Язэп Якаўлевіч Варонка

беларускі палітычны дзеяч From Wikipedia, the free encyclopedia

Язэп Якаўлевіч Варонка
Remove ads

Язэ́п Варо́нка, таксама Іо́сіф Я́каўлевіч Варо́нка (16 красавіка 1891, Кузніца, Сакольскі павет4 ліпеня 1952, Чыкага, ЗША) — беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі.

Хуткія факты Язэп Якаўлевіч Варонка, Старшыня Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда ...
Remove ads

Біяграфія

Thumb
Язэп Варонка ў студэнцкія часы, 1910—1914 гг.

Нарадзіўся ў вёсцы Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы) у праваслаўнай сям’і[1]. Быў вольным слухачом юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, выключаны праз нясплату за навучанне (1914). Удзельнічаў у другім «Усерасійскім студэнцкім зборніку» (1911). Быў супрацоўнікам пецярбургскай газеты «Воскресная вечерняя газета» (бел.: Нядзельная вячэрняя газета), часопісаў «Зритель» (бел.: Глядач), «Театральное обозрение» (бел.: Тэатральны агляд), быў сакратаром рэдакцыі газеты «Столичные вести» (бел.: Сталічныя весткі). Свае вершы ў рускамоўных выданнях падпісваў псеўданімам Юрий Вегов.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрвеня 1917 член яе ЦК. Прадстаўляў беларускія арганізацыі ў Асобай нарадзе для выпрацоўкі палажэння аб выбарах ва Усерасійскі Устаноўчы сход, удзельнічаў у рабоце Дзяржаўнай нарады (жнівень 1917, Масква). У прамове на Усерасійскай дэмакратычнай нарадзе (верасень 1917, Петраград) ад імя Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Расійскай рэспублікі (Перадпарламента).

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На II сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (кастрычнік 1917, Мінск) падтрымаў прапановы аб увядзенні аўтаноміі Беларусі явачным парадкам; выбраны камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Дэлегат Усебеларускага з’езда ад Беларускага выканаўчага камітэта Петраградскага гарнізона[2], па разгоне старшыня Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда.

Thumb
Уліковая картка літоўскага пашпарта Язэпа Варонкі. 1920

У лютым — ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У красавіку 1918 года разам з іншымі актывістамі Рады БНР падпісаў тэлеграму кайзеру Вільгельму II з падзякай «за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі ад цяжкага прыгнёту, гвалту і анархіі». Па распадзе Беларускай сацыялістычнай грамады быў адным з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Рэдагаваў часопіс «Варта».

Ад Віленскай беларускай рады 27 лістапада 1918 года высунуты кандыдатам у сябры літоўскага ўрада пры Літоўскай Тарыбе[3]. У снежні 1918 — красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, неўзабаве практычна адышоў ад падтрымкі інтарэсаў Беларускай Народнай Рэспублікі, узяўшы за мэту стварэнне беларускай аўтаноміі ў складзе Літоўскай Рэспублікі[4][5]. З вясны 1921 года старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, з лістапада 1922 года старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 з’ехаў у ЗША, жыў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету «Белорусская трибуна» (бел.: Беларуская трыбуна), вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. У 1932 годзе ажаніўся з Марыяй Пятроўскай.

Пахаваны на могілках Элмвуд[en] у Рывер-Гроўв[en], прыгарадзе Чыкага, побач з ім пахаваная жонка Марыя (1902—1991)[6].

Remove ads

Выдавецкая дзейнасць, публіцыстыка

Thumb
Выдадзены Я. Варонкам плакат «Люты 16: 1918—1922», прысвечаны 4 угодкам акту аднаўлення незалежнасці Літвы (Коўна, 1922)
Thumb
Язэп Варонка, «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд» (1920)

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Быў рэдактарам газеты «Беларускі народ». Адначасова рэдактар беларускага часопіса «Часопісь» (Коўна, 1919—1920) і рэдактар-выдавец рускамоўнай штодзённай газеты «Вольная Литва» (бел.: Вольная Літва) (чэрвень 1921 — люты 1922, з перапынкамі) і яе дадатку — часопіса «Зеркало» (бел.: Люстэрка) (1921).

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк» (бел.: Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс) (Коўна, 1919), «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд. 2 выд.» (Коўна, 1920), «Gudų klausimas».

У гісторыка-публіцыстычных працах абагульняў асноўныя факты з гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў гады рэвалюцыі ў Расіі і грамадзянскай вайны, аналізаваў тагачаснае палітычнае становішча. Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. У яго інтэрпрэтацыі Першы Усебеларускі з’езд — гэта Устаноўчы з’езд, які ўвёў у межах Беларусі рэспубліканскі лад, замацаваў права народа на зямлю і інш. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся». Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх бясчынствы ў дачыненні да мясцовага насельніцтва.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads