Дзітва
рака ў Беларусі і ў Літве From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзітва́ (літ.: Ditva) — рака ў Літве і Воранаўскім і Лідскім раёнах Гродзенскай вобласці Беларусі, правы прыток Нёмана.
Даўжыня 93 км, у межах Беларусі каля 90 км. Плошча вадазбору 1220 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Remove ads
Назва
Назва Дзітва балцкага паходжання.
Той жа корань Dit- у назве літоўскай ракі Dit-upė. Звязваецца з індаеўрапейскім *dei- / dī- «свяціць» (> літоўскае diena «(светлы) дзень»)[1].
У назве Дзітва гэты корань пашыраны з дапамогай пашыральніка -t-. Таксама ён прысутны, верагодна, і ў назве ракі Дзісна.
Назва Дзітва значыць «Блішчастая (рака)», як і назвы Лучоса, Свіцязь.
Гідраграфія
Пачынаецца ў 6 км на паўднёвы ўсход ад Эйшышак у Літве, за 1,2 км ад вёскі Даўгердзішкі (Воранаўскі раён) перасякае мяжу Беларусі, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Вусце за 1,3 км ад вёскі Беневічы Лідскага раёна.
Даліна ракі выразная, яе шырыня да ўпадзення ракі Крупка 1—2,5 км, ніжэй 0,6—1,1 км. Пойма двухбаковая, забалочаная, шырынёй ад 500 м да 1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой (50 км) каналізаванае, ніжэй моцна звілістае, дзеліцца на рукавы, шырыня ў межах 20—25 м, у верхнім цячэнні 5—10 м.
На ўчастку перахвату рэк Дзітва — Пеляса ўтварылася скразная даліна[2].
Прытокі
Справа: Радунька, Чарняўка, Бахматка. Злева: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея.
Рака служыць водапрыёмнікам меліярацыйных сістэм.
Remove ads
Водны і лядовы рэжым
Рэжым вывучаўся ў 1920—1933 і 1944—1964 гадах на 4 гідралагічных пастах, затым назіранні працягваліся на гідралагічным пасту Парачаны.
На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 38 % гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя назіраецца ў пачатку 3-й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1—1,8 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й дэкадзе сакавіка.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads