Руская псеўдаготыка

From Wikipedia, the free encyclopedia

Руская псеўдаготыка
Remove ads

Псеўдаготыка, несапраўдная готыка ці руская готыка — перадрамантычны кірунак у рускай архітэктуры екацярынінскай эпохі, заснаваны на вольным спалучэнні элементаў еўрапейскай готыкі і маскоўскага барока з гратэскнымі прыўнясеннямі архітэктараў, якія працавалі ў гэтым стылі, нярэдка насычанымі масонскай сімволікай. Пасля смерці Кацярыны II развіццё рускай готыкі ішло паралельна са станаўленнем неагатычнага кірунку ў архітэктуры Заходняй Еўропы, але, у адрозненне ад неаготыкі, з сапраўдным сярэднявечным дойлідствам руская готыка мае мала агульнага.

Пра неагатычную архітэктуру за межамі Расіі гл. неаготыка.
Thumb
Чэсменская царква (1777-80) — прыклад уласцівай екацярынінскай эпосе ўмоўнай стылізацыі пад готыку.
Remove ads

Екацярынінская псеўдаготыка

Thumb
Вежа Галутвіна манастыра (1778)

Архітэктурную мову рускай готыкі, як лічыцца, вынайшаў В. І. Бажэнаў пры будаўніцтве Царыцынскага палаца (пачынаючы з 1776 года). Тут адразу кідаецца ў вочы адрозненне ад манахромнай еўрапейскай готыкі — шырокае выкарыстанне чырвонага цэглы з белакаменнымі дэталямі — спалучэнне, якое выклікае ў памяці вежы Маскоўскага Крамля і цэрквы нарышкінскага барока. Апроч царыцынскіх пабудоў, Бажэнаву таксама прыпісваецца псеўдагатычная Уладзімірская царква ў сядзібе Быкова (1789).

Пасля таго, як імператрыца забракавала бажэнаўскі праект, будаўнічыя працы ў Царыцыне працягнуў М. Ф. Казакоў, які таксама пабудаваў для яе і псеўдагатычны «Пятроўскі замак». Яго вучням Радзівону Казакову і Аляксею Бакараву[1][2] — належаць раннія спробы накладання гатычнага дэкору на традыцыйную для праваслаўя форму крыжова-купальнага храма — саборны храм Зачацьеўскага манастыра і Нова-Мікольскі сабор у Мажайску. У канцы 1780-х мода на гатычныя матывы пранікае ўсё далей у глыбінку, на што паказваюць іх нечаканыя інтэрпрэтацыі ў сядзібах Разанскай губерні — Краснае, Балаўнёве і Вешалаўцы.

Thumb
Жывёльны двор сядзібы Краснае ў Разанскай губерні (канец 1780-х) быў стылізаваны пад мініяцюрную крэпасць, каб нагадваць гаспадару пра ваенныя подзвігі яго маладосці.

Пры пецярбургскім двары ў адзін час з Бажэнавым матывы гатычнага дойлідства распрацоўваў Ю. М. Фельтэн. Пабудовы Фельтэна ў касмапалітычнай паўночнай сталіцы — Чэсменскі палац і царква пры ім, царква Ражства Іаана Прадцечы на Каменным востраве — далёкія ад канонаў маскоўскага барока і бліжэйшыя да ранніх узораў еўрапейскай неаготыкі. Зрэшты, непадрыхтаваны глядач наўрад ці уловіць у пабудовах Кацярыны і яе прыдворных штосьці, што нагадвае заходнееўрапейскае Сярэднявечча.

Remove ads

У эпоху рамантызму

З узыходжаннем на прастол Паўла I стылізатарства ў гатычным духу атрымала новы імпульс, бо гэты манарх імкнуўся адрадзіць у Расіі ідэалы сярэднявечнага рыцарства, стаўшы главой Мальтыйскага ордэна. Свае рэзідэнцыі ён называў «замкамі», хоць яны цалкам адпавядаюць эстэтыцы класіцызму. З пабудоў паўлаўскай эпохі найбольш «гатычны» Прыярацкі замак, але, у кантэксце іншых садова-паркавых павільёнаў Гатчыны, ён успрымаецца як архітэктурнай капрыз.

Thumb
Кацярыненская царква ў Маскоўскім Крамлі (1808-18, арх. К. І. Росі).

Пры Аляксандры I цікавасць да готыкі упершыню распаўсюджваецца за межы вузкага кола прыдворных: В. А. Жукоўскі знаёміць рускіх чытачоў са страшнымі баладамі ў гатычным духу, а А. А. Марлінскі апявае ў прозе рыцарскія турніры — і гэтымі творамі зачытваецца ўся дваранская Расія.

Перанясенне заходняга Сярэднявечча на рускую глебу відавочна і ў вобласці архітэктуры: тым часам старажытнарускія архітэктурныя ансамблі перабудоўваюцца або завяршаюцца ў псеўдагатычным духу. У Маскоўскім Крамлі будаваць «пад даўніну» спрабуюць нават прыезджыя італьянцы акадэмічнай вывучкі — А. І. Руска (Мікольская вежа, 1806) і К. І. Росі (Екацярынінская царква Узнясенскага манастыра, 1808).

Remove ads

Далейшая эвалюцыя

Thumb
Дом Севасцьянава ў Екацярынбургу (1860—1866)— прыклад уплыву бажэнаўскай псеўдаготыкі на правінцыйных архітэктараў перыяду эклектыкі.

Узмацненне пры Мікалаі I нацыяналістычных настрояў пад лозунгам «Праваслаўе, Самадзяржаўе, Народнасць» спрыяла адраджэнню К. А. Тонам і іншымі архітэктарамі мастацкіх матываў візантыйскага і старажытнарускага, а не заходнееўрапейскага Сярэднявечча. Звароты да псеўдаготыкі накшталт бажэнаўскага носяць адзінкавы характар. Найбольш паслядоўна традыцыю рускай готыкі працягваў, мабыць, М. Д. Быкоўскі, які пабудаваў, у прыватнасці, такія маляўнічыя ансамблі, як падмаскоўная сядзіба Марфіна.

Вычышчаную ад «рускасці» неаготыку (т.з. «англійскі стыль») падтрымлівалі асобныя члены імператарскага сямейства на чале з імператрыцай Аляксандрай Фёдараўнай, якая паходзіць з Прусіі. Для яе ў Пецяргофе пабудаваў «Капэлу» знакаміты прускі архітэктар К. Ф. Шынкель. З айчынных дойлідаў густ імператарскага сямейства да неаготыкі задавальняў М. Л. Бенуа, сярод пецяргофскіх праектаў якога вылучаюцца імператарскія стайні і мудрагелісты будынак вакзала. Прыязджаў у Расію і знакаміты знаўца неаготыкі Віяле-ле-Дзюк. У 1890-х гадах у Маскве архітэктар Ф. В. Шэхтэль увасобіў шэраг праектаў у гатычным стылі, сярод якіх былі асабняк З. Р. Марозавай на Спірыдонаўцы, уласны дом дойліда ў Ермалаеўскім завулку, шэраг іншых пабудоў[3].

Беларусь

Thumb
Крычаўскі палац
Thumb
Капліца-пахавальня Ажэшкаў у Закозелі
Thumb
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы

На Беларусі першыя ўзоры несапраўднай готыкі паявіліся ў палацавым будаўніцтве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным будаўніцтве XIX стагоддзя выяўлялася ў асобных гаспадарчых і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага раёна). Рысы несапраўднай готыкі мелі шматлікія станцыйныя будынкі першай паловы — сярэдзіны XIX стагоддзя, у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага рааёна). З сярэдзіны XIX стагоддзя несапраўдная готыка стала адной з найбольш значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найбольш дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці несапраўднай готыкі выявіліся ў збудаваннях другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Некаторыя будынкі набылі рысы несапраўднай готыкі пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве несапраўдная готыка выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага раёнаў)[4].

У пачатку XX стагоддзя псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем мастацкай цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Несапраўдная готыка паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму[4].

Remove ads

Гл. таксама

Зноскі

  1. Московская энциклопедия / С. О. Шмидт. М.: Издательский центр «Москвоведение», 2007. — Т. I, Книга 1. — С. 116-117. — 639 с. 10 000 экз. ISBN 978-5-903633-01-2.
  2. Бакарев В. А. Где найдешь Москву другую?. М.: Контакт-Культура, 2012. — С. 6-9. — 960 с. ISBN 978-5-903406-32-6.
  3. Нащокина М. В. Архитекторы московского модерна. Творческие портреты. — 3-е. М.: Жираф, 2005. — С. 451, 468—469. — 536 с. 2 500 экз. ISBN 5-89832-043-1.
  4. В. М. Чарнатаў. Несапраўдная готыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Remove ads

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads