Музей савецка-польскай баявой садружнасці
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Музей савецка-польскай баявой садружнасці — мемарыяльны комплекс у аграгарадку Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Уключае будынак музея, бетонную стэлу перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), магілы невядомых савецкага і польскага воінаў за 1 км на захад ад аграгарадка і брацкія магілы савецкіх і польскіх воінаў на вуліцы Леніна.
Remove ads
Гісторыя
Адкрыты ў 1968 годзе на месцы, дзе 12—13 кастрычніка 1943 года падчас Другой сусветнай вайны адбылася бітва пад Леніна, першы бой Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралковымі дывізіямі Чырвонай арміі супраць нямецкіх войск.
1 ліпеня 2014 года музей быў ператвораны ў філіял Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Архітэктура
Будынак музея


Будынак, размешаны на месцы бою, з’яўляецца дамінантай мемарыяльнага комплексу. Адкрыты 15 кастрычніка 1968 года (архітэктары Я. Белапольскі , У. Хавін , скульптар У. Цыгаль , канструктар А. Судакоў).
Будынак сіметрычны ў плане, з жалезабетону, шкла і алюмінію, уяўляе сабой купал у выглядзе каскі дыяметрам 34 м, вышынёй 11 м. Пакрыццё зроблена з невялікіх чорных бляшаных шчытоў, пакладзеных на каркас. Двухлесвічныя вузлы збоку вылучаны блокамі з барэльефнымі выявамі арла і пяціканцовай зоркі — сімвалаў 2 краін.
У інтэр’еры музея — стэнды з дакументамі, што адлюстроўваюць гісторыю ўтварэння і фарміравання Войска Польскага. Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырвонай Арміі. Сярод экспанатаў сцягі савецкіх і польскіх часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў.
У цэнтральнай частцы памяшкання знаходзіцца дыярама «Бой за Леніна» (мастакі М. Авечкін і А. Інтазараў), у якой паказаны кульмінацынйы момант бою.
Стэла
Перад шырокім уваходам у музей устаноўлена бетонная стэла вышынёй 8 м, увенчаная выявай сцяга, дрэўка якога трымаюць 2 моцныя рукі. У ніжняй частцы стэлы на польскай і рускай мовах змешчаны надпіс «СССР — Польшча, 1943 год».
Пляцоўка вакол музея выкладзена каменнымі плітамі, ад яе ў розныя бакі разыходзяцца дарожкі. Адна з іх вядзе на паўночны ўсход да 2 лабрадарытавых пліт, пакладзеных на ўшанаванне памяці загінулых савецкіх і польскіх воінаў. Пліты змяшчаюць надпісы-прысвячэнні на беларускай, польскай і рускай мовах. Побач — трохметровы пагнуты, з прабоінамі і няроўнымі краямі кавалак брані. Пляцоўка вакол пліт (9×12 м) выкладзена цёмна-чырвоным гранітам, перад імі запалены Вечны агонь. З трох бакоў уладкаваны траўнікі, высаджаны елкі і бярозы.
Брацкія магілы
Брацкая магіла савецкіх воінаў размешчана на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый савецкіх салдат. У ёй пахаваны 1711 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. На магіле пастаўлены блок з чырвонага граніту, сячэнне якога (дыяметр 2 м) уяўляе сабой пяціканцовую зорку з надпісам-прысвячэннем у цэнтры.
Брацкая магіла польскіх воінаў знаходзіцца на вуліцы Леніна, на месцы былых баявых пазіцый польскіх жаўнераў. Пахаваны 502 польскія воіны, якія загінулі ў баях супраць нацыстаў у кастрычніку 1943 года. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза Уладзіслаў Высоцкі і Анэля Кжывань .
Remove ads
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 305
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн — С. 13.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 200—202
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 234
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей савецка-польскай баявой садружнасці
- Старонка музея на сайце Горацкага раённага выканаўчага камітэта(недаступная спасылка) (руск.)
- Музей савецка-польскай баявой садружнасці на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- «Гэта гісторыя нашай краіны, наш здабытак» Архівавана 3 сакавіка 2023. — zviazda.by
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads