Вялікдзень

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Вялі́кдзень[1], Па́сха (грэч. πάσχα, лац.: Pascha, іўр.: פסח [Pesaḥ]), Уваскрэсенне Хрысто́ва (грэч. Ἡ Ανάστασις τοῦ Ἰησοῦ Χριστοῦ), Светлае Хрыстова Уваскрэсенне — галоўная падзея царкоўнага календара, найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята[2], якое адзначалася яшчэ ў часы апосталаў[3] і было ўсталявана ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста[2] — цэнтра ўсёй біблейскай гісторыі і асновы ўсяго хрысціянскага вучэння[4][заўв 1].

Хуткія факты Вялікдзень ...
Remove ads

У дзень Вялікадня вернікі адзначаюць уваскрэсенне Хрыста з мёртвых і перамогу жыцця над смерцю і злымі сіламі. Паводле Бібліі, Ісус паўстаў з труны на трэці дзень святкавання юдэйскай Пасхі.

У праваслаўі статус Вялікадня як галоўнага свята адлюстроўваюць словы «свят свята і ўрачыстасць з урачыстасцей»[5].

У наш час дата Вялікадня ў кожны год разлічваецца паводле месяцава-сонечнага календара, што робіць Вялікдзень пераходным святам.

Яўрэйскае слова Пе́сах абазначае іўдзейскую Пасху[6]. Яно звязана са словам паса́х (іўр.: פסח — праходзіць міма[1]), якое нагадвае пра тое, што Усявышні абмінуў яўрэйскія дамы, знішчаючы першынцаў Егіпта[7] (часам саму назва свята тлумачаць як «мінуў, абыйшоў»). Арамейская назва свята, якая гучыць як пісха[7], увайшла ў грэчаскую мову, затым перайшла ў лацінскую і ў далей распаўсюдзілася ў мовах Еўропы: pâques (фр.), pascuas (ісп.), пасха (рус.) і гэтак далей[8].

Звычай святкавання Пасхі, які існаваў у старажытных семіцкіх плямён[1], першапачаткова быў звязаны з жывёлагадоўляй, а пазней з земляробствам[9][10][11], пачаткам жніва[1]. З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэйскага народа з егіпецкага палону[4][7], потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі[1].

У хрысціян назва свята набыла іншае тлумачэнне — «пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба»[12]. Царкоўнае святкаванне Вялікадня доўжыцца 40 дзён[3].

Remove ads

Гісторыя і дата Вялікадня

Старазапаветная Пасха

Старазапаветная Пасха, як і цяперашняе свята Пе́сах (яўрэйская Пасха), святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта[заўв 2], гэта значыць вызвалення яўрэяў ад рабства. Назва «Пе́сах» (іўр.: פסח) азначае «праходзіць міма»[1]. Яна звязана з апавяданнем пра дзесяць караў егіпецкіх.

Адно бедства («кара») змянялася іншым, і нарэшце за адмову фараона адпусціць ізраільскі народ Бог «пакараў Егіпет страшнай карай», забіўшы ўсіх першынцаў[4][заўв 3], гэта значыць усіх першых па старшынстве нашчадкаў мужчынскага полу — і ў людзей, і ў быдла[13]. Кара абмінула толькі першынцаў іўдзеяў, жытлы якіх Бог адрозніў па ўмоўным знаку (крыві ягня на вушаках дзвярэй) і прайшоў міма:

" А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і паб'ю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь. І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і не будзе сярод вас пошасці згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую. І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і святкуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленне вечнае святкуйце яго. Зых. 12:12-14 "

Пасля апошняй кары фараон адпусціў яўрэйскі народ разам з яго статкамі, а напалоханыя егіпцяне пануквалі яўрэяў, каб тыя хутчэй пакінулі Егіпет (Зых. 12:31-33).

Пасхальнае ягня

У памяць пра гэту падзею «ўсяму супольству Ізраілеваму» прадпісвалася ўвечар 14-га нісана (першага месяца яўрэйскага календара) прыносіць у ахвяру ягня — аднагодку мужчынскага полу, без хібы, узятага ад авечак альбо ад коз, якога сям’і трэба было спячы на агні і з’есці цалкам, не зламаўшы касцей, з прэсным хлебам (г.зн. мацой) і горкай травой у пасхальную ноч (Зых. 12:1-10, Лік. 9:1-14). Апраснак у культавым рытуале яўрэяў азначаў спешнасць выхаду з Егіпта, калі цеста не паспявала скіснуць. Смакаванне пасхальнай вячэры выступала як «сведчанне галоўнай падзеі ўсёй старазапаветнай гісторыі» — выхаду яўрэяў з Егіпта[14].

Пасхальнае ягня таксама звалася «пасхай» («песахам»)[7][заўв 4]. Такое ўжыванне слова можна знайсці, у прыватнасці, у апавяданнях евангелістаў пра Тайную Вячэру (Мф. 26:17-19, Мк. 14:12-16, Лк. 22:8-15).

Вялікдзень у Новым Запавеце

Вялікдзень неаднаразова згадваецца ў Евангеллях, але асаблівае месца займае ў іх апавяданні пра Тайную Вячэру, якая ў Матфея, Марка і Лукі апісана як святочная пасхальная трапеза (Мф. 26:17-19, Мк. 14:12-16, Лк. 22:8-15), і пра наступнае распяцце Ісуса Хрыста.

Менавіта падчас Тайнай Вячэры Ісус Хрыстос прамовіў словы і здзейсніў дзеянні, якія змянілі сэнс свята. Ісус замяніў Сабой месца пасхальнай ахвяры, і ў выніку «старая Пасха становіцца Пасхай новага Ягня, ахвяраванага дзеля ачышчэння людзей раз і назаўжды», а новай пасхальнай трапезай становіцца Еўхарыстыя[15].

Паколькі пакаранне адбылося ў пятніцу, « дык Іўзеі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зняць іх» (Ін. 19:31), і воіны перабілі галені раскрыжаваным разбойнікам, аднак жа, «падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені» (Ін. 19:32-32). Іаан Багаслоў, які распавядае пра гэтыя падзеі, знаходзіць у іх выкананне слоў Свяшчэннага Пісання: «бо гэта сталася, хай збудзецца Пісанне: „косць Ягоная хай не будзе зламана“» (Ін. 19:36).

Новае разуменне пасхальнай ахвяры добра адлюстроўваюць словы апостала Паўла (1Кар. 5:7):

" … Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.. "

Спыненне старазапаветных ахвяр

Пасля разбурэння ў 70 годзе Іерусалімскага храма рытуальнае ахвяраванне пасхальнага ягня больш не праводзілася[7][14], і ў сучасным рытуале адпраўлення Песаха пра яго нагадвае прадпісанне «з’есці невялікі кавалачак спечанага мяса» падчас начной трапезы[14].

Ранняе хрысціянства

Thumb
Уваскрэсенне. Сімвалічная выява. Века саркафага. Музей Піа-Крысціяна, Ватыкан

Пасля Сёмухі хрысціяне пачалі праводзіць першыя богаслужэнні Еўхарыстыі, прысвечаныя ўспаміну смерці Ісуса Хрыста. Літургіі праходзіла як Тайная Вячэра — Пасха мукаў, звязаная з Хроснай смерцю. Такім чынам, Вялікдзень стаў першым і галоўным хрысціянскім святам, якое абумовіла як богаслужэбны ўстаў Царквы, так і веравучыцельны бок хрысціянства[крыніца?].

У некаторых ранніх крыніцах гаворыцца пра штотыднёвыя святкаванні: пятніца была днём посту і смутку ва ўспаміне мукаў Хрыста («Пастыр Ермы», III,V:1), а нядзеля — днём радасці (Тэртуліян, «De corona mil.», гл. 3). Гэтыя святкаванні станавіліся больш урачыстымі ў перыяд яўрэйскага Песаха — угодкаў смерці Хрыста[крыніца?].

У малаазійскіх цэрквах, асабліва іўдзеахрысціянамі, у I стагоддзі н.э. свята штогод адзначалася разам з іўдзейскім Песахам — 14 нісана, таму што і іўдзеі і хрысціяне чакалі ў гэты дзень прышэсце Месіі (Блаж. Еранім, Тлум. на Мф. 25,6 — PL 26,192). Некаторыя цэрквы пераносілі святкаванне на першую нядзелю пасля іўдзейскага Песаха, таму што Ісус Хрыстос быў пакараны смерцю ў дзень Песаха і ўваскрэс паводле Евангеллях у дзень пасля суботы — гэта значыць у нядзелю. Ужо ў II стагоддзі свята прымае характар штогадовага ва ўсіх Цэрквах. У сачыненнях ранніх хрысціянскіх пісьменнікаў — у пасланні Св. Ірынея Ліёнскага біскупу Рымскаму Віктару, «Пасхальная гамілія» Мелітона Сардыйскага  (руск.)[16], у творах Апалінарыя Іерапольскага, Клімента Александрыйскага, Св. Іпаліта Рымскага — ёсць звесткі і пра святкаванне штогадовага дня смерці на крыжы і Уваскрэсення Хрыстова. З іх сачыненняў вынікае, што першапачаткова асобым постам адзначаліся пакуты і смерць Хрыста як «Пасха Пакут», ці «Пасха Крыжовая»[17] — πάσχα σταυρόσιμον, pascha crucificationis, якая супадала з яўрэйскім Песахам, пост працягваўся да нядзельнай ночы. Пасля яе адзначалася ўласна Уваскрэсенне Хрыстова як Пасха радасці, ці «Пасха Уваскрэсення»[17] — πάσχα άναστάσιμον, pascha resurrectionis. У сучасным богаслужэбным уставе захаваліся сляды гэтых старажытных свят.[18] Асабліва гэта прыкметна ў святочных элементах службаў Вялікіх Чацвярга, Пятніцы і Суботы і ў структуры начной службы ў Велікодную нядзелю, якая складаецца з мінорнай велікоднай паўночніцы з канонам Вялікай Суботы, і з урачыста-радаснай велікоднай ютрані. Таксама на Уставе адбілася і старажытная традыцыя святкавання Пасхі Уваскрэсення аж да Ушэсця.

У хуткім часе стала прыкметным адрозненне традыцый Памесных цэркваў. Узнікла т.зв. «велікодная спрэчка» паміж Рымам і цэрквамі Малой Азіі. Хрысціяне Малой Азіі, названыя чатырынадзясятнікамі ці квартадэцыманамі (ад 14 дня месяца нісана), строга прытрымліваліся звычаю святкаваць Вялікдзень (Пасху) 14 нісана, абапіраючыся на аўтарытэт Ап. Іаана Багаслова. У іх жа назва яўрэйскай Пасхі перайшла на назву хрысціянскай і пасля распаўсюдзілася.[19] Тады як на Захадзе, які не зведаў уплыву іўдзеахрысціянства, склалася практыка святкавання Вялікадня ў першую нядзелю пасля яўрэйскай Пасхі, пры гэтым разлічваючы апошнюю як поўня пасля дня раўнадзенства. У 155 годзе Палікарп, біскуп Смірны, наведаў рымскага біскупа Анікета, каб дамовіцца пра агульнае святкаванне Вялікадня, але пагаднення дасягнута не было. Пазней, у 190—192 гг., рымскі біскуп Віктар на саборах у Палесціне, Понце, Галіі, Александрыі, Карынфе, настойваў, каб малаазійскія хрысціяне адмовіліся ад свайго звычаю, і патрабаваў ад іншых цэркваў разарваць зносіны з імі. Св. Ірыней Ліёнскі, выступіў супраць адлучэння малаазійцаў, адзначаючы, што разыходжанні па фармальных прычынах не павінны ставіць пад пагрозу адзінства Царквы[20].

Многія абшчыны арыентаваліся на прынятыя ў іўдзеяў разлікі пасхальнага месяца. У той час ужо не прытрымліваліся сувязі паміж раўнадзенствам і месяцам нісанам, і ў некаторыя гады гэта прыводзіла да святкавання Вялікадня да дня веснавога раўнадзенства (гэта значыць, да надыходу новага астранамічнага года). Гэта практыка не прымалася іншымі абшчынамі[крыніца?].

Першы Усяленскі сабор

Пытанне адзінага дня святкавання Вялікадня для ўсёй хрысціянскай айкумены разглядалася на скліканым у 325 годзе саборы епіскапаў у Нікеі, пасля названым Першым Усяленскім[21]. На саборы было прынята рашэнне ўзгадняць дзень святкавання Вялікадня паміж абшчынамі, і асуджана практыка арыентацыі на яўрэйскую дату, якая выпадала да раўнадзенства[22] :

" Калі разглядалася пытанне наконт найсвяцейшага Вялікадня, пры ўсеагульнай згодзе было прызнана мэтазгодным, каб свята гэта адзначалася ўсімі ў адзін і той жа дзень паўсюдна… Сапраўды, перш за ўсё, усім здалася надзвычай абразлівай тая акалічнасць, што ў святкаванні гэтай найсвяцейшай урачыстасці мы павінны прытрымлівацца звычаю іўдзеяў… "

Як паведамляе гісторык, епіскап і ўдзельнік сабору Еўсевій Кесарыйскі ў кнізе «Пра жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна», на Першым Усяленскім усе епіскапы не толькі прынялі Сімвал веры, але і падпісаліся, каб святкаваць Вялікдзень усім у адзін час[23]. Еўсевій Кесарыйскі, пераказваючы словы імператара Канстанціна, прыводзіць і аргументы, якімі кіраваліся айцы Першага Усяленскага сабору для такога рашэння[24]. Днём Вялікадня была выбрана першая нядзеля пасля поўні, якая з’явіцца не раней за веснавое раўнадзенства.

Александрыйскі епіскам павінен быў разлічваць гэты дзень і загадзя паведамляць яго ў Рым, каб забяспечыць адзіны дзень святкавання. Аднак праз нейкі час такія паведамленні спынілася. Усход і Рым пачалі святкаваць Вялікдзень кожны паводле сваіх разлікаў, часта ў розныя дні. У Александрыі былі створаны велікодныя табліцы — пасхаліі, якія дазваляюць вызначыць дату Вялікадня на шмат гадоў наверад. У іх аснову быў пакладзены 19-гадовы месяцава-сонечны цыкл, а за дату веснавога раўнадзенства прынята 21 сакавіка. У VI—VIII стст. гэта Пасхалія была прынята заходняй царквой[крыніца?].

Першапачатковае вызначэнне Першага Усяленскага сабору наконт Вялікадня лягло ў аснову царкоўнага статута.

Памесны Антыяхійскі сабор 341 года ў сваім першым правіле патрабуе строга прытрымлівацца рашэнняў Першага Усяленскага сабору наконт дня святкавання Вялікадня пад страхам адлучэння ад Царквы і пазбаўлення сану[25].

Сведчанні IV стагоддзі гавораць, што Пасха Крыжовая і Уваскрэсення ў той час ужо былі аб’яднаны як на Захадзе, так і на Усходзе. Святкаванне Пасхі Крыжовай папярэднічала святкаванню Пасхі Уваскрэсення, кожная доўжылася тыдзень да і пасля Велікоднай нядзелі. Толькі ў V стагоддзі назва Пасха стала агульнапрынятай для абазначэння ўласна свята Уваскрэсення Хрыстова. Пазней Вялікдзень стаў вылучацца ў богаслужэнні ўсё выразней, за што атрымаў назву «цара дзён»[крыніца?].

Сярэднявечча і Новы час

У VI стагоддзі Рымская царква прыняла ўсходнюю пасхалію. Але на працягу амаль 500 гадоў пасля Нікейскага сабору Вялікдзень святкаваўся па розных пасхаліях[26]. Александрыйская Пасхалія выкарыстоўвалася ва ўсім хрысціянскім свеце да канца XVI стагоддзя, больш 800 гадоў. Усходняя ці Александрыйская пасхалія пабудавана на чатырох абмежаваннях, выкладзеных Матфеем Уластарам[27]:

" Чатыры абмежаванні пакладзены для нашага Вялікадня, якія патрабуюцца неабходна. Два з іх узаконьваюць Апостальскае правіла (7-е) і два атрымалі пачатак з ненапісанага падання. Першае — мы павінны святкаваць Вялікдзень пасля веснавога раўнадзенства; другое — святкаваць не ў адзін дзень з іўдзеямі; трэцяе — не проста пасля раўнадзенства, але пасля першай поўні, якая з'явіцца пасля раўнадзенства; чацвёртае — і пасля поўні няйначай, як у першы дзень тыдня па іўдзейскім ліку. Таму, каб гэтыя чатыры абмежаванні выконваліся роўна мудрымі і простымі, і каб хрысціяне па ўсім сусвеце святкавалі Вялікдзень у адзін час, не маючы прытым нідзе патрэбы ў асаблівых астранамічных разліках, — айцы склалі канон і перадалі Царкве, без парушэння названых абмежаванняў. "

У 1582 годзе ў Рымска-каталіцкай царкве Папа Грыгорый XIII увёў новую Пасхалію, названую грыгарыянскай. З-за змянення Пасхаліі змяніўся і ўвесь каляндар. У тым жа годзе Папа Рымскі Грыгорый накіраваў паслоў да патрыярха Ераміі з прапановай прыняцця новага грыгарыянскага календара і новай грыгарыянскай пасхаліі. У 1583 годзе патрыярх Ерамія склікаў вялікі памесны сабор, запрасіўшы ўсходніх патрыярхаў, на якім аддалі анафеме не толькі тых, хто прыняў грыгарыянскую пасхалію, але і грыгарыянскі каляндар[28][29].

У выніку рэформы пасхаліі каталіцкі Вялікдзень часта святкуецца раней за іўдзейскі або ў адзін дзень і апярэджвае праваслаўны Вялікдзень у некаторыя гады больш як на месяц.

Сучаснасць

Thumb
Сашэсце ў пекла (фрэска манастыра Хора, XIV стагоддзе)

У 1923 годзе Канстанцінопальскі патрыярх Мялецій IV (Метаксакіс) правёў т.зв. «Усеправаслаўную» нараду з удзелам прадстаўнікоў Эладскай, Румынскай і Сербскай праваслаўных цэркваў, на якой быў прыняты новаюліянскі каляндар, яшчэ больш дакладны загрыгарыянскі, з якім ён супадае да 2800 года. Усходнія цэрквы асудзілі гэта рашэнне, а Александрыйская правяла Памесны сабор, пастанавіўшы, што ва ўвядзенні новага календара няма ніякай неабходнасці. У Рускай і Сербскай цэрквах пасля спробы змяніць календар пакінулі ранейшы з-за магчымай смуты ў народзе.[30][31]

У сакавіку 1924 года на новы стыль перайшлі Канстанцінопальская (ужо пры Грыгорыі VII) і Эладская цэрквы. Румынская царква прыняла «новаюліянскі» каляндар 1 кастрычніка 1924 года.

Абурэнне духавенства і народа новаўвядзеннямі Мялеція вымусілі яго сысці ў адстаўку 20 верасня 1923 года. 20 мая 1926 года Мялецій становіцца Папам і патрыярхам Александрыйскай царквы, дзе, насуперак раней прынятаму саборнаму рашэнню, уводзіць новы каляндар. У грэчаскіх цэрквах адбыўся маштабны царкоўны раскол, не ўрэгуляваны дагэтуль. Утварылася некалькі самастойных старакаляндарных грэчаскіх Сінодаў.

На Усеправаслаўнай нарадзе 1948 года ў Маскве было вырашана, што Вялікдзень і ўсе пераходныя святы святкуюцца ўсімі Праваслаўнымі цэрквамі па Александрыйскай пасхаліі і юліянскім календары, а непераходныя святы па тым, па якім жыве кожная з Цэркваў. У тым жа годзе на новаюліянскі каляндар перайшла Антыяхійская праваслаўная царква.

Сёння юліянскім календаром цалкам карыстаюцца толькі Руская, Іерусалімская, Грузінская і Сербская[32] праваслаўныя цэрквы, а таксама Афон.

Фінляндская праваслаўная царква цалкам перайшла на грыгарыянскі каляндар[33].

Астатнія Памесныя Праваслаўныя цэрквы святкуюць Вялікдзень і іншыя пераходныя святы па юліянскім календары, а Раство і іншыя непераходныя святы — па грыгарыянскім.

У Вялікабрытаніі «Велікодны акт» 1928 года ўсталяваў дату Вялікадня на першую нядзелю пасля другой суботы красавіка[34]; аднак гэта пастанова не набыла моц. У 1997 годзе на саміце ў Халебе (Сірыя) Сусветны савет цэркваў прапанаваў зафіксаваць дзень Вялікадні ў сонечным календары (таксама другое ўваскрэсенне красавіка) або зацвердзіць адзіную Пасхалію для ўсяго хрысціянскага свету, зыходзячы з астранамічных патрабаванняў. Рэформа была прызначана на 2001 год, але не была прынята ўсімі членамі Савета.

Remove ads

Разлік даты Вялікадня

Агульнае правіла для разліку даты Вялікадня:

«Вялікдзень святкуецца ў першую нядзелю пасля веснавой поўні». Веснавая поўня — першая поўня пасля веснавога раўнадзенства. Абедзве пасхаліі — александрыйская і грыгарыянская — грунтуюцца на гэтым прынцыпе.

Дата Вялікадні вызначаецца з суадносін месяцавага і сонечнага календароў (месяцава-сонечны каляндар)[27].

Складанасць разліку абумоўлена змяшэннем незалежных астранамічных цыклаў і шэрагу патрабаванняў:

Для разліку даты поўні ў год Y патрабуецца знайсці залаты лік G — парадак года ў 19-гадовым цыкле поўняў (гл. метанаў цыкл).

У 1 год н.э. залаты лік G быў роўны 2. Адпаведна ў год Y ад н.э. (ці ад Р.Х. — Раства Хрыстова) залаты лік G роўны:

G = (астача ад дзялення Y/19) + 1.

Заснаванне Месяца — лік, які паказвае «ўзрост» месяца на 1 сакавіка, гэта значыць колькасць дзён, што мінулі да 1 сакавіка ад папярэдняй месяцавай фазы. Розніца паміж заснаваннямі наступных гадоў роўная 11. Колькасць дзён месяцавага месяца[en] роўная 30.

Заснаванне_Месяца = астача ад дзялення (11 · G)/30.
Маладзік = 30 — Заснаванне_Месяца.
Поўня = Маладзік + 14.

Калі поўня раней за 21 сакавіка, то велікодным лічыцца наступная поўня (гэта значыць, да атрыманага ліку дадаецца 30 дзён). Калі велікодная поўня выпадае на нядзелю, то Вялікдзень святкуецца ў наступную нядзелю (гэта значыць, да атрыманага ліку дадаецца 7 дзён).

З-за таго, што ўсходнія (праваслаўныя, грэка-католікі і вернікі старажытнаўсходніх цэркваў) і заходнія (католікі лацінскага абраду і пратэстанты) хрысціяне выкарыстоўваюць розныя пасхаліі, разлічаныя па аднолькавых правілах, даты атрымліваюцца рознымі.

Паводле ўсходняй традыцыі, Вялікдзень разлічваецца па александрыйскай пасхаліі; дата першага дня Вялікадня (Велікодная нядзеля) выпадае на адзін з 35 дзён у перыяд з 22 сакавіка па 25 красавіка па юліянскім календары (што ў XX—XXI стст. адпавядае перыяду з 4 красавіка па 8 мая па н. ст.). Калі Вялікдзень супадае са святам Дабравешчання, якое адзначаюць 25 сакавіка (7 красавіка), то ён называецца Кірыяпасха (Гасподняя Пасха).

У Рымска-каталіцкай і пратэстанцкіх цэрквах дата Вялікадня разлічваецца па грыгарыянскай пасхаліі. У XVI стагоддзі Рымска-каталіцкая царква правяла каляндарную рэформу, мэтай якой было прывядзенне даты Вялікадня ў адпаведнасць з назіранымі з’явамі на небе (да гэтага часу старая пасхалія ўжо давала даты поўняў і раўнадзенстваў, якія не адпавядалі рэальнаму становішчу свяцілаў). Новая пасхалія была складзена неапалітанскім астраномам Алаізіем Ліліем і нямецкім манахам-езуітам Крыстаферам Клавіем.

Разыходжанне паміж датамі Вялікадня ва ўсходніх і заходніх цэрквах выклікана адрозненнем у даце царкоўных поўняў і розніцай паміж сонечнымі календарамі (13 дзён у XXI стагоддзі). Заходні Вялікдзень у 30 % выпадкаў супадае з усходнім, у 45 % выпадкаў апярэджвае яе на тыдзень, у 5 % — на 4 тыдні і ў 20 % — на 5 тыдняў; розніцы ў 2 і ў 3 тыдні не бывае.[крыніца?]

Thumb
Вечны каляндар з Швецыі, прызначаны для разліку Вялікадня ў перыяд 1140—1671 па юліянскім календары. Кожная руна адпавядае пэўнаму нумару тыдня, на які будзе прыпадаць свята

У аперацыйных сістэмах, падобных да UNIX, разлічыць дзень Вялікадня можа праграма ncal[35]. Алгарытм разліку даты Вялікадня можна паглядзець у зыходным кодзе праграмы[36]. Прыклад:

# разлічыць і вывесці
# дату заходняга Вялікадня
# у пазначаны год
ncal -e 2016

# разлічыць і вывесці
# дату ўсходняга Вялікадня
# у пазначаны год
ncal -o 2016

Калі год не пазначаны, праграма разлічыць дату Вялікадня для бягучага года.

Remove ads

Вялікдзень у царкоўным годзе

Да Вялікадня прывязаны найважнейшыя пераходныя святы, якія адзначаюцца ў паслядоўнасці евангельскіх падзей:

Народ, ведаючы пра цудоўнае уваскрэшанне Лазара, урачыста сустракае Ісуса як будучага Цара (Ін. 12:12);
  • Перадвелікодны тыдзень — тыдзень перад святам Вялікадня:
    • Вялікі чацвер — Хрыстос усталёўвае Таінства Еўхарыстыі ў Сіёнскай святліцы ў Іерусаліме. Сінаптычныя Евангеллі апісваюць гэты дзень як дзень прэсных хлябоў, гэта значыць іўдзейскую Пасху(Песах). Евангелле паводле Іаана і далейшыя падзеі іншых Евангелляў паказваюць, што іўдзеі Іерусаліма святкавалі Вялікдзень пасля дня распяцця Хрыста, гэта значыць праз два дні. Паводле аднаго з тлумачэнняў, таксама з улікам кумранскіх знаходак, каляндар Галілеі адставаў на два дні ад іерусалімскага. Такім чынам, на Тайнай Вячэры старазапаветны Песах — ягня, віно і праснакі містычна звязваецца з новазапаветнай Пасхай — Хрыстом, Яго Целам і Крывёй[38];
    • Страсная пятніца — паводле традыцыі, перад святам Песах Понцій Пілат хацеў адпусціць аднаго вязня, у надзеі што народ будзе прасіць за Ісуса. Аднак, падбухтораны першасвятарамі, народ патрабуе адпусціць Вараву. Іаан падкрэслівае, што распяцце адбываецца ў дзень Вялікадня, таму што ахвяраванне пасхальнага ягня ў старазапаветную Пасху (Песах) з’яўляецца правобразам Пасхі новазапаветнай — ахвяравання Хрыста як Ягня Божага за грахі свету. Як косці пасхальнага ягня (першанароджанага і без хібы) не павінны быць зламаны, так і Хрысту не перабіваюць галені, у адрозненне ад іншых укрыжаваных. Іосіф Арымафейскі і Нікадзім, папрасіўшы ў Пілата пахаваць цела Ісуса, угарнулі яго ў плашчаніцу, прамочаную духмянымі рэчывамі, і кладуць у бліжэйшую магільню да надыходу суботняга спакою. Пры пахаванні прысутнічаюць Марыя Магдаліна і «іншая Марыя»;
    • Вялікая субота — першасвятары, успомніўшы, што Хрыстос казаў пра сваё ўваскрэсенне на трэці дзень, нягледзячы на свята і суботу, звяртаюцца да Пілата паставіць варту на тры дні, каб вучні не выкралі цела, падстроіўшы тым самым «уваскрэсенне» настаўніка з мёртвых;
Thumb
Эмалевая мініяцюра «Уваскрэсенне Хрыстова» (наплечнік Андрэя Багалюбскага, каля 1170—1180-х гг.)
  • Вялікдзень — Светлае Хрыстова Уваскрэсенне:
Уваскрэсенне Хрыстова (першы дзень пасля суботы) — пасля суботняга спакою да труны ідуць Жонкі-міраносіцы. Перад імі да труны сыходзіць Анёл і адвальвае ад яе камень, адбываецца землетрасенне, а вартаўнікоў ахоплівае страх. Анёл кажа жонкам, што Хрыстос уваскрос, і сустрэне іх у Галілеі. З’яўленне Хрыста вучням;
  • Антыпасха ў праваслаўі, Актава Вялікадня ў каталіцтве — з’яўленне ўваскрэслага Хрыста вучням на 8-ы дзень Вялікадня і запэўненне Фамы:
Праз 8 дзён (Антыпасха, Фаміна Нядзеля) Хрыстос ізноў з’яўляецца вучням, сярод якіх Фама, праз зачыненыя дзверы. Ісус кажа Фаме, каб той уклаў пальцы ў раны, каб пераканацца ў рэальнасці ўваскрэслага цела. Фама ўсклікае «Гасподзь мой і Бог мой!».
Хрыстос працягвае з’яўляцца вучням на працягу сарака дзён пасля свайго Уваскрэсення, у прыватнасці, на Тыверыядскім моры (у Галілеі) пры лоўлі рыбы (пра што паведамляе Іаан Багаслоў), а таксама прынамсі пяці сотням сведак (1Кар. 15:6);
На саракавы дзень пасля Уваскрэсення Ісус узносіцца на неба, бласлаўляючы апосталаў;
  • Сёмуха — пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня (у праваслаўі супадае з Днём Святой Тройцы)[39]:
На пяцідзесяты дзень пасля Уваскрэсення апосталы па абяцанні Бога атрымліваюць дары Святога Духу.
Remove ads

Велікодныя традыцыі

Практычна ўсе велікодныя традыцыі ўзніклі ў богаслужэнні. Нават размах велікодных народных гулянняў звязаны з разгавеннем пасля Вялікага посту — часу ўстрымання, калі ўсе святы, сямейныя ў тым ліку, пераносіліся на святкаванне Вялікадня. Сімваламі Вялікадня становіцца ўсё, што сімвалізуе Абнаўленне (Велікодныя ручаі), Святло (Велікодны агонь), Жыццё (Велікодныя кулічы, яйкі і зайцы).

Велікоднае богаслужэнне

У Вялікдзень, як у найважнейшае свята царкоўнага года, праводзіцца асабліва ўрачыстае богаслужэнне. Яно фарміравалася ў першыя стагоддзі хрысціянства як хрысцільнае. Большасць аглашэнных пасля падрыхтоўчага посту прымалі хрышчэнне ў гэты асаблівы дзень.

У Царкве са старажытных часоў склалася традыцыя правядзення Велікоднага богаслужэння ўначы; або ў некаторых краінах (напрыклад, Сербіі) ранняй раніцай — на світанні.

Велікоднае прывітанне

Пачынаючы з велікоднай ночы і наступныя сорак дзён прынята «хрыстосавацца», гэта значыць вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»[17], пры гэтым цалуючыся тры разы. Гэты звычай паходзіць з апостальскіх часоў: «Вітайце адзін аднаго з цалаваннем святым»  (Рым. 16:16), таксама 1Пётр. 5:14, 1Кар. 16:20.

Thumb
Велікодныя яйкі
Thumb
Памятная манета Нацыянальнага банка Беларусі (2005)

Народная традыцыя

У старажытных славян першапачаткова так называлася веснавое свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэч. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя яўрэі святкавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Егіпта. У дахрысціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод.

3 прыняццем хрысціянства гэта свята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, з’яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзення святочных дзён. У Чысты чацвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.

Пасля літургіі святкаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асвячоным яйкам, потым іншай асвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»).

У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:

У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.

Паколькі адным з сімвалаў свята з’яўляецца яйка, у некаторых краінах у велікодную нядзелю дарослыя хаваюць ад дзяцей шакаладныя яйкі па ўсім доме, а калі надвор’е дазваляе, то і ў двары. Традыцыйна яны вырабляліся так: шакалад заліваўся ў полую яечную шкарлупіну. Зараз папулярныя таксама фабрычныя і самаробныя рознакаляровыя яйкі з сюрпрызам унутры. У падарунак сваякам і сябрам дзеці часта і самі размалёўваюць яйкі. Дамы ўпрыгожваюцца велікоднымі яйкамі і збанкамі з прарослай травой.

Традыцыйнай фінскай пасхальнай ежай з’яўляецца звараная з жытняй мукі карычневая салодкая каша мямі. Раней мямі ўяўляла сабой халодную страву, якую рыхтавалі ў Вялікую пятніцу, калі нельга было разводзіць агонь. У якасці асноўнай стравы звычайна падаюць бараніну.

Remove ads

Гл. таксама

Заўвагі

  1. Паводле апостала Паўла,
    а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.

    1Кар. 15:14

  2. «Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, з Егіпта ўначы.»  (Друг. 16:1)
  3. «Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы. І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо не было дома, дзе не было б мёртвага.»  (Зых. 12:29-30)
  4. А ежце яго так: хай будзе паясніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго паспешліва: гэта — Пасха Гасподняя.

    Зых. 12:11

    І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па сем’ях вашых і закалеце паску…

    Зых. 12:21

Remove ads

Крыніцы

Loading content...

Літаратура

Loading content...

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads