Бібліятэкі Сапегаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бібліятэ́кі Сапе́гаў — абагульнены назоў збораў Сапегаў, якія існавалі ў іхніх маёнтках у Дзярэчыне, Кодні, Ружанах, Слоніме ў XVI—XVIII стагодзьдзях. Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі пасьля бібліятэкі Радзівілаў у Нясьвіжы.
Пачатак кнігазбору дала ружанская бібліятэка вялікалітоўскага канцлера Льва Сапегі, згаданая ў ягоным тэстамэнце ў 1632 року. Ягоны сын, маршалак Казімер Леў павялічыў калекцыю, якая ў той час налічвала тры тысячы тамоў[1]. У 1644—1645 вялікую колькасьць кніг Казімер Леў Сапега ахвяраваў бібліятэцы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1784 року падчас мяшканьня ў замку Сапегаў бібліятэку наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Напрыканцы XVIII стагодзьдзя збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам і Францішкам Сапегамі. У 1834 дзярэчынская бібліятэка і архіў вывезеныя ў Санкт-Пецярбург.
Бібліятэка ў Кодні вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вялікалітоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найбольш поўна прадстаўленая літаратура па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалёгіі. Акрамя кнігазбору, меліся архіў старажытных актаў і калекцыя гравюраў. У 1810 Аляксандар Сапега перадаў коданскую бібліятэку варшаўскаму Таварыству аматараў навук(pl).
Захаваліся рэестры на некаторую частку збораў бібліятэк, эксьлібрысы некаторых уладальнікаў. Большая частка кнігаў у цяперашні час зьберагаецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы, бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту, рэшта — у бібліятэках Расейскай АН, Варшаўскага ўнівэрсытэту і іншых сховішчах.
Remove ads
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads