Гаўрыіл Календа

(1606—1674) кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт From Wikipedia, the free encyclopedia

Гаўрыіл Календа
Remove ads

Гаўрыла, Гаўрыіл або Габрыэль Календа, свецкае імя Георгій Іванавіч Календа, папросту Юрый Календа (каля 1606, Вільня — 11 лютага 1674) — дзеяч уніяцкай царквы.

Са шляхецкага роду Календ гербу «Календа». Бацька, Іван Календа, віленскі суддзя земскі, быў заўзятым уніятам, памёр на 90-м годзе жыцця ў 1636 годзе і пахаваны ў віленскай Свята-Траецкай царкве. Захавалася друкаваная надгробная прамова (Вільня, 1636) траецкага базыльянскага ігумена Аляксея Дубовіч на пахаванні Івана Календы 18 снежня 1636 года.[1]

У 1626 годзе ўступіў у ордэн базыльян. Вучыўся ў калегіумах Брунсберга (цяпер Бранева, Польшча; 1627—1630), Вены і Рыма (1633—1639). 3 1633 года святар. У 1642—1655 гадах пры мітрапаліце Антонію Сяляве, з 1653 года каад’ютар (памочнік-намеснік) полацкага архіепіскапа. Архіепіскап полацкі (1655—1674), адміністратар Кіеўскай мітраполіі (1655—1665). Протаархімандрыт базыльянскага ордэна (1666—1674), архімандрыт супрасльскі, беразвецкі, ляшчынскі. Мітрапаліт кіеўскі і галіцкі (1665—1674).

Дзейнасць Календы прыпала на час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, калі на тэрыторыі, занятай маскоўскімі войскамі і казакамі, уніяцкія цэрквы скасоўваліся, а на заходніх землях ВКЛ рымска-каталіцкія біскупы імкнуліся падпарадкаваць уніятаў сваёй уладзе. Ва ўмовах няпэўнасці рымскі Папа Аляксандр VII не зацвярджаў Календу мітрапалітам. Да 1660 года, ратуючыся ад расійскіх і шведскіх войск, Календа вандраваў па гарадах ВКЛ. У 2-й палове 1660-х гадоў пералом у настроі шляхты на карысць уніі і асабістыя намаганні Календы паспрыялі яго зацвярджэнню мітрапалітам і выданню ў 1667—1668 гадах каралём і соймам пастаноў, якія аднаўлялі правы грэка-каталіцкай іерархіі і гарантавалі перадачу ім незанятых праваслаўных епархій. Дамогся вяртання царкоўнай маёмасці, страчанай у час вайны, заключыў з рымска-каталіцкай царквой пагадненне аб забароне лацінскім ксяндзам браць дзесяціну з уніятаў. Унутры царквы імкнуўся да адзінаўладдзя. У 1660-я гады ўвайшоў у канфлікт з базыльянамі -- вывеў з падпарадкавання ордэну шэраг манастыроў і зрабіў іх архімандрыямі, перадаўшы епіскапам. У 1661 годзе на Супрасльскай капітуле самачынна спрабаваў абвясціць сябе протаархімандрытам — кіраўніком ордэна базыльян, аднак гэта рашэнне скасаваў Папа Аляксандрам VII. У 1666 годзе на Берасцейскім капітуле для захавання ўнутрыцаркоўнага спакою зноў абраны протаархімандрытам базыльян. Падтрымка ім у гэты перыяд ордэна і перадача яму архімандрый выклікала канфлікт з епіскапатам. Спробы Календы адлучыць нязгодных архірэяў ад царквы і ўсталяваць неабмежаваную ўладу зноў былі спынены папствам.

Памёр у Супраслі. У літаратуры даецца прынамсі тры даты смерці — 11 лютага, 17 лютага і 18 лютага 1674 года. Імавернейшая з іх — 11 лютага, яе называе наступнік Календы на мітрапалічым стальцы Кіпрыян Жахоўкі ў лісце да Кангрэгацыі пашырэння веры ад 2 сакавіка 1674 года.

Пахаваны ў Полацку.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads