Мікалай Аляксеевіч Маеўскі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Мікалай Аляксеевіч Маеўскі (1 сакавіка 1950, в. Дварцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці — 10 верасня 2017, в. Дварцы) — беларускі мастак.

Хуткія факты Мікалай Аляксеевіч Маеўскі, Дата нараджэння ...
Remove ads

Біяграфія

Бацька, Аляксей Кірылавіч Маеўскі, паходзіў з-за Віслы, а ягоны прадзед пасяліўся ў Белавежы, ажаніўся з мясцовай сялянкай, а праз некаторы час перабраўся жыць у Дварцы. Маці, Надзея Уладзіміраўна (Шахалевіч), паходзіла пушчанскай вёскі Ясень (Пружанскі раён), дзе яе бацька быў на пасадзе зубровага.

Скончыў Дварцоўскую васьмігодку, затым — сярэднюю школу ў Камянцы. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у г. Міргарадзе (Украіна).

З дзяцінства, акрамя малявання, Мікола Маеўскі вельмі захапляўся морам. І гэтая мара прывяла яго ў Ленінградскую мараходную школу. Матросам хадзіў на гандлёвых суднах у краіны Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, пабываў і ў Аўстраліі. У марскіх паходах не разлучаўся з альбомам і фарбамі, занатоўваючы ўбачанае.

У 1975—1979 гадах вучыўся ў Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя У. А. Сярова. Пасля заканчэння вучылішча вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў г. Брэсце, уладкаваўся на працу ў мастацка-вытворчы камбінат. Для Пінскага ПТВ стварыў пано ў тэхніцы энкаўстыкі «Песняры Беларусі», на Бярозаўскай ДРЭС — маркетры «Поры года» і «Космас», роспісы «Касмічнае братэрства» ў бальніцы ў г. Луцку (Украіна), «З гісторыі Брэста» і «З сучаснасці Брэста» ў Брэсцкім ЦУМе.

Абласное аддзяленне Саюза мастакоў БССР выдзеліла майстэрню. У 1987 годзе стаў членам Саюза мастакоў БССР. У 1989—1991 гадах з’яўляўся старшынёй праўлення абласной арганізацыі саюза. У гэты час кола членаў творчага саюза пашырылася, у яго прынялі мастакоў Пінска, Баранавіч, Століна.

У канцы 1980-х — сярэдзіне 1990-х гадоў актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, уваходзіў у грамадска-культурную сябрыну «Край». Ладзілі лекцыі, гутаркі аб гісторыі і культуры Беларусі, народныя святы «Каляды», «Гуканне вясны», «Сёмуха», якія абуджалі нацыянальную свядомасць, заклікалі да арганізацыі беларускамоўных класаў у школах. Мастак цікавіўся гісторыяй Беларусі, этнаграфіяй, археалогіяй, стварыў асабісты музей-майстэрню. Прыйшло захапленне народным мастацтвам — пляценнем з саломкі.

Працаваў у галіне станковага жывапісу і акварэлі, у жанрах лірычнага пейзажа і нацюрморта, у манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Спалучэнне экалагічнай, пленэрнай дзейнасці не магло не адбіцца на творчасці мастака. Арыгінальнай з’яўляецца манера пісьма, якую не пераблытаеш ні з чыёй іншай. Ён выпрацаваў свой стыль, ні на каго не арыентаваўся. Гэты манументальна-дэкаратыўны стыль прыцягваў увагу прыхільнікаў і аматараў мастацтва да яго твораў на кожнай выставе.

Шмат працуючы творча, Мікола Маеўскі стварыў цудоўныя серыі палотнаў, прысвечаных старажытнай Беларусі: «Камянец-Літоўскі», «Тураў», «Пінск», «Давыд-Гарадок», «Мірскі замак». Удалымі атрымаліся серыі «Хлябы Беларусі», «Беларусь мая шыпшына», «Нацюрморты з калоссем». Не мінуў і Чарнобыльскую тэму, стварыўшы шэраг запамінальных твораў: «Рэквіем», «Піраміда фараонаў», «Пустыні ў Палессі».

Плённымі ў мастацкім плане сталі вандроўкі разам з сябрам-мастаком Міхасём Кебецам на самаробным судне па Ясельдзе і Прыпяці, якія натхнілі на новыя творы: «Рачныя кветкі», «Мой прыяцель вецер», «Краіна Палессе-88», «Краіна блакітных азёр». Палессе зачаравала мастака не менш, чым яго родная пушча. З асноўных яго твораў — серыя пейзажаў: «Зіма. Белавежская пушча», «Вясна. Белавежская пушча», «Лета. Белавежская пушча», «Восень. Белавежская пушча»; серыя нацюрмортаў «Поры года»: «Зіма. Хлеб», «Вясна. Раннія кветкі», «Лета. Рачныя кветкі», «Восень. Збажына».

З 1979 года быў удзельнікам самых розных выстаў — абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных. Удзельнічаў у Міжнародным пленэры да юбілею Напалеона Орды, у прыватных пленэрах у Беларусі і Польшчы. Правёў дзве персанальныя выставы ў Германіі (2000, 2001). 15 сакавіка 2010 года ў выставачнай зале Брэсцкага АГКЦ была адкрыта яго персанальная выстава «Бліжэй да сонца».

Творы М. А. Маеўскага захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), іншых музеях і галерэях Беларусі, у прыватных калекцыях у Германіі, Францыі, Польшчы, ЗША, Швецыі, Ізраіля, Японіі, Турцыі і інш. Карціны «Камянец-Літоўск», «Белавежская пушча» знаходзяцца ў Беларускім музеі ў Кліўлендзе (ЗША). Шмат сваіх прац мастак падарыў сябрам і вядомым асобам.

З канца 1990-х Мікалай Аляксеевіч часта пражываў у роднай вёсцы, дзе даглядаў хворую маці. У 2005 годзе выйшаў з БСМ, у 2008 годзе па сямейных абставінах пакінуў Брэст, абаснаваўся ў бацькоўскім доме ў Дварцах. Пра сваё жыццёвае крэда творца выказваўся так: «Мая Беларусь пачынаецца адсюль, з Камянеччыны, дзе ёсць два яркія сімвалы Радзімы: Белая Вежа — сімвал яе мужнай гісторыі, і Белавежская пушча — сімвал непераўзыдзенай красы яе прыроды».

Менавіта ў свае родныя Дварцы пад Камянцом мастак вярнуўся жыць у сталым узросце, падалей ад гарадскога тлуму, і дзе знайшоў свой апошні спачын.

Памёр 10 верасня 2017 года[2], пахаваны на могілках вёскі Вялікі Лес побач з магілай маці і сваякоў.

Remove ads

Зноскі

  1. Mikalaj Aljakseevič Maeŭski // Artists of the WorldB, Boston: Verlag Walter de Gruyter, 2022. — ISSN 2750-6088
    <a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q64'></a><a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q100'></a><a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q130747001'></a><a href='https://wikidata.org/wiki/Track:Q98818'></a>
Remove ads

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads