Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2012 году
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня адбыліся 23 верасьня 2012 году, было абрана 110 дэпутатаў па аднамандатных акругах.
Гэтая старонка ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|
Remove ads
Перадвыбарчае становішча

10 чэрвеня 2012 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заклікаў да байкоту выбараў празь меркаванае фальсіфікаваньне галасаваньня[1]. 18 чэрвеня А. Лукашэнка прызначыў выбары ў Палату прадстаўнікоў на 23 верасьня[2]. Паводле Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, папярэднія выбары парлямэнта ў 2008 г. і прэзыдэнта ў 2010-ым не адпавядалі абавязкам перад Арганізацыяй па правядзеньні дэмакратычных выбараў. У часе выбараў 2010 г. арыштавалі шэраг вылучэнцаў, адзін зь якіх на 2012 г. заставаўся ў зьняволеньні. Толькі 7 са 110 чальцоў Палаты папярэдняга скліканьня прадстаўлялі партыі. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адмовіла з 2000 году ў атрыманьні ўліку 4 партыям (Беларуская камуністычная партыя працоўных, Беларуская партыя працы, Партыя свабоды і прагрэсу, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя).
Грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» на чале зь І намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Радзьковым падтрымала 68 вылучэнцаў. Сярод партыяў у выбарах бралі ўдзел: 1) 5 праўладных (аграрная, камуністычная, лібэральна-дэмакратычная, працы і справядлівасьці, сацыяльна-спартыўная), 2) 4 апазыцыйныя (Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Партыя БНФ). Уласных вылучэнцаў мелі рух «За Свабоду», няўлічаная кампанія «Гавары праўду», арганізацыйныя камітэты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (БСДП«НГ») і Партыі свабоды і прагрэсу.
З 1996 году Эўразьвяз і ЗША не прызнавалі вынікаў ніводнае выбарчае кампаніі, вінавацячы беларускую ўладу ў злоўжываньнях і фальсыфікацыях. Прэтэнзіі заходніх краінаў да беларускіх выбараў зрабіліся прычынай для ўвядзеньня шматлікіх санкцыяў.
Remove ads
Прававыя ўмовы

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжваў пакараньне за дзеяньні (абраза, паклёп), «якія дыскрэдытуюць» Рэспубліку Беларусь, і за ўдзел у няўлічаных грамадзкіх рухах. Унесеныя за 2010-2011 гады ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) папраўкі прадугледжвалі: траціну месцаў у выбарчых камісіях для партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, абскарджаньне дзеяньняў выбарчых камісіяў у судзе, наданьне вылучэнцам магчымасьці ўдзелу ў тэледэбатах. Пры гэтым на падставе артыкула 155 ВК вылучэнцам забаранілі ў тэлевыступах заклікаць да байкоту выбараў[3]. Папраўка ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, унесеная ў студзені 2012 г., касавала забарону падачы судовых скаргаў на дзеяньні выбарчых камісіяў менш як за 7 дзён да выбараў.
Палата абіралася па 110 аднамандатных акругах на 4-гадовы тэрмін на аснове мажарытарнай сыстэмы, якая дапускала 2 туры галасаваньня. Закон патрабаваў 50%-най яўкі і набору больш за 50% усіх галасоў адным вылучэнцам для прызнаньня выбараў адбыўшыміся ў першым туры. Яўка ў выпадку другога туру між 2 вылучэнцамі з найбольшай колькасьцю галасоў мусіла зьмяншацца да 25%[4].Насуперак патрабаваньню ВК лік улічаных выбарцаў адрозьніваўся ад сярэдняга (64 597) больш як на 10% у 19 выбарчых акругах (16, 30, 36, 39, 48, 53, 55-57, 59, 66, 76, 83, 109).
Remove ads
Падрыхтоўка
Выбары ладзіліся выбарчымі камісіямі трох узроўняў: цэнтральнай (ЦВК), 110 акруговымі (АВК) і 6344 участковымі (УВК), у тым ліку 40 УВК у дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой. 9 жніўня ЦВК прыбраў выбарчы ўчастак са Швэцыі праз адкліканьне беларускіх дыпляматаў[5].
ЦВК працавала на сталай аснове і складалася з 12 асобаў, першую палову зь якіх прызначыў Лукашэнка, другую — Савет рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў камісіі складаў 5 гадоў ад часу прызначэньня 21 сьнежня 2011 году. Прызначаная Лукашэнкам у 1996 годзе старшыня ЦВК пры адмове 29 жніўня 2012 году ва ўліку вылучэнцу зь дзьвюма пагашанымі судзімасьцямі за згон і перабіўку нумароў аўтамабіля заявіла: «Мы павінны прымаць юрыдычна правільнае рашэньне, зь іншага [боку]… можам прыняць такое палітычнае рашэньне». 12 верасьня яна заявіла: «Магу назваць аднаго кандыдата, за якога я б прагаласавала і які мне вельмі падабаецца. Гэта вельмі вядомы спартовец» (Вадзім Дзевятоўскі), які вылучаўся ад праўладнай «Белай Русі»[6]. Усе непрадстаўленыя ў парлямэнце партыі і вылучэнцы выказалі недавер да бесстароннасьці выбарчых камісіяў.
ЦВК засядала ў прысутнасьці назіральнікаў і аднагалосна ўхваляла пастановы, што разьмяшчаліся на яе сайце толькі па-расейску. Прапановы чальцоў ЦВК з правам дарадчага голасу ад 7 партыяў ня браліся пад увагу. Двух такіх чальцоў ад АГП і Партыі БНФ вывялі са складу ЦВК пасьля зьняцьця гэтымі партыямі сваіх вылучэнцаў. ЦВК выдала кіраўніцтва па працы АВК і УВК і зладзіла іх навучаньне.
Мясцовыя выканаўчыя і заканадаўчыя органы прызначалі часовыя АВК (9 ліпеня) і УВК (да 8 жніўня)[7] сумеснымі рашэньнямі. Кожная АВК налічвала 13 чальцоў, УВК — 5-19 паводле ліку ўлічаных на ўчастку выбарцаў. Паводле апошніх паправак у ВК, удзел дзяржаўных службоўцаў мусіў абмяжоўвацца 1/3 месцаў у камісіях. Сярод 1430 чальцоў АВК з праўрадавай «Белай Русі» былі 106 (7,4%), ад 5 палічаных апазыцыйнымі партыяў — 50 (3,5%), хоць вылучылі 194. Сярод 69'945 чальцоў УВК «Белую Русь» прадстаўлялі 4189 (6%), апазыцыйныя партыі — 61 (0,1%)[8], хоць вылучылі 664.
Улік выбарнікаў
Грамадзяне маглі галасаваць па дасягненьні 18 год. Забарона галасаваньня пры знаходжаньні ў папярэднім зьняволеньні пярэчыла прэзумпцыі невінаватасьці, замацаванай у Артыкуле 26 Канстытуцыі. ЦВК улічыла 7'030'430 выбарцаў. Зводны сьпіс выбарнікаў на вышэйшым за ўчастак узроўні не прадугледжваўся, як і крыжаваная праверка іх паўторнага ўліку. У дзень выбараў дадаткова ўлічылі 19'195 выбарнікаў.
Улік вылучэнцаў
Права вылучацца ў Палату надавалася грамадзянам з 21 году пры пастаянным пражываньні ў Беларусі. Насуперак Артыкулу 99 Крымінальнага кодэкса закон забараняў вылучацца пры зьнятай судзімасьці. Вылучэньне дазвалялася: 1) ад улічанай партыі, 2) ад працоўнага калектыву, 3) зборам звыш 1000 подпісаў выбарнікаў. Партыям упершыню дазволілі выстаўляць вылучэнцаў у акругах, дзе адсутнічалі іх суполкі.
АВК улічылі 363 з 494 вылучэнцаў[9]. Лідэру руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу ды былому лідэру сацыял-дэмакратаў Анатолю Ляўковічу адмовілі ў рэгістрацыі з-за вялікай колькасьці несапраўдных подпісаў[10]. 7 зьнялі свае вылучэньні. Са 123 атрымаўшых адмову вылучэнцаў 53 падалі скаргу ў ЦВК, пасьля чаго ўлік атрымалі яшчэ 11. З 17 падаўшых скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вылучэнцаў уліку дамогся яшчэ адзін. У выніку зьняцьця сваіх вылучэньняў яшчэ 81 асобай да выбараў дайшлі 293 вылучэнцы. Па адным вылучэнцы без супернікаў засталося ў 16 са 110 акругаў. У сярэднім па кожнай акрузе было менш за 3 вылучэнцы (2,66)[11].
Remove ads
Агітацыя
27 жніўня пачаліся тэледэбаты кандыдатаў у дзяржаўных СМІ. Кожнаму кандыдату для выступу было прадастаўлена па 5 хвілінаў этэрнага часу на радыё і тэлебачаньні. Радыёвыступы і тэлевыступы трансьляваліся ў запісе з 18-й да 19-й і з 19-й да 20-й гадзіны адпаведна[12].
Галасаваньне і падлік галасоў
Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтравыбаркаму, яўка склала 74,2%. Найвялікая яўка была адзначана ў Быхаўскай выбарчай акрузе (93%), найменшая — у Сьвіслацкай акрузе №94 у Менску (53,6%):
Паводле дадзеных незалежных назіральнікаў, агучаная Цэнтравыбаркамам яўка моцна завышана, і ў шэрагу акругаў выбары не адбыліся[13][14]. Мяркуецца, што ў шэрагу выпадкаў яўка была завышана падчас датэрміновага галасаваньня, якое складалася з прымусу студэнтаў і працаўнікоў бюджэтнай сфэры да галасаваньня[13]. Акрамя таго, паводле дадзеных праваабаронцаў, незадоўга да зачыненьня ўчасткаў у асноўны дзень галасаваньня некаторыя кіраўнікі ўчастковых выбарчых камісіяў выкрасьлялі частку не прыйшэлых на выбары выбарнікаў, каб агульная колькасьць выбарнікаў на ўчастку стала меншым, а адсотак тых, якія прагаласавалі — большым[13].
Пры гэтым яўку на выбарах незалежна адзін ад аднаго адсочвалі кампанія «Праваабаронцы за вольныя выбары», праект «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» і назіральнікі ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі разам з кампаніяй «За справядлівыя выбары». Паводле словаў сакратара аргкамітэта БХД, лічбы трох незалежных групаў назіральнікаў адрозьніваюцца ня больш чым на тры адсотка[15]. Згодна з дадзенымі назіральнікаў ад БХД і «За справядлівыя выбары», за дваццаць хвілін да канчатка галасаваньня яўка склала 38,7% разам з датэрміновым галасаваньнем[15].
Remove ads
Назіраньне
26 чэрвеня 2012 году старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідыя Ярмошына абвясьціла аб запрашэньні назіральнікаў АБСЭ[16]. БДІПЧ/АБСЭ пагадзілася адправіць стандартную місію па назіраньні за выбарамі, якая ўключае асноўную групу экспэртаў, 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў.
24 верасьня 2012 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк паведаміў: «Па ўсіх 26 участках ва ўсіх акругах Менску, якія мы кантралявалі — па ўсіх гэтых участках выбары не адбыліся. Прагаласавала ад 24 % выбаршчыкаў (Першамайскі раён) да 47 (Заводзкі раён). А ў цэлым, на астатніх участках прагаласавала ад 29 да 36 %. Аналягічная карціна была ва ўсіх іншых участках горада, якія аб'ехалі нашыя прадстаўнікі. Яшчэ больш уражлівая карціна па краіне. На нашых кантрольных участках у Слуцку прагаласавала ўсяго 15 %. Аналягічнае становішча ў Мастах, Баранавічах, Салігорску, Клімавічах»[17].
Назіральнікі АБСЭ адзначылі неаб’ектыўнасьць пры рэгістрацыі кандыдатаў, паляпшэньне працэсаў датэрміновага галасаваньня і галасаваньня ў дзень выбараў, але таксама — значнае пагаршэньне празрыстасьці падліку галасоў[18]. У АБСЕ таксама зьвярнулі ўвагу на адвольную інтэрпрэтацыю выбарчага заканадаўства і не нэўтральнасьць Цэнтравыбаркаму[18]. Акрамя таго, з прычыны аднабаковага асьвятленьня выбараў у цэнтральных СМІ выбарнікі ня мелі магчымасьці зрабіць усьвядомлены выбар[18]. У цэлым, паводле меркаваньняў арганізацыі, у краіне назіраўся нізкі ўзровень даверу выбарчаму працэсу[18].
Назіральнікі СНД палічылі выбары празрыстымі, адкрытымі і адпаведнымі дэмакратычным нормам, а ўсе недахопы назвалі тэхнічнымі[19].
Remove ads
Вынікі
Днём 23 верасьня незалежная газэта Наша Ніва апублікавала прагноз, якія кандыдаты перамогуць на выбарах (у якасьці крытэра была ўзята прыналежнасьць да «вэртыкалі ўлады»), і ўсе прадказаньні спраўдзіліся[20][21]. Ніводны прадстаўнік апазыцыйных партыяў і незалежных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў не прайшоў. У Навабеліцкай акрузе Гомелю, дзе зарэгістраваны праўладны кандыдат апынуўся ў апале з-за справы пра карупцыю, выбары афіцыйна не адбыліся. 2 сьнежня 2013 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідыя Ярмошына паведаміла, што паўторныя выбары па Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 мелі прайсьці 23 сакавіка 2014 году адначасна з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў[22].
Дэпутацкі корпус абнавіўся амаль цалкам — толькі 21 дэпутат ранейшага скліканьня працягне працу[23] (астатнія дэпутаты папярэдняга скліканьня ня сталі высоўваць свае кандыдатуры). Сярод новых дэпутатаў — 30 кіраўнікоў адміністрацыйных структураў (старшыні і намесmнікі старшыняў райвыканкамаў і аблвыканкамаў, начальнікі аддзелаў, камітэтаў і кіраўніцтваў), шэсьць «сілавікоў», 15 прадстаўнікоў установаў адукацыі (галоўным чынам — дырэктары школ, дэканы факультэтаў і рэктары ВНУ і ССНУ), 6 — аховы здароўя (галоўдоктары і загадчыкі аддзяленьнямі), 10 — розных галін прамысловасьці (галоўным чынам кіраўнікі, іх намесьнікі ці кіраўнікі прафсаюзных вочак буйных прадпрыемстваў — Гомсельмаш, Рэчыцкі мэтызны завод, БЕЛАЗ і да т. п.), уключаючы энэргетыку і ЖКГ[23]. Некалькі дэпутатаў прадстаўляюць сельскую гаспадарку, навуку, судовую сыстэму, журналістыку, банкаўскую сфэру, дзяржаўны сэктар у сфэры паслугаў і спорт (Вадзім Дзевятоўскі, срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў у Пекіне па кіданьні молату)[23]. 29 дэпутатаў новага скліканьня — жанчыны[23]. 63 дэпутаты зьяўляюцца сябрамі РГА «Белая Русь»[24]. Пяць дэпутатаў прадстаўляюць праўладныя палітычныя партыі — Камуністычную партыю, Аграрную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці, усе астатнія — беспартыйныя[25].
Remove ads
Дадатковыя зьвесткі
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads