Нясята
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Няся́та[1] (трансліт.: Niasiata, руск.: Несята) — аграгарадок[2] в у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Нясяцкага сельсавета.



Знаходзіцца за 11 км на захад ад Клічава, за 102 км ад Магілёва, 43 км ад Бабруйска, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Нясята[3]. Каля аграгарадка працякае рака Нясета.
Remove ads
Гісторыя
Згадваецца ў 1560 годзе як вёска ў Свіслацкай воласці ВКЛ[4]. У 1599 годзе згадваецца як вёска ў складзе маёнтку Буднева ў Аршанскім павеце ВКЛ[5]. У 1650 годзе сяло Нясята, шляхецкая ўласнасць. У другой палове XVIII стагоддзя пабудавана царква.
У 1839 годзе ў Бабруйскім павеце, уласнасць памешчыка, хлебазапасны магазін. Станам на 1885 год, дзейнічалі гарбарны завод і царква. У 1897 годзе — царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, раз на год праводзіўся кірмаш. Побач былі аднайменныя выселкі (6 двароў, 41 жыхар, вадзяны млын, заезны двор) і маёнтак (3 двары, 18 жыхароў). У 1904 годзе заснаваны вінакурны завод. У 1916 годзе адкрыта школа (аднакласнае народнае вучылішча). У 1917 годзе ў сяле 73 двары, 464 жыхары.
Беларускі гісторык і этнограф Аляксандр Ельскі ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў» (1886 г., Т. 7, с. 112) паведамляў, што ў Нясяце 20 двароў з поўнымі надзеламі, а тутэйшыя землі (больш за 212 валок) — даўняя спадчына Паўлікоўскіх; дзейнічала царква (мела каля 2 валок зямлі), даход ад млыноў складаў каля 300 руб. У другім томе таго самага слоўніка змешчаны ўспаміны пра Нясяту Евы Фялінскай (с. 350).
У 1919 годзе ў былым панскім маёнтку створана народная гаспадарка «Нясята», якая мела 358 га зямлі, вінакурны завод. У 1922 годзе адкрыта хата-чытальня. Працавалі паравы млын і сукнавальня. У 1924 годзе адкрыта 4-гадовая школа, у 1925 годзе 65 вучняў, працавалі драматычны і харавыя гурткі. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя Ф. Энгельса, адкрыта дзіцячая пляцоўка. Побач з вёскай, ва ўрочышчы Кладзішча, у 1934 годзе арганізавана Нясяцкая МТС. У 1938 годзе ў майстэрні МТС зманціравана электраўстаноўка, якая дала святло вёсцы.
У лютым 1942 года гітлераўцы расстралялі 10 мірных жыхароў. У 1945 годзе адкрыты дзіцячы дом (дзейнічаў да 1969 года). На пачатак 1992 года працавалі сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, філіял музычнай школы, фельчарска-акушэрскі пункт і інш.
Remove ads
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1839 год — 94 рэвізскія душы; 1885 год — 200 жыхароў; 1897 год — 52 двары, 376 жыхароў.
- XX стагоддзе: 1908 год — у сяле 61 двор, 395 жыхароў, у маёнтку 41 жыхар; 1992 год — 312 двароў, 816 жыхароў.
- XXI стагоддзе: 2000 год — 766 жыхароў, 295 двароў[3].
Славутасці
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
- Каля аграгарадка курганны могільнік дрыгавічоў (8—10 стст.)[3].
- Вінакурны завод, заснаваны мясцовым панам Паўлікоўскім у 1904 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads