Голубская вайна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Го́лубская вайна (па-польску: Wojna golubska) — двухмесячная вайна Тэўтонскага ордэну з Каралеўствам Польскім, Вялікім Княствам Літоўскім і Малдаўскім княствам, якая адбылася ў 1422 годзе. Скончылася падпісаньнем Мельнскага міру, паводле якога Ордэн назаўжды адмаўляўся ад прэтэнзіяў на Жамойць. Апошняя вайна Тэўтонскага ордэну зь Вялікім Княствам Літоўскім.
Remove ads
Гістарычны кантэкст
Першы Торунскі мір 1411 году ня вырашыў усіх супярэчаньняў паміж Тэўтонскім ордэнам і саюзнымі Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Не была вызначаная пруска-жамойцкая граніца. Вялікі князь літоўскі Вітаўт прэтэндаваў на ўвесь правы бераг Нёману, уключаючы Мэмэль (Клайпеда). У сваю чаргу, крыжакі патрабавалі, каб пасьля сьмерці Вітаўта і польскага караля Ягайлы Жамойць была перададзеная Ордэну (адна з умоваў Торунскага міру)[1]. Польшча прэтэндавала на Холмскую зямлю (Кульмэрлянд), Заходняе і Ўсходняе Памор’е (Памяранію і Памярэлію)[2]. Кароткая Галодная вайна 1414 году і наступныя за ёй перамовы на Канстанцкім саборы таксама не прынесьлі вырашэньня, аднак перамір’е было працягнута да 1418 году[1].
Новы этап перамоваў стартаваў пасьля заканчэньня перамір’я ў 1419 годзе. Пасярэднікам выступіў папскі легат арцыбіскуп міланскі Барталямэа Капры[3]. Для далейшага ўрэгуляваньня пасярэднікам выступіў сам імпэратар Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонт. 6 студзеня 1420 году ва Ўроцлаве імпэратар аб’явіў Торунскі мір дзейсным і справядлівым, то бок настаяў на нязьменнасьці сытуацыі[3]. Жыгімонт гарантаваў Ордэну нават болей правоў, чым ён таго патрабаваў. Такое рашэньне імпэратара магчыма было растлумачыць яго імкненьнем заручыцца падтрымкай крыжакоў у яго барацьбе з гусітамі, якіх падтрымліваў Вітаўт. Ягайла і Вітаўт катэгарычна адверглі вэрдыкт Жыгімонта. Настойваючы на сваіх правох на спрэчныя тэрыторыі, Ягайла беспасьпяхова зьвярнуўся да папы Мартына V[4]. 8 красавіка 1421 году ў Кракаве Ягайла заключыў накіраваны супраць Ордэну наступальна-абарончы саюз з маркграфам і курфюрстам Брандэнбургу Фрыдрыхам I Гагецолерам. Пры пасярэдніцтве Фрыдрыха і папскага легата перамір’е было падоўжана да 1422 году[5].
Remove ads
Ход вайны
Асьцерагаючыся адкрытай узброенай інтэрвэнцыі Ягайлы і Вітаўта ў Чэхію, Жыгімонт дабіваўся ад новага вялікага магістра Тэўтонскага ордэну Паўля фон Русдорфа, які незадоўга да гэтага распусьціў большасьць наймітаў[6], уступленьня ў вайну зь Вялікім Княствам і Польшчай. 17 ліпеня вайна была аб’яўленая. Войскі Ягайлы і Вітаўта, сканцэнтраваныя ў раёне Чэрвінску-над-Віслай, выступілі на Аструду, нязначныя сілы Ордэну былі вымушаныя адступіць да Любава. Калі стала зразумела, што асадная зброя затрымліваецца, Ягайла загадаў выступіць на сталіцу Ордэну Марыенбург. На шляху былі ўзятыя Рысэнбург і Голуб, аднак узяць Чонсі не ўдалося[6]. Як і падчас Вялікай вайны, абодва бакі пазьбягалі буйных бітваў[7].
Ягайла вырашыў закончыць вайну раней, чым войскі Ордэну атрымаюць падмацаваньне са Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. 17 верасьня было заключанае перамір’е, празь дзесяць дзён у Мельна быў падпісаны мір. Барацьба паміж Тэўтонскім Ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім за Жамойць была завершаная перамогай Княства. Падпісаньне новага міру прадугледжвала ўсталяваньне мяжы ВКЛ і Тэўтонскага ордэну з захаваньнем за апошнім Мэмэлю, але канчаткова замацоўвала за ВКЛ Жамойць, якая цяпер лічылася часткай ВКЛ нават у выпадку сьмерці Вітаўта.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads