Пінск
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пінск[3] (трансліт.: Pinsk) — горад абласнога падпарадкавання ў Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Пінскага раёна, каля зліцця рэк Піна і Прыпяць. За 180 км на ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Лунінец. Вузел аўтадарог на Іванава (М10), Івацэвічы і Столін (Р6), Лунінец (Р8). Рачны порт. Пінск называюць сталіцай Палесся, тут знаходзяцца 44 гістарычна-культурныя помнікі, якія ахоўваюцца Рэспублікай Беларусь. Насельніцтва 137 961 чал. (2018)[4].
Remove ads
Гісторыя
У Сярэднявеччы
Назва Пінска ўтворана ад ракі Піны. У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Пиньск[5], Пинеск[6].
Першы згадка Пінска («Пінеск») у «Аповесці мінулых часоў» датуецца 1097 годам[7]. Узнікненне горада ў XI стагоддзі пацвярджаюць археалагічныя звесткі. Да XII стагоддзя ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.
У 1174 годзе Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах згадваюцца князі пінскія: Яраслаў (1183) і Яраполк (1190). На той час горад меў гандлёвыя сувязі з Валынню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[7].
У XIII стагоддзі Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай епархіі[8]. Пад 1263 годам упершыню ўпамінаецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесці Лешча — рэлігійным і асветніцкім цэнтры Піншчыны.
У пачатку XIV стагоддзя Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім горадзе збудавалі замак. З 1320 года тут княжыў Нарымунт Гедзімінавіч, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі на рацэ Стрэве. У 1396 годзе будучы князь Жыгімонт Кейстутавіч заснаваў у Пінску касцёл францысканцаў[9]. Станам на 1471 год у горадзе валадарыла княгіня Марыя — удава князя Сямёна Алелькавіча. У вялікай колькасці яе дароўных грамат упершыню згадваюцца многія вёскі Піншчыны[10].
У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэнні на Палессі. У 1527 годзе сцены Пінскага замка спынілі апошні набег татар на Літву. З 1539 года горад стаў цэнтрам староства.
У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Пінску было 27 вуліц і 800 двароў, а таксама магутная сістэма ўмацаванняў[8]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў сталіцай павета Берасцейскага ваяводства.
- Сімволіка гістарычнай Піншчыны
- Пячатка князя пінскага Ф. Яраславіча, XVI ст.
- Пячатка магістрата з гербам горада, XVII ст.
- Пячатка Пінскага земскага суда
- Пячатка канцылярыі земскай каптуровай Пінскага павета
У Рэчы Паспалітай
12 студзеня 1581 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску магдэбургскае права (пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадах) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[11]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.
Пасля заключэння Берасцейскай уніі (1596) утварылася Турава-Пінская грэка-каталіцкая епархія. У 1636—1675 гадах у горадзе ўзвялі мураваныя езуіцкія касцёл і калегіум[12]. У 1648 годзе на Запарожжы пачалося паўстанне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляванні дайшлі і да Пінска, але іх удзельнікаў разам з казакамі разбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сярэдзіне XVII стагоддзя горад быў важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых гарадоў Каралеўства Польскага.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 года маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[13]. Пазней у 1660—1664 гадах горад неаднаразова трымаў аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 года зноў узялі яго штурмам[8].
У 1705 годзе князь Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бернардзінцаў (праіснаваў да 1832 года). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе кароль Швецыі Карл XII заняў горад, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэнні спазнаў і бастыённы замак у прадмесці Каралін, збудаваны спярша для маршалка вялікага і перададзены пазней князям Вішнявецкім. У 1710 годзе ў Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомнай «Гісторыі Расійскай», навуковец, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII стагоддзя. Таго ж года на Піншчыне па загаду цара маскоўскага Пятра I ён зладзіў вытворчасць 30 гармат і 7 суднаў.
У 1729—1746 гадах пры Пінскім езуіцкім калегіуме працавала друкарня. У 1750—1782 гадах на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касцёл, вядомы цяпер пад тытулам Карла Барамея. У 1784 годзе ў Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла пры кляштары дамініканцаў. 1 ліпеня 1791 года пачала працу Пінская генеральная кангрэгацыя, чыёю мэтай было ўтварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі здзейсніцца гэтым планам[14].
- Старыя выявы горада
- Панарама, каля 1860
- Краявід з берагу Піны, 1863
- Касцёл і калегіум езуітаў, XIX ст.
- Калегіум езуітаў, абмерны чарцёж, 1800
- Калегіум езуітаў з боку ракі, 1886
- Крыж перад францысканскім касцёлам, 1861
- Лешча, царква, XIX ст.
- Места і ваколіцы, 1886
У Расійскай Імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 года атрымаў статус павятовага горада Мінскага намесніцтва. У 1804 годзе на землях памешчыка Рыдзеўскага знайшлі вялікі манетны скарб.
У сяряэдзіне XIX стагоддзя Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка, млын. У 1857 годзе ў горадзе адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 годзе ў рэальнае вучылішча. У 1865 годзе муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску бальніцу. У 1882 годзе праз горад прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[13]. У 1885 годзе пачалі працаваць суднарамонтны і механічны завод, у 1892 годзе — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулкан».
У пачатку XX стагоддзя ў Пінску было 5 бальніц, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касцёлы, 2 сінагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 рабочымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходства па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская з лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў, Пінск — Целяханы. У горадзе працавалі Азова-Данскі камерцыйны банк, рэстарацыя, тэатр, рэальнае вучылішча, жаночая гімназія, 6 прыходскіх школ, 2 пачатковыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўнае вучылішча, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[15]. У сакавіку 1904 года ў Пінску з’явілася тэлефонная сетка (станам на 1910 год яе паслугамі карысталіся 196 абанентаў). У лістападзе 1911 года ў горадзе пачаліся першыя сеансы кінематографа. У 1912—1914 гадах тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.
- Пінск: работы Напалеона Орды, 2-я пал. XIX ст.
- Панарама
- Прадмесце Каралін
- Руіны замка ў Караліне
- Лешчанскі манастыр
Найноўшы час
У Першую сусветную вайну 15 верасня 1915 года Пінск занялі нямецкія войскі. 4 сакавіка 1918 года ўрад УНР III Устаноўчай граматай ад лістапада 1917 года абвясціў горад часткай украінскай дзяржавы, адначасова з 25 сакавіка таго ж года Пінск уключаны ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся была прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[16]. Пад канец 1918 года германскія войскі зышлі з Палесся.
1 студзеня 1919 года Пінск занялі бальшавікі, якія, у адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі, далучылі яго да БССР як цэнтр павета («падраёна») Брэсцкага раёна[17]. 22 студзеня 1919 года войскі УНР пакінулі Пінск. 5 сакавіка 1919 года адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі горад, а таксама цягнікі, ваенныя склады, калону пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў салдат[18]. У жніўні 1920 года Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі горад да 26 верасня 1920 года, але вымушаны былі адступіць.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў сталіцай павета Палескага ваяводства. У міжваенны перыяд Пінск быў адным з найзначнейшых у Польшчы цэнтраў пасялення расійскай эміграцыі (гл. Рускае дабрачыннае таварыства, Рускае таварыства моладзі), а таксама самы «яўрэйскі» горад на Усходніх Крэсах[19]. 7 верасня 1921 года здарыўся вялікі пажар: агонь знішчыў практычна ўсю цэнтральную частку горада. У 1924 годзе ў Пінску заснавалі краязнаўчы музей (адкрыўся ў 1926 годзе). Увосень 1934 года Пінск і сучасны Пінскі раён з навуковай экспедыцыяй наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд. У 1936 годзе ў гарадскім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстаўка, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska»[20].

У 1939 годзе Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж года савецкія карныя органы расстралялі ці вывезлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і яго паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 снежня 1939 года горад стаў цэнтрам Пінскай вобласці (існавала да 1 жніўня 1954). У Другую сусветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 года Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
10 жніўня 1946 года распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 годзе пры рэканструкцыі горада быў знішчаны помнік архітэктуры барока — Касцёл Св. Станіслава, Рыначная плошча з гандлёвымі радамі, а таксама рэнесансная Вялікая сінагога. 30 ліпеня 1958 года ў межы горада ўвайшлі вёскі Альбрэхтава, Казлякевічы, Калонія і пасёлак пяньковага завода[21]. У 1960 годзе пачалася будова аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 годзе — камбіната верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палессе».
17 студзеня 1987 года ў Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзала, 5 красавіка таго ж года да новага Пінскага порта прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 года ў горадзе адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 ода выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканала «Вараг».
Рэспубліка Беларусь
25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Пінскдрэў» адбыліся выбух і пажар, у выніку якіх загінула 14 чалавек.
9 і 10 жніўня 2020 года ў Пінску адбываліся жорсткія сутыкненні паміж супрацоўнікамі МУС і пратэстоўцамі: людзі заблакавалі будынак Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як кажуць сведкі тых падзей, жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў выканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак «паразмаўляць», астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў. У выніку супрацьстаяння ўладамі была распачата «Пінская справа».
- Места на старых фатаздымках
- Набярэжная Піны і кляштар францысканцаў, 1930-я
- Рынак, 1930-я
- Касцёл Св. Станіслава, каля 1939
- Капліца на Рынку, каля 1931
- Касцёл Св. Дамініка, каля 1939
- Касцёл Св. Карла Барамея, каля 1939
- Сінагога Вялікая, (год ?)
- Галоўная вуліца, 1930-я
Remove ads
Геаграфія
Пінск стаіць у вусці ракі Піны ля месца яе ўпадзення ў Прыпяць, якая аддзяляе горад ад прылеглых балот. У старажытнасці балоты, якія лічыліся дном міфічнага «Герадотава мора», былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (так палешукі называюць Прыпяць у верхнім цячэнні), зліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінска зрэзанае, шырыня складае 35—55 метраў[22].
Пінск знаходзіцца ў часавым поясе, які пазначаецца па міжнародным стандарце як Eastern European Time (Усходнееўрапейскі час), EET (UTC+2). Улетку ў Беларусі выкарыстоўваецца ўсходнееўрапейскі летні час (UTC+3).
Прырода
Горад атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі Пінска знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку, дзіцячы гарадок на вул. Заслонава) і сквераў. Ландшафт навакольных тэрыторый галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, дачныя пасёлкі, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (сасна, бяроза і г.д.).
Пінск — цэнтр меліярацыі Палесся на некалькі дзесяцігоддзяў. У наш час у горадзе працягвае сваю працу РУП «Палессегіправадхаз».
Клімат
Пінск размяшчаецца ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату[23]. Праз уплыў марскіх паветраных мас тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклоны, якія з’яўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлантычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў — каля 630 мм. Колькасць дзён з тэмпературай, вышэйшай за нуль, складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі[24].
Remove ads
Насельніцтва
- XVI стагоддзе: сяр. 1550 — каля 3,5 тыс. чал.[8], 1600 — каля 5 тыс. чал.
- XVII стагоддзе: 1625 — каля 30 тыс. чал.[25], 1650 — каля 10 тыс. чал.[8]
- XVIII стагоддзе: 1794 — 3 716 чал.
- XIX стагоддзе: 1825 — 4,2 тыс. чал.; 1841 — 6,8 тыс. чал.; 1860 — 8,6 тыс. чал.[25]; 1861 — 11,3 тыс. чал.; 1870 — 18 тыс. чал.[25]; 1887 — 22 967 чал. (11 847 муж. і 11 120 жан.), у тым ліку паводле стану: шляхты — 266 муж. і 275 жан., духоўнікаў праваслаўных — 49 муж. і 37 жан., духоўнікаў каталіцкіх — 3 чал., купцоў і ганаровых грамадзян — 208 муж. і 224 жан., мяшчан і цэхавых — 10 806 муж., 10 439 жан., вайскоўцаў — 325 муж., сялян — 190 муж. і 145 жан.; паводле веры: 2 848 праваслаўных, 1 082 каталікоў, 20 евангелістаў, 19 017 іўдзеяў[25]; 1897 — 28 028 чал. (13 649 муж. і 14 379 жан.)[26]; 1900 — 29,5 тыс. чал.

- XX стагоддзе: 1907 — 34 756 чал.[27]; 1910 — 36 409 чал., у тым ліку 26 626 яўрэяў[28]; 1921 — 23,5 тыс. чал.; 1931 — 33,5 тыс. чал., з іх 73,5 % складалі яўрэі, да 10 % — «рускія»; палякі складалі некалькі працэнтаў і былі ў асноўным прыбылым элементам — ваенныя, ксяндзы, служачыя, настаўнікі[19]; 1939 — 35,9 тыс. чал.; 1959 — 41,5 тыс. чал.; 1974 — 77,1 тыс. чал.[29]; 1986—112,6 тыс. чал.; 1993—123 тыс. чал.[30]; 1995—130 тыс. чал.[31]; 1996—130 тыс. чал.; 1998—132,6 тыс. чал.[32].; 2000—132,6 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2006—129,9 тыс. чал.; 2007—131,0 тыс. чал.; 2008—130,8 тыс. чал.; 2009—131,2 тыс. чал.[33]; 2009—130 355 (перапіс), у тым ліку больш за 85 % беларусаў, каля 9 % рускіх, каля 3,5 % украінцаў, каля 1 % палякаў, каля 0,15 % яўрэяў[2][34][35]; 2016—138 415 чал.[36]; 2017—138 202 чал.[4]
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, мікрабіялагічнай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт».
У 1836—1910 гадах працаваў Альбрэхтаўскі стэарынавы і мылаварны купецкі завод.
Транспарт

Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных баз. Эксплуатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бугскі водны шлях». У сферы чыгуначнага транспарту працуе «Даследчы завод шляхавых машынаў».
Грамадскі транспарт у Пінску прадстаўлены аўтобусамі. Аўтобусная сетка Пінска адкрылася 10 жніўня 1946 і налічвае цяпер больш за 40 маршрутаў[37]. Рухомы састаў — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-103, МАЗ-105 і МАЗ-107. Прыгарадныя і міжгародныя аўтобусныя рэйсы ажыццяўляюцца з аўтавакзала. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск з Брэстам, Гродна, Мінскам і іншымі гарадамі Беларусі, а таксама з Варшавай, Вільняй, Масквой, Чарнаўцамі[38].
Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з многімі гарадамі Беларусі, Украіны і Расіі. Цягнікі далёкага руху ходзяць праз Пінск да Мінска, Смаленска, Масквы, Гомеля, Віцебска, Кіева, Сімферопаля. Праз горад праходзяць маршруты прыгарадных цягнікоў: Брэст — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.
Remove ads
Культура
У Пінску дзейнічаюць гарадскі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музей Беларускага Палесся, гарадскі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатр, гарадская кінавідэасетка (кінатэатр «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, гарадская канцэртная зала. У горадзе працуюць тэатр-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатр «Візаві».
Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіялаў з агульным кніжным фондам у 600 тысяч асобнікаў. У 1986 адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысяч кніг[39].
У горадзе налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструментальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных устаноў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы № 1, № 2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва[40].
Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фестываль фальклору «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў горадзе традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз у два гады ў красавіку праходзіць традыцыйнае свята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз у два гады ў маі праходзіць музычнае свята «Віват, баян!» Летам ці ў пачатку восені ў наваколлях Пінска праходзіць міжнародны мотафестываль «Пінск»[41].
Remove ads
Адукацыя
У Пінску працуе 33 дзіцячых дашкольных устаноў; 15 сярэдніх школ; 3 гімназіі; ПУА «Сярэдняя школа „Бейс-Агарон“»; ліцэй УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт»; цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; сацыяльна-педагагічны цэнтр; цэнтр сучасных сродкаў навучання; цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі[42].
У горадзе працуюць 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.
Атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі забяспечваюць:
- Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова (раней — сельскагаспадарчы тэхнікум, гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А. Я. Кляшчова)
- Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж (раней — тэхналагічны тэхнікум, тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, каледж мясной і малочнай прамысловасці)
- Пінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж (раней — ПТВ № 137 машынабудавання, прафесійны ліцэй машынабудавання, прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання)
- Пінскі дзяржаўны каледж будаўнікоў (раней — ПТВ № 88 будаўнікоў, прафесійны ліцэй будаўнікоў)
- Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў (раней — вучылішча мастацтваў)
- Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж (раней — фельчарска-акушэрская школа, медыцынскае вучылішча)
- Пінскі дзяржаўны каледж тэхнікі і тэхналогій' (раней — ПТВ № 108 трыкатажнікаў, вышэйшае прафесійнае вучылішча лёгкай прамысловасці, прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці)
- Пінскі каледж УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (раней — педагагічнае вучылішча імя А. С. Пушкіна, педагагічны каледж імя А. С. Пушкіна)
- Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж (раней — індустрыяльны тэхнікум, індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, індустрыяльна-педагагічны каледж)
Атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвае Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і Пінскі філіял Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
12 верасня 2001 года ў Пінску адбылося адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага.
Remove ads
Спорт
Пінск — адзін з самых спартыўных гарадоў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.
У Пінску размяшчаецца Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў вяслярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 года Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Еўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігоддзі спартыўны комплекс БЕЛАСТТ.
Станам на 1 студзеня 2003 года ў Пінску было 128 спартыўных збудаванняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартыўных зал, 2 басейны, 11 міні-басейнаў, 38 прыстасаваных памяшканняў. У спартыўных школах горада займалася каля 30 тысяч юных спартсменаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у горадзе працуе шахматна-шашачны клуб.
Спарткомплекс «Хваля»
Універсальны спартыўны комплекс «Хваля», які займае плошчу 32.740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, медыцынска-аднаўленчы цэнтр, лядовую арэну, басейны і ўніверсальную спартыўную залю. Адначасова наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартыўнае збудаванне ўяўляе сабой 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных форм і памераў.
Увод у эксплуатацыю лядовай арэны «Хваля» адбыўся 29 снежня 2007 года. Унікальнасць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя параметры арэны адпавядаюць еўрапейскім стандартам: шырыня лядовага пакрыцця — 29 м, даўжыня — 60 м, агульная плошча — 8450 м², колькасць гледачоў — звыш 600 чалавек.
Басейны прызначаюцца не толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінска. Пры неабходнасці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынернае абсталяванне, яго трыбуны разлічаны на больш чым 3000 гледачоў.
ФК «Хваля-Пінск»
У Пінску ёсць уласны футбольны клуб «Хваля», заснаваны ў 1987 годзе, зваўся «Камунальнік» (1989—1996), «Пінск-900» (1997—2005). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасцю 3100 месцаў). Срэбны прызёр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі. За 18 сезонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розніца мячоў 806:597 (станам на 1 студзеня 2009).
«Аўтамабіліст»
Найбольш тытулаваны клуб Беларусі, заснаваны ў 1979 годзе. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызёр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызёр чэмпіянату Усходне-Еўрапейскай лігі 2007 года, бронзавы прызёр 2006 года.
Remove ads
Медыцына
Медыцынскія паслугі насельніцтву Пінска аказвае шэраг спецыялізаваных устаноў аховы здароўя. У горадзе дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філіял), УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца» (1 філіял), УАЗ «Дзіцячая бальніца» (1 філіял), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіяла), УАЗ «Стаматалагічная паліклініка» (1 філіял).
У горадзе ёсць філіялы наступных устаноў: «Міжраённы скурна-венералагічны дыспансэр», «Міжраённы псіханеўралагічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсухотны дыспансэр», «Міжраённы наркалагічны дыспансэр», «Станцыя пералівання крыві», «Спецыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі»
Дзяржаўны санітарны нагляд у забеспячэнні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыццяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».
Турыстычная інфармацыя

Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння[43]. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музей Беларускага Палесся.
Гатэлі: «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт», «Хваля», «Пінскі дворык».
Пінск з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі горадам пасля Гродна. На працягу стагоддзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і сакральныя збудаванні, у якіх не толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідства папярэдніх эпох, але і выкарыстоўваліся дасягненні еўрапейскай архітэктуры.
Remove ads
Архітэктура Пінска
Архітэктурнае аблічча Пінска складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 праваслаўныя манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (францысканцаў і дамініканцаў). Цягам XVII—XVIII стст. сфарміраваўся архітэктурны цэнтр горада: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касцёл і калегіум, дамініканскі і кармеліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бернардзінцаў, у прадмесці Каралін — замак, касцёл Карла Барамея.
Аснову планіроўкі Пінска склалі гарадскія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і мяшчан, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасці, рамесныя заняткі часткі мяшчан, нацыянальная прыналежнасць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. згадваюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы масціліся лесам, што было асабліва важна ва ўмовах вялікай забалочанасці гарадской тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінска з’явіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў горадзе захавалася частка яго даўняй радыяльна-паўкольцавай планіроўкі.
- Забудова
- Новая забудова ў цэнтры горада
- Корпус Палескага ўніверсітэта
- Будынак савецкага часу пабудовы
Remove ads
Славутасці

- Гарадзішча (XI—XIII стст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113В000532
- Гістарычная забудова (XIX—XX стст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Е000529
- Калегіум езуітаў (1635—1675) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000536
- Капліца (XVII ст.)
- Касцёл (1786; цяпер царква Святой Варвары) і кляштар бернардзінцаў —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000544
- Касцёл ордэна камуністаў (барталамітаў) Святога Карла Барамея (1770—1782) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000534
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1712—1730) і кляштар францысканцаў (XVIII ст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000538
- Палац Бутрымовічаў (1784—1790) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000539
- Парк Лешчанскі (XVIII ст.)
- Сінагога (1900) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000736
- Сядзіба Асмалоўскіх (XIX—XX стст.)
- Свята-Фёдараўскі сабор
Страчаная спадчына

- Капліца Святога Георгія (пач. XX ст.)
- Касцёл Маці Божай Балеснай (1820)
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1635)
- Касцёл Святога Дамініка (1787)
- Кляштар бернардзінцаў (XVIII ст.)
- Кляштар кармелітаў (1734)
- Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Манастыр і царква Яўлення Гасподняга (1596)
- Сінагога Вялікая (1506)
- Царква Святога Хведара (XII ст.)
- Царква Святога Мікалая (1823)
Вядомыя асобы
- Лявон Бароўскі (1784—1846) — літаратуразнавец, філолаг, гісторык і тэарэтык літаратуры, педагог і публіцыст
- Ігнацій Іздэбскі, дзеяч каталіцкай царквы.
- Хаім Вейцман, яўрэйскі палітык
- Іван Пятровіч Доўбня (1853—1912) — рускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук[44]
- князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919), гаспадарчы і палітычны дзеяч, пісьменнік
- Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі, беларускі і расійскі архітэктар
- Рышард Капусцінскі (1932—2007), польскі журналіст
- Пётр Юльянавіч Корбут (1908—1944), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза
- Мікалай Лагодзіч (1928—2009), іншадумца, палітычны вязень у БССР
- Голда Меір, яўрэйскі палітык
- Эдуард Баляслававіч Нордман, (1922—2006), ганаровы грамадзянін Пінска, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі
- Барыс Міронавіч Фельдман, савецкі военачальнік
- Яўген Шатохін (1947—2012), мастак
- Міхаіл Сцяпанавіч Бастынец
- Святлана Кудзеліч
- Аляксандр Карпавіч Васільеў
- Міхаіл Давыдавіч Шыла (1920—1998), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза
Гарады-пабрацімы
Былыя гарады-пабрацімы
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads