Вісьбю

From Wikipedia, the free encyclopedia

Вісьбю
Remove ads

Вісьбю (па-швэдзку: Visby) — галоўны горад швэдзкага востраву Готлянд, цэнтар аднайменнага лэну. Найбольш захаваны ў Скандынавіі сярэднявечны горад, турыстычны цэнтар, які ўваходзіць у Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Насельніцтва — 23 402 чалавекі (на 31 сьнежня 2015 году).

Хуткія факты
Remove ads

Назва

Назва гораду паходзіць ад старажытнаскандынаўскага vi — (паганскае) месца для прынашэньня ахвяраў, і by — горад[1] (у сучаснай швэдзкай мове сэнс гэтага слова зьмяніўся на «вёска», але ў іншых скандынаўскіх мовах, у т. л. гутнійскай, ён захаваўся).

Гісторыя

У VIII—X стагодзьдзях на ўзьбярэжжы Готлянду існаваў шэраг невялічкіх пасяленьняў, сярод якіх былі Копарсьвік, за 1 км на поўдзень ад сучаснага Вісьбю, і Густаўсьвік — за 2 км на поўнач ад гораду. У сярэдзіне XI стагодзьдзя пастаянная забудова зьявілася і на тэрыторыі самога Вісьбю[2]. Паселішча хутка пачынае расьці, і ўжо ў 1140 годзе выбівае сваю манэту. Росту гораду спрыяў гандаль са швэдзкімі, дацкімі і рускімі валадарамі. У 1161 годзе Генрых Леў надаў Вісьбю дазвол на гандаль ва ўсёй тагачаснай Саксоніі. Адначасова пачынае нарастаць канфлікт зь немцамі за наўгародзкі рынак.

Толькі ў 1203 годзе Вісьбю ўпершыню згадваецца пісьмова: кроніка Генрыха Латвійскага гаворыць аб пілігрымах, якія вярталіся празь Вісьбю ў Інфлянты. Пры гэтым аўтар кронікі называе Вісьбю civitas — «буйны горад».

Ганзейскі пэрыяд

Thumb
Макет-рэканструкцыя сярэднявечнага порту Вісьбю

Ужо ў XIII стагодзьдзі Вісьбю быў важным горадам для набіраючай моц Ганзы. У гэты час даволі істотную частку насельніцтва гораду складалі этнічныя немцы, але рашаючую ролю ў гандлі гралі ўсё ж карэнныя готляндцы. Напрыканцы таго ж стагодзьдзя паміж Вісьбю і сялянамі Готлянду пачалася грамадзянская вайна. Адбылося гэта, хутчэй за ўсё таму, што ў 1285 годзе месьцічы былі вымушаныя падпарадкавацца каралю Магнусу Лядулёсу і павысіць падаткі, а таксама пабудаваць мытню для ўвозу сялянскіх тавараў. Паколькі готляндзкі порт знаходзіўся ў Вісьбю, гэта выклікала незадаволеннасьць з боку сялянаў. Магнус Лядулёс стаў на бок Вісьбю, і перамога засталася за горадам. У якасьці помсты сяляне зачынілі готляндзкі гандлёвы двор у Ноўгарадзе, што адмоўна паўплывала на прэстыж жыхароў усяго востраву, і з 1294 году галоўныя пазыцыі ў ганзейскім гандлі пачынае займаць Любэк.

Каля 1228 году манахі Ордэну дамініканаў заснавалі ў Вісьбю першы ў Швэцыі кляштар. У 1263 годзе было завершанае будаўніцтва сяміпавярховага г. зв. Лільегорнскага дому — найвышэйшага з захаваўшыхся ў сучасным Вісьбю сярэднявечных будынкаў. Яшчэ адным будынкам XIII стагодзьдзя зьяўляецца Старая аптэка.

Thumb
Адна з ахвяраў нападу 1361 году Вальдэмара Атэрдага

У 1361 годзе Готлянд быў атакаваны дацкім каралём Вальдэмарам Атэрдагам. Спачатку жыхары Вісьбю пасіўна назіралі за тым, як готляндзкія сяляне церпяць паразу ад дацкіх кнэхтаў, а па сканчэньні гэтае бітвы дамовіліся з датчанамі аб тым, што здадуць ім горад бяз бою, у абмен на захаваньне ганзейскіх прывілеяў[3]. Гэта дазволіла Вісьбю фармальна мець статус вольнага гораду. У 1391, 1394 і 1398 гадах Вісьбю быў разрабаваны піратамі (г. зв. Віталійскімі братамі). Тады ў 1398 годзе ўмяшаліся рыцары Тэўтонскага ордэну, якія прагналі віталійскіх братоў з востраву, але ў 1408 годзе, з мэтай гарантыі міру з Кальмарскай уніяй, прадалі ўвесь Готлянд, разам зь Вісьбю, дацкай каралеве Маргарыце.

У 1411 годзе кароль Эрык Памяранскі распачаў у Вісьбю будаўніцтва замку Вісбарг, у якім пасяліўся ў 1437 годзе. Ён вёў барацьбу супраць Ганзы, што адмоўна сказалася на разьвіцьці гораду і выклікала яго ізаляцыю.

Пасьля сярэднявечча

У 1525 годзе ўзьнік канфлікт паміж Любэкам і прыхільнікам скінутага дацкага караля Крыстыяна II, марскім афіцэрам Сёрэнам Норбю, рэзыдэнцыяй якога зьяўляўся ў той час замак Вісбарг: 12 верасьня, калі Норбю адсутнічаў у Вісьбю, любэкцы напалі на горад. Абаронцы Вісьбю падпалілі горад у чатырох месцах, каб ускладніць ворагу яго аблогу, а самі схаваліся ў замку. У выніку горад быў разрабаваны, а некалькі зь яго цэркваў пераўтварыліся ў руіны. Наступіўшы з гэтага часу і цягнуўшыйся да XVIII стагодзьдзя глыбокі заняпад не дазволіў месьцічам пазбавіцца ад руінаў і пабудаваць новыя будынкі. Гэта зьявілася адной з прычынаў, чаму ў наш час Вісьбю атрымаў турыстычную мянушку «гораду ружаў і руінаў».

Thumb
Замак Вісбарг у 1679 годзе

У 1645 годзе, у выніку Брэмсэбрускага міру, Вісьбю становіцца швэдзкім, але ў 1675—1679 гадах быў зноў часова акупаваны датчанамі. У выніку паразы ў вайне са Швэцыяй, датчане былі вымушаныя пакінуць горад у 1679 годзе, але перад гэтым дацкі адмірал Нільс Юэль загадаў узарваць замак Вісбарг[4].

У час Расейска-швэдзкай вайны, 22 красавіка 1808 году на Готлянд высадзіліся 2000 расейскіх вайскоўцаў, на чале з адміралам Мікалаем Бодзіска. 24 красавіка яны завалодалі Вісьбю. Бодзіска абвясьціў сябе генэрал-губэрнатарам Готлянду, узяўшы на сябе паўнамоцтвы ляндсгёўдынгу. Але ўжо 16 траўня на Готлянд высадзіліся войскі швэдзкага адмірала Уляфа Рудальфа Сэдэрстрэма, і Бодзіска адразу капітуляваў, пазьбегнуўшы праліцьця крыві[5]. Ужо на наступны дзень расейцы пакінулі востраў. Да іх прыходу месьцічы ўжо пасьпелі адсьвяткаваць Пасху паводле грэгарыянскага каляндару, а потым расейцы адсьвяткавалі яе паводле юліянскага. Такім чынам, Сабор Вісьбю стаў першай у Швэцыі царквой, дзе сьвяткавалася расейская праваслаўная літургія.

З пачатку XIX стагодзьдзя пісьменьнікі і мастакі пачынаюць цікавіцца Вісьбю як гістарычным горадам, што да пачатку XX стагодзьдзя дало штуршок для разьвіцьця Вісьбю як турыстычнага цэнтру.

Сучасная гісторыя

Thumb
Альмедальскі тыдзень — 2014

У 1904 годзе на вуліцах Вісьбю зьявіліся вулічныя ліхтары. У 1910 годзе ў дамы месьцічаў быў праведзены газ, а ў 1925 годзе — вадаправод. З 1920-х гадоў насельніцтва ўнутры гарадзкога муру пачало зьніжацца, а па-за мурам — істотна расьці. У 1960 годзе была адчынена гарадзкая бібліятэка. У 1972 годзе ўлады зьбіраліся зьнесьці гістарычны квартал Эстэртуль (даслоўна Старая мытня), але ўпершыню спыталіся меркаваньня месьцічаў, якія ў выніку выказаліся супраць.

У 1968 годзе ў гарадзкім парку Альмедален упершыню ладзіўся Альмедальскі тыдзень[6] — тыдзень, на працягу якога сустракаюцца прадстаўнікі розных швэдзкіх палітычных партыяў і арганізацыяў. З 1984 году штогод у жніўні ладзіцца вядомы далёка за межамі Швэцыі Сярэднявечны тыдзень[7]. У 1995 годзе Стары горад быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО (пад назвай Ганзейскі горад Вісьбю). У 1998 годзе была заснаваная Готляндзкая Вышэйшая школа, якая зь 1 ліпеня 2013 году стала часткай Упсальскага ўнівэрсытэту (пад назвай Кампус Готлянд).

22 верасьня 2001 году адкрылася Альмэдальская бібліятэка, а 14 красавіка 2007 году — кангрэс-гол, які атрымаў назву Wisby Strand Congress & Event Gotland.

Remove ads

Выдатныя мясьціны

Thumb
Катэдра Вісьбю
  • Гарадзкі мур (XIII стагодзьдзе, працягласьцю 3,5 км, з 44 вежамі).
  • Катэдра
  • Руіны шэрагу сярэднявечных цэркваў:
    • Царквы Сьвятой Тройцы, больш вядомай як Дротэн
    • Царквы Сьвятога Духу
    • Праваслаўнай царквы Сьвятога Мікалая, вядомай як Расейская царква
    • Царквы Сьвятога Клемэнса
    • Царквы Сьвятой Гертруды
    • Царквы Сьвятога Георгія (або па-швэдзку: Ёрана)
    • Цэркваў Сьвятога Яна і Сьвятога Пятра (або па-швэдзку: Ганса і Пэра)
    • Царквы Сьвятога Якуба
    • Царквы Сьвятой Катарыны (францішканская)
    • Царквы Сьвятога Лаўрэнтыя (або па-швэдзку: Лярса)
    • Царквы Сьвятога Міхала (або па-швэдзку: Мікаэля)
    • Царквы Сьвятога Мікалая (дамініканская)
    • Царквы Сьвятога Уляфа
  • Каля 150 сярэднявечных дамоў, сярод якіх Старая аптэка
  • Музэй Готлянду
  • Батанічны сад
  • Руіны кляштару Сульбэрга
  • Прыродны рэзэрў Гальгбэргет (даслоўна па-беларуску: Гара Шыбяніцаў)
  • Парк Альмедален

Галерэя

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads