Харкаўскае часовае генерал-губернатарства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Харкаўскае часовае генерал-губернатарства (1879—1882, 1905—1906) — часовае генерал-губернатарства ў Расійскай Імперыі ў 1879—1882 гг. і 1905—1906 гг., якое стваралася па экстраардынарным прычынам. Цэнтрам генерал-губернатарстваў быў горад Харкаў.
Харкаўскае часовае генерал-губернатарства (1879—1882)
Харкаўскае часовае генерал-губернатарства было створана на падставе ўказа расійскага імператара Аляксандра II ад 5 (17) красавіка 1879 г. — «для аховы парадку і грамадскага спакою»[1][2]. Пад уладу часовага генерал-губернатара пераходзілі Харкаўская, Чарнігаўская, Палтаўская, Курская, Арлоўская і Варонежская губерні. Цэнтрам Харкаўскага часовага генерал-губернатрства стаў горад Харкаў. На пасаду харкаўскага часовага генерал-губернатара прызначаліся асобы, якія былі ў той час кіраўнікамі Харкаўскай ваеннай акругі. Першы харкаўскі часовы генерал-губернатар быў прызначаны 7 (19) красавіка 1879 г.[3]
Прычынай стварэння часовага генерал-губернатарства было жаданне расійскіх улад адміністрацыйна-рэпрэсіўнымі сродкамі (ваеннымі, паліцэйскімі і судовымі) задушыць тэрарыстычную дзейнасць шматлікіх арганізацый рэвалюцыйных народнікаў у рэгіёне, для чаго ўзмацняліся штаты агульнай і палітычнай паліцыі, а таксама ўводзіліся змены ва ўгалоўна-працэсуальную практыку. (Непасрэднай прычынай стварэння шэрагу часовых генерал-губернатарстваў і пашырэння ўлады існуючых генерал-губернатараў у 1879 г. у Расійскай Імперыі быў замах расійскіх народнікаў 2 (14) красавіка 1879 г. на царазабойства ў Санкт-Пецярбургу[4]).
Генерал-губернатару падпарадкоўвалася ўся грамадзянская і ваенная адміністрацыя. Яму таксама надавалася права ваеннага суду, арышту і высылкі з падкантрольных губерняў усіх нядобранадзейных і падазроных асоб; права кантролю над адукацыйнымі ўстановамі і права прыпынення дзейнасці часопісаў і газет; і г.д. У гарадах уводзіліся пасады акруговых назіральнікаў, засноўвалася конна-паліцэйская варта. У сувязі з нядобранадзейнай сітуацыяй на вёсцы ў штаты ўездных паліцэйскіх упраўленнняў дадаткова ўводзіліся пасады паліцэйскіх ураднікаў. Павялічвалася жалаванне паліцыі і корпусу жандараў.
Генерал-губернатарства было скасавана 5 (17) мая 1882 г. у сувязі са стабілізацыяй сітуацыі ў губернях.
Remove ads
Харкаўскае часовае генерал-губернатарства (1905—1906)
Існавала ў 1905—1906 гг. у сувязі з аб'яўленнем горада Харкава на ваенным становішчы ў час расійскай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Улада харкаўскага часовага генерал-губернатара распаўсюджвалася на горад Харкаў і Харкаўскі уезд (павет).
Неабходнасць стварэння часовага генерал-губернатарства была выклікана ростам грамадскай напружанасці ў час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў і верагоднасцю разбуральных выступленняў насельніцтва ў Харкаве і Харкаўскім уездзе (павеце).
Генерал-губернатару падпарадкоўваліся ўсе ваенныя і паліцэйскія сілы ў акрузе. Ён меў права ваеннага суду, арышту і высылкі нядобранадзейных асоб, спынення выдання і продажу газет і часопісаў, закрыцця друкарняў, знішчэння канфіскаваных друкаваных выданняў, закрыцця гандлёвых і прамысловых устаноў, абмежавання гандлю ў нядзельныя і святочныя дні, і інш.
На тэрыторыі Харкаўскай губерні мелася два часовыя генерал-губернатары — яшчэ адзін генерал-губернатар быў прызначаны ў горад Сумы: сумскаму часоваму генерал-губернатару падпарадкоўваліся паліцэйскія і ваенныя сілы ў Сумах і акрузе. Прычым кампетэнцыя гэтых двух часовых генерал-губернатараў у Харкаўскай губерні не размяжоўвалася, хоць на практыцы гэта не прывяло да нейкіх непаразуменняў паміж адказнымі асобамі.
Часовы генерал-губернатар не толькі займаўся захадамі супрацьдзеяння масавым беспарадкам, рэвалюцыйнаму тэрору і крымінальнай злачыннасці, але займаўся пытаннямі абароны парушаных асабістых і маёмасных правоў грамадзян, апекаваў ажыццяўленню каранцінных мерапрыемстваў і іншых неабходных мер з мэтай недапушчэння распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў на сваёй падкантрольнай тэрыторыі.
На пасаду харкаўскага часовага генерал-губернатара ў 1905 г. быў прызначаны тагачасны харкаўскі губернатар (1904—1906) Канстанцін Сакратавіч Старынкевіч, які быў 2 студзеня 1906 г. адсунуты з пасады часовага генерал-губернатара і харкаўскага губернатара, бо кіраванне Старынкевіча не было прызнана эфектыўным[5]. Замест Старынкевіча 3 студзеня 1906 г. быў прызначаны новы харкаўскі часовы генерал-губернатар — генерал-маёр Мікалай Мікалаевіч Пешкаў, які быў прызначаны паралельна і на пасаду харкаўскага губернатара[6].
Стварэнне часовага генерал-губернатарства ў перыяд пасля выдання ліберальнага «Маніфеста свабод» (17 кастрычніка 1905 г.) дэманстравала недахопы дзяржаўнага ладу Расійскай Імперыі і крызіс улады, калі судовыя функцыі перадаваліся надзвычайным ваенна-паліцэйскім органам (генерал-губернатарам), якія ўжывалі збройную сілу для вырашэння застарэлых і складаных унутраных праблем функцыянавання дзяржавы.
Remove ads
Спіс генерал-губернатараў
- 07.04.1879—14.02.1880 — граф Міхаіл Тарыэлавіч Ларыс-Мелікаў (1825—1888), генерал-ад'ютант, генерал ад кавалерыі
- 14.02.1880—13.01.1881 — князь Аляксандр Міхайлавіч Дандукоў-Корсакаў (1820—1893), генерал-ад'ютант, генерал ад кавалерыі
- 13.01.1881—08.05.1882 — князь Дзмітрый Іванавіч Святаполк-Мірскі (1825—1899), генерал ад інфантэрыі
- 1905—02.01.1906 — Канстанцін Сакратавіч Старынкевіч (1858—1906), генерал-маёр
- 03.01.1906—1906 — Мікалай Мікалаевіч Пешкаў (1857—пасля 1917), генерал-маёр
Гл. таксама
- Адэскае часовае генерал-губернатарства (1905—1908)
- Мікалаеўскае часовае генерал-губернатарства (1905—1908)
- Крэмянчуцкае часовае генерал-губернатарства (1905—1907)
- Феадасійскае часовае генерал-губернатарства (1905—1907)
- Юзаўскае часовае генерал-губернатарства (1906—1907) — ахоплівала Бахмуцкі, Марыупальскі, Славянасербскі паветы Кацярынаслаўскай губерні, горад Таганрог і Таганрогскую акругу, Вобласць Войска Данскога, а цэнтрам часовага генерал-губернатарства была Юзаўка (зараз горад Данецк)
- Беластоцкае часовае генерал-губернатарства (1905—1907)
Remove ads
Зноскі
- Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 54, аддз. 1, №59476.
- Тым жа ўказам былі створаны Санкт-Пецярбургскае часовае генерал-губернатарства і Адэскае часовае генерал-губернатарства, а таксама пашыраны правы маскоўскага генерал-губернатара, кіеўскага генерал-губернатара і варшаўскага генерал-губернатара.
- Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 54, аддз. 1, №59478.
- Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 54, аддз. 1, №59476.
- Танцюра, В.І. Історія Слобідської України... С. 186.
- Танцюра, В.І. Історія Слобідської України... С. 186.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads