Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын)

Воўчын From Wikipedia, the free encyclopedia

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын)map
Remove ads

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — дзейны каталіцкі храм у вёсцы Воўчыне Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Помнік архітэктуры позняга барока міжнароднага значэння. Месца пахавання апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Хуткія факты Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Краіна ...
Remove ads

Гісторыя

Першы камень новага касцёла закладзены 18 ліпеня 1729 года брэсцкім архідыяканам і намеснікам суддзі Янаўскай генеральнай кансісторыі Уладзіславам Суткоўскім. Будаўніцтва вялося на сродкі падскарбія вялікага літоўскага Станіслава Панятоўскага ў 1729—1731 гадах і завяршылася ў 1733 годзе.

Храм спраектаваны ў ватыканскай манеры рымскай архітэктуры Ёганам Зыгмундам Дэйблем. Неўзабаве пасля заканчэння будаўніцтва святыні ў Станіслава Панятоўскага нарадзіўся сын Станіслаў Аўгуст, будучы польскі кароль, які быў у ёй ахрышчаны.

У 1738 годзе Станіслаў Панятоўскі перадаў Воўчын свайму сваяку Міхалу Фрыдэрыку Чартарыйскаму. Пры ім адбылося асвячэнне воўчынскага касцёла пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, біскупа і мучаніка, якое здзейсніў 21 ліпеня 1743 года біскуп Луцкі і Брэсцкі Францішак Антоній Кабельскі.

Thumb
Касцёл у 1930-я гады

Працы па аздабленні інтэр’ераў працягваліся і ў наступныя гады. Сярод архіўных матэрыялаў выяўлена таксама інфармацыя, што ў 1755 годзе ў Воўчыне працаваў архітэктар Крэйц, які быў адным з лепшых вучняў Пёпельмана, Яўха, Дэйбля. У канцы XVIII стагоддзя Адамам Чартарыйскім праведзены рамонт воўчынскага палаца і адначасова касцёла.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў, у 1866 годзе царскія ўлады адабралі касцёл у мясцовай каталіцкай парафіі, часткова яго разбурылі і пераабсталявалі. Перабудова касцёла ў царкву распачалася ў 1873 годзе. 30 жніўня 1876 года адбылося асвячэнне царквы ў імя Прасвятой Тройцы. Свята-Троіцкая царква была прыпісана да воўчынскай царквы Святога Мікалая Цудатворца. За перыяд існавання царквы буйных рамонтаў і пераробак будынка не праводзілася.

У 1918 годзе будынак вярнулі каталікам. У 1925 годзе ў касцёле адрамантавана тынкоўка, зроблена печка, умацавана канструкцыя вежы, устаўлены новыя дзверы, аконныя рамы, адрамантаваны дах. У 1924 годзе каля касцёла была пабудаваная плябанія ў неабарочным стылі для пражывання святара.

У 1930-я гады сярод польскага насельніцтва рэгіёна пачалася кампанія па адраджэнні Свята-Троіцкага касцёла. У касцёле захоўвалася метрыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага — апошняга караля Рэчы Паспалітай. А ў ліпені 1938 года ў Воўчын з Санкт-Пецярбурга была перавезена труна з парэшткамі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Перапахаванне праводзілася таемна ад грамадскасці, без выканання неабходнага ў такім выпадку рытуалу.

Другая сусветная вайна прыпыніла пачаты рамонт касцёла. У 1945 годзе ён зноў перажыў частковае разбурэнне.

Пасля вайны касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў закрыты мясцовымі ўладамі і перададзены калгасу пад сховішча. Мясцовы пробашч пакінуў мястэчка, забраўшы касцельны архіў. На пачатку 1990-х гадоў адрадзілася мясцовая парафія і вернікі пачалі падрыхтоўку да аднаўлення святыні.

Thumb
Руіны касцёла ў 2008 годзе

У 2007 годзе было прынята рашэнне пра перадачу Пінскай дыяцэзіі будынка паўразбуранага касцёла[1]. Грунтоўныя працы па адраджэнні касцёла распачаліся ў 2009 годзе. 22 лістапада 2020 года біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка здзейсніў асвячэнне адбудаванага храма, пасля чаго адслужыў першую Святую Імшу ў ім[2].

Remove ads

Архітэктура

Thumb
Скульптура евангеліста
Thumb
Бельведэр з гадзіннікам на даху касцёла

Касцёл — твор архітэктуры позняга барока з рысамі ракако. Уяўляе сабой цэнтрычны васьмігранны ў плане мураваны будынак, накрыты гранёным шатровым дахам. У яго завяршэнні бельведэр з гадзіннікам-курантамі (знішчаны ў 1939 годзе, адноўлены ў 2010-х гадах). Уваход вылучаны нізкім прытворам, які не парушае цэнтрычнасці агульнай кампазіцыі. Шырокія грані фасадаў крапаваныя падвойнымі пілястрамі карынфскага ордара, завершаныя лучковымі франтонамі, увянчанымі скульптурнымі выявамі евангелістаў, ракайльнымі вазамі.

Аконныя праёмы размешчаныя ў тры ярусы: лучковыя ўнізе і на другім ярусе вузкіх граней; высокія арачныя на шырокіх гранях, круглыя і авальныя люкарны ў верхнім ярусе. Ліштвы акон насычаныя прафіліроўкай, арнаментальнай лепкай, дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі.

Інтэр’ер

Thumb
Фрагмент інтэр’ера

Зала храма мае форму грэчаскага крыжа, перакрытая плоскай столлю. Вуглы зрэзаныя чатырма авальнымі ў плане памяшканнямі з лоджыямі на другім ярусе, на якія вядуць вітыя ўсходы. Два ярусы абмежаваны шырокім антаблементам з прафіляваным карнізам і арнаментальным фрызам. Першы ярус сцен раскрапаваны карынфскімі канеліраванымі пілястрамі, другі — тонкімі лапаткамі з гірляндамі ў прасценках. У дэкоры шырока выкарыстана стукавая лепка: картушы, гірлянды, букеты кветак, акантавы арнамент, гарэльефы пуцці і херувімаў. Асноўнымі пластыка-дэкаратыўнымі акцэнтамі інтэр’ера з’яўляюцца тры алтары — галоўны і два бакавыя.

Плябанія

Побач з касцёлам (з усходняга боку) захаваўся будынак плябаніі — аднапавярховы прамавугольны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам з мансардай.

Remove ads

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads