Музей савецка-польскай баявой садружнасці
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Музей савецка-польскай баявой садружнасці — мемарыяльны комплекс у аграгарадку Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Уключае будынак музея, бетонную стэлу перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), магілы невядомых савецкага і польскага воінаў за 1 км на захад ад аграгарадка і брацкія магілы савецкіх і польскіх воінаў на вуліцы Леніна.
Remove ads
Гісторыя
Адкрыты ў 1968 годзе на месцы, дзе 12—13 кастрычніка 1943 года падчас Другой сусветнай вайны адбылася бітва пад Леніна, першы бой Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралковымі дывізіямі Чырвонай арміі супраць нямецкіх войск.
1 ліпеня 2014 года музей быў ператвораны ў філіял Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Архітэктура
Будынак музея


Будынак, размешаны на месцы бою, з’яўляецца дамінантай мемарыяльнага комплексу. Адкрыты 15 кастрычніка 1968 года (архітэктары Я. Белапольскі, У. Хавін, скульптар У. Цыгаль, канструктар А. Судакоў).
Будынак сіметрычны ў плане, з жалезабетону, шкла і алюмінію, уяўляе сабой купал у выглядзе каскі дыяметрам 34 м, вышынёй 11 м. Пакрыццё зроблена з невялікіх чорных бляшаных шчытоў, пакладзеных на каркас. Двухлесвічныя вузлы збоку вылучаны блокамі з барэльефнымі выявамі арла і пяціканцовай зоркі — сімвалаў 2 краін.
У інтэр’еры музея — стэнды з дакументамі, што адлюстроўваюць гісторыю ўтварэння і фарміравання Войска Польскага. Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырвонай Арміі. Сярод экспанатаў сцягі савецкіх і польскіх часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў.
У цэнтральнай частцы памяшкання знаходзіцца дыярама «Бой за Леніна» (мастакі М. Авечкін і А. Інтазараў), у якой паказаны кульмінацынйы момант бою.
Стэла
Перад шырокім уваходам у музей устаноўлена бетонная стэла вышынёй 8 м, увенчаная выявай сцяга, дрэўка якога трымаюць 2 моцныя рукі. У ніжняй частцы стэлы на польскай і рускай мовах змешчаны надпіс «СССР — Польшча, 1943 год».
Пляцоўка вакол музея выкладзена каменнымі плітамі, ад яе ў розныя бакі разыходзяцца дарожкі. Адна з іх вядзе на паўночны ўсход да 2 лабрадарытавых пліт, пакладзеных на ўшанаванне памяці загінулых савецкіх і польскіх воінаў. Пліты змяшчаюць надпісы-прысвячэнні на беларускай, польскай і рускай мовах. Побач — трохметровы пагнуты, з прабоінамі і няроўнымі краямі кавалак брані. Пляцоўка вакол пліт (9×12 м) выкладзена цёмна-чырвоным гранітам, перад імі запалены Вечны агонь. З трох бакоў уладкаваны траўнікі, высаджаны елкі і бярозы.
Брацкія магілы
Брацкая магіла савецкіх воінаў размешчана на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый савецкіх салдат. У ёй пахаваны 1711 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. На магіле пастаўлены блок з чырвонага граніту, сячэнне якога (дыяметр 2 м) уяўляе сабой пяціканцовую зорку з надпісам-прысвячэннем у цэнтры.
Брацкая магіла польскіх воінаў знаходзіцца на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый польскіх жаўнераў. Пахаваны 502 польскія воіны, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Уладзіслаў Высоцкі і Анэля Кжывань.
Remove ads
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 305
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн — С. 13.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 200—202
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 234
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей савецка-польскай баявой садружнасці- Старонка музея на сайце Горацкага раённага выканаўчага камітэта(недаступная спасылка) (руск.)
- Музей савецка-польскай баявой садружнасці на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- «Гэта гісторыя нашай краіны, наш здабытак» Архівавана 3 сакавіка 2023. — zviazda.by
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
