Царква Святой Варвары (Райца)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Храм Святой велікамучаніцы Варвары — праваслаўны храм у вёсцы Райца (Карэліцкі раён). Царква пабудавана як уніяцкая замест старой у выглядзе карабля ў 1817 годзе з бутавага каменю і цэглы памешчыкам Францішкам Раецкім як храм-пахавальня.
Remove ads
Гісторыя
Першае апісанне драўлянай царквы ў гонар Раства Хрыстова ў вёсцы Райца сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Раецкіх. Святаром у парафіі быў Мікалай Раецкі, ягоным вікарыем — Андрэй Тамашэўскі. Прыход аб'ядноўваў 405 вернікаў. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца пра існаванне царквы ў вёсцы Райца з 1652 года.

Існуючая мураваная царква Перамянення Гасподняга была пабудавана ў 1817 годзе ўладальнікам вёскі Францішкам Раецкім як уніяцкая царква, якую пасля скасавання Уніі яе фундатары парупіліся перадаць рыма-каталікам. У 1863 годзе касцёл быў пераасвячаны як праваслаўны храм, у гонар Праабражэння Гасподняга. Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Райца размяшчалася Спаса-Праабражэнская чацвёртага класа мураваная царква, накрытая меднымі лістамі. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.
У пасляваенныя гады змагання з рэлігіяй улады спрабавалі знішчыць храм, але атрымалася з дапамогай трактара толькі скінуць статую Дзевы Марыі і разбурыць дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы. У 2003 годзе храм адноўлены ў першапачатковым выглядзе і асвячоны ў гонар святой велікамучаніцы Варвары.
Remove ads
Архітэктура
Архітэктура будынка выканана ў гатычным стылі і нагадвае сярэдневяковы ўмацаваны замак.
Храм быў пабудаваны з камення і цэглы. Царква была вырашана падоўжаным чатырохвугольнікам у гатычным стылі з вежай-званіцай у франтоннай частцы. На даху вежы, замест крыжа, размяшчалася вялікая гіпсавая скульптура Божай Маці. Дах зроблены з лістовай медзі, вонкавыя сцены неатынкаваныя, вокны размешчаны ў адзін рад, мелася двое дзвярэй. Унутры царква мела падлогу з каменных пліт, столь вырашана ў выглядзе скляпенняў з цэглы. Новы драўляны іканастас, з пілястрамі, быў пафарбаваны ў ружовы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбой, складаўся з васьми абразоў мясцовага пісьма, размешчаных у тры рады. У царкве захоўваўся мясцовашанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнаю сярэбранай рызай. У скляпеннях пахавальні пад храмам знаходзілася магілы Францішка Раеўскага і яго нашчадкаў. На вежы-званіцы быў усталяваны вежавы гадзіннік з боем. Званоў было чатыры вагой у 40, 15, 6 і 1,5 пуда. Царква размяшчалася на гары, абнесенай каменнай агароджай. У вёсцы Машэвічы размяшчалася адна прыпісная царква.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю, яго аблічча навеяна рамантычнай архітэктурай сярэдневяковага ўмацаванага замка. Прадаўгаваты прамавугольны ў плане будынак, на галоўным фасадзе якога ўзвышаецца магутная чатырохгранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані былі куранты. Галоўны ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб'яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчана акно-«ружа» і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны ступенчатымі контрафорсамі. Метровыя сцены храма, выкладзеныя з бутавага каменю і моцна абпаленай цэглы, разам з медным дахам ствараюць насычаны паліхромны цёплы каларыт. На яго фоне вылучаецца пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў.
Remove ads
Інтэр'ер
Зала храма перакрыта цагляным стральчатым скляпеннем, нартэкс — цыліндрычным, падлога выкладзена каменнымі плітамі. У сцяну нефа быў умураваны камень з барэльефнай выявай галавы Св. Яна Хрысціцеля. На вежу вядзе вінтавая лесвіца з правага боку арачных хораў. Пад храмам скляпеністая крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям'і.
Прыход
У склад прыходу ўваходзілі вёскі Райца, Новая Райца, Забердава, Лукошын, Скрышава, Хвалава, Волда, Малюшыцы, Мокрава, Шчонава, Валокі, Рубілкі, Палужная, Русацын, Ровіны, Рамейкі, Цімошкавічы, Баранавічы, Мошавічы.
Настаяцелі
Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Райца (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі):
- Гарбацэвіч
- Рудакоўскі
- Фёдар Маскалевіч (1876 —?),
- Васіль Паўлюкевіч (1889—1891),
- Мікалай Прорвіч (1893—1898),
- Антоній Быкоўскі (1900—1902),
- Павел Мацкевіч (1905—1908),
- Аляксандр Валасовіч (1910—1915).
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads