Беларуская міталёгія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Белару́ская міталёгія — комплекс вераваньняў насельніцтва Беларусі. Уключае сыстэму дахрысьціянскіх мітаў (аб якой амаль не засталося крыніц), а таксама «народная біблія» — апакрыфічныя народныя ўляўленьні пра хрысьціянскага Бога, інтэрпрэтацыі розных біблейскіх падзеяў і пэрсанажаў. Пры гэтым сюжэтная аснова Народнай Бібліі з большасьці язычніцкая, пэрсанажам Бога, Д’ябла, Хрыста ў ранейшых вэрсіях маглі адпавядаць постаці паганскіх багоў. Сьвятыя (Юрай, Пятро, Ільля) у гэтых сюжэтах кіруюць прыроднымі зьявамі і па сваіх функцыях, атрыбутыцы фактычна адпавядаюць пэўным дахрысьціянскім божышчам. Сёньня тэма беларускай міталёгіі вельмі мала вывучаная, цікавасьць да яе фармуецца, яна кладзецца ў аснову мастацкіх твораў («Аб багох крывіцкіх сказы» Сяргея Хмары і іншыя), але гэты працэс ідзе пакуль што вельмі павольна.
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго (дапамога). |

Remove ads
Праблема крыніц
У адрозьненьне ад грэцкай, эгіпецкай, шумерскай міталёгіяў, беларуская не пакінула аб сабе ніякіх рэлігійных тэкстаў, ніякіх пісьмовых зьвестак ад асобы людзей, якія ў яе верылі. Акрамя таго, амаль не захавалася і артэфактаў, што можа сведчыць, па-першае, аб вялікшай нецярпімасьці, зь якой тутэйшыя князі і царква ставіліся да паганскіх вераваньняў, па-другое, аб шкодным уплыве шматлікіх войнаў. Усе наяўныя сёньня зьвесткі пачэрпнутыя з хрысьціянскіх павучэньняў супраць язычніцтва, з тэкстаў іншаземных гісторыкаў (Пракопій Кесарыйскі), а таксама з дасьледаваньняў фальклярыстаў і этнографаў ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. Болей за тое, верыфікацыя многіх крыніц складаная. Фальклярыст Павал Шпілеўскі быў вядомы сваім легкадумным стаўленьнем да міталёгіі, ён беспадстаўна вылучаў імёны багоў з народных прыказак, дыялектных словаў, песень. Этнаграфічныя дасьледаваньні М. С. Кацара і У. Васілевіча таксама крытыкаваліся за магчымую неаб’ектыўнасьць. Матэрыялам дзеля фальклярыстаў былі народныя песьні, казкі, вышыўкі адзеньня, загадкі і інш.
Remove ads
Карціна сьвету ў беларускай міталёгіі
Няма адзінай думкі наконт таго, як уяўлялі сусьвет старажытныя беларусы-язычнікі. Некаторыя народныя песьні і загадкі даюць падставу сьцьвярджаць, што восьсю сусьвету было касьмічнае дрэва, падобнае да скандынаўскага Ігдрасіля. На ім месьцілася Зямля, у кароне было неба і прытулак дзеля птушак, а ў каранях знаходзіўся падземны сьвет. У пачатку ХХ ст. палешукі, паводле А. Сержпутоўскага, лічылі, што Зямля стаіць на вялікай рыбіне. Паводле П. П. Дземідовіча, беларусы думалі, нібыта Зямля — гэта тонкая скура, якая пакрывае зьверху бяздонны акіян. У полі часам сустракаюцца яміны, якія зьяўляюцца «брамамі» ў гэтую водную бездань, і там быццам жыве Д’ябал.
На краі сьвету ці ў яго цэнтры (міталягічнаму мысьленьню наогул уласьцівае атоесамліваньне ўскраіны і цэнтру) знаходзіцца вялікая гара, у якой жыве Сатана, альбо на якой расьце дрэва (магчыма, рэха міта пра Сусьветнае Дрэва). Ці то на ўскраіне сьвету, ці то ў кароне Дрэва месьціцца Вырай — зімовы прытулак дзеля птушак і душ памерлых.
Remove ads
Стварэньне сьвету ў беларускай міталёгіі
Паганскі касмаганічны міт не захаваўся. Але шэраг валачобных песень, народных балад, паданьняў, апокрыфаў «народнай бібліі» утрымлівае рэшткі нехрысьціянскіх касмаганічных матываў. Але гэтыя матывы часта супярэчаць адзін аднаму, адзіная касмаганічная сыстэма зь іх не выбудоўваецца.
- Разьбіваньне камня. У паданьні «Адкуль пайшлі беларусы» паведамляецца, што бог Пярун пачаў кідаць маланкі ў камень, што стаяў пасярод мёртвай вады. Ад камня адскочылі яскаркі, ад якіх нарадзіліся Зямля і ўсё жывое. У веснавых песьнях конь сьвятога Юрая (пазьнейшы заменьнік бога Ярылы) разьбівае валун.
- Рассыпаньне пяску па марской паверхні. У паданьні «Пра паходжаньне Д’ябала і балот» Бог рассыпае марскі глей па акіянскай паверхні, глей цьвярдзее, і зь яго ўтвараецца Зямля. Аналягічным чынам ствараюць Зямлю балцкі бог Дзевас і сыбірскі Нум. Гэты ж міт пераклікаецца і са зьвесткамі П. П. Дземідовіча аб тым, што Зямля, ва ўяўленьнях беларусаў, — тонкая скура на паверхні касьмічнага акіяну.
- Птушка губляе жалуд. У валачобнай песьні «два галубочкі» губляюць «два жалудочкі», зь якіх растуць два дубы (магчыма, рэшта вобразу Сусьветнага дрэва), на дубах гараць сьвечкі (верагодна, зоркі), а вакол іх разьліваецца мора. У іншай валачобнай песьні сава губляе жалуд, і зь яго вырастае дуб.
Божышчы
Дундар (Пярун)
Агульны дзеля ўсходніх славян бог маланак, дажджу, вайны і княжацкай улады. На Слонімшчыне і Мядзельшчыне насіў імя Дундар (Дундаль).
Макош (альбо Мокаш)
Багіня ніжэйшага сьвету, жаночай працы.
Вялес
Бог паляваньня, гадоўлі скаціны, багацця, гандлю. Неаднарозова прысоўваліся і крытыкаваліся гіпотэзы аб магчымым міце пра ворагаваньне Вялеса і Пяруна (Дундара).
Ярыла
Боскі статус спрэчны, мог быць духам вясны, каханьня, цеплыні. Яго імя ў старажытных крыніцах адсутнічае, вобраз цалкам адноўлены па матэрыялах фальклярыстаў і этнографаў. Пазьней у народным кульце сьвятых яму адпавядалі па функцыях сьвяты Юрай, а таксама, верагодна, Пятро.
Яшчар
Божышча ніжэйшага сьвету, магчыма меў зьмяіныя рысы. Як мяркуецца, упершыню згаданы ў польскіх крыніцах ХV ст. пад імем Iаsse, Iesse[1] (скарочаная форма — jaze — «змей»)[2].
Мара
Верагодна, багіня сьмерці. Назва гораду Мар’іна Горка можа паходзіць ад прыгорка, які быў калісьці культавым аб’ектам багіні Мары.
Даждзьбог
Магчыма, бог сонца.
Стрыбог
Магчыма, бог вятроў.
Зара-Зараніца
У старажытных крыніцах не згадваецца, але фігуруе ў замовах: да яе зьвяртаюцца, каб дапамагла ад хваробаў. У старажытнай рэлігіі ёй магло адпавядаць жаночае божышча.
Існуе таксама шмат гіпатэтычных божышчаў, якіх хутчэй за ўсё выдумалі дасьледчыкі, беспадстаўна вылучылі іх з пазьнейшых уяўленьняў пра духаў, дэманаў, зь лексычных абаротаў і фальклёрных твораў. Гэта Лада, Лёля, Каляда, Купала, а таксама шматлікія «багі», якіх згадвае П. Шпілеўскі: Сева, Лазавік, Зюзя, Талака, Жыжаль, Жыцень, Жытняя Баба, Чур, Паляндра, Дзявоя, Пахвіст і інш. Крытыкуецца і постаць бога Бялуна, пра якога паведамляе фальклярыст Адам Кіркор.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads