From Wikipedia, the free encyclopedia
Эрэбуні (Ірпуні, Ірэпуні, Эрэвуні, Эрэвані урарцк.: URUer-bu-ú-ni арм.: Էրեբունի) — старажытны горад дзяржавы Урарту, разваліны якога знаходзяцца на ўзгорку Арын-Берд у Ерэване ў Арменіі. Эрэбуні быў заснаваны царом Урарту Аргішці I у 782 годзе да н.э. у якасці апорнага пункта для замацавання ўратаў у Арарацкай даліне. У сувязі з тым, што Эрэбуні знаходзіўся ўсярэдзіне Ерэвана, а таксама дзякуючы магчымай этымалагічнай сувязі слоў «Эрэбуні» (чытаецца гэтак жа як «Эрэвуні») і «Ерэван» («Эрэван»), Эрэбуні атаясамляюць з Ерэванам, лічачы 782 год да н.э. годам заснавання Ерэвана. Пасля заняпаду горада ў IV стагоддзі да н.э., аж да III стагоддзя н.э. няма дадзеных, што паказваюць на існаванне значнага селішча на месцы Ерэвана. Горад ізноў пачынае забудоўвацца толькі з III стагоддзя н.э. у 2-х кіламетрах да поўначы ад Эрэбуни, але ўжо з формай «Эреван». Часопісам «Forbes» селішча было ўлучана ў спіс «9 найстаражытнейшых крэпасцей свету»[1].
Эрэбуні | |
Эрэбуні | |
---|---|
урарцк.: URUer-bu-ú-ni | |
| |
40°08′26″ пн. ш. 44°32′17″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Урарту |
Заснаваны | 782 год да н.э. |
Заснавальнік | Аргішці I |
Першае згадванне | 780 год до н. э. |
Іншыя назвы | Ірпуні, Ірэпуні |
Разбураны | 595 год да н.э. |
Прычыны разбурэння | закінуты |
Назва гарадзішча | Арын-Берд |
Склад насельніцтва | урарты і пераселеныя з Хаці протаармянскія плямёны |
Насельніцтва | 1500 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Упершыню ўзгорак Арын-Берд прыцягнуў увагу навукоўцаў у 1894 годзе, калі расійскі навуковец А. А. Іваноўскі набыў у жыхара навакольнага сяла Чалмакчы (цяпер раён Ерэвана Стары Норк) камень з урарцкім клінапісам. Мясцовы жыхар, Папак Тэр-Авецісаў, сцвярджаў, што знайшоў яго ў 1879 годзе на ўзгорку Арын-Берд. Малюнак і прыблізны пераклад надпісу быў неўзабаве апублікаваны М. В. Нікольскім[2]. Надпіс на камені паведамляў, што на гэтым месцы ўрарцкі цар Аргішці I пабудаваў збожжасховішча «ёмістасцю 10 100 капі». Аднак цягам працяглага перыяду часу ўзгорак заставаўся без увагі археолагаў і толькі ў 1947 годзе археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам Б. Б. Піятроўскага, якая займалася ў Ерэване раскопамі Кармір-Блура, правяла на ўзгорку разведвальныя працы. У 1950 годзе гэта ж археалагічная экспедыцыя пачала на ўзгорку сістэматычныя археалагічныя раскопы[3].
25 кастрычніка 1950 года падчас разведвальных прац армянскі навуковец К. Л. Аганесян выявіў два базальтавыя камені, пакрытых клінапісам. Адзін з гэтых камянёў паведамляў пра будаванне збожжасховішча ўрарцкім царом Сардуры II, а другі прыпісваў пабудову крэпасці Эрэбуні цару Аргішці I. Пасля гэтай знаходкі з'явілася гіпотэза пра тое, што ўзгорак Арын-Берд хавае разваліны старажытнага Эрэбуні, і з 1952 года на ўзгорку працягнуліся археалагічныя раскопы, што праводзяцца супольна ўжо дзвюма археалагічнымі экспедыцыямі: Інстытутам археалогіі і этнаграфіі АН Армянскай ССР і Дзяржаўным музеем выяўленчых мастацтваў ім. Пушкіна пад агульным навуковым кіраўніцтвам Б. Б. Піятроўскага. У сувязі з тым, што шмат прадметаў з надпісам «Эрэбуні» былі выяўлены пры раскопах суседняга Тэйшэбаіні, яшчэ некаторы час заставаліся сумневы, ці сапраўды Эрэбуні знаходзіўся на ўзгорку Арын-Берд: існавала магчымасць, што таблічка, выяўленая Аганесянам у 1950 годзе, трапіла на ўзгорак выпадкова. Праз 8 гадоў, у 1958 годзе, сумневы канчаткова вырашыліся, і гіпотэза атрымала канчатковае пацверджанне: падчас археалагічных раскопаў яшчэ адзін надпіс Аргішці I пра заснаванне Эрэбуні быў выяўлены некранутым, на камені, закладзеным у старажытную сцяну. Такім чынам, з 1958 года Эрэбуні быў канчаткова лакалізаваны на ўзгорку Арын-Берд[3].
Находка 1950 года | Находка 1958 года (захоўваецца ў «Музеі Эрэбуні», у Ереване) |
Пераклад надпісаў: Веліччу бога Халдзі Аргішці, сын Менуа, гэту магутную крэпасць пабудаваў; усталяваў яе імя Эрэбуні для магутнасці краіны Біяйні і для застрашвання варожай краіны. Зямля была пустэльнай, магутныя справы я тут здзейсніў. Веліччу бога Халдзі Аргішці, сын Менуа, цар магутны, цар краіны Біяйні, кіраўнік горада Тушпы[4]. |
Чытанне назвы таксама доўга выклікала сумневы даследчыкаў. Спачатку назву ўрарцкага горада чыталі Ірпуні, Ірэпуні, Ірбуні і нават Сабуні. Толькі пасля таго, як канчаткова было ўсталявана, што шэраг прадметаў Эрэбуні быў перавезены ў Тэйшэбаіні, а таксама пасля знаходкі ў Тэйшэбаіні шчыта цара Аргішці I з напісаннем слова «Эрэбуні», якое выклікала значна менш сумневаў у слушнасці чытання, канчаткова выстаялася чытанне «Эрэбуні», а таксама атрымалі навуковы грунт здагадкі пра этымалагічную сувязь паміж словамі «Эрэбуні» і «Ерэван», упершыню выказаныя Г. Н. Капанцянам у папулярным друку[5]. У працы 1959 года акадэмік Піятроўскі асцярожна выказваў: «Магчыма, што нават у назве сталіцы Армянскай ССР горада Ерэвана працягвае жыць урарцкая назва горада Эрэбуні… Варта заўважыць, што супастаўленні старажытных урарцкіх назваў з сярэднявечнымі і сучаснымі, праведзеныя без дастатковага абгрунтавання, могуць увесці даследчыкаў у падман.» Сучасныя гісторыкі займаюць больш вызначаную пазіцыю, мяркуючы што этымалагічная сувязь Эрэбуні і Ерэвана на сёння агульнапрынятая[6][7][8] [9] [10] [11].
Археалагічныя раскопы ў крэпасці, якія працягваюцца з 1950 года, прынеслі нямала каштоўных знаходак і ўнеслі вялікі ўнёсак у вывучэнне дзяржавы Урарту. На ўзгорку ў агульнай складанасці было выяўлена 23 клінапісныя таблічкі цароў Аргішці I, Сардуры II і Русы III. Прадметаў матэрыяльнай культуры на ўзгорку Эрэбуні было выяўлена няшмат, што галоўным чынам злучаецца з тым, што ў сярэдзіне VI стагоддзя да н.э. ураты пакінулі Эрэбуні без бою і вывезлі ўсё каштоўнае ў суседні Тэйшэбаіні. Апроч гэтага гарадскія пабудовы Эрэбуні знаходзіліся галоўным чынам да ўсходу ад узгорка, і большая частка гэтых пабудоў была разбурана падчас інтэнсіўнага будавання мястэчак Нор-Арэш і Вардашэн на ўскраінах Ерэвана[12]. Гэта зона была абвешчана запаведнікам толькі ў 1952 годзе. Раскопы крэпасці працягваліся да 1958 года, раскопы гарадскіх кварталаў пачаліся ў 1968 годзе. У наш час абодва мястэчкі і ўзгорак Арын-Берд ужо сталі часткай разрослага Ерэвана. На самым узгорку Арын-Берд уладкаваны Музей «Эрэбуні», у які ў сваю чаргу напоўнены галоўным чынам прадметамі матэрыяльнай культуры, прывезеных «назад» з раскопаў суседняга Тэйшэбаіні. Раскопы гарадскіх кварталаў, што ляжаць непадалёк ад узгорка, патроху працягваюцца дасёння з удзелам армянскіх і заходніх археолагаў[13].
Усе археалагічныя працы ў крэпасці Эрэбуні, размешчанай на вяршыні ўзгорка, у наш час закансерваваны. Многія аб'екты крэпасці, улучаючы вялікія пляцоўкі падмуркаў сцен, падмуркаў храмаў часткова рэстаўраваны. Асобныя элементы храма бога Халдзі і гаспадарчых памяшканняў крэпасці, дзе як найлепш захаваліся пляцоўкі цаглянага муру, фрагментарна рэстаўраваны і часткова рэканструяваны, каб прадэманстраваць наведнікам прынцып іх будовы ва ўрарцкі час.
У падножжа паўночна-заходняй часткі ўзгорка ў 1968 годзе адкрыты Музей «Эрэбуні», дзе сабраны знаходкі ўласна з Эрэбуні і з суседняга Тэйшэбаіні, пры гэтым арыгіналы некаторых найболей каштоўных прадметаў матэрыяльнай культуры з абодвух гарадоў заменены копіямі, а самі прадметы знаходзяцца ў Гістарычным музеі Арменіі ці ў яго запасніках[13].
У процілеглага схілу ўзгорка, дзе ва ўрарцкі час знаходзіліся гарадскія пабудовы, у 2002 годзе аднавіліся археалагічныя раскопы, што фінансуюцца Фондам Сораса, у якіх бяруць удзел армянскія і заходнія археолагі[13].
Слова «Эрэбуні» папулярна ў сучаснай Арменіі і часта выкарыстоўваецца ў назвах камерцыйных структур і гандлёвых марак. Раён Ерэвана, на тэрыторыі якой знаходзіцца крэпасць Эрэбуні, носіць назву «Эрэбуні», гэтак жа названы адзін з аэрапортаў Ерэвана.
У красавіку 2012 года часопісам «Forbes» селішча Эрэбуні было ўлучана ў спіс «9 найстаражытнейшых крэпасцей свету»[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.