Вільям Генрыхавіч Фішэр

савецкі выведнік From Wikipedia, the free encyclopedia

Вільям Генрыхавіч Фішэр
Remove ads

Вільям Аўгуст Генрыхавіч Фішэр (анг. William August Fisher; 1903, Ньюкасл-на-Тайне, Ангельшчына, Вялікабрытанія — 1971, Масква, цяпер Расея) — савецкі выведнік-нелегал.

Хуткія факты Мянушка, Месца нараджэньня ...

У 1957 годзе быў арыштаваны і асуджаны ў ЗША за шпіянаж. У 1962 годзе яго абмянялі на амэрыканскага лётчыка Фрэнсіса Паўэрза, зьбітага над Савецкім Саюзам, і студэнта Фрэдэрыка Праёра, абвінавачанага ў шпіянажы.

Remove ads

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў сям'і расейскага немца ў Ангельшчыне[1]. Быў 2-м сынам у сям'і пасьля Гары, які патануў у 1921 годзе на рацэ пад Масквой. Бацька Генрых Мацьвеевіч Фішэр быў ураджэнцам Яраслаўскай губэрні зь нямецкім падданствам, якога выслалі з Расеі ў 1901 годзе за рэвалюцыйную агітацыю з Уладзімерам Ленінам у Санкт-Пецябрурскім тэхналягічным інстытуце. Маці Любоў Васільеўна была акушэркай родам з Саратава, якая таксама брала ўдзел у марксісцкім рэвалюцыйным руху, за што была адначасна высланая з Расеі. У дзяцінстве бацька вучыў выкрываць правакатараў, уладкоўваць тайнікі, выяўляць вонкавае назіраньне і таемна перадаваць сувязному матэрыялы. Сям'я жыла ў работніцкім квартале. У 1918 годзе 15-гадовым юнаком уладкаваўся вучнем рысавальшчыка на верф. У 1919 годзе ў 16 гадоў пасьпяхова здаў экзамэн у Лёнданскі ўнівэрсытэт.

У 1920 годзе сям'я Фішэраў пераехала ў Расейскую СФСР і прыняла савецкае грамадзянства, захаваўшы брытанскае. Сям'я спачатку жыла ў Маскоўскім крамлі разам зь іншымі рэвалюцыянэрамі. Затым атрымала 2 пакоі ў камунальнай кватэры на завулку ў Маскве. У 1921 годзе Вільям Генрыхавіч Фішэр працаваў перакладнікам у Выканаўчым камітэце Камуністычнага інтэрнацыяналу. Затым уладкаваўся рысавальшчыкам у Народны камісарыят вонкавага гандлю Расейскай СФСР. У 1922 годзе ўступіў у Камуністычны саюз моладзі і пасьпяхова здаў экзамэн у Найвышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні, але пакінуў іх праз адсутнасьць падтрымкі рэалізму сярод авангардыстаў. У 1924 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут усходазнаўства, дзе вывучыў Індыю.

У кастрычніку 1925 году быў закліканы ў Чырвоную армію. Служыў у 1-м радыётэлеграфным палку ва Ўладзімеры (Маскоўская вайсковая акруга). Атрымаў спэцыяльнасьць радыста. У лістападзе 1926 году дэмабілізаваўся з годнасьцю камандзіра. Уладкаваўся радыётэхнікам у Навукова-дасьледчы інстытут Вайскова-паветраных сілаў Чырвонай арміі. 7 красавіка 1927 году ажаніўся на выпускніцы Маскоўскай кансэрваторыі Алене Сьцяпанаўне Лебедзевай, якая працавала арфісткай. У 1929 годзе нарадзілася дачка Эвеліна (1929—2007). Таксама выхоўвалі пляменьніцу па кудзелі Лідыю Барысаўну Лебедзеву (1924—2016).

Выведка

2 траўня 1927 году на параду Маскоўскага гаркаму камсамолу паступіў на працу ў замежны аддзел Аб'яднанай дзяржаўнай палітычнай управы (АДПУ). На працу яго раіла тамашняя перакладніца Серафіма Сьцяпанаўна Лебедзева, якая была старэйшай сястрой яго жонкі. Перад прыёмам на працу сумоўе правёў арганізатар вонкавай выведкі Меер Трылісер. У цэнтральным апараце выведкі працаваў памагатым упаўнаважанага ў 8-м аддзеле (навукова-тэхнічнай выведкі). У 1930 годзе зьвярнуўся ў Амбасаду Вялікабрытаніі ў Савецкім Саюзе па дазвол вярнуцца на радзіму, які атрымаў. У 1931 годзе ўступіў ва Ўсесаюзную камуністычную партыю. У 1931 годзе атрымаў брытанскі пашпарт і накіраваўся ў Нарвэгію з жонкай і дачкой пад мянушкай «Франк». Адчыніў радыёінжынэрную майстэрню, у якой вырабляў вымяральныя прылады для праверкі радыёпрымачоў[1]. Стварыў некалькіх запасных кропак для Цэнтру рэгіянальных нелегальных рэзыдэнтураў.

У 1934 годзе пакінуў Нарвэгію, бо атрымаў адмову ў дазволе на пражываньне. Па вяртаньні ў Маскву ў яго памёр бацька. У чэрвені 1935 году паўторна накіраваўся ў Ангельшчыну, дзе сабраў радыёперадавальнік на кватэры. Ягоным кіраўніком быў нелегальны рэзыдэнт Лейба Фельдбін «Швэд» родам з Бабруйску пад псэўднімам Аляксандар Арлоў. У 1937 годзе Фішэры вярнуліся з Ангельшчыны пасьля ўцёкаў Фельдбіна. Пасьля гэтага атрымаў годнасьць лейтэнанта і працягнуў працу ў 7-м аддзелу (вонкавай выведкі) Галоўнай управы дзяржаўнай бясьпекі НКУС СССР. Тады пазнаёміўся з афіцэрам Рудольфам Абелем родам з Рыгі (Латвія). 31 сьнежня 1938 году быў звольнены з НКУС. Ад жніўня 1939 году па верасень 1941 году працаваў старэйшым інжынэрам на маскоўскім заводзе № 230 Народнага камісарыту авіяцыйнай прамысловасьці СССР (цяпер казанскі завод «Электрапрыбор»). Ад 1941 году ўладкаваўся ў падразьдзяленьне НКУС, якое ладзіла партызанскую вайну ў тыле немцаў. Рыхтаваў радыстаў для партызанскіх атрадаў і выведвальных групаў, якія засылалі захопленыя Нямеччынай краіны. Тады працаваў з Рудольфам Абелем. У жніўні 1944 году ўзяў удзел у пасьпяховай апэрацыі «Беразіно» пад загадам Паўла Судаплатава ў выглядзе радыёгульні супраць немцаў[1].

У 1946 годзе перайшоў на працу ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі СССР для падрыхтоўкі да выведкі ў ЗША. У кастрычніку 1948 году з савецкім пашпартам прыехаў чыгункай у Варшаву. Адтуль паехаў з амэрыканскім пашпартам у Чэхаславаччыну, а затым у Швайцарыю і далей на Парыж. На брытанскім караблі «Скіфія» з францускага Гаўру прыбыў у канадзкі Квэбэк, адкуль паехаў у Манрэаль і затым перасёк амэрыканскую мяжу 17 лістапада. У лістападзе 1948 году прыехаў у ЗША з пашпартам на імя грамадзяніна ЗША Эндру Каёціса летувіскага паходжаньня, які насамрэч памёр у 1948 годзе ў Летувіскай ССР. 26 лістапада сустрэўся з савецкім выведнікам-нелегалам Ёсіфам Грыгулевічам пад мянушкай «Макс», які перадаў яму сапраўднае пасьведчаньне пра народзіны, падробленыя картку заклічніка і падатковае пасьведчаньне на імя Эміля Голдфуса, а таксама 1000 даляраў. Сапраўдны Голдфус нарадзіўся 2 жніўня 1902 году і памёр праз 14 месяцаў, а ягонае пасьведжаньне пра народзіны НКУС атрымаў пры канцы грамадзянскай вайны ў Гішпаніі ад сябра Міжнароднай брыгады. Пад імем Эміля Голдфуса і мянушкай «Марк» Вільям Фішэр ствараў сетку савецкіх агентаў у Новым Ёрку[1], дзе валодаў фотастудыяй у Брукліне. Сувязнымі для яго служылі сужэнцы Морыс «Луіс» і Лона «Лэсьлі» Коэны. Самым істотным лучвом у сетцы быў фізык Тэадор Хол «Млад», які перапраўляў ядзерныя таямніцы з Лос-Аламаса ў штаце Нью-Мэксыка ад 1945 году. Пры канцы траўня 1949 году распачаў працу, за вынікі якой у жніўні атрымаў ордэн Чырвонага Сьцягу.

Правал

21 кастрычніка 1952 году атрымаў у дапамогу для працы ў ЗША радыста Рэйну Хейханена пад мянушкай «Вік». У тайніку Хейнанен знайшоў полую манэту, якую згубіў. 22 чэрвеня 1953 году 14-гадовы разносчык газэтаў Джымі Бозарт атрымаў 5-цэнтавік за газэту «Бруклін Ігл» у шматкватэрным доме па праспэкце Фостэра, дом 3403 у нью-ёркскім раёне Бруклін. Пры кіданьні на зямлю манэта раскрылася, і ў ёй апынуўся мікрафільм з наборам лічбаў. Разносчык распавёў тое дачцэ паліцыянта, а той сьледчаму, які праз 2 дні пераказаў аповед агенту Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў. Агент ФБР Луіс Хан атрымаў полую манэту 1948 году зь мікрафільмам, які зьмяшчаў 207 набораў па 5 лічбаў. Пазьней расьсьледаваньне прывяло да судовай справы пра полую манэту.

На лета і восень 1955 году Вільям Фішэр вяртаўся ў Маскву, дзе атрымаў новы партыйны білет. У студзені 1957 году памагатага Рэйну Хейханена вырашылі вярнуць у Маскву праз п'янства і плоцевую разбэшчанасьць, але праз падазрэньне ў перасьледзе той 4 траўня здаўся ЦРУ ў Амбасадзе ЗША ў Францыі. Там ён распавёў пра сваю працу выведнікам, выдаў Вільяма Фішэра пад мянушкай «Марк» і месцазнаходжаньне яго фотастудыі ў Новым Ёрку. 21 чэрвеня 1957 году Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў арыштавала яго ў гасьцініцы «Латам». Пры арышце той назваўся Рудольфам Абэлем, які быў знаёмым савецкім палкоўнікам і насамрэч памёр у 1955 годзе. У ягоным гасьцінічным пакоі знайшлі 4000 даляраў, полы эбанітавы блёк з расейскай кнігай кодаў на 250 старонак, полы аловак з зашыфраванымі паведамленьнямі на мікрафільме і ключ ад сэйфу, дзе было яшчэ 15 000 даляраў. 15 лістапада 1957 году пад імем Рудольфа Абеля быў асуджаны на 30 гадоў турмы за змову з мэтай атрыманьня і перадачы абаронных зьвестак Савецкаму Саюзу, а таксама дзейнасьць у якасьці замежнага агента без апавяшчэньня дзяржаўнага сакратара ЗША[1]. Адбываў пакараньне ў турме Атланты (штат Джорджыя).

10 лютага 1962 году ў Патсдаме (Усходняя Нямеччына) яго абмянялі на амэрыканскага лётчыка-шпіёна Фрэнсіса Паўэрза і амэрыканскага студэнта Фрэдэрыка Праёра, арыштаванага за шпіянаж. Пасьля адпачынку ў здраўніцы «Падліпкі» Мыцішчынскага раёну (Маскоўская вобласьць) вярнуўся да працы ў цэнтральным апараце выведкі. У 1968 годзе стаў вядомым у Савецкім Саюзе пасьля выхаду мастацкага фільму «Мёртвы сэзон», зьвязанага зь ягоным жыцьцём выведніка[1].

Remove ads

У культуры

У 2015 годзе амэрыканскі рэжысэр Стывэн Сьпілбэрг зьняў фільм «Мост шпегаў» пра абмен выведнікамі ў 1962 годзе з удзелам Вільяма Фішэра.

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads