беларускі савецкі архітэктар From Wikipedia, the free encyclopedia
Іва́н Уладзісла́вавіч Жалто́ўскі (15 (27) лістапада 1867, Плотніца — 16 чэрвеня 1959) — беларускі савецкі архітэктар, тэарэтык, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944), ганаровы член Акадэміі навук БССР (1947), акадэмік Акадэміі архітэктуры СССР (1939—1956), Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР (1956).
Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 15 (27) лістапада 1867[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 ліпеня 1959[2][3][…] (91 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Уладзіслаў Жалтоўскі[d] |
Маці | Ядвіга з Савіцкіх[d] |
Альма-матар | |
Працы і дасягненні | |
Навуковае званне | |
Працаваў у гарадах | Масква, Вічуга, Махачкала, Сочы і інш. |
Архітэктурны стыль | рэтраспектывізм (неарэнесанс) |
Найважнейшыя пабудовы |
Дом Тарасава, 1912 Дом на Вялікай Калужскай, 7, 1949 |
Горадабудаўнічыя праекты |
1923 Пасёлак заводу АМО, 1914—1917, 1923 |
Рэстаўрацыя помнікаў | Сядзіба Варанцова , 1890-я гг[4]. |
Нерэалізаваныя праекты | Серыя «сталінскіх» буйнапанэльных дамоў |
Навуковыя працы | Пераклады Паладзіа (Чатыры кнігі пра архітэктуру ) |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў двары Бродчы на паўночнай ваколіцы вёскі Плотніца (сучасны Столінскі раён Брэсцкай вобласці) Пінскага павета Мінскай губерні ў шляхецкай сям’і. 29 студзеня 1868 г. быў ахрышчаны ў Асавецкай філіі Пінскага рымска-каталіцкага касцёла.
У 1878 г. паступіў у першы клас Пінскага рэальнага вучылішча «из домашнего приготовления»[5]. У 1884-86 вучыўся ў Астраханскім рэальным вучылішчы, дзе атрымаў дыплом 11 чэрвеня 1886 года[6].
З 1887 г. — студэнт архітэктурнага аддзялення Акадэміі мастацтваў. Вучоба ішла ў першыя часы цяжка, бо бацькі не маглі матэрыяльна дапамагчы сыну. Стаў падпрацоўваць у якасці памочніка ў вядомых пецярбургскіх архітэктараў.
Паралельна наведваў майстэрню акадэміка Роберта Марфельда, таксама вядомага архітэктара, аўтара цікавага праекта Музея антрапалогіі ў Мытным завулку. Менавіта Марфельд і даручыў свайму вучню зрабіць першы самастойны праект даходнага дома. Пазней гэты будынак быў узведзены на грошы прамыслоўца А.Сіпягіна. А потым Жалтоўскі стаў усё часцей атрымліваць добрыя, хаця і невялічкія, праектныя заказы. Малады архітэктар займаўся і іншымі справамі: сачыў за ходам правядзення будаўнічых ды аддзелачных работ і нават кіраваў перабудовай інтэр’ера палаца графа Юсупава[7].
На апошнім курсе акадэміі Жалтоўскага запрасілі на працу ў архітэктурны аддзел Міністэрства шляхоў зносін, дзе юнак праектуе чыгуначныя станцыі і іншыя вытворчыя аб’екты. У 1895 г. Жалтоўскі атрымаў адразу дзве ўзнагароды: Першую прэмію — за праект помніка архітэктару К. Тону — і залаты медаль французскай Акадэміі архітэктуры — за праект помніка заснавальніку гамеапатыі А.Ганеману[7].
У 1898 годзе закончыў свой дыпломны праект «Народны дом», што быў зроблены ім у майстэрні прафесара Л. І. Тамішка, і атрымаў званне архітэктара-мастака. Па сканчэнні Акадэміі Жалтоўскі выправіўся ажно ў Іркуцк, дзе меўся працаваць, але прыпыніўся ў Маскве, дзе атрымаў запрашэнне выкладаць у Строганаўскім вучылішчы. Так Жалтоўскі звязаў свой лёс з Масквою, дзе і жыў да канца свайго жыцця . Адной з першых ягоных работ тут стаў праект гатэля «Метраполь», што, аднак, згарэў ужо ў 1902 годзе, не паспеўшы адчыніць дзверы для гасцей.
У 1903 годзе Жалтоўскі выйграў конкурс на пабудову будынка Скаковага таварыства. Паводле ўмоў конкурсу, будынак патрабавалася запраектаваць у модным тады кшталце англійскае готыкі. Але, выйграўшы конкурс на праектаванне, Жалтоўскі выканаў адразу і новы праект — у духу варыяцыі на тэмы расійскага ампіру і італьянскага рэнесансу. Іншы тагачасны праект Жалтоўскага тых гадоў, загарадны дом у маёнтку Руперт пад Масквою, быў пастаўлены ў высакародным духу паладыянскіх вілаў блізу Вінчэнцы. Потым архітэктар будуе для гандлёвага прадпрымальніка Гаўрылы Тарасава сядзібу на вуліцы Спірыдонаўка (цяпер там — Інстытут Афрыкі). У аснову праекта Жалтоўскага стаў палац Т’енэ ў Віченцы, дзе фасады становяцца ўгару больш грувасткімі, манументальнымі[8].
У 1909 за бліскучае выкананне ідэй класічнай спадчыны ў сучаснай архітэктуры атрымлівае званне акадэміка. Шмат праектуе: будынкі ў Маскве і Падмаскоўі, удзел у стварэнні Музея прыгожых мастацтваў, для якога робіць чарцёж параднай лесвіцы, што вядзе да стылабата (пярэдняй каланады), і шмат чаго іншага. У той жа час выкладае ў Строганаўцы, дзе арганізуе школу-майстэрню, заснаваную, зноў жа, на стылістыцы італьянскай архітэктуры Рэнесанса.
Да 1917 года Жалтоўскі стаў адным з найбольш запатрабаваных архітэктараў, які будаваў дамы для самых багатых людзей Расіі. Але не толькі асабнякі, менавіта яго запрасілі браты Рабушынскія, каб узвесці паселішча для работнікаў арганізаванага ў 1916 г. маскоўскага завода АМО.
Паводле гісторыка мастацтва С. Харэўскага, славутая званіца кафедральнага пінскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшае Панны Марыі зробленая паводле яго праекта. Ніжняя частка званіцы была пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў духу ампіру. Але пасля пажару Жалтоўскі склаў новы праект яе рэканструкцыі і надбудовы, у выніку чаго яна стала ўдвая вышэйшаю і цалкам змяніла сваё аблічча. Праект званіцы быў зацверджаны ў 1912 годзе, але з-за вайны і рэвалюцыі рэалізаваны толькі ў 1923—1924 гадах[8].
Пасля рэвалюцыі 1917 года пачынаецца новы этап яго кар’еры. Пратэкцыю яму склаў наркам асветы А. В. Луначарскі, які ў 1919 годзе пісаў Леніну: «Горача рэкамендую Вам ледзь не самага выдатнага рускага архітэктара, які набыў усерасійскае і еўрапейскае імя — грамадзяніна Жалтоўскага». Неўзабаве Жалтоўскі быў асабіста прадстаўлены правадыру. Вядома, што ў ліпені 1919 года У. І. Ленін гутарыў з ім у будынку былой Маскоўскай гарадской думы пра распрацоўку першага бальшавіцкага плана рэканструкцыі Масквы. Пазней Жалтоўскі, які стаў і аўтарам мемуараў пра сустрэчы з Леніным, пісаў: «Падчас размовы Уладзімір Ільіч надаў вялікую ўвагу пытанням азелянення горада. (…) Слухаючы Леніна, я выразна ўяўляў сабе, якім цудоўным горадам павінна стаць будучая Масква». Натуральна, што галоўным архітэктарам і аўтарам праекта стаў сам Жалтоўскі, у першыя ж паслярэвалюцыйныя гады ён удзельнічаў у перапланіроўцы Масквы[8].
Распрацоўвае праект генеральнага плана і шэрагу павільёнаў І Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі, якая адкрылася 19 жніўня 1923 года. У гэтым жа годзе накіроўваецца ў творчую камандзіроўку ў Італію, дзе займаўся абмерамі рэнесансных будынкаў, вывучаў у бібліятэках і архівах рукапісы Паладыа, спраектаваў Савецкі павільён для Міланскай сельскагаспадарчай выстаўкі.
Менавіта ў гэтыя гады пад кіраўніцтвам Жалтоўскага ўзводзяцца будынкі Маскоўскай ГЭС, Дзяржбанка на Нягліннай, кінатэатры «Слава» і «Буравеснік».
Трыццатыя гады былі вельмі плённымі. Ён шмат будуе ў Сочы, Грозным, Дом саветаў у Махачкале, распрацоўвае праекты Інстытута літаратуры імя Горкага ў Маскве, тэатра ў Таганрозе, дома на Махавой вуліцы ў Маскве.
У 1933 годзе «для практычнага выканання велічэзных архітэктурных работ, прадугледжаных планам рэканструкцыі Масквы», былі створаны архітэктурныя майстэрні Массавета — 10 праектных і 10 планіровачных. На чале трох першых майстэрняў былі пастаўленыя адпаведна найбуйнейшыя архітэктары, якія пачалі сваю творчую дзейнасць яшчэ ў дарэвалюцыйнай Расіі: акадэмікі І. У. Жалтоўскі, І. А. Фамін і А. В. Шчусеў. На працягу перадваеннага дзесяцігоддзя архітэктурная майстэрня № 1 Массавета праектавала і будавала на ўсёймтэрыторыі СССР і ў Беларусі таксама. Так паступова складваўся калектыў маладых архітэктараў-аднадумцаў, які пасля перарасце ў майстэрню-школу І. У. Жалтоўскага.
У яго маскоўскай майстэрні праектаваліся і карэктаваліся планы паваеннага аднаўлення Гомеля і будаўніцтва паасобных аб’ектаў у Мазыры і Пінску. Менавіта вучні Жалтоўскага, архітэктары Баршч і Паруснікаў, стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў Мінску[8].
Праект тэатра ў Гомелі, зроблены Жалтоўскім напярэдадні вайны, стаў асноваю для пабудовы тэатра ў 1947—1956 гадах. Праект быў распрацаваны яшчэ ў 1940—1941 гады ўсесаюзным трэстам «Тэатрпраект». Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка падпарадкавана строгай сіметрыі з акцэтаваннем галоўнае восі, на якой размешчаныя ўсе памешканні, ад вэстыбюля да вялікае глядзельнай залы і падсобак. У мастацкім афармленні выкарыстаны традыцыйны для будынкаў Жалтоўскага чатырохкалонны порцік зразвітым франтонам, аздобленым скульптураю. У 1949 годзе пастановаю СНК БССР было вырашана аднавіць у Гомелі будаўніцтва тэатра. Паваенным будаўніцтвам гомельскага тэатра кіраваў адзін з вучняў Жалтоўскага — ленінградскі архітэктар Аляксандр Тарасенка, які, дарэчы, пабудаваў таксама тэатры ў Ашгабаце, Ніжнім Тагіле і г. д. У будаўніцтве і абсталяванні тэатра з вялікім энтузіязмам удзельнічалі прадпрыемствы і будаўнічыя арганізацыі Гомеля. Відавочна, што працы, зробленыя архітэктарам А. В. Тарасенкам пад кіраўніцтвам Жалтоўскага, вымагалі карэкціроўкі на месцы[8].
У сярэдзіне 1950-х гадоў у майстэрні-школе Жалтоўскага пад яго непасрэдным кіраўніцтвам выконваюцца ўсе конкурсныя работы, што праводзіліся ў Маскве: Барадзінская панарама, Палац піянераў, Палац працы, Палац Саветаў на Ленінскіх гарах (1957), там жа пантэон Вялікім людзям (1952—1954), серыя праектаў тыпавых клубаў і кінатэатраў, Дом саюзаў УЦСПС на Крымскай набярэжнай (1953—1957). На жаль, не ўсе яны былі ажыццёўлены. Пры кансультацыі І. У. Жалтоўскага быў створаны комплекс элітнага санаторыя «Горны» ў Ялце. Па сутнасці ён выступаў натхняльнікам гэтага праекта, рэалізацыя і адказнасць за якаснае выкананне якога леглі на плечы членаў школы-майстэрні, ужо самастойных архітэктараў.
Напрыканцы 1940-х гадоў школа Жалтоўскага пачала падлягаць крытыцы і ганенням, але ў 1950 годзе, калі майстрам школы на чале з мэтрам прысудзілі Сталінскую прэмію, крытыка і сумневы аціхлі.
Перад вайной ён праектуе, а ў канцы саракавых гадоў будуе два жылыя будынкі ў Маскве: на Смаленскай плошчы і на Вялікай Калужскай вуліцы.
Самымі буйнымі праектамі ў 1950-я гады былі генеральны праект плана і забудовы горада Сочы, праектаванне Маскоўскага іпадрома, буйнапанэльных жылых дамоў, школ і кінатэатраў у Маскве, Орску, Харкаве, дома Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі на праспекце Міра ў Маскве, будынка Строганаўскага вучылішча на Валакаламскай шашы, санаторыя «Горны» ў Лівадыі (Крым).
Апошняй буйной працай стаў конкурсны праект Палаца на Ленінскіх гарах. Вялікаму майстру было ў той час дзевяноста гадоў.
Памёр 16 ліпеня 1959 года ў Маскве.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Уладзіслава Іванавіча (Янавіча) Жаўтоўскага герба Агоньчык (18.4.1832 — 30.5.1870, пахаваны на старых каталіцкіх могілках у цэнтры Пінска, магіла захавалася) і Ядзвігі Апалінараўны Савіцкай.
У сям’і было яшчэ трое дзяцей: два браты і сястра. Імя першага брата невядома, ён памёр у 1910-х гадах. Другі — Вацлаў (? — каля 1950) — фармацэўт, жыў ва ўкраінскім Астрогу. Па ўспамінах унука Вацлава, пасля 1917 года браты не падтрымлівалі сувязі з прычыны палітычных рознагалоссяў: «Вацлаў не мог дараваць Івану яго русіфікацыі і здрады шляхецкім традыцыям роду Жаўтоўскага». Сястра Марыя (1870—1939) у 1888 годзе выйшла замуж за Зыгмунта Скірмунта (1863—1926), прадстаўніка буйной прамысловай дынастыі. Пасля 1939 года многія члены сям’і пакінулі Астрог і Пінск і з’ехалі ў Варшаву. Найбольш вядомыя сярод іх — унук Вацлава, мастак Уладзімір Віктаравіч Цюніна (1915—1977), і ўнук Марыі — польскі палітык-эмігрант Юліюш Навіна-Сакальніцкі (1920—2009).
Іван Жалтоўскі 26 жніўня 1900 года ў Санкт-Пецярбургу ў касцёле Святой Кацярыны абвянчаўся з 24-гадовай Амаліяй Канстанцінаўнай Смароўскай. Відаць, шлюб быў няўдалы, бо муж і жонка разам не жылі[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.