыніцамі фактычнага матэрыялу сталі слоўнікі М. Байкова і М. Гарэцкага, У. Дабравольскага, І. Насовіча, А. Сержпутоўскага, Я. Ціхінскага, А. Ярушэвіча, першыя выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі», мастацкія тэксты Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, 3. Бядулі, Ц. Гартнага, М. Чарота, навукова-метадычныя выданні Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка[2].
Спосаб арганізацыі рэестра — алфавітна-гнездавы. У слоўніку выкарыстоўваюцца граматычныя паметы, якія абазначаюць часціну мовы, яе функцыянальныя і фармальныя асаблівасці: м. (мужчынскі род), аг. (назоўнік агульнага роду), в. ст. (вышэйшая ступень параўнання), з мес. (з месным склонам), дзс. безас. (безасабовы дзеяслоў) і інш. Асаблівасць выдання — наяўнасць у асобных слоўнікавых артыкулах зоны пашпартызацыі[2].
Па выпуску слоўніка адзначалася[3], што слоўнік няпоўны, не мае некаторых вельмі патрэбных словаў (г.зн., складзены без належнага іх выбару)[4], утрымлівае штучныя словы, русізмы, паланізмы; шмат якія беларускія словы патлумачаны няправільна або недакладна[5]. Слоўнік складзены без належнай крытыкі (напрыклад, неапраўдана ўведзена нелітаратурная лексіка). Агульнай ацэнкай Я. Лёсіка была парада «адносіцца да слоўніка з асцярожнасцю», і канстатацыя таго, што слоўнік Насовіча надалей заставаўся недасягальнай тады велічынёй.
Слоўнік быў падрыхтаваны згодна з заданнем Інбелкульта ўсяго за 4 месяцы і быў аддадзены ў друк у 1925[6], але не выходзіў з друку да пач. 1927. Пасля масавых рэпрэсій у беларускім навуковым асяроддзі (1929—1931) карыстацца слоўнікам, як і іншымі працамі «ворагаў народа», было забаронена, кнігі былі перададзеныя ў бібліятэчныя спецфонды. У 1993 годзе слоўнік перавыдаваўся факсімільным спосабам выд-вам «Народная асвета» (серыя «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць»).
Нягледзячы на пэўныя хібы, адзначаныя ў публікацыях Я. Лёсіка і Л. Цвяткова, «Беларуска-расійскі слоўнік» М. Байкова і С. Некрашэвіча адыграў значную ролю ў працэсе выпрацоўкі нормаў беларускай літаратурнай мовы[2].
Remove ads
Зноскі
- Германовіч.
- У Лёсіка адзначана, што нястача звычайных, чыста беларускіх словаў такая, што з дапамогай гэтага слоўніка нельга цалкам зразумець «Новую зямлю» Я. Коласа або «Курган» Я. Купалы.
- У рэцэнзіі Лёсіка падаюцца больш за 100 канкрэтных прыкладаў памылковых тлумачэнняў, якія «кожнаму могуць кінуцца ў вочы». Такія памылкі Лёсік прыпісваў слабаму веданню мовы аўтарамі.
- Лёсік, С.271, Германовіч.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads