Рыгор Самуілавіч Ганцэвіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Рыгор Самуілавіч Ганцэвіч (18 лютага 1915, Ганцавічы, Слуцкі павет, Мінская губерня — 3 лістапада 1986) — беларускі мастак, які працаваў пераважна ў графіцы, карыкатуры, нагляднай агітацыі.
Remove ads
Біяграфія
У 1935—1936 гадах вучыўся ў падрыхтоўчых класах Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Мінску, змяшчаў карыкатуры і малюнкі ў перыядычным друку, у тым ліку ў сатырычным і гумарыстычным часопісе «Вожык». Гэта былі карыкатуры на палітычныя, сельскагаспадарчыя і бытавыя тэмы.
Творчасць
Працаваў у прыкладной графіцы, карыкатуры, нагляднай палітычнай агітацыі. Удзельнік мастацкіх выставак з 1948 года. Выяўленчая мова плакатаў Беларусі 1940—1950-х гадоў адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі развіцця выяўленчага мастацтва таго часу.
У 1961 годзе пры Саюзе мастакоў БССР была створана секцыя плаката, туды ўвайшлі Т. Ігнаценка, Л. Кроль, І. Маслан, І. Радунскі. Рыгор Ганцэвіч таксама ўвайшоў у гэту секцыю, калі стаў членам Саюза мастакоў БССР у 1964 годзе.
У 1968 годзе адбылася першая рэспубліканская выстаўка плаката, якія потым сталі праходзіць рэгулярна. У лістападзе 2011 года ў Палацы мастацтваў (Мінск) арганізавана выстаўка «Рэтраспекцыя плаката» да 50-годдзя з часу стварэння секцыі.
З 1968 года пачало выходзіць перыядычнае выданне Саюза мастакоў БССР «Агітплакат», дзе друкаваліся работы ўсіх вядучых плакатыстаў рэспублікі, у тым ліку Р. С. Ганцэвіча. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца 13 друкаваных плакатаў Р. С. Ганцэвіча, выдадзеных у серыі «Агітплакат» альбо асобна (з 1963 па 1986 гады).
Стварыў шэраг плакатаў разнастайнай тэматыкі: «Забараніць зброю масавага знішчэння!» (1957), «Спадарожнік і царква» (1958), «Свабода па-амерыканску» (1963), «Вырвем іх з-пад улады цемры!» (1964), «Янкі, вон з В’етнама!» (1965), «Бюракрат — наш першы вораг» (1967), «Хай напомніць гэта дата, хто забыў пра сорак пяты!» (1970), «Народу-герою слава» (1973), «Мільённы трактар „Беларус“» (1975), «Вытворчая гімнастыка» (1976), «Правілы ДАІ — правілы твае» (1980) і інш.
Remove ads
Зноскі
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads