Сцеберакі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сцебера́кі[1] (трансліт.: Sciebieraki, руск.: Стеберяки) — вёска ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Любанскага сельсавета. Знаходзіцца за 24 км на поўдзень ад горада Вілейка, 126 км ад Мінска, на аўтадарозе Вілейка—Паставы, каля ракі Вузлянка.
Remove ads
Назва
Назва балцкага паходжання, звязаная з агульнабалцкімі stabas «камень» і ragas «рог; выступ». У літоўскай мове stabas звузілася да значэнняў «ідал; слуп», у латышскай — да значэння «слуп». Пачатковае значэнне «камень» захавалася ў старапрускай мове і ў старажытнай балцкай гідраніміі на Падняпроўі[2].
Назву Сцеберакаў параўноўваюць з назвай сакралізаванага ў латышоў каменнага выступу (выхад скальнай пароды) Staburags на беразе Дзвіны. Першапачатковае значэнне «Стабурагс» — «Каменны рог», і «рогам» той скальны выступ названы паводле формы.
У сцеберацкай назве «рог», «рогі» адносілася не да формы камянёў, а да выяў пітных рагоў, якія выбіты на некалькіх сакралізаваных камянях у лесе паблізу ад вёскі. Назва значыць «Каменныя рогі» або, больш імаверна, «Слупы-рогі» (на камянях побач рагоў выяўлены слупы з паўсферай наверсе)[3]. Імаверна ранейшая, балцкая форма назвы — *Stabarãgiai.
Непасрэдна каля Сцеберакаў знаходзіцца таксама вёска з балцка-літоўскай назвай Кішкарэпы («Заячая рэпа»).
Remove ads
Гісторыя
У 1765 годзе вёска ў Маркаўскім старостве Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ, у складзе фальварка Тануць, 9 двароў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. У 1800 г. вёска ў Вілейскім павеце, уласнасць казны, 117 двароў; у 1841 годхе ўласнасць І. Любанскага. З 1842 года ў Віленскай губерні. У 1873 г. вёска ў Талуцкай сельскай грамадзе Куранецкай воласці, у складзе маёнтка Любань, уласнасць І. Любанскага, 67 рэвізскіх сялян. У 1890 г. адкрыта школа граматы. У 1897 годзе ў Іжскай воласці; у 1908 годзе 241 дзесяціна надзелаў.
Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года вёска ў складзе Польскай Рэспублікі, Віленскага ваяводства, Вілейскага павета, гміны Іжа, пазней у складзе гміны Вішнева[4][5].
12 лістапада 1939 года Заходняя Беларусь уз’яднана з БССР. З 15 студзеня 1940 года вёска ў Куранецкім раёне Вілейскай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 года ў Талуцкім сельсавеце.
У Вялікую Айчынную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 г. акупіраваны нацыстамі. У жніўні-верасні 1943 г. спалена карнікамі. З фронту не вярнуліся 6 жыхароў.
З 20 верасня 1944 года ў Куранецкім, з 5 ліпеня 1946 года ў Вілейскім раёнах Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года Мінскай абласцей. У 1960-я гады ў Кузьміцкім сельсавеце. З 16 жніўня 1973 года да 13 красавіка 1981 года вёска ўваходзіла ў склад Журыхскага сельсавета[6].
Remove ads
Насельніцтва
- 1841 год — 97 жыхароў, 10 двароў.
- 1866 год — 151 жыхар, 13 двароў[7].
- 1897 год — 203 жыхары, 33 двары.
- 1908 год — 193 жыхары, 30 двароў.
- 1921 год — 174 жыхары, 32 двары[8].
- 1931 год — 210 жыхароў, 37 двароў[9].
- 1941 год — 207 жыхароў, 49 двароў.
- 1960 год — 134 жыхары.
- 2003 год — 14 жыхароў, 9 гаспадарак.
- 2008 год — 10 жыхароў, 7 гаспадарак.
- 2009 год — 7 чал.
Славутасці
Каменныя валы Сцеберацкія — група з пяці невялікіх валуноў у лясным урочышчы Сівіха за 2 км на поўдзень ад вёскі Сцеберакі. Камяні пастаўлены вертыкальна і арыентаваны ў кірунку поўначы, на іх паверхнях выбіты знакі («слупы» і «рогі»).
Паводле народнага падання, камяні — валы і араты, якія скамянелі за працу на Вялікдзень. Паданне лічыцца пазнейшым[10], а ранейшае прызначэнне гэтага месца з камянямі звязваецца з балцкай міфалогіяй Сусветнай восі, арыентаванай на Палярную зорку[11].
- Сцеберацкія камяні з выявай слупа з паўсферай і рагамі
- Сцеберацкія каменныя валы
- Культавы валун з ямкамі
- Культавы валун з ямкамі
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads