Хаім Жытлоўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Хаім Жытлоўскі (ідыш: חײם זשיטלאָװסקי; у расійскай традыцыі: Хаим Осипович Житловский; 19 красавіка 1865[1], Ушачы, Віцебская губерня[2] — 6 мая 1943[1], Калгары, Альберта) — яўрэйскі сацыяліст, філосаф, грамадска-палітычны мысліцель, публіцыст[4][5][6].
Быў адным з заснавальнікаў і тэарэтыкам Саюза рускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў за мяжой і Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Расіі, а таксама ключавым ідэолагам ідышызму і яўрэйскага дыяспарнага нацыяналізму. Ён быў прыхільнікам мовы і культуры ідыш і быў віцэ-прэзідэнтам Чарнавіцкай канферэнцыі па мове ідыш 1908 года, якая абвясціла ідыш «нацыянальнай мовай яўрэйскага народа»
Брат Самуіла Жытлоўскага, якога рэкамендаваў для працы ў структурах БНР[7].
Remove ads
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся ў 1865 годзе ў мястэчку Ушачы, што ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Калі яму было пяць гадоў, яго бацькі пераехалі ў сталіцу губерні — Віцебск. Па маці паходзіў з рамеснікаў і купцоў, а па бацьку — з арыстакратычнай і добра адукаванай сям’і. Яго бацька, Іосіф, вучыўся на рабіна ў ешыве Валожына, але вырашыў стаць купцом, гандляваў лесам[8]. Нягледзячы на тое, што ён быў заўзятым любавіцкім хасідам, ён добра ведаў літаратуру Гаскалы і, як паведамляецца, часта чытаў сатырычныя казкі і вершы на ідышы і іўрыце на сямейных сустрэчах.
Бізнес Іосіфа Жытлоўскага квітнеў. Ён пераехаў у больш багаты, прэстыжны раён горада. Для Хаіма быў наняты рэпетытар рускай мовы, але ён працягваў вывучаць пачатковыя рэлігійныя веды ў хедары Неўзабаве Хаім пасябраваў са старшакласнікамі свайго раёна і пачаў чытаць рускую літаратуру.
На свой 13-ы дзень нараджэння Хаім пазнаёміўся са Шлоймам Рапапортам, які пазней стаў С. Анскім, вядомым аўтарам «Дыбука». Паміж Жытлоўскім і Анскім завязалася цёплае сяброўства на ўсё жыццё. Некаторы час яны выдавалі рукапісны (галаграфічны) часопіс пад назвай «Віцебскія званы».
Ранняя актыўнасць
Паступіўшы ў трэці клас віцебскай Александраўскай гімназіі ў 1879 годзе, Жытлоўскі ўступіў у кантакт з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі і на нейкі час стаў выступаць за асіміляцыю яўрэяў у рускую культуру. Ён пакінуў гімназію і ў 1881 годзе адправіўся ў Тулу, дзе бачыў у мясцовых асіміляваных яўрэяў ідэальнае асяроддзе для сваіх мэтаў. Але ў чэрвені 1883 года ў Тулу прыехала яго маці і пераканала вярнуцца на лета да сям’і і наведаць дзядзьку ў Ушачах. Па вяртанні ў Віцебск далучыўся да сіянісцкага руху, у сваім пакоі ён павесіў мапу Палясціны. Яго натхнялі ідэі яўрэйскіх калоній і яўрэйскага сялянства, але рэлігійны характар гэтага сіянізму яму не падабаўся[5]. У 1884 ён аб’яднаўся з невялікім колам нарадавольцаў у Віцебску, імкнуўся выдаваць газету для прапаганды «сваёй ідэі» — сінтэзу яўрэйскага нацыяналізму і сацыялізму. Спачатку яго бацька быў гатовы фінансаваць гэтую справу, але яго адгаварыў ад гэтага заўзяты сябар-сіяніст. [9]
У 1886 годзе ў цэнтральным камітэце «Народнай волі» адхілілі яго праект. Гэта быў цяжкі ўдар для маладога яўрэйскага рэвалюцыянера. Дзед суцяшаў яго спасылкамі на рэвалюцыйны характар прарокаў і вялікіх яўрэйскіх інтэлектуалаў пазнейшых часоў. Гэта абудзіла цікавасць Жытлоўскага да яўрэйскай гісторыі, ён перабраўся ў Санкт-Пецярбург, каб больш глыбака яе вывучаць. Неўзабаве усталяваў кантакт з пецярбургскай групай «Народнай волі».
Яго першая праца, трактат на рускай мове пад назвай «Думкі аб гістарычным лёсе яўрэйскага народа», была апублікавана ў Маскве ў 1887 годзе, калі яму было дваццаць два гады (незадоўга да гэтага ён быў высланы паліцыяй з Санкт-Пецярбурга). Ліберальная расійская прэса з энтузіязмам сустрэла і цёпла адгукнулася на яго ідэі, але не была ўхвалена яўрэйскімі крытыкамі (у тым ліку, рэзка негатыўную рэцэнзію напісаў Сямён Дубноў).
Жытлоўскі ненадоўга вярнуўся ў Віцебск, адтуль адправіўся ў Галіцыю, дзе было значна лягчэй прапаведаваць сацыялістычныя вучэнні сярод яўрэйскіх мас. Пазнаёміўся з групай яўрэйскіх рэвалюцыянераў з Цюрыха, якія займаліся распаўсюджваннем радыкальнай літаратуры на ідышы.
У 1888 годзе ён адправіўся ў Берлін і аднавіў вывучэнне яўрэйскай гісторыі, марксізму і філасофіі. Ён быў выгнаны з Германіі паводле антысацыялістычнага закона і пераехаў у Цюрых. Ён адразу ж пачаў актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці, заснаваўшы беспартыйнае «Verein für Wissenschaft und Leben des Jüdischen Volkes» (Асацыяцыя навукі і жыцця яўрэйскага народа) з мэтай прапаганды нацыяналізму і сацыялізму сярод яўрэйскіх мас. Пераехаў вучыцца ў Берн, дзе ў 1892 годзе атрымаў доктарскую ступень. Тут ён таксама заснаваў арганізацыю, падобную да той, што была ў Цюрыху.[9]
Калі ў 1891 годзе ў Расіі пачаўся голад, ён разам з Чарльзам Рапапортам заснаваў беспартыйную арганізацыю для дапамогі пацярпелым. Праца была няўдалай з-за палітычных рознагалоссяў паміж членамі.
Лонданская газета «Freie Welt» («Вольны свет») апублікавала яго пераклад двух рэвалюцыйных вершаў. У 1892 годзе Лонданскі фонд рэвалюцыйных публікацый надрукаваў яго рускамоўную кніжку «Яўрэй да яўрэяў» пад псеўданімам І. Хісін. Для Жытлоўскага капіталізм азначаў канец яўрэйскай народнасці, і досвед яўрэяў на Захадзе (які атаясамліваўся з асіміляцыяй) быў найлепшым доказам гэтага эфекту. Жытлоўскі сцвярджаў, што калі яўрэі ў Расійскай імперыі дасягнуць роўнасці ў канстытуцыйнай дэмакратыі, яны захліснуць сярэдні клас, прыняўшы рускую і польскую культуры, і тым самым толькі паспрыяюць антысемітызму. Такім чынам, адзіны шлях да нацыянальнага выратавання ляжаў у радыкальнай сацыяльнай і палітычнай рэвалюцыі. Пасля сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі яўрэі маглі засяліць зямлю і патрабаваць тых жа правоў на мову, культуру і палітычнае прадстаўніцтва, што і іншыя народы ў новай рэвалюцыйнай дзяржаве[10]. Ад ідэй аўтанамізму, якія на пяць гадоў раней сфармуляваў Дубноў, погляды Жытлоўскага вырозніваліся рэзкай сацыялістычнай і рэвалюцыйнай скіраванасцю[6].
Бліжэй да другой паловы 1893 года Жытлоўскі, які ўжо быў доктарам філасофіі, пры дапамозе С-Анскага, М. Розенбаўма і некалькіх іншых рускіх радыкалаў заснаваў Федэрацыю рускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў за мяжой, з якой пазней развілася Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Група выступала супраць дагматычнага марксізму. Газета «Рускі рабочы», якая выходзіла пад рэдакцыяй Жытлоўскага і Рапапорта, распаўсюджвала прапаганду сярод мас. У 1898 годзе «Вербэнд» апублікаваў тэарэтычную працу Жытлоўскага «Сацыялізм і барацьба за палітычную свабоду», напісаную пад псеўданімам Грэгаровіч. У гэтай працы ён спрабаваў сінтэзаваць тры асноўныя плыні рускага рэвалюцыйнага руху.
У 1896 годзе арганізаваў Групу яўрэйскіх сацыялістаў за мяжой, мэтай якой была публікацыя рэвалюцыйнай прапагандысцкай літаратуры на ідыш, пачынаючы з «Маніфеста Камуністычнай партыі» . Для гэтай рэвалюцыйнай бібліятэкі Жытлоўскі напісаў прадмову пад назвай «Ідыш — чаму?». Бунд, які апублікаваў брашуру, [11] палічыў, што прадмова Жытлоўскага была недастаткова рэвалюцыйнай і занадта нацыяналістычнай, бо аўтар выказаў перакананне, што адраджэнне мовы і літаратуры на ідыш прывядзе да нацыянальнага і сацыяльнага абуджэння яўрэйскага народа.
Жытлоўскі прысутнічаў на Першым сіянісцкім кангрэсе ў Базелі ў 1897 годзе. Быў супраць стварэння сіянісцкай партыі і верыў у неабходнасць стварэння Лігі за яўрэйскую каланізацыю, лігі, якая б спадабалася ўсім, хто выступаў супраць палітычнага сіянізму Тэадора Герцля. На наступны дзень пасля кангрэса Жытлоўскі выступіў перад дэлегатамі і гасцямі на тэму ідыш і мэтаў выдавецтва на ідыш «Zeit Geist», заснаванага групай яўрэйскіх інтэлектуалаў і рэвалюцыянераў. У гэтай прамове былі ўпершыню закладзены асновы ідышызму, які пасля глыбока ўкараніўся ва Усходняй Еўропе і Амерыцы. Ён усталяваў цесныя адносіны з Бундам, які апублікаваў яго брашуру «Сіянізм ці сацыялізм?» у 1898 годзе.[9] У гэтай публікацыі сцвярджаў, што натуральнае развіццё педагогікі на ідышы прывядзе да стварэння поўнай адукацыйнай сеткі, якая ўключае сярэднія школы і, у рэшце рэшт, універсітэты на гэтай мове. «Калі тры мільёны швейцарцаў могуць утрымліваць дзесяць універсітэтаў, — пісаў ён, — то сем-восем мільёнаў яўрэяў, якія размаўляюць на ідышы, безумоўна, могуць утрымліваць дваццаць пяць». Жытлоўскі сцвярджаў, што магчымасць паглыбленага вывучэння на ідышы прыцягне яўрэйскую моладзь і звяжа яе з яўрэйскім народам, каб у іх не было спакусы звярнуцца да еўрапейскіх крыніц, каб задаволіць свае адукацыйныя патрэбы. Такім чынам, маладое пакаленне атрымае карысць ад прадуктаў навукі на ідышы і прасякнецца яўрэйскай нацыянальнай свядомасцю[12].
У 1900 годзе Жытлоўскі і Джон Эдэльгейм заснавалі Deutscher Academischer Soziale Wissenschafte (Нямецкая акадэмія сацыяльных навук). Яны таксама перахапілі кантроль над часопісам Sozialistische Monatshefte (Сацыялістычны штомесячнік). Падарожнічаў па важных еўрапейскіх цэнтрах, усталёўваючы сувязі з рэвалюцыйнымі лідарамі Англіі, Францыі і Германіі. «Нямецкі акадэмічны часопіс» існаваў некалькі гадоў. Ён часта падвяргаўся крытыцы з боку прававерных марксістаў з-за «рэвізіянісцкіх» прац, якія ён публікаваў.
Тэрытарыялізм

Справа налева: Гірш Давід Номберг, Хаім Жытлоўскі, Шолем Аш, Ісак Лейб Перэтц, Абрам Рэйзен<
Пасля кішынёўскага пагрому 1903 года Жытлоўскі звярнуўся да тэрытарыяльнага руху. Ён выступіў з ідэяй стварэння яўрэйскага сейма (парламента). Па яго ініцыятыве група радыкальных нацыяналістаў і сіяністаў арганізавала яўрэйскую сацыялістычную рабочую партыю (звычайна званую сеймісцкай партыяй), якая дзейнічала і на тэрыторыі Беларусі. У 1904 годзе Жытлоўскі быў дэлегатам на Міжнародным сацыялістычным кангрэсе ў Амстэрдаме, і яго барацьба за тое, каб Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў мела прадстаўніка ў Міжнародным сацыялістычным бюро, скончылася перамогай.
Калі была заснавана першая ў Расіі штодзённая газета на ідышы «Фрайнд», Жытлоўскі пад псеўданімам Н. Гайдараў апублікаваў серыю артыкулаў пад назвай «Яўрэйскі народ і мова ідыш».
У 1904 годзе Жытлоўскі і Брэшкоўская былі накіраваны Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Амерыку для збору сродкаў для партыі і прапаганды яе ідэй.
З дазволу партыі ён чытаў лекцыі па розных яўрэйскіх пытаннях падчас свайго знаходжання ў Амерыцы. У той час яўрэйская радыкальная інтэлігенцыя ў Амерыцы знаходзілася пад уплывам сацыялістычнага касмапалітызму, які не ставіўся з сімпатыяй да яўрэйскіх нацыянальных праблем, а таксама да мовы і культуры ідыш. Калі Жытлоўскі ў серыі лекцый адзначыў, што няма супярэчнасці паміж прагрэсіўным нацыяналізмам і сацыялістычным ідэалам, ён сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй. Аднак вельмі хутка многія з яго былых праціўнікаў ператварыліся ў яго самых заўзятых прыхільнікаў.
Пасля двухгадовага знаходжання ў Амерыцы ён вярнуўся ў Еўропу. Некаторы час правёў у Галіцыі, а потым адправіўся ў Расію, дзе ад Віцебскай губерні быў абраны дэпутатам на выбарах у Думу ў 1906 годзе. Урад адмовіўся дазволіць яму заняць сваё месца пасля абрання. Сенат адмяніў гэтае рашэнне занадта позна, бо цар распусціў Думу ўсяго праз 73 дні сесіі.
Жытлоўскі правёў 1907 год у Фінляндыі. З дапамогай Рыгора Гершуні ён актыўна займаўся прапагандай сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Склікаў з’езд сацыялістычных фракцый, якія больш схіляліся да ідэалогіі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, на якім прысутнічала прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады[4]. Гэты з’езд прыняў некалькі яго рэзалюцый, якія ўзмацнілі ўплыў сеймістаў (парламентарыяў). У тым жа годзе сацыялісты-рэвалюцыянеры і сеймісты накіравалі яго сваім дэлегатам на Міжнародны сацыялістычны кангрэс у Штутгарце. Там ён змагаўся за правы гэтых дзвюх партый у Міжнародным сацыялістычным бюро.
У 1908 годзе быў накіраваны ў Амерыку эсэрамі і сеймістамі, і пасяліўся ў Нью-Ёрку. З дапамогай сваіх прыхільнікаў сярод радыкальных яўрэйскіх інтэлектуалаў, Жытлоўскі заснаваў выдавецтва, якое выпускала новы штомесячнік «Dos Naye Leben» («Новае жыццё»). Пад яго рэдакцыяй часопіс аказаў вялікі ўплыў на культуру ідыш[13], у тым ліку на развіццё свабоднай сацыялістычнай думкі, і стаў органам сучаснай літаратуры на ідыш; на працягу шасці гадоў свайго існавання (да 1914 года) «Dos Naye Leben» быў духоўным домам многіх яўрэйскіх публіцыстаў і навукоўцаў.[14]
Жытлоўскі вярнуўся ў Еўропу ў 1908 годзе, дзе прыняў удзел у Чарнавіцкай канферэнцыі па мове ідыш. Пад кіраўніцтвам яе арганізатараў, Жытлоўскага, Ісака Лейба Перэса і Натана Бірнбаўма, канферэнцыя ўпершыню абвясціла ідыш «нацыянальнай мовай яўрэйскага народа». абмеркаваць спосабы павышэння статусу ідыша і садзейнічання яго развіццю. Першая канферэнцыя па мове ідыш заклікала да стварэння цэнтральнага органа, які спрыяў бы развіццю культуры на ідыш, падтрымліваючы выдавецкую дзейнасць, адукацыю і мастацкія пачынанні на гэтай мове. Дэлегаты канферэнцыі зразумелі, што, як абаронцы народнай мовы безграмадзянскага народа, нацыяналісты дыяспары мелі мала фінансавых або арганізацыйных рэсурсаў, на якія маглі б абапірацца. Яны лічылі, што для дасягнення сваіх мэтаў ім патрэбна інстытуцыйная база, якая забяспечвала б пастаянную падтрымку культурнай дзейнасці на ідышы.32 Аднак у дыскусіях дамінавалі тэарэтычныя спрэчкі аб статусе ідыша як «адзінай» ці «яшчэ адной» нацыянальнай мовы яўрэйскага народа. Удзельнікі завяршылі свае сустрэчы з невялікай колькасцю канкрэтных планаў і не змаглі стварыць пастаянную арганізацыю[12].
Адукацыя на ідышы
Пасля канферэнцыі Жытлоўскі вярнуўся ў Злучаныя Штаты, каб працягнуць сваю дзейнасць па арганізацыі свецкай адукацыі на ідыш.[9]

У часопісе «Dos Naye Leben» (1908-1913) , мэтай якога было спрыяць адукацыйнаму развіццю на ідышы[15] ставіў пытанне аб стварэнні свецкіх школ на ідышы ў Амерыцы.
У 1910 годзе на з’ездзе партыі Паалей-Цыён у Манрэалі (Канада) гэтае пытанне было пастаўлена ім на парадак дня, і адразу ж было абвешчана аб адкрыцці такога тыпу школы. Першая народная школа (фольксхула) у Нью-Ёрку была адкрыта 10 снежня 1910 года па адрасе Мэдысан-стрыт, 143, і Жытлоўскі прыняў актыўны ўдзел у развіцці школы.
Яго ўплыў быў таксама вельмі значным у стварэнні, праз некалькі гадоў, яўрэйскіх свецкіх школ Рабочага гуртка, нягледзячы на супраціўленне Эйба Кагана, рэдактара The Jewish Daily Forward, які выступаў за асіміляцыю яўрэйскіх рабочых у агульны працоўны клас.
Пазнейшыя гады
У 1912 годзе тысячы паслядоўнікаў Жытлоўскага адзначылі 25-годдзе яго літаратурнай дзейнасці. У сувязі з гэтай гадавінай былі апублікаваныя чатыры тамы яго сабраных твораў, а неўзабаве — яшчэ два.
У 1913 годзе выданне «Dos Naye Leben» спынілася, і Жытлоўскі здзейсніў лекцыйную паездку па яўрэйскіх студэнцкіх калоніях у важных акадэмічных цэнтрах Францыі, Бельгіі, Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. Ён таксама наведаў Палесціну, каб вывучыць магчымасці шырокамаштабнай яўрэйскай каланізацыі.
Вярнуўся ў Амерыку з пачаткам Першай сусветнай вайны. Да таго часу ён працаваў аўтарам газеты «Warheit» («Праўда»), якую рэдагаваў Л. А. Мілер. Цяпер ён далучыўся да супрацоўнікаў нядаўна арганізаванай газеты «Day». Ён выступаў за нейтралітэт Амерыкі і змагаўся супраць пранямецкіх настрояў простых людзей і прэсы на ідышы.
Жытлоўскі таксама далучыўся да руху за скліканне яўрэйскага кангрэса, і калі ён быў скліканы, ён адыграў важную ролю ў яго абмеркаваннях. Адначасова ён працягваў публікаваць свае трактаты па філасофіі і сацыялогіі ў часопісе на ідышы «Zukunft» («Будучыня») .
У 1920 годзе пачалося выданне «Die Zeit» («Час»), штодзённай газеты партыі «Поалей-Цыён», да якой Жытлоўскі далучыўся некалькі гадоў таму, і стаў адным з яе галоўных аўтараў. Калі выданне спынілася ў 1921 годзе, Жытлоўскі стаў аўтарам «Der Tog» («Дзень»).
У 1922 годзе Жытлоўскі і Шмуэль Нігер аднавілі выданне часопіса «Dos Naye Leben» . Яго пункт гледжання застаўся нязменным. У 1923 годзе, калі часопіс спыніў сваё існаванне, Жытлоўскі вярнуўся ў Еўропу, каб завяршыць працу «Духоўная барацьба яўрэйскага народа за свабоду» . У перыяд з 1924 па 1925 год ён наведаў Палесціну і падарожнічаў па яўрэйскіх цэнтрах у Польшчы, Літве і Латвіі.

Сядзяць (злева направа): Джозэф Вайнберг, доктар Хаім Жытлоўскі, Барух Чарні Уладэк і Фіярэла ЛаГуардыя.
Стаяць: Джозэф Баскін, Дэвід Дубінскі, суддзя Джэйкаб Панкен і суддзя Чарльз Саламон.
Па яго ініцыятыве, а таксама па ініцыятыве С. Элсберга, у верасні 1929 года было заснавана Таварыства культуры ідыш. Мэтай арганізацыі было аб’яднаць усіх прыхільнікаў ідыш, каб даць ім магчымасць сумесна працаваць дзеля развіцця ідыш, школы ідыш і культуры ідыш у цэлым. Ён таксама быў адным з рэдактараў штотыднёвіка «Ідыш», які выдаваўся Таварыствам культуры ідыш.
Калі Яўрэйска-амерыканскі кангрэс вырашыў аднавіць дзейнасць на дэмакратычнай аснове, Жытлоўскі адразу ж далучыўся да яго працы. Ён быў адным з лідараў Рабочага блока і падтрымаў скліканне Сусветнага яўрэйскага кангрэса.
У 1936 г. Жытлоўскі пад уплывам перамогі нацыстаў у Германіі заняў дружалюбную пазіцыю ў адносінах да Савецкага Саюза, а ў яўрэйскіх паселішчах у Бірабіджане ўбачыў увасабленне сваёй ідэі свабоды нацыянальнага развіцця ў шматнацыянальнай сацыялістычнай дзяржаве. Жытлоўскі нават знаходзіў апраўданне маскоўскім судовым працэсам 1936–38 гг., чым адштурхнуў ад сябе многіх сяброў. Але канчаткова Жытлоўскі паставіў сябе ў становішча поўнай ізаляцыі заявамі аб тым, што нацысцкія «аншлюсы» - адплата за штучны падзел межамі адзінага нацыянальнага арганізма, а акцыі супраць габрэяў - помста за іх «паразітызм», за нежаданне займацца сельскай гаспадаркай. Гэтыя выказванні Жытлоўскага былі ахвотна падхоплены нацысцкай прапагандай[6].
Смерць
Жытлоўскі памёр у Калгары, Канада, 6 мая 1943 года падчас лекцыйнай паездкі. Яго пахаванне адбылося ў Манхэтэн-цэнтры на 34-й вуліцы ў Нью-Ёрку.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
