Беларуская служба Радыё «Свабода»

From Wikipedia, the free encyclopedia

Беларуская служба Радыё «Свабода»
Remove ads

Беларуская служба Радыё «Свабода» — беларускамоўнае падраздзяленне Радыё «Свабода», якое вяшчае з-за меж Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода — Свабодная Еўропа і фінансуецца з ЗША. Кіраўнік — Аляксандр Лукашук.

Хуткія факты Беларуская служба Радыё «Свабода», Дата пачатку вяшчання ...
Remove ads

Гісторыя

Радыё «Свабода» заснавана пад назвай Радыё «Вызваленне» ў Мюнхене ў 1953 годзе ва ўмовах «халоднай вайны» для вядзення прапаганды супраць СССР. У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 мая 1954 года. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі[1].

З 19 сакавіка 1956 года праграмы былі падоўжаныя да 20 хвілін і перасылаюцца цяпер 18 разоў на суткі. Кожная беларуская радыёперадача пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». Беларуская Рэдакцыя Радыё «Вызваленне» гаварыла аб мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР[2].

Асноўнымі кірункамі радыёперадач «Свабоды» былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР і Беларусі, у тым ліку парушэнні правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.

Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 годзе штаб-кватэра «Свабоды» перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі. Пашырыўся і абнавіўся штат рэдакцыі.

Беларуская служба Радыё «Свабода» цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз інтэрнэт, сайт Радыё «Свабода» карыстаецца тарашкевіцай[3]. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і іншых праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Журналісты «Свабоды» арыентаваныя на заходнія ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.

З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі[4], а з 2004 — і кампакт‑дыскі[5].

У 2006 годзе Беларуская служба Радыё «Свабода» атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навін сярод 20 рэдакцый Радыё «Свабодная Еўропа», а ў 2007 — за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё «Свабодная Еўропа»[6].

30 красавіка 2019 года Радыё «Свабода» пасля амаль 65 гадоў штодзённага эфіру пакінула радыёхвалі. З хваль радыёэфіру служба пераключылася на іншыя каналы перадачы аўдыясігналу. Надалей яе можна слухаць у сусветным сеціве — і ў патокавым вяшчанні, і на падкаставых платформах — а таксама праз спадарожнік[7].

Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Наталля Арсеннева[8], Галіна Айзенштат, Валянцін Жданко, Юры Дракахруст, Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Данчык, Валянціна Аксак і іншыя.

Remove ads

Забароны

Са жніўня 2020 года па загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ на сайт Радыё «Свабода» ў краіне абмежаваны за асвятленне рэсурсам пратэстаў у Беларусі[9][10].

На пачатку снежня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і аналагі ў сацсетках і YouTube[11]. 23 снежня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Беларускую службу Радыё «Свабода» экстрэмісцкім фарміраваннем[12]. Стварэнне такога фарміравання або ўдзел у ім з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам[13].

Remove ads

Узнагароды

  • Творчы конкурс БАЖ «Вольнае слова»:
    • 2025 — Віталь Цыганкоў — у намінацыі «Аналітычныя жанры» ("Відэа") за «Непазбежны прэзідэнт» («1994 год — чаканая катастрофа»), складзены па выніках цыкла інтэрв’ю «Сведкі Лукашэнкі»[14].
    • 2025 — Ганна Соўсь (аўтарка), Зміцер Валошкін (гук), Юлія Коцкая, Максім Лаўрэцкі (візуалізацыя падкасту) — у намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» ("Відэа") за «Архіпелаг БЕЛАГ»[14].

Кіраўнікі

  1. Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
  2. Уладзімір Дудзіцкі[15] (1956—1962)
  3. Уладзімір Цвірка[16] (1962—1968)
  4. Майсей Сяднёў[17] (1968—1983)
  5. Юры Сянькоўскі (1983—1991)
  6. Вячка Станкевіч (1991—1998)
  7. Аляксандр Лукашук (1998 — кастрычнік 2007)
  8. Ян Максімюк (кастрычнік 2007—2008)[18]
  9. Аляксандр Лукашук (2008—2023)[19]

Зноскі

  1. «Гаворыць радыё Вызваленне…»: Выбраныя матэрыялы Беларускай Рэдакцыі. — Мюнхен: Стараннем Беларускай Рэдакцыі Радыя Вызваленне, 1956. — 144 с.
  2. РАДЫЁ СВАБОДА / Беларускі Iнтэрнэт. archive.svaboda.org. Праверана 6 студзеня 2024.
  3. Свабода, Радыё. У менскім Доме літаратара адбылася вечарына прысьвечаная 80-годзьдзю з Дня нараджэньня Васіля Быкава . Радыё Свабода (11 снежня 2007). Праверана 6 студзеня 2024.
  4. Свабода, Радыё. 10 гадоў у Інтэрнэце . Радыё Свабода (12 снежня 2008). Праверана 6 студзеня 2024.
  5. Разьвітаньне з радыёхвалямі . Радыё Свабода. Праверана 6 студзеня 2024.
  6. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1964 . Радыё Свабода (11 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  7. Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.)(недаступная спасылка). Onliner.by (22 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2021. Праверана 23 снежня 2020.
  8. «Радыё Свабода» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Наша Ніва (23 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  9. «Вольнае слова-25»: хто стаў пераможцам? . Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праверана 20 верасня 2025.
  10. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1956 . Радыё Свабода (3 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  11. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1962 . Радыё Свабода (9 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  12. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1968 . Радыё Свабода (15 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  13. Шупа, Сяргей. На хвалі Свабоды: Год 2007 . Радыё Свабода (13 мая 2014). Праверана 6 студзеня 2024.
  14. Лукашук, Аляксандар. Рука Свабоды. Аляксандар Лукашук разьвітваецца з Радыё Свабода . Радыё Свабода (5 лютага 2023). Праверана 6 студзеня 2024.
Remove ads

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads