ВАЗ-1111
легкавы аўтамабіль асабліва малога класа From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
ВАЗ-1111 «Ака» (руск.: «Ока») — савецкі і расійскі легкавы аўтамабіль асабліва малога класа.
Выпускаўся на заводах ВАЗ, КамАЗ (ЗМА ) і СеАЗ з 1988 па 2008 год. Усяго было выраблена каля паўмільёна машын усіх мадыфікацый[1].
Remove ads
Гісторыя
Распрацоўка
Распрацоўка аўтамабіля пачыналася на Серпухаўскім матацыклетным заводзе (пазней Серпухаўскі аўтамабільны завод, СеАЗ) для замены мотакалысак (гэтак званых «інвалідак»), а пазней праект перадалі на ВАЗ з прыцягненнем да гэтай працы канструктарскіх груп НАМІ і СМЗ.
У якасці канцэптуальнага аналага для будучай «Акі» быў абраны аўтамабіль Daihatsu Cuore[2][3], што шмат у чым вызначыла кампаноўку і прапорцыі кузава. Тэхнічнае заданне прадугледжвала стварэнне для аўтамабіля двух двухцыліндравых матораў працоўным аб’ёмам 0,65 л і 0,75 л, магутнасцю, адпаведна, 29,6 к.с. і каля 36 к.с. Першы сілавы агрэгат пад пазначэннем ВАЗ-1101 сабралі ў студзені 1984 года.
Першыя два прататыпы новай мікралітражкі былі вырабленыя ў сакавіку 1984 года. Кароткая машына з задняй падвескай з разнесенымі спружынамі і амартызатарамі выявілася няўстойлівай, схільнай да перакульвання нават на адносна невысокіх хуткасцях і пры не занадта складаных манеўрах. Наступныя ўзоры ў 1985 годзе павялічыліся ў колавай базе на 100 мм і атрымалі заднюю падвеску, аналагічную падвесцы ВАЗ-2108. Рухавік таксама трэба было дапрацоўваць, акрамя гэтага ён быў мала ўніфікаваны з серыйнымі рухавікамі. У выніку было прынята рашэнне аб распрацоўцы рухавіка на аснове матора ВАЗ-2108.
У 1987 годзе тэставыя аўтамабілі прайшлі выпрабаванні. Пасля іх паспяховага заканчэння, аўтамабіль быў рэкамендаваны камісіяй для пастаноўкі на вытворчасць.
1988—1996
Выпуск быў вызначаны ў аб’ёме 50 тысяч аўтамабіляў у год — на большае не было рэсурсаў. Было вырашана даручыць вытворчасць «Акі» тром заводам: па 20 тысяч аўтамабіляў агульнага прызначэння павінны вырабляць ВАЗ і КамАЗ (пазней структурнае падраздзяленне КамАЗа па вытворчасці легкавых аўтамабіляў было рэарганізавана ў ЗМА ), і яшчэ 10 тысяч аўтамабіляў у мадыфікацыі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі — СеАЗ.
КамАЗ падрыхтаваў вытворчасць «Акі» крыху раней — першая перадсерыйная мікралітражка (пад уласнай назвай «Кама») сышла з яго канвеера 26 снежня 1987 года[4]. На ВАЗе доследна-прамысловая партыя з 300 аўтамабіляў была выпушчана ў 1988 годзе. СеАЗ першую сотню аўтамабіляў у выкананні для інвалідаў вырабіў у 1989 годзе. Спачатку ўсе дэталі выраблялі на ВАЗе, а потым КамАЗ наладзіў выраб пярэдняй падвескі, задняй падвескі, рэгулятара ціску задніх тармазоў, падрамніка, рулявога механізму, пярэдніх і задніх амартызатараў. КамАЗ стаў пастаўляць гэтыя дэталі на ВАЗ і СеАЗ.
АўтаВАЗ выпускаў «Аку» да лютага 1995 года, цалкам пераключыўшыся на вытворчасць сілавых агрэгатаў. Усяго з 1988 па 1995 год у Тальяці было выраблена 19 626 машын[5]. Пасля гэтага выраб мікралітражак працягваўся на двух заводах — у Серпухаве і Набярэжных Чаўнах. Прычым з гэтага часу СеАЗ не толькі абсталёўваў амаль гатовыя аўтамабілі ручным кіраваннем, але і сам стаў збіраць базавыя мадыфікацыі «Акі». Работы па наладцы аўтаматычнай лініі зваркі кузава, шасі і бакавін аўтамабіля на Серпухаўскім аўтазаводзе завяршыліся 8 жніўня 1995 года[6].
1996—2006
У сакавіку 1996 года пачалася серыйная вытворчасць новай мадыфікацыі, якая адрознівалася, галоўным чынам, новым рухавіком. Калі да гэтага часу ў якасці рухавіка служыла «палова» ВАЗ-2108 аб’ёмам 650 куб. см. і магутнасцю 29 к.с., то цяпер пад капот усталёўвалі «палову» 1,5-літровага матора ВАЗ-21083. Аб’ём павялічыўся да 750 куб. см., а магутнасць вырасла да 35 к.с. Абноўленая мадэль атрымала індэкс ВАЗ-11113[7].
ЗМА і СеАЗ пастаянна нарошчвалі тэмпы выпуску, але былі абмежаваныя з-за паставак рухавікоў ВАЗам, які не мог павялічыць аб’ём іх вытворчасці.
21 жніўня 1997 года на ЗМА была выпушчана 50-тысячная Ака[8].
2006—2008
У ліпені 2006 года ў Расіі набылі моц нормы экалагічнага стандарта Еўра-2, што патрабавала замены карбюратара на больш дарагую сістэму ўпырску і прымяненне каталітычнага нейтралізатара ў сістэме выпуску. Палічыўшы нерэнтабельнай адаптацыю, ВАЗ згарнуў вытворчасць рухавікоў для «Акі».
У сувязі з гэтым на Заводзе мікралітражных аўтамабіляў 30 чэрвеня 2006 года вытворчасць аўтамабіляў «Ака» была спынена[9].
Серпухаўскі аўтамабільны завод захаваў мадэль у сваёй вытворчай праграме, абсталяваўшы яе кітайскім трохцыліндравым рухавіком Tianjin FAW (53 к.с.) і пяціступеньчатай каробкай перадач. Акрамя таго, абноўлены аўтамабіль (СеАЗ-11116) атрымаў 13-цалёвыя колы, вакуумны ўзмацняльнік тармазоў ад ВАЗ-2108, новы падрамнік рухавіка і новую прыборную панэль з прыборамі ад ВАЗ-2110[10]. З сярэдзіны лютага 2008 года абсталёўваўся рухавіком Еўра-3[11].
Аднак у канцы 2008 года вытворчасць была згорнута з-за нерэнтабельнасці — для акупнасці выпуску патрабавалася вырабляць каля 20 тысяч аўтамабіляў у год. Са студзеня па лістапад 2008 года з канвеера завода сышло каля 1300 машын[12].
Remove ads
Мадыфікацыі
ЕлАЗ-1121
«Палепшаная Ака» атрымала індэкс 1121. Вонкава аўтамабіль адрозніваўся ад базавага ВАЗ-1111, у асноўным, элементамі аздаблення — рашоткай радыятара, бамперамі і каўпакамі колаў. Пры гэтым па кузаве і канструкцыі «дваццаць першы» прынцыпова не адрозніваўся ад Акі, аднак кузаўныя панэлі новай машыны праектавалі пад уклееныя вокны. Пад капотам новай мадэлі павінен быў стаяць новы трохцыліндравы матор аб’ёмам 820 см³ і магутнасцю 40 к.с. Сярод іншых укараненняў — мадэрнізаваная падвеска колаў, тросавы прывад механізма пераключэння перадач і 13-цалёвыя колы на чатырох балтах.
Аўтамабіль быў падрыхтаваны да масавай вытворчасці, пачаць выпуск планавалася ў 1991 годзе на Елабужскім аўтамабільным заводзе . Аднак ва ўмовах эканамічнага разладу будаўніцтва ЕлАЗ-а было прыпынена і праект не атрымаў далейшага працягу[13].
ВАЗ-1111Э

ВАЗ-1111Э з’яўляецца сумеснай распрацоўкай «АўтаВАЗа» і кампаніі «Рыгель», якая распрацавала блок акумулятарных батарэй[14].
Крыніцы сілкавання — нікель-кадміевыя батарэі. Усяго ў аўтамабілі 112 акумулятараў агульнай ёмістасцю 100 А/г і напружаннем 135 В. Скампанаваныя ў 3 блокі: адзін знаходзіцца пад капотам, другі схаваны пад заднім сядзеннем замяніўшы сабою бензабак, а трэці — у багажніку. Агульная вага батарэй — 315 кг. Прабег ад адной зарадкі складаў прыкладна 100 км. У рух «Аку» прыводзіў электрарухавік пастаяннага току.
Версіі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі

- СеАЗ-1111-01 (камплектацыя 10) — для кіравання рукамі. Рычагі прывада акселератара выведзеныя на рулявое кола, кіраванне счапленнем ажыццяўляецца з дапамогай электравакуумнага аўтаматызаванага прывада, а тармазной сістэмай — з дапамогай рычага, размешчанага з правага боку ад руля.
- СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 10) — для кіравання рукамі і адной нагой. Электравакуумны аўтаматызаваны прывад счаплення кампенсаваў адсутнасць адной нагі. Прывад акселератара пад левую нагу мог размяшчацца злева ад педалі тормазу.
- СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 60) — для кіравання рукамі і левай нагой. Прывад акселератара размяшчаўся ўнутры вобада рулявога кола, а рычаг тармазной сістэмы — з правага боку ад рулявой калонкі. Прывад счаплення ажыццяўляўся нагой.
- СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 41) — для кіравання рукамі і правай нагой. Педаль счаплення прадубляваная рычагом з левага боку рулявога кола, усе астатнія органы кіравання як у звычайнага аўтамабіля.
РІАТ-«Ака»
У 1997 годзе кампаніяй РІАТ (руск.: РИАТ, Набярэжныя Чаўны, Расія) быў пабудаваны т’юнінгавы варыянт «Акі»[15][16]. Хэтчбек атрымаў новы пластыкавы абвес пафарбаваны ў адзін колер з кузавам. Ён уключаў новыя бамперы з супрацьтуманнымі ліхтарамі, рашотку радыятара і накладкі на аркі. Былі ўсталяваныя новыя люстэркі задняга віду з абаграваннем. Фары і паказальнікі павароту — ад Таўрыі. Зверху задніх дзвярэй з’явіўся спойлер са стоп-сігналам. На даху — люк.
Рухавік быў абсталяваны монаўпырскам, распрацаваным Дзімітраўградскім аўтаагрэгатным заводам, магутнасць павялічылася да 40 к.с. Таксама была дапрацавана рулявая рэйка. Усталяваны колы памерам 13 цаляў.
Інтэр’ер атрымаў новую пярэднюю панэль з мяккага пластыка і ашалёўку блакітна-белых колераў. З’явіліся драўляны руль, магнітола Kenwood, электрычныя шклапад’ёмнікі і цэнтральны замок. Пярэднія сядзенні — ад ВАЗ-2108, задняя канапа засталася стандартнай. Прыборы — ад вазаўскіх «пяцёркі» і «шасцёркі». Палепшылі шумаізаляцыю.
Грузавыя мадыфікацыі
- ЗМА-1901 «Гном» — паўрамны пікап. Грузавы кузаў зроблены на аснове аўтапрычэпа 8125, абсталяваны тэнтам. Рухавік — Д18А, двухцыліндравы, дызельны, аб’ёмам 725 см³ магутнасцю 18 кВт (25 к.с.)[17]. Задняя падвеска амаль не змянілася (усталяваны амартызатары ад ВАЗ-2106), колы — 155/70R13. Грузападымальнасць — 300 кг. Выраблены ў 2000 годзе ў адным экзэмпляры[18].

- ВА3-11113-271 «Тойма» — фургон распрацоўкі ЗМА і «Астро-кар». Грузавы адсек выраблены з арміраванага пластыка, заднія дзверы — двухстворкавыя. Аб’ём грузавога адсека — паўтара кубаметра, грузападымальнасць — 200—300 кг[19][20]. З 2000 года выраблена некалькіх сотняў машын[18].
- СеАЗ-11116-0000010-50 — пікап з пластыкавай надбудовай[18].
- СеАЗ-11116-0000010-52 — фургон з заглушанымі заднімі вокнамі, за сядзеннямі глухая перагародка[18].

- СеАЗ-11116-0000011-50 — пікап без тэнта на базе стандартнага кузава «Акі»[18]. У хэтчбека адрэзаныя задняя частка даху разам з заднімі стойкамі, а за цэнтральнымі стойкамі глухая перагародка. На верхніх тарцах бартоў зроблены поручні. Металічны задні борт адкідваецца на 180°, фіксуецца на верхніх зашчэпках. На падлозе кузава — ламініраваная фанера. Грузападымальнасць каля 300 кг.
- СеАЗ-11116-60 — паўрамны пікап[18]. Кузаў хэтчбека разразаўся і да ланжэронаў кабіны была прымацавана арыгінальная рама з профіляў, звараных са звычайнай ліставой сталі і ўзмоцненымі перагародкамі. Кузаў — аб’ёмам 2,3 м³, мае тэнт. Задні борт фіксуецца запорамі і адкідваецца на ніжніх завесах. Колавая база павялічана на 47 см. Задні мост — бэлька прастакутнага перасеку, задняя падвеска — на доўгіх паўэліптычных рысорах.
- МГ-01 і МГ-01А — 0,5-тонныя пікапы, сканструяваныя ААТ «Роствертол» для выпуску на свабодных вытворчых магутнасцях. Былі распрацаваныя дзве версіі: МГ-01 (з паўкапотнай кабінай арыгінальнай канструкцыі, зробленай з выкарыстаннем элементаў кузава «Акі»), і капотны МГ-01А (са звычайнай пярэдняй часткай ад «Акі»). Падрыхтаваная маса — 750 кг. Габарытныя памеры ў прататыпаў складалі 3,8×1,52×1,7 м у паўкапотнай машыны і 4,15×1,72×1,4 м у «МГ-01А». Задняя падвеска — рысорная або залежная з пнеўмагазавым стабілізатарам устойлівасці. Запуск вытворчасці планаваўся ў першым квартале 1999 года, аднак праект ажыццяўлён не быў[21].
ТТМ-1901 «Беркут»

ТТМ-1901 «Беркут» — лыжна-гусенічны снегаход. Быў прадстаўлены ў 2005 годзе.
Абсталяваны рухавіком магутнасцю 80 к.с. ад ВАЗ-21213 аб’ёмам 1,7 л з механічнай каробкай перадач, разгорнутай на 180°. Цэнтральны рэдуктар узяты ад пазадарожніка УАЗ. Хадавая частка складаецца з дзвюх гусенічных цялежак і дзвюх пярэдніх лыжаў. Грузападымальнасць — 250 кг, уключаючы вагу кіроўцы і пасажыра. Максімальная хуткасць па снезе можа дасягаць 60 км/г[22].
Першапачаткова меў двухмесную кабіну, зробленую з выкарыстаннем элементаў кузава «Акі». З 2012 года выпускаецца ў абноўленым варыянце з новай кабінай з кампазітных матэрыялаў на металічным каркасе.
Remove ads
Апісанне
Кузаў і салон

Кузаў — трохдзверны хэтчбэк, двухаб’ёмны, зварны, суцэльнаметалічны, апорнай канструкцыі. Здымныя дэталі кузава: дзверы (у тым ліку багажныя), капот, пярэднія крылы, пярэдні і задні бамперы. Замест дзвярных ручак — кнопкі, а самі дзверы трэба было падчапіць за абзу ў месцы выемкі на бакавіне кузава.
На лабавым шкле толькі адзін шклоачышчальнік. Задняе шкло абсталяванае электраабаграваннем, шчоткай шклоачышчальніка і абмывальнікам. Жыклёр абмывальніка падлучаны да дадатковага бачка, які размешчаны ў багажніку.
Запасное кола месціцца пад капотам (на машынах з 12-цалёвымі коламі) або ў багажніку (для версій з коламі 13 цаляў).
У салоне размяшчаюцца чацвёра чалавек. Пярэднія сядзенні — паасобныя, са здымнымі падгалоўнікамі. Задняе сядзенне — з суцэльнай падушкай і спінкай. Склаўшы заднюю канапу можна павялічыць аб’ём багажніка з 210 да 650 л. Панэль прыбораў, ацяпляльнік і падрулявыя пераключальнікі — ад ВАЗ-2101.
Рухавік
Рухавік — бензінавы, двухцыліндравы, чатырохклапанны, радны, з верхнім размяшчэннем размеркавальнага вала. Размешчаны папярочна. Канструкцыйна прадстаўляў сабой рухавік ВАЗ-2108 без другога і трэцяга цыліндраў. Пры гэтым, блок цыліндраў, а таксама каленчаты і размеркавальны валы — арыгінальныя, але прывад ГРМ і поршневая група цалкам уніфікаваныя з рухавіком ВАЗ-2108 (ВАЗ-21083). З улікам спецыфікі двухцыліндравага рухавіка ў канструкцыю былі ўведзеныя спецыяльныя ўраўнаважваючыя валы. Карбюратар — двухкамерны, з вертыкальна падаючымі патокамі, з паслядоўным адкрываннем засланак. Створаны на аснове карбюратара Вебер . Асноўныя адрозненні — іншыя памеры жыклёраў, усталяваны электрамагнітны запорны клапан, а таксама шэраг дадаткаў звязаных з папярочным размяшчэннем рухавіка[23].
СеАЗ-11116 меў упырскавы трохцыліндравы рухавік TianJin FAW аб’ёмам 0,993 л. Адпавядае экалагічнаму стандарту Euro 2. Абсталяваны каталітычным нейтралізатарам і паліўным абсорберам. Апошні, разам з паліўным фільтрам высокага ціску, размешчаны на месцы запаснога кола. У варыянце адаптаваным пад нормы Еўра-3 (50 к.с.) замест размеркавальніка запальвання ў матора з’явіўся датчык становішча каленчатага вала, а кожны з трох цыліндраў атрымаў індывідуальную катушку запальвання. Нейтралізатар пакінуты на ранейшым месцы, але дапоўнены другім датчыкам кіслароду, а ў кантролеры была прапісаная новая праграма кіравання рухавіком[11].
Дробнай серыяй аўтамабілі таксама абсталёўваліся рухавікамі Мелітопальскага маторнага завода: 1,1 л МеМЗ-2451 (49 к.с.)[24], МеМЗ-2471 (57 к.с.) і ўпырскавым 1,3 л МеМЗ-3071 (64 к.с.)[25].
Спробы ўсталяваць на аўтамабіль альтэрнатыўны рухавік прадпрымаліся ад пачатку дзевяностых. Напрыклад, на Аку спрабавалі ўсталяваць чатырохцыліндравы рухавік ад Peugeot 106 (1,1 л, 60 к.с.). Тады ж з’явілася і Ака з трохцыліндравым рухавіком Daihatsu (0,85 л, 42 к.с.), агрэгатаваным з трохступеньчатым «аўтаматам».
У 1996 годзе з’явілася некалькі асобнікаў з рухавікамі ад Mini — карбюратарным 1,0 л, а потым і рухавіком з упырскам (1,3 л, 63 к.с.). У 1997 годзе на ЗМА былі вырабленыя прататыпы з карбюратарным маторам 0,9 л (45 к.с.) вырабленым у Югаславіі на заводзе Zastava (ліцэнзійная копія рухавіка Fiat).
У 2003 годзе ЗМА прадставіў эксперыментальную Аку з трохцыліндравым маторам ад Daewoo Matiz (0,8 л, 52 к.с.). Яшчэ праз год з’явіліся прататыпы з ліцэнзійнымі рухавікамі Suzuki (0,8 л, 38 к.с.) вытворчасці кітайскай прамысловай групы Norinco. У 2005 годзе Серпухаўскі аўтазавод прадставіў прататып з кітайскім рухавіком Chery (0,8 л, 52 к.с.), але ў выніку быў заключаны кантракт на пастаўку кітайскіх рухавікоў Tianjin FAW.
Трансмісія
Каробка перадач — механічная, чатырохступеньчатая, з сінхранізатарамі на ўсіх перадачах пярэдняга ходу. Галоўная перадача — цыліндрычная, касазубая, канструктыўна выканана ў адным блоку з каробкай перадач. Дыферэнцыял — канічны, двухсатэлітны. Перадатачныя лікі: I — 3,70; II — 2,06; III — 1,27; IV — 0,90; задні ход — 3,67; галоўная перадача — 4,54.
Счапленне — аднадыскавае, сухое, з дыяфрагменнай націскной спружынай. Аўтамабілі з ручным кіраваннем — з аўтаматызаваным электравакуумным прывадам счаплення (ЭПС).
Прывад — на пярэднія колы.
Хадавая частка
Пярэдняя падвеска — незалежная, тыпу McPherson, з цыліндрычнымі спружынамі, амартызатарамі, ніжнімі папярочнымі рычагамі з расцяжкамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці. Падвеска мацуецца да падрамніка, толькі верхнія апоры амартызатараў — да кузава.
Задняя падвеска — на падоўжных узаемазвязаных рычагах, з цыліндрычнымі спружынамі і амартызатарамі. Амартызатары — вытворчасці КамАЗ. Акрамя «камазаўскіх», на канвееры ЗМА ў Набярэжных Чаўнах таксама ставіліся заднія амартызатары вытворчасці Гродзенскага завода аўтамабільных агрэгатаў[26].
Шыны — БИ-308, нехарактэрнай для астатніх волжскіх аўтамабіляў размернасці 135/80R12[27]. Пераход да меншага памеру колаў запатрабаваў таксама распрацоўкі арыгінальнага дыска. Дыск (каталожны нумар 1111-3101015) меў шырыню 4 цалі і вылет 40 мм. Яшчэ адно нехарактэрнае рашэнне — мацаванне дыска да ступіцы трыма балтамі замест чатырох[28].
Рулявое кіраванне — з механізмам «шасцярня-рэйка».
Тармазная сістэма — гідраўлічная, двухконтурная (з дыяганальным падзелам контураў), з вакуумным узмацняльнікам. Галоўны тармазны цыліндр узяты ад ВАЗ-2121. Тармазы пярэдніх колаў — дыскавыя, заднія — барабанныя. Стаяначны тормаз — механічны, тросавы, на заднія колы.
Бяспека
Расійскі часопіс Аўтарэвю (руск.: Авторевю) тройчы праводзіў краш-тэсты аўтамабіля: у 1996 годзе на хуткасці 50 км/г аб жорсткі бар’ер з 50 % перакрыццём і ў 2002 годзе па правілах Euro NCAP (аб мяккі бар’ер з перакрыццём 40 % і на хуткасці 64 км/г) былі выпрабаваныя машыны вытворчасці СеАЗ і ЗМА. Машына з Серпухава была абсталявана статычнымі рамянямі бяспекі, а машына з Набярэжных Чаўноў — інерцыйнымі.
Пярэдняя частка аўтамабіля дрэнна паглынае энергію франтальнага ўдару з-за недасканала прадуманай з пункту гледжання бяспекі сілавой структуры і з-за размяшчэння запаснога кола. Яно займае ўсю левую частку маторнага адсека і пры ўдары грае ролю ўзмацняльніка, ператвараючы сярэдзіну пярэдняй часткі аўтамабіля ў незмінальны блок і выціскаючы ўнутр салона пярэднюю панэль і рулявую калонку.
Узмацняльнікі кузава маюцца пад панэллю прыбораў, пад сядзеннямі і ў задняй частцы кузава. Жорсткую канструкцыю ўтварае маторны шчыт разам з рамкай лабавога шкла. Паміж парогамі ўсталявана папярочка да якой мацуюцца сядзенні. Яшчэ адзін узмацняльнік утвораны пад заднім сядзеннем.
Аўтамабіль вытворчасці СеАЗ атрымаў толькі 1,4 бала з 16 магчымых. Былі адзначаныя празмернае зрушэнне руля, пярэдняй левай стойкі і страта кузавам структурнай цэласнасці. Левыя дзверы разышліся, падлога разарвана, руль з’ехаў насустрач кіроўцы на 170 мм, педаль тормазу — на 215 мм. Левы парог выгнуўся ўніз, сядзенне кіроўцы разам з падлогай ссунулася ўлева. Аднак дзякуючы туга зацягнутым статычным рамяням бяспекі ні адзін крытэрый траўміравання не быў перавышаны: сіла сціску рэбраў кіроўцы і пасажыра сярэдняя, крытэрыі пашкоджанняў галавы і шыі блізкія да мяжы бяспечных значэнняў. У небяспецы толькі ногі: нагрузка на правае сцягно блізкая да крытычнай, таксама вельмі траўманебяспечна нагрувашчванне з металічных дэталяў унізе пярэдняй панэлі[29].
Кузаў машыны зробленай у Набярэжных Чаўнах, у адрозненне ад зваранага ў Серпухаве, рассыпаўся: дзверы разбураны, левая пярэдняя стойка з’ехала на 365 мм, а парог завязаны вузлом. У кіроўцы нагрузкі на галаву, шыю і ногі — вышэй небяспечных велічынь, аднак дзякуючы больш «мяккаму» кузаву фармальна пры ацэнцы «камазаўская» Ака набрала 2 балы — сціск рэбраў манекенаў ад рамянёў бяспекі быў нязначным[30].
Remove ads
Вытворчасць
З 1988 па 2008 год на заводах ВАЗ, КамАЗ (ЗМА) і СеАЗ у агульнай колькасці было выраблена каля паўмільёна машын усіх мадыфікацый[1].
Remove ads
У Беларусі
У канцы 1994 года планавалася наладзіць зборку аўтамабіляў на Гродзенскім заводзе карданных валаў[66].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads