Магілёўская воласць
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Магілёўская воласць, Магілёўскае староства, або Магілёўская эканомія — буйное дзяржаўнае ўладанне ў XIV—XVIII стст., з 1589 года сталовы маёнтак (эканомія) у Вялікім княстве Літоўскім.
Гісторыя
У 1387—1399 гадах воласць належала каралеве Ядвізе. У XV ст., напэўна, з воласці вылучаны маёнтак Буйнічы. У 1501—1513 гадах у пажыццёвым уладанні вялікай княгіні Алёны Іванаўны, пазней — дзяржаўная ўласнасць. Тэрыторыя воласці фарміравалася да 1-й паловы XVI ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. Станам на 1560 год уключала Магілёў і больш за 60 сёлаў, з іх буйнейшыя — Вейна (112 дымоў), Коханавічы (100), Сідаравічы (67), Аніскавічы (57), Чавусавічы (або Чавусы) (53). У сярэдзіне XVI ст. звычайна называлася староствам.
Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў воласць у складзе Аршанскага павета. З 1589 года перайшла ў разрад эканомій, з гэтага часу імкліва павялічвалася колькасць паселішчаў і насельніцтва. Паводле інвентара 1604 года, апроч Магілёва, складалася са 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. На пачатку XVII ст. эканомія была буйнейшым велікакняжацкім маёнткам усходняй часткі ВКЛ — больш за 6 000 валок (каля 130 тыс. га ворнай зямлі) і 50 000 насельніцтва. Кіравалася велікакняжацкай адміністрацыяй, так званым Магілёўскім замкам на чале са старостам або дзяржаўцам[1].
Колькасць земляў, вылучаных са складу эканоміі ў вечнае і пажыццёвае ўладанне шляхты, была адносна нязначнай[1], пры гэтым шляхта мусіла трымацца «Уставы вольнасцей і павіннасцей Магілёўскай эканоміі» ад 1647 года без злоўжыванняў улады[2]. Сяляне плацілі чынш у велікакняжацкі скарб, адработачных павіннасцей амаль не было, мелі значную гаспадарчую свабоду, маглі займацца промысламі, паляваць, вылоўліваць рыбу, гандляваць на рынках прадуктамі сваёй гаспадаркі, будаваць і карыстацца млынамі, хадзіць на заробкі за межы эканоміі[2].
Пасля спусташальных казацкай (1648—1651) і расійска-рэчыпаспалітаўскай (1654—1667) войнаў колькасць сялянскіх гаспадарак у эканоміі зменшылася з 5 118 да 4 194 — на 18 %[3]. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) праз працяглыя баявыя дзеянні, масавыя рэквізіцыі, голад і эпідэміі колькасць насельніцтва значна зменшылася, эканомія запусцела. У крыніцах пасляваеннага часу адзначалася, што «шмат сялян павымірала, палова вёсак абязлюдзела, а ў іншых па тры, чатыры селяніны»[4].
Для аднаўлення гаспадаркі кароль выдаў «уставу», паводле якой сяляне-«новікі» (новыя пасяленцы) маглі браць зямлі, колькі здольныя апрацаваць, вызваляліся на некалькі гадоў ад падаткаў і шэрагу адработачных павіннасцей. У выніку з 1712 да 1742 года колькасць пустых валок у эканоміі скарацілася з 1537 да 419[5]. На працягу 2-й паловы XVII — 1-й паловы XVIII стст. з сялян патрабавалі выключна грашовую рэнту. У 2-й палове XVIII ст. паўсюдна пашыралася вытворчасць моцных напояў, тым часам прыбыткі Магілёўскай эканоміі на 37 % складаліся з арэнды корчмаў[6].
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) эканомія ў складзе Расійскай імперыі, налічвала 5 261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу. Значная частка эканоміі раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным расійскай імператрыцы Кацярыны II — А. М. Рымскаму-Корсакаву (5 829 душ з мястэчкам Чавусы), А. П. Ярмолаву (4 445 душ), В. Я. Чычагаву (3 997), А. А. Празароўскаму (448 душ з мястэчкам Сухары) і іншым. Рэшта захавалася як дзяржаўныя маёнткі.
Remove ads
Войтаўствы ў 1604 годзе
- Асавецкае (23 сялы)
- Бардзілаўскае (22)
- Благавіцкае (24 сялы і новазаснаванае мястэчка Чавусы)
- Брылеўскае (14)
- Вейнаўскае (18)
- Горбавіцкае (13)
- Даманавіцкае (13)
- Іструбіцкае (4)
- Плешчыцкае (14)
- Пуцькаўскае (23)
- Ульянавіцкае (13)
- Чамаданаўскае (створана ў 1600; 12 сёлаў)
Кіраўнікі воласці і эканоміі
Намеснікі, старосты, дзяржаўцы і адміністратары.
- Юрый Іванавіч Зяновіч (1514—1516)
- Я. Шчыт (1516—1518)
- Васіль Іванавіч Саламярэцкі (1520—1540)
- Ф. Бака (1540—1547)
- Януш Юр’евіч Гальшанскі-Дубровіцкі (1547—1549)
- Станіслаў Мікалаевіч Кезгайла (1552—1554)
- Астафій Багданавіч Валовіч (1554—1564)
- Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч (1564—1572)
- Аляксандр Рыгоравіч Хадкевіч (1572—1578)
- Дзмітрый Халецкі (да 1598)
- Леў Іванавіч Сапега (да 1633)
- Крыштаф Гасеўскі (да 1643)
- Вінцэнт Гасеўскі (1643—1644)
- Міхал Гедэон Трызна (1645—1651)
- Станіслаў Ян Зжадзінскі (1652—1653), пісар скарбовы (з 1645), дзяржаўца і адначасова падстароста магілёўскі[2]
- Мікалай Пятроўскі (1653 — верасень 1654), кухмістр вялікі літоўскі[7]
- Міхал Казімір Пац (1664 — каля 1682)
- Ян Антоні Храпавіцкі (1683 — каля 1685)
- Казімір Леапольд Жалігоўскі (каля 1690 — каля 1693)
- М. Пацей (1736—1772)
Зноскі
- Кочегаров 2016, с. 58.
- Кочегаров 2016, с. 59.
- Мелешко 1975, с. 18.
- ИЮМ Вып. 11 1880, с. 497.
- Мелешко 1975, с. 30-31.
- Козловский 1974, с. 76.
- Кочегаров 2016, с. 60.
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads