Шабля

From Wikipedia, the free encyclopedia

Шабля
Remove ads

Шабля — халодная зброя, якая складаецца з выгнутага металічнага клінка з лязом на выпуклым боку і рукаяці. Як правіла, з адной завостранай часткай ці з палутарнай заточкай. Сярэдняя даўжыня — 80—110 см. Шаблі ў розных варыяцыях былі шырока пашыраны ва Усходняй Еўропе і Азіі ў перыяд з IX па XX стст. як асноўная зброя (пераважна кавалерыі). У Заходняй Еўропе распаўсюдзілася толькі ў XIV—XIX стст. Праз змену на палях баёў, шабля выціснула меч і іншыя віды халоднай зброі.

Thumb
Французская шабля XIX ст.
Remove ads

Этымалогія

Слова «шабля» паходзіць з венгерскай мовы (венг.: szablya ад szabni — «рэзаць»)[1].

Імаверным з’яўляецца венгерскае паходжанне слова «шабля» ў польскай (польск.: szabla) і нямецкай (ням.: Säbel) мовах, адкуль яно пайшло ў французскую і англійскую мовы ў выглядзе слова sabre.

Іншая гіпотэза тлумачыць паходжанне гэтага слова ў венгерскай мове ад рэканструяванага дыялектнага цюркскага слова *seble/*sebele «шабля» з метатэзай ад зычных ранняга слова *selebe (каз.: селебе), якое бярэ пачатак ад тунгуса-маньчжурскага слова *seleme «клінок, жалезны» < *sele «жалеза» + *-me «суфікс прыметніка», замена галосных старажытнавенгерскага *szeble магчымы ўплыў дзеяслова szab- «краіць»[праясніць].

Remove ads

Будова

Thumb
Канструкцыя шаблі
Больш інфармацыі А. Эфес, B. Клінок ...


Гісторыя

Позняе Сярэднявечча

Thumb
Шаблі на мініяцюры ў Радзівілаўскім летапісе. XV ст.
Thumb
Усходнееўрапейская шабля. XII ст.

Шаблі з’явіліся ў VII ст. у цюрак. У VIII ст. распаўсюдзіліся на Далёкім Усходзе, у X ст. з’явіліся на Русі, у XI—XII стст. — у ісламскіх краінах, у XIII ст. трапілі ў Індыю, у XV—XVI стст. — у Заходнюю Еўропу.

З канца XV — пачатку XVI стст. вытворчасць шабляў у арабскім свеце дасягнула ўзроўню, дастатковага для ўплыву на Усходнюю Еўропу, дзе існаваў попыт на імпартныя «ўсходнія» шаблі. Кылыч турэцкага тыпу адрозніваўся ад астатніх шабель масіўнымі клінкамі даўжынёй 88—93 см з ялманню, пры агульнай даўжыні шаблі 96—106 см. Вага такіх шабель дасягала 2,6 кг. Эфес мог дасягаць 22 см. Рукаяць звычайна была зроблена з гранёнай драўлянай трубкі, якая надзявалася на рукаяць з булавешкай. Пазней наверша рукаяці сталі рабіць з ухілам у бок ляза. Шаблі з параўнальна вузкім клінком без ялмані, якія часткова адносіліся да шамшыраў іранскага тыпу, а часткова, магчыма, да захаваўшыхся элементаў шабель часоў ардынскага дамінавання на палях баёў, мелі агульную даўжыню 92—100 см пры даўжыні клінка 80—86 см і шырыні ля пяты 3,4—3,7 см[2].

Усходнееўрапейскія шаблі таксама каваліся пад азіяцкім уплывам. Аднак з другой паловы XVI ст. у Венгрыі і Польшчы пачалося развіццё рукаяці. У XVII ст. з венгерска-польскіх шабель вылучылася гусарская шабля з закрытым эфесам: з боку ляза да канца перакрыжавання да булавешкі знаходзілася пальцавая дужка, якая абараняла руку; гэта скаба магла быць не злучана з навершам рукаяці. На перакрыжаванні дабаўлялася кольца для вялікага пальца, якое дазваляла хутка мяняць напрамак удару[3].

На тэрыторыі Рэчы Паспалітай шабля польска-венгерскага тыпу з’явілася ў часы кіравання Стафана Баторыя.

У XVII ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і краін-суседак вылучаюцца імпартныя шаблі і шаблі мясцовай вытворчасці. Мясцовыя, як правіла, каваліся пад замежным уплывам. Вылучаюцца: літоўскі, турскі, венгерскі, чаркаскі выраб, на кызылбаскую, нямецкую, а таксама маскоўскую коўку[4].

У XVI—XVII стст. фармаваліся прыёмы шабельнага фехтавання. Паспяховай была польская школа фехтавання (польск.: sztuka krzyzowa), якая складалася з некалькіх відаў сякучых удараў і парыравання. У Рэчы Паспалітай шабля была пераважна шляхецкай зброяй, якая выкарыстоўвалася больш у пяхотным баі, чым у конным[5]. Шаблі з’яўляліся асноўнай доўгаклінковай зброяй казакоў.

У краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы шаблі атрымалі распаўсюд з другой паловы XVI ст., хаця ўпершыню трапілі туды ў XIV—XV стст. Спачатку распаўсюд быў не шырокі. На ўзбраенні пяхоты, сярод ландскнехтаў, стаяла двуручная шабля грос-месер, якая з’явілася з XV ст. у Венгрыі, і выкарыстоўвалася пераважна ў школах фехтавання дзюсак. Пачынаючы з другой паловы XIV — першай паловы XV стст. і да XVII ст. выкарыстоўваліся масіўныя шаблі-цесакі, якія, магчыма, вылучыліся з фальшыёнаў пад усходнім уплывам — картэлас (італ.: cortelas, coltelaccio, ням.: kordelatsch, kordalätsch), малкус (італ.: malchus), сторта (італ.: storta), бадэлер (фр.: badelaire), кракемарт (фр.: craquemarts). У XVI—XVII стст. мела распаўсюд скарочаная «паўсабля» і падобная на абардажную — хенгер (англ.: hanger). На працягу XVII ст. у гэтых краінах атрымала шырокі распаўсюд прамая клінковая зброя — шпага, а шаблі атрымалі шырокі распаўсюд толькі ў XVIII—XIX стст.[6]

Новы час

У XVII—XVIII стст., пад усходнееўрапейскім уплывам, шаблі атрымалі распаўсюд на тэрыторыі ўсёй Еўропы. У асноўным яны паходзілі ад польска-венгерскіх шабель і з’яўляліся пераважна зброяй кавалерыстаў[7].

У Расіі каля 1700 г. Пётр I на ўзбраенне расійскай арміі прыняў шаблю заходняга ўзору. Першапачаткова шабля трапіла на ўзбраенне драгун. З цягам часу некаторыя пяхотныя падраздзяленні рускай арміі атрымалі шаблі заходніх узораў[8].

Падчас Егіпецкага паходу Напалеона ў 1798—1801 гг. французы перанялі шаблі мамлюкскага тыпу, пасля чаго, пад уплывам французскай моды, шаблі гэтага тыпу атрымалі распаўсюджанне па Еўропе. Прыблізна з гэтага часу на ўзбраенні асобных радоў і відаў войск пачалі з’яўляцца варыяцыі шабель паводле віду і вагі[7].

У еўрапейскіх арміях Новага часу шаблі мелі клінкі сярэдняй крывізны (45—65 мм), эфесы з грувасткімі гардамі ў выглядзе 1—3 скоб ці чашападобныя. Агульная даўжыня складала 1100 мм, даўжыня клінка 900 мм, а вага без ножан да 1100 г, маса з металічнымі ножнамі павялічвалася да 2300 г. У канцы XIX ст. крывізна змяншаецца да 35—40 мм, што пашырае функцыянал шаблі з рубячай да рубяча-колючай зброі.

У тым ці іншым выглядзе шабля выкарыстоўвалася ў войнах да канца 1940-х гг[9]. На сённяшні дзень гэта пераважна цырыманіяльная зброя.

Remove ads

Тэхналогія вырабу

Першыя шаблі былі атрыбутам воінаў з прывілеяванага асяродку і, як правіла, інкрусціраваліся золатам і срэбрам. Клінкі кавалі па складаным шматслойным тэхналогіям, характэрным для дарагіх мячоў, сутнасцю якіх была зварка жалезных і стальных пласцін. У XII—XIII стст. шаблі атрымліваюць шырокі распаўсюд, што адбылося адначасова і са спрашчэннем тэхналогіі вытворчасці. З гэтага часу большасць клінкоў рабілася шляхам наваркі стальнога ляза ці цэментацыяй суцэльнажалезнай паласы[10]. З XII ст. шаблі ісламскіх краін рабіліся з навугляроджаных нарыхтовак, якія ў выніку асаблівай шматразовай закалкі атрымлівалі ідэальнае спалучэнне глейкасці і цвёрдасці, а край ляза атрымліваўся асабліва цвёрдым[11].

З другой паловы XVI ст. у Еўропе, а з сярэдзіны XVII ст. і на тэрыторыі Усходняй Еўропы, пачалі рабіць шаблі з перадзельнай сталі.

Рукаяць складалася з дзвюх драўляных ці касцяных накладак, якія фіксіраваліся заклёпкамі. Існавала рукаяць суцэльная з адтулінай для ўсталявання на хвосцік. Спераду, паміж плечыкамі клінка і рукаяццю, было зафіксавана металічнае перакрыжаванне, якое абараняла руку. На далёкаўсходніх шаблях гардай было не перакрыжаванне, а цуба. З цягам часу еўрапейскія гарды ўскладняліся.

Remove ads

Ножны

Шабельныя ножны былі драўляныя, абцягнутыя скурай, аксамітам і саф’янам. У XIX—XX стст. пачынаюць вырабляць металічныя ножны, час ад часу з аксідаванай сталі, з храмаваннем ці нікеляваннем звонку.

Віды

  • Шамшыр
  • Польска-венгерская шабля
  • Гусарская шабля
  • Грос-месер
  • Карабеля
  • Касцюшоўка
  • Дзюсак
  • Абардажная шабля
  • Шабля мамлюкскага тыпу
  • Афганская шабля
  • Тальвар
  • Гадарэ
  • Кылыч ці кіліч
  • Армянская шабля

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads