Старакожаўка
вёска ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Старако́жаўка[1] (трансліт.: Starakožaŭka, руск.: Старокожевка) — вёска ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Міхееўскага сельсавета.
Remove ads
Гісторыя
XVI стагоддзе
Упершыню згадана пад 1557 годам падчас валочнай памеры сярод іншых вёсак ваколіц сучаснага Дрыбіна з указаннем колькасці валок пры іх, тым часам вёска Старакожаўка мела 12 валок зямлі (каля 250 гектараў)[2]. Такім чынам, вёска існавала да правядзення валочнай рэформы і мела сталых жыхароў, якія займаліся земляробствам і неслі павіннасці на карысць дзяржаўнага або прыватнаўласніцкага маёнтка.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, тэрыторыя ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, у складзе Раснянскага староства[2].
XVII стагоддзе
У сярэдзіне XVII стагоддзя тэрыторыя Дрыбіншчыны пацярпела падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай. У 1655 годзе войскі вялікага князя маскоўскага Аляксея Міхайлавіча разрабавалі і спалілі Расну, частка жыхароў забіта, іншыя трапілі ў палон. Да канца вайны 70 % зямель Мсціслаўскага ваяводства не апрацоўвалася.
Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 года, мсціслаўскія землі засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай, і ў другой палове XVII ст. пачалося аднаўленне гаспадаркі.
Паводле інвентару Горацкага маёнтку 1683 года, якім у той час валодаў кашталян віленскі Ежы Сапега, Старакожаўка згадваецца як «сяло Старакожаўка над рэчкай Проняй». Паводле апісання, у вёсцы 29 дымоў і 12 валок зямлі, з якіх частка заставалася пустымі пасля ваеннага спусташэння сярэдзіны XVII стагоддзя. Мясцовыя сяляне плацілі чынш і неслі павіннасці — вартавыя, сенажацкія і «гвалтовыя» (дарожна-будаўнічыя). Агульная сума падаткаў і збораў складала 615 срэбных грошаў[2].
XVIII стагоддзе
У 1717 годзе маёнтак набыў князь А. Д. Меншыкаў і валодаў ім да высылкі ў Сібір у 1727 годзе, пасля чаго маёнтак адышоў да царскіх уладанняў. У 1732 годзе імператрыца Ганна Іванаўна перадала маёнтак графу М. Патоцкаму, а ў 1745 годзе гаспадаром стаў граф Л. Салагуб[2]. Сяляне жылі ў цяжкіх умовах: частка не мела зямлі, многія — непрыдатных хатак.
XIX стагоддзе
Падчас вайны 1812 года многія мясцовыя сяляне былі рэкрутаваныя ў войска, а ў іх забіралі коней, падводы і правіянт.
У выніку эканамічнага заняпаду і вялікіх даўгоў апошняга ўладальніка Горы-Горацкага маёнтку, графа Л. Салагуба, урад у 1828 годзе канфіскаваў яго маёнтак у карысць казны. Да яго ўваходзілі 15 фальваркаў, каля 2770 прыгонных сялян і 1760 дзесяцін зямлі[2]. Сяляне Старакожаўкі, а таксама суседніх вёсак — Кледнявічы, Крукаўшчына, Ярыгі, Міхееўка, Старое Прыбужжа, Гарадзецк, Новае Прыбужжа — атрымалі статус казённых (дзяржаўных) сялян.
Паводле архіўных звестак Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1882 года сяляне Старакожаўкі спрабавалі вярнуць 50 дзесяцін зямлі, якія былі адабраныя ў іх на карысць Горацкага лясніцтва. На іхны зварот калежскі асэсар П. П. Яўневіч адказаў, што «былыя дзяржаўныя сяляне не могуць набываць казённыя землі, якія былі ў іх карыстанні, як бы доўга тое карыстанне ні працягвалася»[2].
Сяляне неаднаразова цярпелі ад штрафаў за парубкі лесу ў дзяржаўных і памешчыцкіх лясах. У 1873 годзе ў іх апісалі маёмасць у пакаранне за незаконныя высечкі[2]. На мяжы XIX—XX стст. з прычыны аграрнага крызісу і падзення цэн на хлеб многія жыхары займаліся не толькі земляробствам, але і рамёствамі — кавальствам, кравецтвам, кушнерствам, калёсным рамяством.
У 1889 годзе ў вёсцы адкрылася царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 года, у Старакожаўцы было 85 двароў і 336 жыхароў. У 1904 годзе ў вёсцы былі знойдзены рэвалюцыйныя ўлёткі, пасля чаго праводзілася афіцыйнае следства павятовым спраўнікам. У 1909 годзе ў Старакожаўцы дзейнічалі млын і школа, налічвалася 87 двароў і 673 жыхары[2].
XX стагоддзе
У 1911 годзе выхадцамі з вёскі Старакожаўка і іншых вёсак Гарадзецкай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні была заснавана вёска Магілёўская Суетаўскай воласці Духаўшчынскага павета Смаленскай губерні[3] (цяпер уваходзіць у склад вёскі Баброва Ярцаўскага раёна Смаленскай вобласці).
З 20 жніўня 1924 года вёска ўваходзіла ў Дрыбінскі сельсавет Дрыбінскага раёна Аршанскай акругі БССР, з 1931 — у Горацкім раёне, з 1935 і зноў з 1989 — у Дрыбінскім раёне. У 1926 годзе ў Старакожаўцы было 131 двор, 732 жыхары, дзейнічала 4-гадовая школа і гурток ліквідацыі непісьменнасці[2].
У 1931 годзе створаны калгас «Чырвоны араты», які ўключаў 38 гаспадарак. У 1940 годзе — 137 двароў, 720 жыхароў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны (1943) гітлераўцы двойчы спалілі вёску, загубілі 170 жыхароў. Пасля вайны Старакожаўка была адноўлена. З 1950 года — у складзе калгаса «Пражэктар», з 1960 — у саўгасе «Дрыбінскі» (з 1992 — калгас «Дрыбінскі»)[2].
Remove ads
Прозвішчы
У 1926 годзе паводле перапісу насельніцтва ў вёсцы Старакожаўка найбольш распаўсюджанымі былі прозвішчы гаспадароў Цыркуноў, Цішкевіч, Шаўкуноў, Аўдзееў, Бялясаў, Гарнастаеў, Рававой, Левакоў, Шкрэдаў, Савінскі, Кульбяцкі, Дзедаў, Асадчаў, Донцаў, Конанаў, Лосеў, Набойкін, Палькоў, Сныткоў, Французаў, Шудрыкоў, Юркін, Бажнеў, Грэк, Кіселёў, Камісараў, Лішнеў, Лэбка, Фролаў, Храпавіцкі, Шубрыкоў, Сенькаў, Трусаў, Волкаў[4].
Remove ads
Вядомыя асобы
- Ціт Рыгоравіч Сянькоў (1917—1985) — Герой Савецкага Саюза (1944).
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads