Белая Русь (грамадзкае аб’яднаньне)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Белая Русь» — грамадзкае аб’яднаньне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, створанае ў лістападзе 2007 году, каб падтрымаць аўтарытарнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку ў афіцыйных парлямэнцкіх выбарах 2008 году, а таксама ў выпадку яго ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе[2].
Remove ads
Кіраваньне
- Зьезд. Склікаецца аднойчы на 5 год. Правамоцны пры наяўнасьці 2/3 прадстаўнікоў. Простай большасьцю галасоў абірае склад Рады й Цэнтральнай кантрольнай камісіі, ухваляе кірункі дзейнасьці й зьмены Статута.
- Рада. Зьбіраецца штогод. Абірае старшыню ды Прэзыдыюм. Выконвае пастановы Зьезду, вызначае набыцьцё і выкарыстаньне маёмасьці. Ухваляе каштарыс прыбыткаў і выдаткаў, надзяляе маёмасьцю суполкі.
- Прэзыдыюм. Праводзіць пасяджэньні штоквартал. Стварае ды касуе суполкі, прымае ды выключае чальцоў. Вядзе супрацу зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі, СМІ ды ўрадавымі ўстановамі. Вызначае колькасьць, парадак і аплату працы супрацоўнікаў. Стварае ды касуе падпарадкаваныя ўстановы, прызначае ды ўзнагароджвае іх кіраўнікоў.
- Цэнтральная рэвізійная камісія. Зьбіраецца штогод. Сочыць за выкананьнем пастановаў Зьезду ды каштарысу прыбыткаў і выдаткаў.
Remove ads
Праграма
3 лістапада 2012 году 2-і зьезд ГА «Белая Русь» зацьвердзіў праграму, якую паправілі на 3-м зьезьдзе 19 студзеня 2018 году. Праграма складалася з прэамбулы і 2-х разьдзелаў: 1) Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь у сучасным сьвеце; 2) Шлях Беларусі ў 21-м стагодзьдзі. У прэамбуле праграмы згадвалася, што «дэмакратычныя рэформы губляюць свой сэнс, калі простаму чалавеку становіцца горш». У 1-м разьдзеле абвяшчаўся «стратэгічны прынцып роўнай набліжанасьці да Ўсходу і Захаду». Тамсама адзначалася: «Пры ажыцьцяўленьні гэтага прынцыпу, наша краіна ўвайшла ў Эўразійскі эканамічны зьвяз, ажыцьцяўляе шматбаковую супрацу з краінамі Садружнасьці незалежных дзяржаваў і Эўрапейскага зьвязу, краінамі Ўсходняга партнэрства, Шанхайскай арганізацыі супрацы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі[3].
У 2-м разьдзеле праграмы „стратэгічнымі мэтамі“ абвяшчаліся: „дзяржава, здольная абараніць сябе“ і „рынкавая эканоміка“. Паводле праграмы, ГА „Белая Русь“ выступала за: „палітычны плюралізм, прававыя гарантыі дзейнасьці ўсіх палітычных сілаў“; „пашырэньне паўнамоцтваў і належнае фінансавае забесьпячэньне дзейнасьці органаў мясцовага самакіраваньня“; „палітычную і эканамічную інтэграцыю з краінамі СНД, інтэнсіўнае разьвіцьцё зь імі культурных і гуманітарных сувязяў“. У гаспадарцы „Белая Русь“ абяцала: „прыярытэтнае разьвіцьцё сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў“; „забесьпячэньне роўнага стаўленьня дзяржавы да ўсіх формаў уласнасьці і спосабаў гаспадараньня“; „дасягненьне энэргетычнай незалежнасьці нацыянальнай эканомікі за кошт уласных энэргарэсурсаў, разьвіцця ядзернай энэргетыкі, выкарыстаньня аднаўляльных крыніцаў энэргіі, ўкараненьня энэргазьберагальных тэхналёгіяў“. Таксама праграма прадугледжвала: „недапушчэньне ўраўнілаўкі … пры прызначэньні пэнсіяў“; „павелічэньне памераў сацыяльнай дапамогі і льготаў шматдзетным сем’ям і сем’ям, якія маюць дзяцей-інвалідаў і інвалідаў зь дзяцінства“[3].
Таксама ў 2-м разьдзеле праграмы згадвалася: „падтрымка традыцыйных для краіны рэлігіяў“; „захаваньне і разьвіцьцё роднай мовы“; процідзеяньне „насаджэньню“ культа гвалту ў сродках масавай інфармацыі. У якасьці захаду маладзёвай палітыкі прапаноўвалася „далучэньне беларускіх юнакоў і дзяўчатаў, дзяцей і падлеткаў да нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны“. У якасьці намеру абвяшчалася, што „РГА „Белая Русь“ працягне працу па пераўтварэньні ў палітычную партыю“. Урэшце адзначалася, што сябры „Белай Русі“ выступаюць супраць „растленьня (разбэшчваньня) моладзі“[3].
Remove ads
Гісторыя
Гарадзенскую абласную суполку ўтварылі ў 2004 годзе. 2 ліпеня 2007 году ў Менску ўтварылася ініцыятыўная група па ператварэньні аб’яднаньня ў агульнакраёвае[4]. Рашэньне аб стварэньні РГА „Белая Русь“ прынята дэлегатамі ўстаноўчага зьезду грамадзкага аб’яднаньня, які адбыўся 17 лістапада 2007 году ў Менску, а ў сьнежні яно было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі. 1 ліпеня 2010 году ў складзе арганізацыі зарэгістравана 100 тыс. чалавек. 30 жніўня 2011 у склад арганізацыі ўваходзілі 123 тысячы чалавек.
Па словах намесьніка старшыні „Белай Русі“ Аляксандра Шацько на 51 дэпутат Палаты прадстаўнікоў 4-га скліканьня (усяго іх 110), у тым ліку і ён зьяўляюцца чальцамі гэтага аб’яднаньня. У Савеце Рэспублікі чальцы аб’яднаньня складаюць каля чвэрці новых сэнатараў[5]. Першы зьезд РГА „Белая Русь“ адбыўся 25 кастрычніка 2008 году. У працы першага зьезду прыняло ўдзел 380 дэлегатаў. Мерапрыемства адбылося ў Палацы Рэспублікі. На зьезьдзе была прынятая праграма „Белая Русь“, і адбылося даабраньне чальцоў у Рэспубліканскі савет „Белая Русь“. У праграме абвяшчалася імкненьне стала спрыяць Аляксандру Лукашэнку ў якасьці кіраўніка дзяржавы.
14 сакавіка 2011 г. А.Радзькоў паведаміў, што 159 з 415 (38%) дэпутатаў абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама 61% дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета ёсьць чальцамі „Белай Русі“[6]. 29 верасьня 2011 году А. Радзькоў адзначыў, што „Белую Русь“ пабудавалі паводле партыйнага прынцыпу[7]. На выбарах 2012 г. грамадзкае аб’яднаньне атрымала 63 са 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў 5-га скліканьня[8]. На жнівень 2013 году ГА „Белая Русь“ налічвала звыш 140 000 сябраў (2,5% працаздольнага насельніцтва Беларусі), зь іх звыш 40% складалі настаўнікі і выкладнікі. Моладзь складала 26% сябраў „Белай Русі“[9].
На мясцовых выбарах у Беларусі 2014 году „Белая Русь“ заняла звыш 10 000 (звыш 50%) з 18 809 дэпутацкіх месцаў. 27 лютага 2014 году старшыня „Белай Русі“ Аляксандар Радзькоў заявіў: „Белая Русь“ — прапрэзыдэнцкае грамадзкае аб’яднаньне і мы скіраваныя на тое, каб падтрымліваць палітыку кіраўніка дзяржавы і рэальнымі дзеяньнямі дапамагчы яму выканаць тую праграму, зь якой ён ідзе да выбаршчыкаў»[10]. На мясцовых выбарах у Беларусі 2018 году колькасьць дэпутатаў «Белай Русі» зьменшылася да 9000 (50%) сярод 18 111 дэпутацкіх месцаў.
«Белая Русь» на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году падтрымала Аляксандра Лукашэнку. 25 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 168, паводле якой ГА «Белая Русь» уваходзіла ў Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў, у дачыненьні якіх прымяняецца 0,1 базавай стаўкі пры арэндзе дзяржаўнай нерухомасьці[11].
18 сакавіка 2023 году прайшоў устаноўчы зьезд партыі «Белая Русь», які зацьвердзіў статут і праграму. Кіраўніком застаўся Алег Раманаў. Зьезд налічваў звыш 1000 удзельнікаў[12]. 2 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі паставіла на ўлік партыю «Белая Русь»[13].
Старшыні
- Аляксандар Радзькоў (лістапад 2007 — 19 студзеня 2018)
- Генадзь Давыдзька (19 студзеня 2018 — 18 чэрвеня 2022)
- Алег Раманаў (ад 18 чэрвеня 2022 году)[14]
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads