Сьвятая Рымская імпэрыя
дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сьвята́я Ры́мская імпэ́рыя няме́цкай на́цыі (па-лацінску: Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicae; па-нямецку: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы. У пэрыяд найвышэйшага росквіту ў склад імпэрыі ўваходзілі сучасныя краіны, як Нямеччына, якая зьяўлялася ейным ядром, паўночная й сярэдняя Італія, Нідэрлянды, Чэхія, а таксама некаторыя рэгіёны Францыі. З 1134 году фармальна складалася з трох каралеўстваў: Нямеччыны, Італіі й Бургундыі. З 1135 году ў склад імпэрыі ўвайшло каралеўства Чэхія, афіцыйны статус якога ў складзе імпэрыі быў канчаткова ўрэгуляваны ў 1212 годзе. У 1157 годзе імпэрыя атрымала назву «Сьвятая імпэрыя» (лац. Sacrum Imperium), а ў 1254 годзе быў упершыню выкарыстаны тытул «Сьвятая Рымская імпэрыя» (лац. Sacrum Romanum Imperium) у пісьмовых крыніцах. У XV і XVI стагодзьдзях тытул быў падоўжаны дадаткам «Нямецкае нацыі». У гістарычнай літаратуры Сьвятую Рымскую імпэрыю зь нядаўняга часу называюць таксама Старой імпэрыяй.
Імпэрыя была заснавана ў 962 годзе нямецкім каралём Атонам I Вялікім і разглядалася як прамы працяг антычнай Рымскай імпэрыі й франскай імпэрыі Карла Вялікага. Працэсы станаўленьня адзінай дзяржавы ў імпэрыі за ўсю гісторыю ейнага існаваньня гэтак і не былі скончаны, і яна заставалася дэцэнтралізаваным утварэньнем са складанай фэадальнай герархічнай структурай, якая аб’ядноўвала некалькі сотняў тэрытарыяльна-дзяржаўных утварэньняў. На чале імпэрыі стаяў імпэратар. Імпэратарскі тытул ня быў спадчынным, а прысвойваўся па выніках абраньня калегіяй курфюрстаў. Улада імпэратара ніколі не была абсалютнай і абмяжоўвалася вышэйшай арыстакратыяй Нямеччыны, а з канца XV стагодзьдзя — райхстагам, якія прадстаўлялі інтарэсы асноўных саслоўяў імпэрыі.
У раньні пэрыяд свайго існаваньня імпэрыя мела характар фэадальна-тэакратычнай дзяржавы, а імпэратары прэтэндавалі на вышэйшую ўладу ў хрысьціянскім сьвеце. Узмацненьне Папскага стальцу й шматвяковая барацьба за ўладаньне Італіяй пры адначасовым росьце магутнасьці тэрытарыяльных князёў у Нямеччыне значна паслабілі цэнтральную ўладу ў імпэрыі. У пэрыяд позьняга Сярэднявечча ўзялі верх тэндэнцыі дэзінтэграцыі, якія пагражалі ператварыць Сьвятую Рымскую імпэрыю ў канглямэрат паўнезалежных утварэньняў. Аднак ажыцьцёўленая ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя «імпэрская рэформа» дазволіла ўмацаваць адзінства краіны й сфармаваць новы балянс улады паміж імпэратарам і саслоўямі, які дазволіў імпэрыі адносна пасьпяхова канкураваць з нацыянальнымі дзяржавамі Заходняй Эўропы. Крызіс Рэфармацыі й Трыццацігадовай вайны быў пераадолены коштам далейшага абмежаваньня ўлады імпэратара й ператварэньнем агульнасаслоўнага райхстага ў галоўны элемэнт імпэрскай канструкцыі. Імпэрыя новага часу забясьпечвала суіснаваньне некалькіх канфэсіяў у рамках адзінай дзяржавы й захаваньне самастойнасьці ейных суб’ектаў, а таксама абарону традыцыйных правоў і прывілеяў саслоўяў, аднак страціла здольнасьць да экспансіі, узмацненьня цэнтральнай улады й вядзеньня наступальных войнаў. Разьвіцьцё буйных нямецкіх княстваў па шляху ўнутранай кансалідацыі й станаўленьні ўласнай дзяржаўнасьці ўваходзіла ў супярэчнасьць з застылай імпэрскай структурай, што ў XVIII стагодзьдзі прывяло да паралічу цэнтральных інстытутаў і развалу імпэрскай сыстэмы. Сьвятая Рымская імпэрыя праіснавала да 1806 году й была ліквідавана падчас напалеонаўскіх войнаў, калі быў сфармаваны Райнскі зьвяз, а апошні імпэратар Франц II адмовіўся ад стальцу.
Remove ads
Характар дзяржавы
Сьвятая Рымская імпэрыя на працягу ўсіх васьмісот пяцідзесяці гадоў свайго існаваньня была герархічным дзяржаўным утварэньнем фэадальнага тыпа. Яна ніколі ня мела характар нацыянальнай дзяржавы, як то Ангельшчына ці Францыя, і ніколі не дасягала высокай ступені цэнтралізацыі кіраваньня. Імпэрыя не зьяўлялася фэдэрацыяй ці канфэдэрацыяй у сучасным разуменьні, але спалучала элемэнты гэтых формаў дзяржаўнага ладу. Суб’ектны склад вылучаўся значнай разнастайнасьцю, сярод іх былі паўнезалежныя курфюрствы, герцагствы, княствы, графствы, вольныя гарады, абацтвы й дробныя ўладаньні рыцараў, — усе яны зьяўляліся паўнапраўнымі суб’ектамі імпэрыі й валодалі рознымі ступенямі праваздольнасьці. Улада імпэратара ніколі не была безумоўнай, а разьдзялялася разам з вышэйшай арыстакратыей краіны. У адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх краінаў, жыхары імпэрыі не былі непасрэдна падпарадкаваны імпэратару, а мелі свайго кіраўніка — людзкога ці духоўнага князя, імпэрскага рыцара ці гарадзкі магістрат, што сфармавала два ўзроўні ўлады ў краіне: імпэрскі й тэрытарыяльны, якія нярэдка канфліктавалі адзін з адным.
Кожны суб’ект імпэрыі, асабліва такія магутныя дзяржавы, як Аўстрыя, Прусія, Баварыя, валодаў высокай ступеньню незалежнасьці ва ўнутраных справах і асаблівымі выключнымі правамі ў зьнешняй палітыцы, аднак сувэрэнітэт працягваў заставацца атрыбутам імпэрыі сам па сабе, а пастановы імпэрскіх установаў і нормы імпэрскага права мелі абавязковы характар для ўсіх частак імпэрыі. Для Сьвятай Рымскай імпэрыі была характэрна асаблівая роля цэрквы, якая надавала гэтаму дзяржаўнаму ўтварэньню элемэнты тэакратыі, аднак у той жа самы час імпэрская структура ўпершыню ў Эўропе пасьля Рэфармацыі забясьпечыла працяглае суіснаваньне ў згодзе некалькіх канфэсіяў у адной дзяржаве. Разьвіцьцё імпэрыі праходзіла ва ўмовах заўсёднай барацьбы дэзінтэграцыі й інтэграцыі. Першага прытрымліваліся перш за ўсё буйныя княствы, якія паступава набылі прыкметы сувэрэнных дзяржаваў й імкнуліся вызваліцца ад улады імпэратара, у той час калі галоўнымі кансалідуючымі фактарамі былі імпэрскі сталец, імпэрскія ўстановы й інстытуцыі, як то райхстаг, суд, сыстэма земскай мірнасьці, а таксама каталіцтва, нямецкая нацыянальная самасьвядомасьць, саслоўны прынцып будаваньня дзяржаўнай структуры імпэрыі, «імпэрскі патрыятызм» (па-нямецку: Reichspatriotismus), ляяльнасьць да імпэрыі й імпэратара.
Remove ads
Назва


Узьнікнуўшы ў 962 годзе, Сьвятая Рымская імпэрыя прэтэндавала на пераемнасьць антычнай Рымскай імпэрыі й Франскай імпэрыі Карла Вялікага, спрабуючы стаць унівэрсальным дзяржаўным утварэньнем у хрысьціянскім сьвеце. Атон I Вялікі, першы манарх гэтае імпэрыі, выкарыстоўваў тытул імпэратар рымлянаў і франкаў (па-лацінску: Imperator Romanorum et Francorum, аднак намнога часьцей тытул сьвяты імпэратар (па-лацінску: Imperator Augustus). Нягледзячы на тое, што ядром імпэрыі была тэрыторыя сучаснай Нямеччыны, ейным сакральным цэнтрам быў Рым, дзе да XVI стагодзьдзя праводзілася каранацыя імпэратараў, і менавіта з Рыму, як лічылася, паходзіла іхняя боская ўлада. Тытул «Рымскі імпэратар» (па-лацінску: imperator augustus Romanorum) выкарыстоўваўся ўжо Атон II Руды, а словаспалучэньне «Рымская імпэрыя» ўпершыню зафіксавана ў крыніцах пад 1034 годам. У той жа час, выкарыстаньне гэтага тытула выклікала рэзкае непрыняцьцё з боку Бізантыі, дзе лічылася, што толькі бізантыйскі імпэратар мае права называцца рымскім імпэратарам.
Манархі Сьвятой Рымскай імпэрыі прэтэндавалі на вярхоўную духоўную ўладу на сваёй тэрыторыі й ролю абаронцы й заступніка эўрапейскай хрысьціянскай царквы. Першапачаткова гэта не патрабавала асобнага згадваньня ў тытуле, аднак пасьля сканчэньня барацьбы за інвэстытуру й распаўсюджваньню ідэі вяршэнства папы рымскага ў духоўнай сфэры, да назвы імпэрыі пачалі дадаваць слова «Сьвятая» (па-лацінску: Sacrum), упершыню менавіта ў 1157 годзе. Гэтым самым падкрэсьлівалася прэтэнзія імпэртараў да царквы. Прымяньне эпітэта «Сьвяты» не да асобы кіраўніка, а да дзяржаўнага ўтварэньня, верагодна, было навацыяй, якая была створана ў канцэлярыі імпэратара Фрыдрыха I Барбаросы[1]. Уласная назва «Сьвятая Рымская імпэрыя» ў ейнай лацінскай вэрсіі Sacrum Romanum Imperium упершыню зьявілася ў 1254 годзе, а ейны эквівалент на нямецкай (па-нямецку: Heiliges Romisches Reich) — яшчэ праз стагодзьдзе, у часы панаваньня Карла IV.
Спасылка на «нямецкую нацыю» ў тытуле імпэратар пачала выкарыстоўвацца зь сярэдзіны XV стагодзьдзя, калі большая частка ненямецкіх земляў была страчана й імпэрыя пачала ўспрымацца як нямецкае нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэньне. Першае падсьведчаньне аб выкарыстаньні гэтага тытула ўтрымліваецца ў законе аб земскай мірнасьці 1486 году імпэратара Фрыдрыха III. Канчатковую форму назвы імпэрыя атрымала напачатку XVI стагодзьдзя, калі ў 1512 годзе Максімілян I Габсбург у сваім звароце да райхстага ўпершыню афіцыйна выкарыстоўваў найменьне «Сьвятая Рымская імпэрыя нямецкае нацыі» (па-нямецку: Heiliges Romisches Reich Deutscher Nation).
Да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя імпэрыя страціла ўплыў у Італіі, а імпэратар быў пазбаўлены сваіх прэрэгатываў у царкоўнай сфэры. У той жа час тэндэнцыя да дэзынтэграцыі пераўтварыла Нямеччыну ў канглямэрат паўнезалежных княстваў. Як пісаў Вальтэр аб Сьвятой Рымскай імпэрыі, што яна больш «не сьвятая, ня рымская й не імпэрыя»[2]. У сваіх апошніх дакумэнтох дзяржава называлася ўжо «Нямецкая імпэрыя» (ням. Deutsches Reich).
Паколькі на працягу амаль усяго пэрыяду свайго існаваньня Сьвятая Рымская імпэрыя зьяўлялася адзіным дзяржаўным утварэньнем у Заходняй Эўропе, манарх якой меў тытул імпэратара, таму яна часьцей за ўсё называлася наўпрост як «Імпэрыя». У расейскіх дакумэнтах XVIII стагодзьдзя вядомая як «Цэзарыя»[3]. У XIX стагодзьдзі, пасьля ўтварэньня Нямецкай і Аўстрыйскай імпэрыі, у дачыненьні да папярэдняй дзяржавы пачала выкарыстоўвацца назва «Старая імпэрыя». На сёньня былую імпэрыю часам называюць «Першым райхам».
Remove ads
Гісторыя
Утварэньне імпэрыі

Ідэя імпэрыі (лац. imperium), адзінай дзяржавы, якае аб’ядноўвае ўвесь цывілізаваны й хрысьціянскі сьвет, узыходзіла да часоў Старажытнага Рыма й перажыла другое нараджэньне пры Карле Вялікім, захоўвалася й пасьля крушэньня Франскай імпэрыі Каралінгаў. Імпэрыя ў грамадзкай сьвядомасьці ўяўлялася як зямное ўвасабленьне Царства Боскага, найлепшая мадэль арганізацыі дзяржавы, пры якой кіраўнік падтрымлівае мір і спакой у хрысьціянскіх краінах, ахоўвае й клапоціцца пра росквіт царквы, а таксама арганізоўвае абарону ад зьнешніх пагрозаў. Раньнесярэднявечная канцэпцыя імпэрыі прадугледжвала яднаньне дзяржавы й царквы й цеснае ўзаемадзеяньне імпэратара й папы рымскага, якія ўвасаблялі вярхоўную сьвецкую й духоўную ўладу. Хоць сталіцай імпэрыі Карла Вялікага быў Аахэн, імпэрская ідэя была зьвязана першым чынам з Рымам, цэнтрам заходняга хрысьціянства й, паводле «Канстантынавага дарунку», крыніцай палітычнай улады ва ўсёй Эўропе[4].
Пасьля распаду дзяржавы Карла Вялікага ў сярэдзіне IX стагодзьдзя тытул імпэратара захаваўся, аднак рэальная ўлада ягонага носьбіта абмежавалася толькі Італіяй, за выключэньнем некалькіх выпадкаў кароткачасовага аб’яднаньня ўсіх франскіх каралеўстваў. Апошні рымскі імпэратар, Бэрэнгар Фрыўльскі, сканаў у 924 годзе. Пасьля ягоной сьмерці ўлада над Італіяй на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў аспрэчвалі прадстаўнікі шэрагу арыстакратычных родаў Паўночнай Італіі й Бургундыі. У самым Рыме Папскі Пасад апынуўся пад поўным кантролем мясцовага патрыцыяту. Крыніцай адраджэньня імпэрскай ідэі ў сярэдзіне X стагодзьдзя стала Нямеччына.
У часы кіраваньня Гэнрыха I Птушкалова (919—936) і асабліва Атона I (936—973) Нямецкае каралеўства значна ўзмацьнілася. У склад дзяржавы ўвайшла багатая Лятарынгія з былой імпэрскай сталіцай Каралінгаў Аахэнам, былі адбітыя набегі вугорцаў (бітва на рацэ Лех 955 году), пачалася актыўная экспансія ў бок славянскіх земляў Паэльб’я й Мэкленбургу. Прычым заваёва суправаджалася энэргічнай місіянэрскай дзейнасьцю ў славянскіх краінах, Вугоршчыны й Даніі. Царква ператварылася ў галоўную апору каралеўскай улады ў Нямеччыны. Племянныя герцагствы, якія складалі аснову тэрытарыяльнай структуры Ўсходнефранскага каралеўства, пры Атоне I былі падпарадкаваны цэнтральнай уладзе. Да пачатку 960-х гадоў Атон стаў найбольш магутным кіраўніком сярод усіх дзяржаваў-спадчыньнікаў імпэрыі Карла Вялікага й набыў рэпутацыю заступніка хрысьціянскай царквы[5].
У 961 годзе папа рымскі Ян XII зьвярнуўся да Атона з просьбай абараніць ад караля Італіі Бэрэнгара II Іўрэйскага й паабяцаў яму імпэратарскую карону. Атон неадкладна перайшоў Альпы, атрымаў перамогу над Бэрэнгарам і быў прызнаны каралём лянгабардаў (Італіі), а затым рушыў у Рым. 2 лютага 962 году Атон I быў памазаны на царства й каранаваны імпэратарам[6]. Гэтая дата лічыцца датай утварэньня Сьвятой Рымскай імпэрыі. Хоць сам Атон Вялікі, відавочна, не намерваўся засноўваць новую імпэрыю й разглядаў сябе выключна як пераемніка Карла Вялікага, фактычна пераход імпэратарскай кароны да нямецкіх манархаў азначаў канчатковае адасабленьне Ўсходнефранскага каралеўства (Нямеччыны) ад Заходнефранскага (Францыі) і фармаваньне новага дзяржаўнага ўтварэньня на аснове нямецкіх і паўночнаітальянскіх тэрыторыяў, якое выступала спадчыньнікам Рымскай імпэрыі й прэтэндавала на ролю заступніка хрысьціянскай царквы.
Імпэрыя ў Сярэднявечча
Кіраваньне Атонаў і барацьба за інвэстытуру
Імпэратарскі тытул, прыняты Атонам Вялікім, ставіў яго на ступень вышэй усіх эўрапейскіх манархаў і, прынамсі, нараўне з папам рымскім. Адменнае значэньне меў сакральны характар гэтага тытула, які дазваляў Атону I і ягоным пераемнікам цалкам кантраляваць царкоўныя інстытуты ў сваіх уладаньнях[7]. Выбары біскупаў і абатаў ажыцьцяўляліся па ўказаньні імпэратара, і яшчэ да пасьвячэньня царкоўныя герархі прыносілі яму клятву вернасьці й ленную прысягу. Царква была ўключана ў сьвецкую структуру імпэрыі й ператварылася ў адну з галоўных апораў імпэратарскай улады й адзінства краіны. Гэта выразна выявілася ўжо ў пэрыяд кіраваньня Атона II (973—983) і падчас непаўналецьця Атона III (983—1002), калі дзякуючы падтрымцы вышэйшага духавенства Нямеччыны імпэратарам атрымалася здушыць некалькі буйных паўстаньняў кіраўнікоў племянных герцагстваў. Сам Папскі Сталец пры Атонах апынуўся пад дамінантным уплывам імпэратараў, якія часьцяком аднаасобна вырашалі пытаньні прызначэньня й зьняцьця рымскіх папаў. У гэты пэрыяд сьвецкія й духоўныя справы не былі выразна аддзелены адзін ад аднаго, і імпэратар, як «намесьнік Бога на зямлі», ажыцьцяўляў уладу над абедзьвюма сфэрамі. Інтэграцыя царквы ў дзяржаўную структуру дасягнула свайго апагею пры Конрадзе II (1024—1039) і Гэнрыху III (1039—1056), калі сфармавалася клясычная імпэрская царкоўная сыстэма (ням. Reichskirchensystem).

Дзяржаўныя інстытуты імпэрыі ў раньні пэрыяд заставаліся досыць слаба дыфэрэнцыяванымі. Імпэратар зьяўляўся адначасова каралём Нямеччыны, Італіі, а пасьля сьмерці ў 1032 годзе апошняга бургундзкага караля Рудольфа III — і Бургундыі[8]. Асноўнай палітычнай адзінкай у Нямеччыне зьяўляліся племянныя герцагствы: Саксонія, Баварыя, Франконія (існавала нядоўга), Швабія, Лятарынгія (апошняя ў 965 годзе была падзелена на Ніжнюю й Верхнюю) і, з 976 году, Карынтыя (аддзелена ад Баварыі)[9]. Уздоўж усходняй мяжы была створана сыстэма марак (Паўночная, Саксонская Ўсходняя, Баварская Ўсходняя, пазьней — Майсэнская, Брандэнбурская, Лужыцкая). У 980-х гадох славяне на некаторы час ізноў адкінулі немцаў за Эльбу й захапілі Гамбург, але напачатку XI стагодзьдзя імпэрыя аднавіла свае пазыцыі ў рэгіёне, хоць далейшае пасоўваньне спыніла ўзыходжаньне Польшчы й Вугоршчыны на правах незалежных каралеўстваў у эўрапейскую хрысьціянскую супольнасьць. У Італіі былі таксама сфармаваны маркі (Таскана, Вэрона, Іўрэя), аднак разьвіцьцё камунальнага руху да пачатку XII стагодзьдзя разбурыла гэтую структуру.
Галоўную праблему для імпэратараў уяўляла ўтрыманьне ўлады адначасова й на поўнач, і на поўдзень ад Альпаў. Атон II, Атон III і Конрад II былі вымушаны падоўгу знаходзіцца ў Італіі, дзе яны вялі барацьбу супраць наступу арабаў і бізантыйцаў, а таксама пэрыядычна душылі хваляваньні італьянскага патрыцыяту, аднак канчаткова зацьвердзіць імпэрскую ўладу на Апэнінскім паўвостраве гэтак і не атрымалася. За выключэньнем кароткага валадараньня Атона III, які перанёс сваю рэзыдэнцыю ў Рым, ядром імпэрыі заўсёды заставалася Нямеччына.
Да кіраваньня Конрада II (1024—1039), першага манарха Салічнай дынастыі, адносіцца фармаваньне саслоўя дробных рыцараў (у тым ліку міністэрыялаў), чые правы імпэратар гарантаваў у сваёй пастанове «Constitutio de feudis» 1036 году, якая сталася асновай імпэрскага леннага права. Дробнае й сярэдняе рыцарства ў далейшым стала адным з галоўных носьбітаў тэндэнцыяў інтэграцыі ў імпэрыі. Конрад II і ягоны пераемнік Гэнрых III кантралявалі вялікую частку нямецкіх рэгіянальных княстваў, самастойна прызначаючы графаў і герцагаў, і цалкам дамінавалі над тэрытарыяльным шляхецтвам і духавенствам. Гэта дазволіла ўвесьці ў імпэрскае права інстытут «Божага міру» — забарона міжусобных войнаў і ваенных канфліктаў унутры імпэрыі.
Апагей імпэрскай улады, дасягнуты пры Гэнрыху III, апынуўся недаўгавечным: ужо ў пэрыяд непаўналецьця Гэнрыха IV (1056—1106) пачалося падзеньне ўплыву імпэратара. Гэта адбывалася на фоне ўздыму клюнійскага руху ў царкве й ідэі грыгарыянскай рэформы, якія разьвіліся зь яго й зацьвярджалі вяршэнства папы рымскага й поўную незалежнасьць царкоўнай улады ад сьвецкай. Папа Грыгорыюс VII паспрабаваў ліквідаваць магчымасьць уплыву імпэратара на працэс замяшчэньня царкоўных пасадаў і асудзіў практыку сьвецкай інвэстытуры[10]. Аднак Гэнрых IV рашуча паўстаў у абарону прэрагатываў імпэратара, што выклікала працяглую барацьбу за інвэстытуру паміж імпэратарам і папам рымскім. Кіраўнік дзяржавы пераканаў сваіх біскупаў адлучыць папу ад царквы, якога ён, як вядома, называў ягоным сапраўдным імем Гільдэбранд, а ня папскім імем Грыгорыюс[11]. У 1075 годзе прызначэньне Гэнрыхам IV біскупа ў Мілян стала нагодай для адлучэньня імпэратара Грыгорыюсам VII ад царквы й вызваленьня падданых ад прысягі вернасьці[11][12]. Пад ціскам нямецкіх князёў імпэратар быў вымушаны ў 1077 годзе зьдзейсьніць пакаяннае «хаджэньне ў Каносу» й маліць папу аб прабачэньні[13][14]. Барацьба за інвэстытуру скончылася толькі ў 1122 годзе падпісаньнем Вормскага канкардату[15], які замацаваў кампраміс паміж сьвецкай і духоўнай уладай: выбары біскупаў павінны былі адбывацца свабодна й без сымоніі, аднак сьвецкая інвэстытура на зямельныя ўладаньні, а тым самым і магчымасьць імпэратарскага ўплыву на прызначэньне біскупаў і абатаў, захоўвалася. У цэлым, барацьба за інвэстытуру істотна саслабіла кантроль імпэратара над царквой, вывела папства з імпэрскай залежнасьці й спрыяла ўздыму ўплыву тэрытарыяльных сьвецкіх і духоўных князёў[16].
Эпоха Гогэнштаўфэнаў

У другой чвэрці XII стагодзьдзя ў цэнтры палітычнага жыцьця імпэрыі апынулася суперніцтва паміж двума буйнымі княскімі родамі Нямеччыны — Гогэнштаўфэнамі й Вэльфамі. Першыя дамінавалі ў паўднёва-заходняй Нямеччыне (Швабія, Эльзас) і Франконіі. Вэльфы былі кіраўнікамі Баварыі, Саксоніі, Тасканы й, нароўні з Альбрэхтам Мядзьведзем, разьвівалі экспансію ў кірунку славянскіх земляў Мэкленбургу, Памор’я й Паэльб’я. Сылезія стала часткай Сьвятоц Рымскай імпэрыі ў выніку імкненьня мясцовых герцагаў Пястаў да аўтаноміі ад Польскай кароны[17]. З канца XII стагодзьдзя Памэранскае герцагства трапіла пад сюзэрэнітэт імпэрыі[18], а заваёвы Тэўтонскага ордэна зрабілі гэты рэгіён нямецкамоўным[19]. У 1138 годзе імпэратарам быў абраны Конрад III Гогэнштаўфэн, аднак узброенае супрацьстаяньне Вэльфаў і Гогэнштаўфэнаў працягвалася практычна на ўсім працягу ягонага кіраваньня.

Пасьля сьмерці Конрада III у 1152 годзе імпэратарам стаў ягоны пляменьнік Фрыдрых I Барбароса, валадараньне якога стала пэрыядам значнага ўзмацненьня цэнтральнай улады ў Нямеччыне й, па меркаваньні шматлікіх гісторыкаў, вяршыняй магутнасьці Сьвятой Рымскай імпэрыі. Галоўным кірункам палітыкі Фрыдрыха I стала аднаўленьне імпэратарскай улады ў Італіі. Фрыдрых зьдзейсьніў шэсьць паходаў у Італію, падчас першага зь якіх быў каранаваны ў Рыме імпэратарскай каронай. На Ранкальскім сойме 1158 году была зьдзейсьнена спроба юрыдычнага афармленьня ўсеўладзьдзя імпэратара ў Італіі й Нямеччыне. Узмацненьне імпэратара на Апэнінскім паўвостраве выклікала супраціўленьне як папы рымскага Аляксандра III і Сыцылійскага каралеўства, гэтак і паўночнаітальянскіх гарадзкіх камунаў, якія ў 1167 годзе аб’ядналіся ў Лямбардзкую лігу. Лямбардзкай лізе атрымалася арганізаваць эфэктыўны адпор плянам Фрыдрыха I у адносінах да Італіі й у 1176 годзе нанесьці зьнішчальную паразу імпэрскім войскам у бітве пры Леньяна, што вымусіла імпэратара ў 1187 годзе прызнаць аўтаномію гарадоў. У самой Нямеччыне пазыцыі імпэратара значна ўмацаваліся дзякуючы падзелу ўладаньняў Вэльфаў у 1181 годзе й фармаваньню досыць буйнага дамэна Гогэнштаўфэнаў. У канцы жыцьця Фрыдрых I адправіўся ў Трэці крыжовы паход, падчас якога й загінуў у 1190 годзе[20].
Сыну й пераемніку Фрыдрыха Барбаросы Гэнрыху VI у сэрыі ваенных апэрацыяў атрымалася яшчэ больш пашырыць тэрытарыяльную магутнасьць імпэратара, падпарадкаваўшы Сыцылійскае каралеўства. Менавіта ў гэтай дзяржаве Гогэнштаўфжны здолелі стварыць цэнтралізаваную спадчынную манархію з моцнай каралеўскай уладай і разьвітой бюракратычнай сыстэмай, тады як ва ўласна нямецкіх землях узмацненьне рэгіянальных князёў не дазволіла ня толькі замацаваць самадзяржаўную сыстэму кіраваньня, але й забясьпечыць перадачу імпэратарскага стальцу па спадчыне. Імпэратар раптоўна памёр у 1197 годзе, што прывяло да частковага краху ягонай імпэрыі[21][22][23]. Паколькі ягоны сын, Фрыдрых II, хоць і ўжо быў абраны каралём, яшчэ быў маленькім дзіцем і жыў на Сыцыліі, нямецкія князі вырашылі абраць дарослага караля. Пры гэтым было абрана адразу два рымскіх караля: Філіп Швабскі і Атон IV Браўншвайскі, — што прывяло да міжусобнай вайны ў Нямеччыне.
У 1220 годзе імпэратарам быў каранаваны той самы Фрыдрых II, сын Гэнрыха VI і кароль Сыцыліі, які аднавіў палітыку Гогэнштаўфэнаў па ўсталяваньні імпэрскага панаваньня ў Італіі. Ён пайшоў на жорсткі канфлікт з папам рымскім, быў адлучаны ад царквы й абвешчаны антыхрыстам, але тым ня менш распачаў крыжовы паход у Палестыну й быў абраны каралём Ерусаліма. Падчас кіраваньня Фрыдрыха II у Італіі разгарнулася барацьба гвэльфаў, прыхільнікаў папы рымскага, і гібэлінаў, якія падтрымлівалі імпэратара, якая разьвівалася зь пераменным посьпехам, але ў цэлым досыць удала для Фрыдрыха II, то бок ягоныя войскі кантралявалі вялікую частку Паўночнай Італіі, Таскану і Раманьню, не гаворачы пра спадчынныя ўладаньні імпэратара ў Паўднёвай Італіі. Засяроджанасьць на італьянскай палітыцы, аднак, вымусіла Фрыдрыха II пайсьці на істотныя саступкі нямецкім князям. Пагадненьнем з князямі царквы 1220 году й Пастановай на карысьць князёў 1232 году за біскупамі й сьвецкімі князямі Нямеччыны былі прызнаны сувэрэнныя правы ў рамках тэрыторыяў іхных уладаньняў. Гэтыя дакумэнты сталі прававой асновай для фармаваньня ў складзе імпэрыі паўнезалежных спадчынных княстваў і пашырэньня ўплыву рэгіянальных кіраўнікоў на шкоду прэрагатывам імпэратара[24]. За сваю шырокую дзейнасьць, атрыманы прэстыж і руплівасьць Фрыдрых II быў названы найвялікшым з усіх сярэднявечных нямецкіх імпэратараў[25].
Крызіс позьняга Сярэднявечча

Пасьля спыненьня дынастыі Гогэнштаўфэнаў у 1250 годзе ў Сьвятой Рымскай імпэрыі пачаўся працяглы пэрыяд міжцарства (1254—1273). Але й пасьля ягонага пераадоленьня й узыходжаньня на сталец у 1273 годзе Рудольфа I Габсбурга значэньне цэнтральнай улады працягвала спадаць, а роля кіраўнікоў рэгіянальных княстваў — узрастаць. Хоць манархі й прадпрымалі спробы аднавіць былую магутнасьць імпэрыі, на першы плян выйшлі дынастычныя інтарэсы: абраныя каралі першым чынам імкнуліся максымальна пашырыць уладаньні сваіх сем’яў: Габсбургі замацаваліся ў аўстрыйскіх землях, Люксэмбургі — у Чэхіі, Маравіі й Сылезіі, Вітэльсбахі — у Брандэнбургу, Нідэрляндах і Гэнэгаў. Менавіта ў позьняе Сярэднявечча прынцып выбарнасьці імпэратара набыў рэальнае ўвасабленьне: на працягу другой паловы XIII — канца XV стагодзьдзяў імпэратар сапраўды абіраўся зь некалькіх кандыдатаў, а спробы перадачы ўлады па спадчыне звычайна ня мелі посьпеху. Рэзка ўзрос уплыў буйных тэрытарыяльных князёў на палітыку імпэрыі, прычым сем найбольш магутных князёў прысвоілі сабе выключнае права абраньня й зьняцьця імпэратара[26]. Гэта суправаджалася ўмацаваньнем сярэдняй й дробнай шляхты, распадам імпэратарскага дамэну Гогэнштаўфэнаў і ростам фэадальных міжусобіц. Уздым гарадоў і зьяўленне новай клясы бюргераў падарвалі грамадзкі, прававы і эканамічны парадак фэадалізму[27].
У той жа час у Італіі канчаткова перамог гвэльфізм, і імпэрыя пазбавілася ўплыву на Апэнінскім паўвостраве. На заходніх межах узмацнілася Францыя, якой атрымалася вывесьці з-пад уплыву імпэратара землі былога Бургундзкага каралеўства. Некаторае ажыўленьне імпэрскай ідэі ў пэрыяд кіраваньня Гэнрыха VII, які зьдзяйсьніў у 1310—1313 гадох экспэдыцыю ў Італію й упершыню пасьля Фрыдрыха II каранаваўся імпэратарскай каронай у Рыме, было, аднак, недаўгавечным: пачынаючы з канца XIII стагодзьдзя Сьвятая Рымская імпэрыя ўсё больш абмяжоўвалася выключна нямецкімі землямі, ператвараючыся ў нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэньне нямецкага народа. Паралельна ішоў таксама працэс вызваленьня імпэрскіх установаў з-пад улады папства: у пэрыяд Авіньёнскага паланеньня папаў роля рымскага папы ў Эўропе рэзка зьменшылася, што дазволіла нямецкаму каралю Людвігу Баварскаму, а ўсьлед за ім і буйным рэгіянальным нямецкім князям, выйсьці з падпарадкаваньня рымскаму стальцу.

Падтрыманьне прэстыжу й захаваньне магчымасьці правядзеньня незалежнай палітыкі ва ўмовах умацаваньня рэгіянальных княстваў і ўзмацненьня суседніх дзяржаваў імпэратарам XIV стагодзьдзя дазваляла апора на ўласныя спадчынныя ўладаньні: Аўстрыю й верхняшвабскія землі пры імпэратарах з дому Габсбургаў, Баварыю й Пфальц пры Людвігу IV і ўладаньні Чэскай кароны пры Люксэмбургах. У гэтых адносінах паказальна валадараньне Карла IV (1346—1378), у пэрыяд кіраваньня якога цэнтар імпэрыі перамясьціўся ў Прагу. Карлу IV атрымалася правесьці важную рэформу канстытуцыйнага ладу імпэрыі: Залатой булай імпэратара 1356 году была заснавана калегія курфюрстаў з 7 сябраў, у склад якой увайшлі арцыбіскупы Кёльну, Майнцу, Трыра, кароль Чэхіі, курфюрст Пфальцу, герцаг Саксоніі й маркграф Брандэнбургу. Сябры калегіі курфюрстаў атрымалі выключнае права абраньня імпэратара й фактычна вызначаць кірункі палітыкі імпэрыі, за курфюрстамі было таксама прызнана права ўнутранага сувэрэнітэту, што замацавала раздробненасьць нямецкіх дзяржаваў. Для курфюрстаў тытул станавіўся спадчынным, і ім давалася права біць манэты. Таксама рэкамэндавалася, каб іхныя сыны вывучалі імпэрскія мовы, як то нямецкую, лацінскую, італьянскую і чэскую[28]. Такая пастанова Карла IV ёсьць прадметам дыскусіяў, бо з аднаго боку, яно дапамагло аднавіць мір на землях імпэрыі, якія былі ахопленыя грамадзянскімі канфліктамі па заканчэньні эпохі Гагэнштаўфэнаў, але зь іншага боку, «удар па цэнтральнай уладзе быў відавочным»[29]. У той жа час быў ліквідаваны ўсялякі ўплыў папы на выбары імпэратара.

Крызісныя настроі ў імпэрыі ўзмацніліся пасьля эпідэміі чумы 1347—1350 гадоў, якая прывяла да рэзкага падзеньня колькасьці насельніцтва й нанесла адчувальны ўдар па эканоміцы краіны. У той жа час другая палова XIV стагодзьдзя адзначылася ўздымам паўночнанямецкага зьвяза гандлёвых гарадоў Ганзы, якая ператварылася ў важны фактар міжнароднай палітыкі й набыла значны ўплыў у скандынаўскіх дзяржавах, Ангельшчыне і на Балтыцы. Кожны з далучаных гарадоў захаваў прававую сыстэму свайго сувэрэна і, за выключэньнем свабодных імпэрскіх гарадоў, меў толькі абмежаваную ступень палітычнай аўтаноміі. Да канца XIV стагодзьдзя магутная ліга пры неабходнасьці абараняла свае інтарэсы ваенным шляхам. Кульмінацыяй гэтага стала Дацка-Ганзейская вайна 1361—1370 гадоў, пасьля 1450 году ліга ў заняпала[30][31]. У паўднёвай Нямеччыне гарады таксама ператварыліся ва ўплывовую палітычную сілу, якая выступіла супраць князёў і рыцараў, аднак у сэрыі ваенных канфліктаў канца XIV стагодзьдзя Швабскі й Райнскі зьвязы гарадоў пацярпелі паразу ад войскаў імпэрскіх князёў.
Напачатку XV стагодзьдзя рэзка абвастрыліся царкоўна-палітычныя праблемы ва ўмовах Расколу каталіцкай царквы й уздыму канцылярысцкага руху. Функцыю абаронца царквы ўзяў на сябе імпэратар Жыгімонт, які здолеў аднавіць адзінства рымскай царквы й прэстыж імпэратара ў Эўропе. Аднак у самой імпэрыі прыйшлося весьці працяглую барацьбу з гусіцкай гарэзай, якая ахапіла землі чэскай кароны, а спроба імпэратара знайсьці апору ў гарадах і імпэрскіх рыцарах (праграма «Трэцяй Нямеччыны») правалілася з-за вострых рознагалосьсяў паміж гэтымі саслоўямі. Таксама не атрымалася спыніць узброеныя канфлікты паміж суб’ектамі імпэрыі.
Па сьмерці Жыгімонта ў 1437 годзе на стальце Сьвятой Рымскай імпэрыі ўстанавілася дынастыя Габсбургаў, прадстаўнікі якой, за адным выключэньнем, працягвалі валадарыць у імпэрыі да ейнага роспуску. Да канца XV стагодзьдзя імпэрыя знаходзілася ў глыбокім крызісе, выкліканым неадпаведнасьцю ейных інстытутаў патрабаваньням часу, развалам вайсковай і фінансавай арганізацыі й фактычным вызваленьнем рэгіянальных княстваў ад улады імпэратара. У княствах пачалося фармаваньне ўласнага апарата кіраваньня, вайсковай, судовай і падатковай сыстэмаў, узьніклі саслоўныя прадстаўнічыя органы ўлады (ляндтагі). Пры Фрыдрыху III (1440—1493), які быў першым з Габсбургаў на чале дзяржавы[32], імпэратар апынуўся ўцягнуты ў зацяжныя й малапасьпяховыя войны з Вугоршчынай, у той час як на іншых кірунках эўрапейскай палітыкі ўплыў імпэратара імкнуўся да нуля. У той жа час падзеньне ўплыву імпэратара ў імпэрыі спрыяў больш актыўнаму ўцягваньню імпэрскіх саслоўяў у працэсы кіраваньня й фармаваньню ўсеімпэрскага прадстаўнічага органу — райхстагу.
Імпэрыя новага часу
Імпэрская рэформа

Да моманту сьмерці імпэратара Фрыдрыха III у 1493 годзе сыстэма кіраваньня імпэрыяй знаходзілася ў глыбокім крызісе: у Нямеччыне існавала некалькі сотняў дзяржаўных утварэньняў рознай ступені незалежнасьці й з розным фінансавым і вайсковым патэнцыялам, а рычагі ўплыву імпэратара на князёў імпэрыі апынуліся састарэлымі й неэфэктыўнымі. Буйныя княствы вялі фактычна самастойную зьнешнюю палітыку, адначасова імкнучыся падпарадкаваць суседнія ўладаньні рыцараў і імпэрскіх гарадоў, якія складалі аснову ўзброеных сілаў і бюджэту імпэрыі[33].
У 1495 годзе Максімілян I склікаў у Вормсе ўсеагульны райхстаг Сьвятой Рымскай імпэрыі, на зацьвярджэньне якога ён прадставіў праект рэформы дзяржаўнага кіраваньня імпэрыі. У выніку абмеркаваньня была прынята гэтак званая «Імпэрская рэформа» (ням. Reichsreform). Нямеччына была падзелена на шэсьць імпэрскіх акругаў (у 1512 годзе да іх былі дададзены яшчэ чатыры). Органам кіраваньня акругі стаў акруговы сход, у якім мелі права ўдзельнічаць усе дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі акругі: сьвецкія й духоўныя княствы, імпэрскія рыцары й вольныя гарады. Кожнае дзяржаўнае ўтварэньне мела адзін голас (у некаторых акругах гэта забясьпечвала перавагу імпэрскіх рыцараў, дробных княстваў і гарадоў, якія складалі галоўную апору імпэратара). Акругі вырашалі пытаньні ваеннага будаўніцтва, арганізацыі абароны, набору войска, а таксама разьмеркаваньні й зьбіраньні імпэрскіх падаткаў. Велізарнае значэньне мела таксама стварэньне найвышэйшага імпэрскага суду — вярхоўнага органа судовай улады Нямеччыны, які стаў адной з галоўных прыладаў уплыву імпэратара на тэрытарыяльных князёў і мэханізмам правядзеньня адзінай палітыкі ва ўсіх дзяржаўных утварэньнях імпэрыі[33][34]. Аднак, гэты суд мусіў быў быць у значнай ступені незалежным ад імпэратара. Дзеля ягонага фінансаваньня быў ухвалены новы падатак — агульны пфэніг, але ён зьбіраўся толькі пры Карле V і Фэрдынандзе I, але і тое не агулам[35][36].

Аднак спробы Максіміляна паглыбіць рэфарміраваньне імпэрыі й стварыць адзіныя органы выканаўчай улады, а таксама адзінае імпэрскае войска праваліліся: князі імпэрыі выступілі рэзка супраць і не дазволілі правесьці праз райхстаг гэтыя прапановы імпэратара. Больш таго, імпэрскія саслоўі адмовіліся фінансаваць італьянскія кампаніі Максіміляна I, што рэзка прыслабіла пазыцыі імпэратара на міжнароднай арэне й у самой імпэрыі. Усьведамляючы істытуцыянальную кволасьць імпэратарскай улады ў Нямеччыне, Максімілян I працягнуў палітыку сваіх папярэднікаў па адасабленьні Аўстрыйскай манархіі ад імпэрыі: абапіраючыся на «Privilegium Maius» 1453 году, Максімілян I у якасьці эрцгерцага Аўстрыі адмовіўся ўдзельнічаць у фінансаваньні імпэрскіх установаў, не дазваляў спаганяць на аўстрыйскіх землях імпэрскія падаткі. Аўстрыйскія герцагствы ня ўдзельнічалі ў працы імпэрскага райхстагу й іншых агульных органаў. Аўстрыя фактычна была пастаўлена па-за імпэрыяй, ейная незалежнасьць была пашырана. Практычна ўся палітыка Максіміляна I праводзілася, першым чынам, у інтарэсах Аўстрыі й дынастыі Габсбургаў, а толькі ў другую чаргу — Нямеччыны[33][34].
Вялікае значэньне для канстытуцыі Сьвятой Рымскай імпэрыі мела таксама адмова ад прынцыпу неабходнасьці каранацыі імпэратара папам дзеля легітымізацыі ягоных правоў на тытул імпэратара. У 1508 годзе ён паспрабаваў зьдзейсьніць экспэдыцыю ў Рым для сваёй каранацыі, аднак ня быў прапушчаны вэнэцыянцамі, якія кантралявалі шляхі зь Нямеччыны ў Італію. 4 лютага 1508 году на сьвяточнай цырымоніі ў Трыенце ён быў абвешчаны імпэратарам. Папа Юліюс II, якому Максімілян I быў вельмі неабходны для стварэньня шырокай кааліцыі супраць Вэнэцыі, дазволіў яму карыстацца тытулам «абранага імпэратара». У далейшым пераемнікі Максіміляна I (акрамя Карла V) ужо не імкнуліся да каранацыі, а ў імпэрскае права ўвайшло палажэньне, што само абраньне нямецкага караля курфюрстамі робіць яго імпэратарам[33].

Рэформы Максіміляна былі працягнуты ягоным унукам Карлам V. У выніку Райхстаг ператварыўся ў пэрыядычна склікаемы орган заканадаўчай улады, які стаў цэнтрам ажыцьцяўленьня імпэрскай палітыкі, да ўдзелу ў кіраваньні імпэрыяй былі прыцягнуты, у рознай ступені, асноўныя сацыяльныя групы краіны (курфюрсты, імпэрскія князі, імпэрскія рыцары, мяшчане), паміж якімі сфармаваўся ўстойлівы балянс улады. У аснову ўзаемадзеяньня дзяржаўных утварэньняў унутры імпэрыі быў пакладзены прынцып «земскага міру» — узьведзены ў ранг закону забарона выкарыстаньня ваенных спосабаў вырашэньня канфліктаў паміж суб’ектамі імпэрыі. Нарэшце была распрацавана сыстэма фінансаваньня агульнаімпэрскіх выдаткаў, якая хоць і давала збоі з-за нежаданьня курфюрстаў уносіць сваю долю ў агульны бюджэт, усётакі давала імпэратарам магчымасьць весьці актыўную замежную палітыку й дазволіла адбіць турэцкую загрозу напачатку XVI стагодзьдзя. Пры Карле V быў зацьверджаны адзіны крымінальны кодэкс для ўсёй імпэрыі — «Constitutio Criminalis Carolina».
У выніку пераўтварэньняў канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя імпэрыя набыла арганізаваную дзяржаўна-прававую сыстэму, якая дазволіла ёй суіснаваць і пасьпяхова канкураваць з нацыянальнымі дзяржавамі новага часу. Хоць ня ўсе органы новай імпэрыі працавалі досыць эфэктыўна, яны дазвалялі падтрымліваць адзінства й адносны спакой у Нямеччыне. Рэформы, аднак, не былі завершаны, і імпэрыя да канца свайго існаваньня працягвала заставацца сукупнасьцю старых і новых інстытутаў і не набыла атрыбутаў адзінай дзяржавы.
Фармаваньне новай мадэлі арганізацыі Сьвятой Рымскай імпэрыі суправаджалася паслабленьнем выбарнага прынцыпу абраньня імпэратара. Пачынаючы з 1439 году на стальцы імпэрыі ўсталявалася дынастыя Габсбургаў — найбольш моцны ў тэрытарыяльным пляне нямецкі род. Шырокія ўладаньні Габсбургаў па-за імпэрыяй (сярод іх спадчынных земляў былі Чэхія, Маравія, Сылезія, Вугоршчына, Харватыя і Гішпанія) рэзка пашырылі эканамічную базу імпэратара й дазволілі замацаваць за дынастыяй Габсбургаў імпэрскую карону[37][38]. Сталіцай Нямеччыны фактычна стала Вена, у якой разьмяшчаўся двор імпэратара й падпарадкаваныя яму органы кіраваньня. Зрушэньне цэнтру ўлады ў імпэрыі на паўднёва-ўсходнюю пэрыфэрыю мела фундамэнтальнае значэньне для лёсу краіны ў пэрыяд новага часу. У 1450-х гадах эканамічнае разьвіцьцё Паўднёвай Нямеччыны прывяло да ўзьнікненьня банкаўскіх імпэрыяў, картэляў і манаполіяў у такіх гарадах, як то Ульм, Рэгенсбург і Аўгсбург. Аўгсбург, у прыватнасьці, павязаны зь сем’ямі Фугераў, Вэльзэраў і Баўмгартнэраў, уважаецца за сталіцу раньняга капіталізму[39][40]. Горад таксама займеў значную карысьць ад стварэньня і пашырэньня працы кайзэраўскай пошты ў канцы XV і пачатку XVI стагодзьдзяў[41][42].
Рэфармацыя

У выніку распачатай у 1517 годзе Рэфармацыі імпэрыя аказалася расколатай на лютэранскую поўнач і каталіцкі поўдзень. Пратэстанцтва ў першай палове XVI стагодзьдзя прынялі многія вялікія княствы (Саксонія, Брандэнбург, Курпфальц, Браўншвайг-Люнэбург, Гэсэн, Вюртэмбэрг), а таксама найважнейшыя імпэрскія гарады — Страсбург, Франкфурт, Нюрнбэрг, Гамбург, Любэк. Каталіцкімі засталіся царкоўныя курфюрствы Райну, Браўншвайг-Вольфэнбютэль, Баварыя, Аўстрыя, Лятарынгія, Аўгсбург, Зальцбург і некаторыя іншыя дзяржавы. Канфэсійны раскол імпэрыі ва ўмовах адраджэньня прэтэнзій на гегемонію ў Эўропе імпэратара Карла V (Італьянскія войны), а таксама палітыкі цэнтралізацыі імпэрскіх інстытутаў, якую ён праводзіў, прывёў да абвастрэньня ўнутранага становішча Нямеччыны й нарастаньня канфлікту паміж саслоўямі імпэрыі й імпэратарам. Нявырашанасьць царкоўнага пытаньня й правал спробаў імпэратара дасягнуць кампрамісу па тэалягічных пытаньнях на Аўгсбурскім Райхстагу 1530 году выклікаў афармленьне двух палітычных зьвязаў у Нямеччыне — пратэстанцкага Шмалькальдэнскага і каталіцкага Нюрнбэрскага. Іхнае процістаяньне вылілася ў Шмалькальдэнскую вайну 1546—1547 гадоў, якая ўзрушыла канстытуцыйныя асновы імпэрыі. Хоць Карл V атрымаў перамогу ў вайне, неўзабаве супраць яго згуртаваліся ўсе асноўныя палітычныя сілы імпэрыі[43], незадаволеныя ўнівэрсалізмам палітыкі Карла, які жадаў стварыць «сусьветную імпэрыю» на аснове сваіх нямецкіх, аўстрыйскіх і гішпанскіх уладаньняў[44][45], і непасьлядоўнасьцю ў рашэньні царкоўных пытаньняў. У 1555 годзе на Райхстагу ў Аўгсбургу быў складзены Аўгсбурскі рэлігійны мір, які прызнаў лютэранства ў якасьці легітымнай рэлігіі й гарантаваў свабоду веравызнаньня для імпэрскіх саслоўяў, па прынцыпу «чыя краіна, таго й вера» (па-лацінску: cujus regio, ejus religio). Карл V адмовіўся падпісаць гэта пагадненьне й неўзабаве склаў зь сябе паўнамоцтвы імпэратара[46].
Аўгсбурскі рэлігійны мір дазволіў пераадолець крызіс, выкліканы Рэфармацыяй, і аднавіць працаздольнасьць імпэрскіх інстытутаў. Хоць канфэсійны раскол захаваўся, палітычна імпэрыя здабыла адзінства. На працягу наступнага паўстагодзьдзя каталіцкія й пратэстанцкія суб’екты імпэрыі досыць эфэктыўна супрацоўнічалі ў органах кіраваньня, што дазваляла падтрымліваць у Нямеччыне мір і сацыяльны спакой.
Канфэсійная эпоха і Трыццацігадовая вайна

Выраканьне Карла V і разьдзел уладаньняў Габсбургаў у 1556 годзе, у выніку якога Гішпанія, Фляндрыя і Італія дасталіся ягонаму сыну Філіпу II, а аўстрыйскія землі і пасада імпэратара перайшлі брату Фэрдынанду I, таксама спрыялі стабілізацыі імпэрыі, бо ліквідавалі небясьпеку прыходу да ўлады бескампраміснага каталіка Філіпа II. Фэрдынанд I, адзін з аўтараў Аўгсбурскага рэлігійнага міру і пасьлядоўны правадыр курсу на ўмацаваньне імпэрыі празь цесны зьвяз з князямі і павышэньне эфэктыўнасьці функцыянаваньня імпэрскіх установаў, уважаецца фактычным заснавальнікам імпэрыі новага часу. Пераемнік Фэрдынанда I імпэратар Максімілян II сам сымпатызаваў пратэстанцтву, і ў час свайго панаваньня яму ўдавалася, абапіраючыся на імпэрскіх князёў абедзьвюх канфэсіяў, падтрымліваць у імпэрыі тэрытарыяльны і рэлігійны парадак, разьвязваючы канфлікты пры дапамозе выключна прававых мэханізмаў імпэрыі. Галоўнымі тэндэнцыямі разьвіцьця ў другой палове XVI і пачатку XVII стагодзьдзяў былі дагматычнае і арганізацыйнае афармленьне і адасабленьне трох канфэсіяў, як то каталіцтва, лютэранства і кальвінізму, і зьвязаная з гэтым канфэсіяналізацыя ўсіх аспэктаў сацыяльнага і палітычнага жыцьця нямецкіх дзяржаваў. У сучаснай гістарыяграфіі гэты час атрымаў назву Канфэсійная эпоха (ням. Konfessionelles Zeitalter).
Да канца XVI стагодзьдзя, аднак, увасобіліся разбуральныя тэндэнцыі, закладзеныя ў палавінчатасьці ўмоваў Аўгсбурскага міру. Яны былі павязаныя, найперш, з тэрытарыяльна-палітычным пашырэньнем радыкальнага кальвінізму (Курпфальц, Нідэрланды, Гэсэн-Касэль, Ангальт, Бадэн-Дурлях), варожа сустрэтага як лютэранамі, гэтак і каталікамі, а таксама з Контрарэфармацыяй, якая набірала моц пасьля завяршэньня Трыдэнцкага сабору. Пад узьдзеяньнем Контрарэфармацыі пачаўся перасьлед пратэстантаў у аўстрыйскіх землях і некаторых імпэрскіх гарадах, да каталіцкага веравызнаньня вярнуліся многія царкоўныя княствы і гарады заходняй і паўднёвай Нямеччыны, а таксама Бадэн-Бадэн і Пфальц-Нойбург. Акрамя таго, афармленьне пад узьдзеяньнем працэсаў канфэсіяналізацыі арганізацыйных структураў нямецкіх княстваў і пачатак фармаваньня дзяржаваў сучаснага ладу ўваходзілі ў супярэчнасьць з захаванымі імпэрскімі інстытутамі. Ужо ў 1588 годзе праца Імпэрскага суда была паралізаваная, з пачатку XVII стагодзьдзя праз канфлікты паміж канфэсіямі страціў працаздольнасьць імпэрскі райхстаг.

Стан імпэратара Рудольфа II быў сур’ёзна падарваны канфліктамі ўнутры Габсбурскага дому, няўдачамі ў аўстра-турэцкай вайне 1593—1606 гадоў і паўстаньнем Іштвана Бочкаі, якое ўспыхнула ў Вугоршчыне. У 1608 годзе Рудольф II быў вымушаны адмовіцца ад Аўстрыі, Вугоршчыны і Маравіі, пакінуўшы за сабою толькі імпэратарскі тытул і Чэхію, якой ён надаў шырокую ўнутраную аўтаномію, вядомую як Грамата Вялікасьці. Гэта спрыяла разьвіцьцю радыкальных пратэстанцкіх плыняў і абвастрэньню канфэсійнага канфлікту. Аслабленьне імпэратарскай улады і разлад урадавых інстытутаў прывёў да фармаваньня альтэрнатыўных структураў, то бок пратэстанцкія князі ў 1608 годзе арганізавалі Эвангелічную унію, а каталікі ў 1609 годзе заклалі Каталіцкую лігу. Процістаяньне паміж канфэсіямі няўхільна паглыблялася, пакуль у 1618 годзе ў Празе ня ўспыхнула паўстаньне супраць новага імпэратара і караля Чэхіі Фэрдынанда II. Мяцеж быў падтрыманы Эвангелічнай уніяй, у канфлікт уключыліся прадстаўнікі абодвух канфэсійных лягераў Нямеччыны, а затым і замежныя дзяржавы, у выніку чаго пачалася Трыццацігадовая вайна[47].

Спачатку посьпех у вайне быў на баку імпэратара. У 1621 годзе Фрыдрых V, курфюрст Пфальцу і лідэр Эвангелічнай уніі, быў пазбаўлены сваіх уладаньняў і тытула курфюрста, які быў перададзены Максіміляну I, герцагу Баварыі, галаве Каталіцкай лігі. Разгром дацкіх войскаў у 1625—1626 гадах войскамі Альбрэхта фон Валенштайна і Яна фон Тыльлі даў магчымасьць імпэратару распачаць спробу палітычнай перабудовы імпэрыі. Рэстытуцыйны эдыкт 6 траўня 1629 году скасоўваў сэкулярызацыю пратэстантамі дванаццаці біскупстваў і арцыбіскупстваў і каля двухсот манастыроў, а таксама гарантыі правоў пратэстанцкіх меншасьцей у каталіцкіх царкоўных землях. У выніку рэалізацыі актаў эдыкта перавага ў імпэрыі перайшла да каталіцкай партыі, што выклікала рэзкі адпор як з боку пратэстанцкіх суб’ектаў імпэрыі, якія зьвярнуліся па дапамогу да Швэцыі і Францыі, гэтак і з боку каталіцкіх курфюрстаў, незадаволеных ушчамленьнем імпэратарам іхных правоў на ўдзел у кіраваньні дзяржавы. Наступствам гэтага сталася абвастрэньне канфлікту. Фэрдынанд II быў вымушаны распусьціць армію Валенштайна, а ў 1630 годзе на тэрыторыю імпэрыі ўварвалася швэдзкае войска Густава II Адольфа, якое разграміла войскі Каталіцкай лігі і за некалькі гадоў акупавала паўночную частку Нямеччыны. Больш за тое, у 1633 годзе быў створаны Гайльбронскі зьвяз пратэстанцкіх княстваў імпэрыі, ачолены Швэцыяй, што азначала разбурэньне імпэрскіх інстытутаў у Паўночнай Нямеччыне і пагражала развалам імпэрыі. Аднак у 1634 годзе гішпана-імпэрская армія здолела зрабіць зьнішчальную паразу швэдам у бітве пры Нёрдлінгене і перайсьці ў наступ. У траўні 1635 году паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі суб’ектамі імпэрыі быў складзены Праскі мір, у адпаведнасьці зь якім былі скасаваныя ўсе хаўрусныя аб’яднаньні на тэрыторыі Нямеччыны, у тым ліку Каталіцкая ліга і Гайльбронскі зьвяз, укараненьне Рэстытуцыйнага эдыкта адкладалася на сорак гадоў, а ўсе нямецкія князі, незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці, абавязаліся аб’яднаць свае вайсковыя кантынгенты з арміяй імпэрыі дзеля сумеснай барацьбы супраць швэдаў. Ізноў склаўся зьвяз вядучых нямецкіх дзяржаваў з імпэртарам, у які былі ўлучаныя Саксонія, Брандэнбург і Баварыя.
Убаку ад Праскага міру засталіся радыкальныя кальвінісцкія княствы на чале з Гэсэн-Касэлем. У той жа час, умацаваньне імпэрыі моцна занепакоіла Францыю. У траўні 1635 году Францыя ўступіла ў вайну на баку швэдаў. Спачатку імпэрыя давала рады ў справе стрымліваньня франка-швэдзкага наступу, аднак у 1639 годзе адбыўся пералом. Французы прадраліся ў Швабію, а Праская сыстэма пачала расколвацца. У 1640 годзе з вайны выйшаў Брандэнбург, у 1642 годзе была разгромленая Саксонія. У 1645 годзе пачаліся мірныя перамовы паміж імпэратарам, Францыяй, Гішпаніяй і Швэцыяй пры актыўным удзеле імпэрскіх саслоўяў у Мюнстэры і Аснабруку. Іхная хада вызначалася падаўжэньнем ваенных дзеяў. Гэтак у 1647 годзе капітулявала Баварыя, у 1648 годзе швэды захапілі частку Прагі, а Гішпанія была вымушаная прызнаць незалежнасьць Нідэрляндаў. У кастрычніку 1648 году быў складзены Вэстфальскі мір, які паклаў канец Трыццацігадовай вайне і кардынальным чынам пераўтварыў Сьвятую Рымскую імпэрыю[48].
Вэстфальскі мір

Умовы Вэстфальскага мірнага дагавора мелі фундамэнтальнае значэньне для Сьвятой Рымскай імпэрыі. З тэрытарыяльнага пункту гледжаньня дамова замацавала страту імпэрыяй Швайцарыі і Нідэрляндаў, якія былі ўважаныя за незалежныя дзяржавы. У самой імпэрыі значныя кавалкі земляў патрапілі пад уладу замежных дзяржаваў. Гэтак, Швэцыя атрымала Пярэднюю Памэранію і землі былых біскупстваў Брэмэну і Фэрдэну, Францыя набыла большую частку Эльзасу, Брэйзаху і Філіпсбург. Была таксама пацьверджаная сэкулярызацыя царкоўных зямель у Паўночнай Нямеччыне. У канфэсійным пляне была прызнаная роўнасьць на тэрыторыі імпэрыі каталіцкай, лютэранскай і кальвінісцкай цэркваў, замацаванае права свабоды пераходу з адной рэлігіі ў іншую для імпэрскіх саслоўяў і гарантаваліся свабода веравызнаньня для рэлігійных меншасьцей і права на эміграцыю. Пры гэтым былі строга зафіксаваныя канфэсійныя межы і ўсталявана, што пераход кіраўніка княства ў іншую рэлігію не павінен быў суправаджацца зьменай канфэсіі ягоных падданых. У арганізацыйным пляне Вэстфальскі мір прынёс кардынальную рэформу парадку функцыянаваньня органаў улады імпэрыі, гэтак рэлігійныя праблемы былі аддзеленыя ад адміністрацыйна-прававых пытаньняў і для іхняга разьвязаньня ў райхстагу і імпэрскім судзе быў укаранёны прынцып канфэсійнага парытэту, то бок кожнай канфэсіі давалася роўная колькасьць галасоў, што аднавіла эфэктыўнасьць працы райхстагу і суда. Вэстфальскі мір таксама пераразьмяркоўваў паўнамоцтвы паміж уладнымі інстытутамі ўнутры імпэрыі. Бягучыя пытаньні, у тым ліку заканадаўства, судовая сыстэма, падаткаабкладаньне, ратыфікацыя мірных пагадненьняў, былі перададзеныя ў кампэтэнцыю райхстагу, які рабіўся стала дзейным органам. Гэта істотным чынам зьмяняла балянс сілаў паміж імпэратарам і саслоўямі на карысьць апошніх. У той жа час, хоць афіцыйна прызнаваліся і замацоўваліся правы і прывілеі саслоўяў («тэрытарыяльнае права саслоўяў», лац. jus territoriale), імпэрскія чыны не ператвараліся ў носьбітаў дзяржаўнага сувэрэнітэту, то бок імпэрскія княствы заставаліся пазбаўленымі шэрага атрыбутаў сучаснай незалежнай дзяржавы і не маглі складаць міжнародныя дагаворы, якія супярэчылі інтарэсам імпэратара ці імпэрыі агулам.

Да канца XX стагодзьдзя Вэстфальскі мір ацэньваўся большасьцю гісторыкаў як дагавор, які замацаваў нацыянальны і рэлігійны раскол Нямеччыны, рэзка абмежаваў прэрагатывы імпэратара на карысьць тэрытарыяльных княстваў і прадвызначыў наступны заняпад і распад імпэрыі. Вынікі Вэстфальскага міру для Нямеччыны разглядаліся як перамога партыкулярызму над цэнтраімклівымі сіламі кароны і поўнае вызваленьне князёў ад улады імпэратара, якое падоўжыла палітычную раздробленасьць імпэрыі. Паводле выказваньня буйнога нямецкага гісторыка канца XX стагодзьдзя Фолькера Прэса, «тэндэнцыі Вэстфальскага міру ператваралі імпэрыю ў імпэрыю князёў, сярод якіх імпэратар у будучыні быў бы ня больш чым „першым сярод роўных“»[49]. Станоўчым момантам, на меркаваньне навукоўцаў, было толькі выкараненьне канфэсійнай правасьвядомасьці і стварэньне сучаснага міжнароднага права, заснаванага на сувэрэнітэце дзяржаваў і незалежных ад рэлігійнай прыналежнасьці суб’ектаў права.
У апошні час, аднак, адбываецца пераасэнсаваньне ролі міру для лёсу імпэрыі. Асаблівая ўвага надаецца аднаўленьню асноўных структураў імпэрыі, якія прыйшлі ў заняпад падчас Трыццацігадовай вайны, і, найперш, усесаслоўнага райхстагу, які ператварыўся ў цэнтар працэсаў аб’яднаньня і апірышча ўсяго імпэрскага ладу. Сучасныя гісторыкі ўжо не разглядаюць Вэстфальскі дагавор як адназначны трыюмф сэпаратызму і крах імпэрскага адзінаначальля. Наадварот, захаваная прававая прастора адкрывала імпэратару шлях да вяртаньня ў імпэрыю»[50]. Дзякуючы гульні на супярэчнасьцях саслоўяў і карыстаючыся прынцыпам канфэсійнага парытэту, імпэратар змог выступаць у якасьці нэўтральнага боку, які аб’ядноўваў імпэрыю. Імпэрскія саслоўі не дамагліся сувэрэнітэту і засталіся ў прававым полі імпэрыі, каштоўнасьць якой толькі павялічылася. Вэстфальскі мір у пэўным сэнсе разглядаецца як разьвіцьцё і ўдасканаленьне прынцыпаў, закладзеных імпэрскай рэформай 1495 году і Аўгсбурскім дагаворам 1555 году. Мір не прынёс ані раздробленасьці, ані княжацкага абсалютызму, а спрыяў нацыянальнаму згуртаваньню нямецкага народа і замацоўваў становішча status quo, перашкаджаючы анэксіі малых уладаньняў і дэспатычным формам кіраваньня. Вэстфальскі мір не рабіў імпэрыю аморфнай, але гарантаваў ёй далейшае жыцьцё ў замацаванай форме[51].
Імпэрыя ў другой палове XVII — сярэдзіне XVIII стагодзьдзяў

Параза ў Трыццацігадовай вайне пазбавіла імпэрыю вядучай ролі на эўрапейскай палітычнай сцэне, якая перайшла да Францыі. Новы імпэратар Леапольд I, працягваючы традыцыйную палітыку падтрымкі Гішпаніі, адначасна пачаў збліжацца з Ангельшчынай і Нідэрляндамі ў сумеснай барацьбе супраць Францыі. Агрэсія Людовіка XIV прывяла да адарваньня ад імпэрыі Франш-Кантэ і ўсяго Эльзасу, аднак у вайне Аўгсбурскай лігі (1688—1697) дзякуючы актыўным дзеям хаўрусьнікаў у Нідэрляндах удалося даць адпор далейшаму прасоўваньню французаў у кірунку прырайнскіх зямель. Вайна за гішпанскую спадчыну (1701—1714) стала рэваншам Габсбургаў за Трыццацігадовую вайну, у выніку чаго француская гегемонія ў Заходняй Эўропе была зрынутая, Паўднёвыя Нідэрлянды, Нэапаль і Мілян перайшлі пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў. На паўночным кірунку склаўся зьвяз Габсбургаў, Рэчы Паспалітай, Гановэру і Брандэнбургу ў процістаяньні Швэцыі, у выніку чаго пасьля Галяндзкай вайны (1672—1678) і Другой Паўночнай вайны (1700—1721) швэдзкае панаваньне ў балтыйскім рэгіёне было перапыненае, а большасьць ейных уладаньняў на землях імпэрыі (Пярэдняя Памэранія, Брэмэн і Фэрдэн) была падзеленая паміж Брандэнбургам і Гановэрам. Галоўнага посьпеху Габсбургі дамагліся на паўднёва-ўсходнім кірунку, бо ў сэрыі ваенных кампаніяў супраць Асманскай імпэрыі апошняй чвэрці XVII стагодзьдзя былі вызваленыя Вугоршчына, Трансыльванія і паўночная Сэрбія, якія ўвайшлі ў склад Габсбурскай манархіі, што рэзка ўзьняло палітычны прэстыж і эканамічную базу імпэратараў. Войны з Францыяй і Турэччынай канца XVII — пачала XVIII стагодзьдзяў выклікалі адраджэньне імпэрскага патрыятызму і зноў ператварылі імпэратарскі трон у сымбаль нацыянальнай еднасьці нямецкага народа[52].
Унутраны стан імпэрыі беспасярэдне па Трыццацігадовай вайне характарызаваўся істотным абмежаваньнем магчымасьцей для ўплыву імпэратара: заходненямецкія княствы былі ў цесных хаўрусных дачыненьнях з Францыяй, а паўночныя арыентаваліся на Швэцыю. Аднак усталяваньне ў Пфальцы ў 1685 годзе каталіцкай лініі дынастыі Вітэльсбахаў і экспансіянісцкая палітыка Францыі дазволілі імпэратару Леапольду I аднавіць пазыцыі на захадзе краіны і згуртаваць вакол імпэрскага стальца прырайнскія дзяржавы. Галоўнымі хаўрусьнікамі імпэратара ў гэтым рэгіёне сталі курфюрства Пфальц, Гэсэн-Дармштат, Майнц і імпэрскія рыцары Вэстфаліі, Сярэдняга Райну і Швабіі. У паўднёвых рэгіёнах Нямеччыны ў канцы XVII і пачатку XVIII стагодзьдзяў цалкам пераважала Баварыя, курфюрст якой супернічаў у сваім уплыве з самім імпэратарам. У паўночнай частцы імпэрыі ва ўмовах узмацненьня Брандэнбурга да большага зьвязу з Габсбургамі перайшла Саксонія, кіраўнік якой у 1697 годзе навярнуўся ў каталіцтва, а таксама Гановэр, які дамогся дзеля сябе дзявятага тытула курфюрста ў 1692 годзе. У працэсы ўмацаваньня імпэрыі быў улучаны і Брандэнбург: арыентацыя на імпэратара стала грунтам палітыкі Вялікага курфюрста, а ягоны сын у 1700 годзе атрымаў згоду Леапольда I на ўганараваньне тытулам караля Прусіі[52].

Райхстаг з 1662 году пераўтварыўся ў стала дзейны орган, які засядаў у Рэгенсбургу. Ягоная праца адрозьнівалася дастатковай эфэктыўнасьцю і спрыяла захаваньню адзінства імпэрыі. Актыўны ўдзел у працы райхстагу браў сам імпэратар Леапольд I, які пасьлядоўна праводзіў палітыку аднаўленьня ролі імпэрскага трону і далейшую інтэграцыю саслоўяў. Вялікую ролю набыла прадстаўнічая функцыя імпэратарскага двара ў Вене, які ператварыўся ў цэнтар прыцягненьня шляхты з усёй Нямеччыны, а сам горад — у галоўны цэнтар імпэрскага барока. Умацаваньне пазыцыяў Габсбургаў у спадчынных землях, пасьпяховая палітыка дынастычных шлюбаў і раздачы тытулаў і пасадаў таксама значна спрыялі ўздыму ўплыву імпэратара. У той жа час працэсы кансалідацыі на імпэрскім узроўні накладваліся на рэгіянальную інтэграцыю: у найбуйнейшых нямецкіх княствах фармаваўся ўласны разгалінаваны дзяржаўны апарат, пышны княжацкі двор, які згуртоўваў мясцовую шлюхту, і ўзброеныя сілы, якія дазвалялі курфюрстам рабіць больш незалежную ад імпэратара палітыку. У час войнаў супраць Францыі і Турэччыны значна павялічылася роля імпэрскіх акругаў, якія зь 1681 году ўзялі на сябе функцыю набору войска, збору імпэрскіх падаткаў і падтрыманьня сталых вайсковых кантынгентаў у імпэрыі. Пазьней склаліся асацыяцыі імпэрскіх акругаў, што дазволіла зарганізаваць больш эфэктыўную абарону імпэрскіх межаў[52].
Умацаваньне імпэратарскай улады пры пераемніках Леапольда I прывяло да адраджэньня абсалютысцкіх тэндэнцыяў. Ужо пры караляваньні Ёзэфа I (1705—1711) імпэрскія справы фактычна перайшлі ў распараджэньне прыдворнай аўстрыйскай канцылярыі, а эрцканцлер і ягонае ведамства былі адхіленыя ад удзелу ў прыняцьці рашэньняў. Падчас Вайны за гішпанскую спадчыну (1701—1714) ізноў былі заяўленыя прэтэнзіі імпэратараў на Паўночную і Сярэднюю Італію. Больш рашуча імпэратары сталі ўмешвацца і ва ўнутраныя справы нямецкіх княстваў, што выклікала ў адказ супраціў буйных суб’ектаў імпэрыі і іхны адыход ад падтрымкі імпэратара. Пры Карле VI (1711—1740) палітыка імпэратара вызначалася, галоўным чынам, ягонымі прэтэнзіямі на гішпанскі трон і праблемай спадчыны габсбурскіх зямель (Прагматычная санкцыя, 1713 год), тады як імпэрскія праблемы аказаліся на пэрыфэрыі ўвагі. Гэта адбывалася ва ўмовах росту магутнасьці буйных суб’ектаў імпэрыі (Баварыі, Прусіі, Саксоніі і Гановэру), якія імкнуліся ладзіць уласную незалежную палітыку ў Эўропе, мала ўлічваючы інтарэсы імпэрыі і імпэратара. Гэтак, імпэратар быў адціснуты ад дзяліцьбы былых швэдзкіх уладаньняў у імпэрыі па Другой Паўночнай вайне, а ў канфлікце паміж каталікамі і пратэстантамі Пфальцу ў 1719—1724 гадах супраць імпэратара рэзка выступіла кааліцыя нямецкіх эвангелічных дзяржаваў на чале з Прусіяй і Гановэрам, што ледзь не выклікала ваенныя сутыкненьні. Для Карла VI вялікім посьпехам у імпэрскай палітыцы стала прызнаньне райхстагам Прагматычнай санкцыі ў 1732 годзе, але курфюрсты Баварыі, Пфальцу і Саксоніі прагаласавалі супраць. Агулам, да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя адзінства імпэрыі было істотна падарванае, буйныя нямецкія княствы практычна выйшлі з-пад кантролю імпэратара, тэндэнцыі распаду відавочна пераважалі над слабымі спробамі імпэратара захаваць балянс улады ў краіне[53].
Аўстра-прускае процістаяньне і заняпад імпэрыі

Ужо з канца XVII стагодзьдзя ў рамках Сьвятой Рымскай імпэрыі пачаў выяўляцца антаганізм дзьвюх ейных найбольш уплывовых частак Аўстрыі і Прусіі. Аўстрыйская манархія Габсбургаў, заваяваўшы Вугоршчыну і атрымаўшы па Вайны за гішпанскую спадчыну шырокія ўладаньні ў Італіі і Нідэрляндах, усё больш адасаблялася ад імпэрыі, хоць менавіта ейныя кіраўнікі займалі трон імпэратара. Інтарэсы Габсбургаў ляжалі найперш у паўднёва-ўсходнім і паўднёвым кірунках, у той час як унутрыімпэрскім справам з пачатку XVIII стагодзьдзя стала надавацца значна менш увагі. Пагатоў, посьпехі цэнтралізатарскай палітыкі ў спадчынных землях Габсбургі паспрабавалі перанесьці і на імпэрыю, што сустрэла рэзкае непрыняцьцё з боку імпэрскіх саслоўяў. Значная частка ўладаньняў прускага караля таксама ляжала па-за тэрыторыяй імпэрыі, што дазваляла яму дзеіць на эўрапейскай палітычнай сцэне ў якасьці незалежнага кіраўніка. Эканамічны ўздым, стварэньне пры Фрыдрыху I і Фрыдрыху Вільгэльме I эфэктыўнай бюракратычнай сыстэмы кіраваньня і фармаваньне моцнай арміі высунулі Прусію на першы плян сярод германскіх дзяржаваў, што пацягнула абвастрэньне суперніцтва з Аўстрыяй. Прусія фактычна перастала браць удзел у агульнаімпэрскіх пытаньнях, а на ейнай тэрыторыі ня дзеілі нормы, якія ахоўвалі інтарэсы саслоўяў, не выконваліся рашэньні імпэрскага суда, армія ня брала ўдзелу ў ваенных кампаніях імпэратара, а праца Верхнесаксонскай імпэрскай акругі была паралізаваная. У выніку разыходжаньня паміж фактычнай вайскова-палітычнай моцай Прусіі і іншых буйных нямецкіх княстваў і састарэлай імпэрскай герархіяй, якое толькі ўзмацнялася, да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя насьпеў востры сыстэмны крызіс Сьвятой Рымскай імпэрыі.
Па сьмерці імпэратара Карла VI у 1740 годзе і спыненьня мужчынскай лініі дому Габсбургаў аўстра-прускае процістаяньне вылілася ў адкрытую вайну. Сылескія войны (1740—1745) паміж прускім каралём Фрыдрыхам II і аўстрыйскай эрцгерцагіняй Марыяй Тэрэзіяй завяршыліся паразай Аўстрыі і стратай ёю Сылезіі. Адначасна Аўстрыя была вымушаная весьці Вайну за аўстрыйскую спадчыну (1741—1748) супраць франка-гішпана-баварскай кааліцыі[54]. У 1742 годзе Карл Альбрэхт, курфюрст Баварыі, быў аднагалосна абраны імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі. Упершыню за тры стагодзьдзі на трон Нямеччыны ўступіў не прадстаўнік дому Габсбургаў. Некаторымі гісторыкамі[55] абраньне Карла Альбрэхта разглядаецца як спроба імпэрскіх саслоўяў знайсьці новы палітычны шлях для імпэрыі і перанесьці цэнтар ейнага цяжару з паўднёва-ўсходняй ускраіны ў «старую Нямеччыну». Не зважаючы на спробы Карла VII упарадкаваць працу дзяржаўных органаў імпэрыі, ваенныя дзеяньні разьвіваліся для яго няўдала, бо аўстрыйцы некалькі разоў руйнавалі і захоплівалі Баварыю, што зрабіла разгромны ўдар па матэрыяльнай базе імпэратара.

Па сьмерці Карла VII у 1745 годзе імпэрскі сталец вярнуўся да Габсбургаў. Імпэратарам быў абраны муж Марыі Тэрэзіі Франц I Лятарынгскі. Аднак да гэтага часу імпэрыя ўжо знаходзілася ў глыбокім крызісе. Спробы Габсбургаў аднавіць эфэктыўнасьць працы імпэрскіх структураў і паставіць іх на службу інтарэсам Аўстрыі натыкнуліся на рашучы супраціў княстваў на чале з Прусіяй, якая ўзяла на сябе ролю абаронцы нямецкіх свабодаў ад «абсалютысцкіх» дамаганьняў Габсбургаў. Франц I пацярпеў поўны правал у спробе аднавіць прэрагатывы імпэратара ў сфэры леннага права і стварыць дзейсную імпэрскую армію. Не зважаючы на тое, што падчас Сямігадовай вайны (1756—1763) удалося дамагчыся аб’яўленьня райхстагам імпэрскай вайны супраць Фрыдрыха II, гэта адбылося ў значнай ступені дзякуючы націску Францыі на сваіх хаўрусьнікаў у Нямеччыне і не прывяло да пералому ў вайне. Больш таго, у канцы Сямігадовай вайны нямецкія княствы канчаткова перасталі падпарадкоўвацца імпэратару і самастойна складалі сэпаратныя перамір’і з Прусіяй. А падчас вайны за Баварскую спадчыну 1778—1779 гадоў, калі імпэратар паспрабаваў сілавымі мэтадамі замацаваць за Габсбургамі Баварыю, імпэрскія саслоўі, кіруемыя Прусіяй, адкрыта выступілі супраць імпэратара.
Для самога імпэратара карона Сьвятой Рымскай імпэрыі няўхільна губляла ўласную прывабнасьць, робячыся толькі сродкам дзеля ўмацаваньня Аўстрыйскай манархіі і пазыцыяў Габсбургаў у Эўропе. У той жа час застылая структура імпэрыі ўваходзіла ў супярэчлівасьць з аўстрыйскімі інтарэсамі, а любыя захады імпэратараў ажыцьцявіць якія-небудзь пераўтварэньні былі асуджаныя на правал празь нежаданьне суб’ектаў дапусьціць узмацненьня цэнтральнай улады і парушыць існы балянс сілаў і ўлады. Асабліва яскрава гэта выявілася ў час кіраваньня Ёзэфа II, які быў вымушаны практычна пакінуць імпэрыю, засяродзіўшыся на інтарэсах Аўстрыі. Гэтым пасьпяхова карысталася Прусія, якая выступала ў ролі абаронцы імпэрскага парадку і імкнулася ўзяць на сябе ролю гаранта захаваньня сувэрэнных правоў малых суб’ектаў імпэрыі. У 1785 годзе пад кіраўніцтвам Фрыдрыха II быў створаны Зьвяз нямецкіх князёў як альтэрнатыва імпэрскім інстытутам, якія кантраляваліся Габсбургамі. Аўстра-прускае суперніцтва пазбаўляла астатнія нямецкія дзяржавы магчымасьці рабіць хоць які-небудзь уплыў на ўнутрыімпэрскія справы і рабіла немагчымым ажыцьцяўленьне рэформаў у духу праграмы «Трэцяй Нямеччыны», арыентаванай на абарону інтарэсаў малых і сярэдніх суб’ектаў імпэрыі. Гэта вяло да «стомленасьці ад імпэрыі» сьвецкіх і царкоўных княстваў, рыцараў і вольных гарадоў, якія гістарычна былі галоўнай апорай канструкцыі Сьвятой Рымскай імпэрыі. Устойлівасьць імпэрыі пахіснулася і была канчаткова страчаная.
Падзеньне імпэрыі
Вайна з Францыяй і сэкулярызацыя 1803 году

Распачатая Француская рэвалюцыя спачатку прывяла да кансалідацыі імпэрыі. У 1790 годзе быў складзены Райхэнбаскі зьвяз паміж імпэратарам і Прусіяй, які на час спыніў аўстра-прускае процістаяньне, а ў 1792 годзе была складзеная Пільніцкая канвэнцыя, паводле якой абедзьве дзяржавы абавязаліся аказаць вайсковую дапамогу францускаму каралю. Аднак мэтамі новага аўстрыйскага імпэратара Франца II былі не ўмацаваньне імпэрыі, а рэалізацыя замежнапалітычных плянаў Габсбургаў, пашырэньне Аўстрыйскай манархіі, у тым ліку за кошт нямецкіх княстваў, і выгнаньне французаў зь Нямеччыны. Аналягічныя памкненьні меў і прускі кароль. 23 сакавіка 1793 году райхстаг абвесьціў імпэрскую вайну Францыі.
Да гэтага часу левабярэжжа Райну і аўстрыйскія Нідэрлянды былі захопленыя французамі, а Франкфурт-на-Майне спалены. Імпэрскае войска было вельмі слабым. Суб’екты імпэрыі імкнуліся як мага больш абмежаваць удзел сваіх вайсковых кантынгентаў у баявых дзеях па-за межамі ўласных зямель, адмаўляліся плаціць ваенныя ўкладкі і спрабавалі як мага хутчэй дабіцца сэпаратнага міру з Францыяй. Ужо ў 1794 годзе імпэрская кааліцыя пачала распадацца. У 1795 годзе, склаўшы Базэльскі мір, з вайны выйшла Прусія, за ёю ўсьлед зрабілі тое ж паўночнанямецкія дзяржавы, а ў 1796 годзе — Бадэн і Вюртэмбэрг. Аўстрыйская армія, якая працягвала весьці баявыя дзеі, трывала паразы на ўсіх франтах. Нарэшце, у 1797 годзе француская Напалеонава армія ўварвалася з Італіі на тэрыторыю спадчынных уладаньняў Аўстрыі. Увесну 1797 году быў складзены Кампафармійскі мір. Імпэратар перадаваў Францыі Бэльгію і Лямбардыю і згаджаўся саступіць левабярэжжа Райну, а наўзамен атрымліваў кантынэнтальныя ўладаньні Вэнэцыі і правы на павелічэньне аўстрыйскіх уладаньняў у імпэрыі за кошт царкоўных княстваў паўднёва-ўсходняй Нямеччыны[56].

У 1798 годзе ў Раштаце запачаткаваліся мірныя перагаворы з Францыяй ад імя імпэрыі, на якіх пачалося абмеркаваньне пытаньня кампэнсацыі былым кіраўнікам княстваў левага берага Райну за кошт сэкулярызацыі царкоўных уладаньняў. Перамовы праваліліся, але вайна Другой кааліцыі 1799—1801 гадоў, калі Аўстрыя паспрабавала дабіцца рэваншу, завяршылася паразаў хаўрусьнікаў. Люнэвільскім мірам 1801 году была прызнаная анэксія Францыяй левага берага Райну, у тым ліку зямель трох духоўных курфюрстаў — Кёльну, Майнцу і Трыра. Разьвязаньне пытаньня аб тэрытарыяльнай кампэнсацыі пацярпелым нямецкім князям было высунутае на разгляд імпэрскай дэпутацыі. Пасьля працяглых перамоваў пад націскам Францыі і Расеі і пры фактычным ігнараваньні пазыцыі імпэратара быў высунуты канчатковы праект рэарганізацыі імпэрыі, які і быў зацьверджаны 24 сакавіка 1803 году.
«Заключная пастанова імпэрскай дэпутацыі» 1803 году прадугледжвала кардынальную рэарганізацыю складу і структуры Сьвятой Рымскай імпэрыі. Царкоўныя ўладаньні на тэрыторыі Нямеччыны былі сэкулярызаваныя і большай часткай увайшлі ў склад буйных сьвецкіх дзяржаваў. Спынялі таксама сваё існаваньне ў якасьці суб’ектаў імпэрскага права амаль усё (за выняткам шасьці) імпэрскія гарады. Усяго было скасавана, ня лічачы анэксаваных Францыяй зямель, больш за 100 дзяржаўных утварэньняў у складзе імпэрыі, а колькасьць насельніцтва сэкулярызаваных зямель дасягала трох мільёнаў чалавек. Прычым найбольшы прырост у адносінах тэрыторыі і колькасьці насельніцтва атрымалі францускія сатэліты, як то Бадэн, Вюртэмбэрг і Баварыя, а таксама Прусія, пад уладу якой перайшла вялікая частка ўладаньняў царквы ў Паўночнай Нямеччыны. Па завяршэньні тэрытарыяльнага разьмежаваньня да 1804 году ў складзе Сьвятой Рымскай імпэрыі засталося блізу 130 дзяржаваў, не ўважаючы ўладаньняў імпэрскіх рыцараў.
Тэрытарыяльныя пераразьмеркаваньні пацягнулі радыкальныя зьмены ў складзе райхстагу і калегіі курфюрстаў. Былі скасаваныя тытулы трох царкоўных курфюрстаў, а замест іх курфюрскія правы былі нададзеныя кіраўнікам Бадэну, Вюртэмбэргу, Гэсэн-Каселя і эрцканцлеру імпэрыі Карлу-Тэадору фон Дальбэргу. У выніку ў калегіі курфюрстаў, а таксама ў палаце князёў імпэрскага райхстагу, большасьць перайшла да пратэстантаў і сфармавалася моцная прафранцуская партыя. Ліквідацыя вольных гарадоў і царкоўных княстваў — традыцыйна асноўнага апірышча імпэрыі — прывяла да страты імпэрыяй устойлівасьці і поўнага заняпаду ўплыву імпэратарскага трону. Сьвятая Рымская імпэрыя канчаткова ператварылася ў канглямэрат фактычна незалежных дзяржаваў і страціла пэрспэктывы свайго выжываньня як адзінага палітычнага ўтварэньня.
Скасаваньне Сьвятой Рымскай імпэрыі

Імавернасьць хуткага краху імпэрыі ці, прынамсі, краху ўлады Габсбургаў у Нямеччыне па ўхваленьні заключнай пастановы імпэрскай дэпутацыі 1803 году стала відавочнай нават для самога імпэратара Франца II. У 1804 годзе ён узяў сабе тытул імпэратара Аўстрыі, імкнучыся, такім чынам, заставацца роўным у рангу Напалеону, абвешчанаму ў тым жа годзе спадчынным імпэратарам французаў. Хоць акт прыняцьця тытула імпэратара Аўстрыі не парушаў імпэрскую канстытуцыю, ён сьведчыў пра ўсьведамленьне мажлівасьці страты Габсбургамі трону Сьвятой Рымскай імпэрыі. Небясьпека таго, што рымскім імпэратарам будзе абраны Напалеон, стала рэальнай ужо ў 1804 годзе, калі апошні наведаў старажытную імпэрскую сталіцу Аахэн і магілу Карла Вялікага, якая месьціцца там жа. Ідэі прыняцьця Напалеонам рымскай кароны сымпатызаваў нават эрцканцлер імпэрыі Карл Тэадор Дальбэрг.
Але сьмяротны ўдар па імпэрыі зрабіў ня акт заснаваньня Аўстрыйскай імпэрыі, а вайна Трэцяй кааліцыі 1805 году. Армія Франца II была ўшчэнт разгромленая ў бітве пад Аўстэрліцам, а Вена захопленая французамі. На баку Напалеона ў гэтай вайне ваявалі войскі Бадэну, Баварыі і Вюртэмбэргу, што ня выклікала аніякай адмоўнай рэакцыі ў імпэрыі. Франц II быў вымушаны скласьці з Францыяй Прэсбурскі мір, паводле якога імпэратар ня толькі адмаўляўся на карысьць Напалеона і ягоных сатэлітаў ад уладаньняў у Італіі, Тыроля, Фарарльбэргу і Пярэдняй Аўстрыі, але і прызнаваў за кіраўнікамі Баварыі і Вюртэмбэргу тытулы каралёў, што юрыдычна выводзіла гэтыя дзяржавы з-пад якой-небудзь улады імпэратара і надавала ім амаль поўны сувэрэнітэт. Аўстрыя канчаткова была адціснутая на пэрыфэрыю Нямеччыны, а імпэрыя ператварылася ў фікцыю. Як падкрэсьліваў Напалеон у лісьце да Талейрана пасьля Прэсбурскага дагавора:
| Больш ня будзе райхстагу […], больш ня будзе і Нямецкай імпэрыі.[57] | ||

Працэс распаду імпэрыі паскараўся. У студзені Швэцыя абвесьціла пра спыненьне ўдзелу прадстаўнікоў сваіх паўночнанямецкіх уладаньняў (Пярэдняя Памэранія) у агульнаімпэрскім райхстагу і ануляваньні імпэрскай канстытуцыі ў нямецкіх землях, якія належылі ёй. У траўні 1806 году імпэрскі эрцканцлер Дальбэрг, не зважаючы на пратэст імпэратара, прызначыў сваім каад’ютарам і пераемнікам дзядзьку Напалеона кардынала Жазэфа Фэша — француза, які зусім не гаварыў па-нямецку. У выпадку сьмерці Дальбэрга Фэш, імаверна, стаў бы галавою ўраду Сьвятой Рымскай імпэрыі. Паводле меркаваньня новага аўстрыйскага канцлера Ёгана Філіпа Штадыёна, перад імпэрыяй адкрывалася толькі дзьве пэрспэктывы, або поўны роспуск, або рэарганізацыя пад францускім панаваньнем. 12 ліпеня 1806 году Баварыя, Вюртэмбэрг, Бадэн, Гэсэн-Дармштат, Насаў (абедзьве лініі), Бэрг, эрцканцлер Дальбэрг і восем іншых нямецкіх княстваў склалі ў Парыжы дагавор аб утварэньні Райнскага зьвязу пад заступніцтвам Напалеона[58]. 1 жніўня гэтыя дзяржавы абвесьцілі аб сваім выхадзе з складу Сьвятой Рымскай імпэрыі. Неўзабаве пачалася мэдыятызацыя ўдзельнікамі Райнскага зьвязу сумежных уладаньняў імпэрскіх рыцараў і дробных графстваў, у выніку якой колькасьць нямецкіх дзяржаўных утварэньняў скарацілася з двухсот да трохі больш чым сарака.
22 ліпеня 1806 году аўстрыйскі пасланец у Парыжы атрымаў ультыматум Напалеона, паводле якога ў выпадку, калі Франц II не адрачэцца ад трону імпэрыі да 10 жніўня, францускія войскі атакуюць аўстрыйскія ўладаньні. У Вене ўжо цягам доўгага часу вяліся дыскусіі пра мэтазгоднасьць захаваньня імпэрыі ва ўмовах абсалютнага дамінаваньня Францыі ў Нямеччыне. Перамагла пазыцыя канцлера Штадыёна, які лічыў, што існуе сур’ёзная небясьпека ператварэньня імпэрыі ў францускі пратэктарат, і што захаваньне Францам II імпэрскага стальцу немінуча пацягне вайну з Напалеонам, да якой Аўстрыя была не падрыхтаваная. Адмова ад кароны стала непазьбежнай. Відавочна, да пачатку жніўня 1806 году, атрымаўшы гарантыі францускага пасланца, што Напалеон не надзене карону рымскага імпэратара, Франц II пастанавіў сабе адрачыся кароны.
6 жніўня 1806 году Франц II абвесьціў аб складаньні зь сябе тытула і паўнамоцтваў імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі, растлумачыўшы гэта немагчымасьцю выкананьня абавязкаў імпэратара па заснаваньні Райнскага зьвязу. Адначасна ён вызваліў імпэрскія княствы, саслоўі, чыны і службовых асобаў імпэрскіх установаў ад абавязкаў, накладзеных на іх імпэрскай канстытуцыяй. Хоць акт аб адрачэньні і ня быў бездакорны зь юрыдычнага пункта гледжаньня, бо дасюль вядуцца спрэчкі ў пытаньні наконт таго, ці меў імпэратар права аднаасобна прымаць рашэньне аб скасаваньні імпэрыі, у Нямеччыне ўжо не было палітычнай волі падтрымліваць існаваньне імпэрскай арганізацыі. Сьвятая Рымская імпэрыя канчаткова спыніла сваё існаваньне.
Remove ads
Дзяржаўны лад
Канстытуцыйна-прававыя асновы
Сьвятая Рымская імпэрыя ня мела канстытуцыі як адзінага нарматыўнага акту. У аснове ейнай дзяржаўнай будовы і прынцыпаў функцыянаваньня ляжалі няпісаныя прававыя звычаі, якія толькі пачынаючы з позьняга Сярэднявечча сталі дапаўняцца заканадаўчымі актамі імпэратараў і райхстагу. У Новы час канстытуцыйна-прававыя нормы былі раскіданыя ў значных ліках актаў, што ў спалучэньні з унікальным фэдэратыўным характарам імпэрыі і сыстэмай балянсу ўлады, якая склалася паміж рознымі імпэрскімі інстытутамі і саслоўямі, стварала досыць складаную дзяржаўна-прававую канструкцыю. Паводле вобразнага выразу Ёгана Якаба Мозэра, выбітнага нямецкага праўніка XVIII стагодзьдзя:
| Германія кіруецца па-нямецку: наш дзяржаўны лад нельга растлумачыць у некалькіх словах ці шляхам параўнаньня зь дзяржаўнай будовай іншых краін.[59] | ||
Фэдэратыўны прынцып і складаная герархія дзяржаўнай структуры сталіся аб’ектамі крытыкі з часоў Рэфармацыі і фармаваньня ў Эўропе цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаваў. Самуэль Пуфэндорф у XVII стагодзьдзі назваў Сьвятую Рымскую імпэрыю «падобнай да „пачвары“ (лац. monstro simile) супольнасьцю паўсамастойных княстваў, якія існавалі пад прыкрыцьцём слабых прэрагатываў імпэратарскага стальца»[60]. Аднак не зважаючы на ўсю дэцэнтралізацыю імпэрыя заставалася адзіным дзяржаўным утварэньнем, з уласным галавою — выбарным імпэратарам — і суб’ектамі — імпэрскімі саслоўямі. Дваістасьць улады, увасобленая ў імпэратары і імпэрскіх саслоўях, якія былі адносна незалежнымі крыніцамі вярхоўнай улады, стварала сыстэму, якая моцна адрозьнівалася ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў: імпэратар «ня быў імпэрыяй» і часта ягоная воля не атаясамлялася зь дзяржаўнай воляй. Апошні эрцканцлер Сьвятой Рымскай імпэрыі Карл Тэадор Дальбэрг так апісваў гэтую дзяржаву незадоўга да ейнага падзеньня:
| ...трывалы гатычны будынак, які хоць і ня быў пабудавана паводле ўсіх правілаў архітэктуры, тым ня менш безумоўна зручны для жыльля.[61] | ||
Сярод асноўных нарматыўных актаў, якія сфармавалі канстытуцыйна-прававую будову Сьвятой Рымскай імпэрыі, вылучаюцца наступныя:
- Выбарчыя капітуляцыі імпэратараў пачынаючы зь Сярэднявечча і да роспуску імпэрыі, у якіх гарантаваліся правы і свабоды розных імпэрскіх саслоўяў;
- Вормскі канкардат 1122 году, які падзяліў прэрагатывы імпэратара і папы ў царкоўнай сфэры і даў пачатак працэсу вызваленьня дзяржаўных інстытутаў імпэрыі ад уплыву царквы;
- Пагадненьне з князямі царквы 1220 году, якое гарантавала аўтаномію і тэрытарыяльны сувэрэнітэт царкоўным уладаньням у складзе імпэрыі;
- Пастанова на карысьць князёў 1232 году, якая замацавала за кіраўнікамі сьвецкіх княстваў шырокія прэрагатывы ў заканадаўчай і фінансавай сфэрах;
- Залатая була 1356 году, якая вызначыла парадак абраньня імпэратара і заснавала калегію курфюрстаў, сябрам якой была нададзеная самастойнасьць ва ўнутраных справах і права на ўдзел у кіраваньні імпэрыяй;
- Венскі канкардат 1448 году, які зафіксаваў дзяржаўна-прававы статус і структуру інстытутаў каталіцкай царквы на тэрыторыі Нямеччыны;
- Імпэрская рэформа 1495 году, якая ўкараніла прынцып «земскага міру» у якасьці асноватворнага закона функцыянаваньня міжсаслоўных адносінаў унутры імпэрыі і заснавала адзіную судовую сыстэму на чале з найвышэйшым імпэрскім судом;
- Імпэрскі матрыкул 1521 году, які замацаваў пералік суб’ектаў імпэрыі і разьмеркаваў паміж імі абавязкі ў вайсковай сфэры;
- Аўгсбурскі рэлігійны мір 1555 году, які ўсталяваў агульныя прынцыпы ўзаемаадносінаў саслоўяў розных канфэсіяў у рамках імпэрыі;
- Вэстфальскі мір 1648 году, які надаў тэрытарыяльны сувэрэнітэт суб’ектам імпэрыі і зафіксаваў прынцып канфэсійнага парытэту ў фармаваньні органаў кіраваньня імпэрыяй;
- Апошняе пасланьне да імпэрыі 1654 году, якое зацьвердзіла ўмовы Вэстфальскага міру і спадарожныя ўказы ў якасьці асноўнага закона імпэрыі і ўсталявала адзіныя працэсуальныя нормы;
- Заключная пастанова імпэрскай дэпутацыі 1803 году — апошні закон Сьвятой Рымскай імпэрыі, які радыкальна рэфармаваў яе структуру і склад.
Імпэратар
Паводле сярэдневечных уяўленьняў, германскі імпэратар быў наўпроставым пераемнікам імпэратараў позьнеантычнай Рымскай імпэрыі і франкскай імпэрыі Карла Вялікага. Гэта дазваляла кіраўнікам Сьвятой Рымскай імпэрыі прэтэндаваць на вярхоўную ўладу ў Эўропе. Сьвяты характар асобе імпэратара надавала ягоная каранацыя ў Рыме папам. Толькі пасьля гэтага абраны манарх мог карыстацца імпэратарскім тытулам. Імпэратар быў таксама каралём Нямеччыны (Усходняфранкскага каралеўства), Італіі і Бургундыі, а каранацыі рабіліся ў Аахэне, Міляне і Арлі, адпаведна. Пагатоў, найбольш цеснай была сувязь паміж імпэрыяй і Нямеччынай, бо толькі абраны нямецкімі князямі кароль мог насіць тытул імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі. З эпохі Адраджэньня нямецкая спадчына лічылася жыцьцёва важнай для кандыдата, каб мець права балятавацца на імпэратарскую пасаду[62]. Першыя імпэратары з Саксонскай дынастыі выкарыстоўвалі тытул «імпэратар аўгуст» (лац. imperator augustus). У канцы X стагодзьдзя пачаў выкарыстоўвацца тытул «рымскі імпэратар» (лац. imperator Romanorum), а з XI стагодзьдзя — «рымскі імпэратар аўгуст» (лац. Romanorum imperator augustus)[63].
Да каранацыі ў Рыме кіраўнікі імпэрыі насілі каралеўскі тытул. Першапачаткова гэта быў запазычаны ў Каралінгаў тытул «кароль (усходніх) франкаў» (лац. rex Francorum orientalium). Аднак паступова ён пачаў выціскацца тытулам «кароль немцаў» (лац. rex Teutonicorum/Teutonicum). А падчас барацьбы імпэратара Гэнрыха IV за інвэстытуру ўзьнік новы тытул — «рымскі кароль» (лац. rex Romanorum)[63]. З канца XV стагодзьдзя з палітычных чыньнікаў каранацыя імпэратара ў Рыме стала немажлівай. У выніку Максімілян I і ягоныя пераемнікі пачалі карыстаць тытул «абраны рымскі імпэратар» (лац. electus imperator Romanorum ці ням. Erwählter Römischer Kaiser)[63], маючы на ўвазе, што ягоны ўладальнік калі-небудзь наведае Рым дзеля каранацыі. Першым імпэратар, які здолеў гэты зрабіць пазьней быў толькі Карл V. Спадчыньнік імпэратарскага трону, які абіраўся пры жыцьці кіроўнага манарха, атрымліваў тытул «рымскі кароль» (ням. Römischer König), аднак, за выключэньнем рэдкіх выпадкаў, як то Фэрдынанд I у 1531—1558 гадах, аніякіх рэальных уладных паўнамоцтваў ня меў.

Цягам усёй гісторыі імпэратарскі сталец заставаўся абіраным, што рэзка адрозьнівала Сьвятую Рымскую імпэрыю ад іншых сучасных ёй заходнеэўрапейскіх манархіяў, акрамя хіба што Рэчы Паспалітай. Першапачаткова імпэратарам абіраўся прадстаўнік аднаго з найбольш магутных княжацкіх родаў Нямеччыны, які быў у сваяцтве з каралеўскай сям’ёй (па-нямецку: Geblütsrecht). Па паразе імпэратараў у барацьбе за інвэстытуру прынцып кроўнага сваяцтва перастаў брацца пад улік, і выбары набылі больш свабодны характар. Тым ня менш, кіроўныя імпэратары ўвесь час спрабавалі забясьпечыць пераход трону ў рукі сваіх дзяцей, часам дамагаючыся іхняга абраньня рымскімі каралямі пры сваім жыцьці і такім чынам засноўваючы ўласныя імпэратарскія дынастыі. З 1438 і да 1806 году імпэратарскі трон увесь час, за выключэньнем кароткага часу ў 1742—1745 гадах, займалі прадстаўнікі дынастыі Габсбургаў — найбольш магутнага нямецкага дому Новага часу, які валодаў шырокімі ўладаньнямі па-за межамі імпэрыі і выконваў адную зь вядучых роляў у Эўропе. У раньні час кола выбарнікаў імпэратара ня быў абмежаваны, то бок на зьезды, прысьвечаныя абраньню новага імпэратара, магла зьбірацца ўся найвышэйшая сьвецкая і духоўная арыстакратыя Нямецкага каралеўства, але звычайна бралі ўдзел толькі прадстаўнікі некалькіх рэгіёнаў. Нявызначанасьць складу выбарнікаў часам прыводзіла да падвоеных выбараў, бо князі не маглі дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Па зацьвярджэньні ў 1356 годзе «Залатой булы» Карла IV кола выбарнікаў імпэратара было абмежаваные сямю курфюрстамі, і быў прасунуты прынцып большасьці пры падліку галасоў.
У Сярэднявеччы паўнамоцтвы імпэратара былі абмежаваныя толькі звычаямі і традыцыямі, імпэратар меў вярхоўную сьвецкую і духоўную ўладу, кіраваў урадам, чыніў правасудзьдзе і аднаасобна аб’яўляў вайну і складаў мір. У Новы час аб’ём ягоных прэрагатыў стаў паступова абмяжоўвацца выбарчымі капітуляцыямі і законамі, якія зацьвярджаюцца райхстагам, у выніку чаго эфэктыўная палітыка, якая рабілася імпэратарам, стала магчымым толькі ва ўзаемадзеяньні з імпэрскімі саслоўямі, найперш з курфюрстамі. У XVII—XVIII стагодзьдзях у выключную кампэтэнцыю імпэратара ўваходзілі фармаваньне і кіраўніцтва Надворнай радай, вызначэньне распарадку дня райхстагу, прысваеньне тытулаў, раздача прыдворных пасадаў, прадстаўленьне інтарэсаў імпэрыі ў дачыненьнях з замежнымі дзяржавамі і шэраг меней важных пытаньняў. Грашова-эмісійная і мытная палітыка, а таксама прыняцьцё рашэньня пра скліканьне райхстагу былі ў сумеснай кампэтэнцыі імпэратара і калегіі курфюрстаў[63]. Толькі на згоду райхстагу маглі зацьвярджацца законы, уводзіцца імпэрскія падаткі, аб’яўляцца вайна і складацца мірныя ўгоды. Не зважаючы на значнае звужэньне паўнамоцтваў імпэратара, у яго заставалася даволі шмат палітычных мэханізмаў, якія забясьпечвалі ягоную вядучую ролю ў палітычнай сыстэме імпэрыі, імпэратар быў гарантам ейнага адзінства. Як толькі ў 1806 годзе Франц II склаў зь сябе тытул і паўнамоцтвы імпэратара, а імпэрыя спыніла існаваньне.
Імпэрскія саслоўі

Сацыяльным грунтам і, адначасна, базавымі структурнымі адзінкамі Сьвятой Рымскай імпэрыі былі імпэрскія саслоўі (імпэрскія чыны; ням. Reichsstande), пад якімі разумеліся тэрытарыяльныя ўтварэньні і асобы, якія маюць правы голаса ў райхстагу, беспасярэдне падуладныя імпэратару і выплачваюць падаткі ў імпэрскі скарб. Імпэрскія саслоўі мелі тэрытарыяльны сувэрэнітэт на тэрыторыі сваіх уладаньняў і ажыцьцяўлялі ўладныя паўнамоцтвы ў адносінах да сваіх падданых. Апошнія (сяляне, мяшчане княжацкіх гарадоў, найніжэйшае шляхецтва і духавенства) не належылі да імпэрскіх чыноў і ня бралі ўдзел у кіраваньні імпэрыяй. Працэс складаньня імпэрскіх саслоўяў расьцягнуўся на стагодзьдзі і быў завершаны толькі на пачатку XVI стагодзьдзя. Аднак пэўны пералік суб’ектаў імпэрыі, якіх улучалі да імпэрскіх саслоўяў, фіксаваўся ў імпэрскіх матрыкулах, якія зацьвярджаліся райхстагам, і заставаўся зьменлівым да канца існаваньня імпэрыі. Дваістасьць прыроды імпэрскіх саслоўяў — сацыяльны пляст і тэрытарыяльнае ўтварэньне — тлумачылася тым, што практычна да самага канца існаваньня імпэрыі працэсы станаўленьня дзяржаўнасьці ейнага суб’ектаў, акрамя Прусіі і Аўстрыі, гэтак і ня былі завершаныя: тэрыторыя і сыстэма кіраваньня княстваў разглядаліся як працяг спадчынных зямель і прыдворных установаў князя. Хоць у многіх княствах былі створаныя ляндтагі, а мясцовае бюргерства і ніжэйшае шляхецтва рабілі істотны ўплыў на палітыку, князь па-ранейшаму лічыўся адзінай крыніцай улады і не аддзяляўся ад дзяржавы.
Імпэрскае права вылучала наступныя імпэрскія саслоўі:
- Курфюрсты (ням. Kurfürsten);
- Імпэрскія князі (ням. Reichsfürsten);
- Імпэрскія графы і імпэрскія прэляты (ням. Reichsgrafen і Reichsprälaten);
- Свабодныя імпэрскія гарады (ням. Reichsstadte).
Акрамя таго, саслоўі падзяляліся на сьвецкія і духоўныя, бо біскупы і абаты Сьвятой Рымскай імпэрыі таксама былі тэрытарыяльнымі сувэрэнамі, ажыцьцяўляючы найвышэйшую сьвецкую ўладу над жыхарамі сваіх зямель. Асобную катэгорыю складалі імпэрскія рыцары (ням. Reichsritter), якія хоць і ня бралі ўдзелу ў паседжаньнях райхстагу, але былі сувэрэнамі ў сваіх уладаньнях і служылі адною з найважнейшых апірышчаў цэнтральнай улады ў Нямеччыны.
Сьвецкія прыдворныя пасады
Многія пасады ў Сьвятой Рымскай імпэрыі былі запазычаныя з Каралінскай імпэрыі, у якой існавала восем сьвецкіх прыдворных пасадаў, уладальнікі якіх кіравалі палацавай гаспадаркай: камэрарый (лац. camerarius), пфальцграф (лац. comes palatii), сэнэшаль (лац. senescalus), краўчы (лац. camerarius), маршал (лац. comes stabuli), кватармайстар (лац. mansionarius), старэйшы падлоўчы (лац. venatores principales) і сакольнічы (лац. falconarius)[64].
Аднак у імпэрыі адбылося вылучэньне чатырох галоўных пасадаў, якія вызначалі структуру двара: камэрарыя, трухзэса (імпэрскага стольніка), краўчага і маршала. Але згадваньні пра іх досыць адрывістыя. Упершыню пасады згадваюцца яшчэ ў 936 годзе Відукіндам Карвэйскім[65], які называе чатырох племянных герцагаў, якія сымбалічна выконвалі перад каралём гэтыя абавязкі падчас урачыстага банкета з нагоды каранацыі Атона I. Камэрарыем быў герцаг Лятарынгіі, трухзэсам — герцаг Франконіі, краўчым — герцаг Швабіі, а маршалам — герцаг Баварыі. Наступны ўпамін стасуецца 986 году, калі Тытмар Мэрзэбурскі на каранацыі Атона III згадвае[66], што трухзэсам быў герцаг Баварыі, камэрарыем — герцаг Швабіі, краўчым — герцаг Карынтыі, а маршалам — герцаг Саксоніі. У XIII стагодзьдзі ў «Саксонскім зярцале» адзначаецца повязь пасадаў з выбарамі караля. Паводле гэтае крыніцы, сярод сьвецкіх князёў першае месца належыць пфальцграфу Рэймсу (трухзэс), другое — герцагу Саксоніі (маршал), трэцяе — маркграфу Брандэнбургу (камэрарый). Уладальнікам чацьвертай пасады, імпэрскага шэнка (краўчага) быў кароль Чэхіі, аднак ён ня быў немцам і ня меў права абраньня[64].

У 1356 годзе ў Залатой буле імпэратара Карла IV адбылося канчатковае замацаваньне ганаровых пасадаў. Кароль Чэхіі зрабіўся эрцкраўчым (лац. archipincerna), пфальцграф Райнскі — эрцтрухзэсам (лац. archidapifer), герцаг Саксоніі — эрцмаршалам (лац. archimarescalcus), маркграф Брандэнбургу — эрцкамэрарыем (лац. archicamerarius). Гэтыя пасады былі спадчыннымі. Акрамя таго, у той жа буле замацоўваліся чатыры спадчынныя віцэ-пасады за чатырма родамі, як то пасада віцэ-маршала замацоўвалася за фон Папэнгаймамі, віцэ-краўчага — за фон Лімпургамі, віцэ-трухзэса — за фон Вальдбургамі, і віцэ-камэрарыя — за фон Фалькенштайнамі[64]. Найбольш важнай уважалася пасада трухзэса ці сэнэшаля (ням. Truchseß, ад стараверхненямецкага Trubtsazzo — «той, хто ачольвае атрад»). Трухзэс займаўся наглядам за тым, як кіруецца палацавая гаспадарка, а таксама за каралеўскай і імпэрскай маёмасьцю. Пагатоў, трухзэс адказваў за абслугоўваньне каралеўскага стала. У адсутнасьць караля трухзэс быў вікарыем. У паходах трухзэс камандаваў авангардам пры наступах, ар’ергардам пры адступленьнях, а за час бою быў харужым каралеўскага сьцяга. За час урачыстага выбару імпэратара трухзэс трымаў імпэратарскі меч. У Бургундзкім каралеўстве таксама існавала спадчынная пасада трухзэса, якую насілі прадстаўнікі дому дэ Турэ. Пасьля таго як Францыя далучыла бургундзкія землі, гэтую пасаду перанялі дафіны[64].
Найменш важнай уважалася пасада краўчага (ці шэнка, ад стараверхненямецкага Scenko), які займаўся забесьпячэньнем каралеўскага стала напоямі. Частку абавязкаў краўчы падзяляў з трухзэсам. З канца XII стагодзьдзя пасада эрцкраўчага была замацаваная за каралямі Чэхіі, аднак пераважнае права эрцкраўчага на выбар караля аспрэчвалася да 1356 году, калі яно было замацаванае ў Залатой буле. Ганаровая служба эрцкраўчага палягала на тым, што за часам імпэрскіх зьездаў і райхстагаў ён падносіў каралю віно ў срэбраным кубку, за што атрымліваў каня і кубак у падарунак[64]. Асноўным абавязкам маршалаў быў клопат пра бясьпеку імпэратара і дысцыплінарны нагляд за дваром, а таксама арганізацыя імпэрскіх зьездаў і райхстагаў. Падчас паседжаньняў маршал адказваў за цырыманіял. Падчас вайны маршал ачольваў імпэратарскую коньніцу, а з XII стагодзьдзя — і ўсё імпэратарскае войска. Ганаровая служба эрцмаршала заключалася ў нясеньні мяча на ўрачыстых цырымоніях[64]. Пасада камэрарыя мела менш прадстаўнічы характар за астатнія. Камэрарый дбаў аб палацавай гаспадарцы, а таксама разам з трухзэсам клапаціўся пра імпэрскі скарб. Паступова сярод усіх абавязкаў камэрарыя найбольш важнай стала функцыя скарбніка, аднак да XV стагодзьдзя праз адсутнасьць інстытута скарбовай каморы ў імпэрыі значнасьць пасады зьнікла[64].
Курфюрсты
Курфюрсты ўяўлялі сабою вузкая кола кіраўнікоў найбольш магутных нямецкіх княстваў, якія мелі выключнае права абраньня імпэратара. Яны складалі найвышэйшую палату райхстагу і служылі найважнейшым сувязным зьвяном паміж імпэратарам і імпэрскімі саслоўямі, зьяўляючыся «слупамі імпэрыі». Курфюрсты рабілі найбольшы ўплыў на палітыку імпэратара і карысталіся практычна поўнай самастойнасьцю ва ўнутраных справах, аж да бацьця ўласнай манэты і непадсуднасьці Імпэрскаму суду і Надворнай радзе. Акрамя таго, кожны курфюрст меў адную з вышэйшых прыдворных пасадаў імпэратарскага двара. Значнасьць калегіі курфюрстаў некалькі зьменшылася ў другой палове XVII стагодзьдзя, калі цэнтар улады ў імпэрыі зрушыўся ў бок райхстагу.

Калегія курфюрстаў склалася ў позьнім Сярэднявеччы і была заканадаўча аформленая «Залатой булай» імпэратара Карла IV у 1356 годзе. Гэтым дакумэнтам статус курфюрстаў быў нададзены кіраўнікам сямі германскіх княстваў: арцыбіскупам Майнцу, Кёльну і Трыра, каралю Чэхіі (Багеміі), але з часоў гусіцкіх войнаў і да 1708 году курфюрскія паўнамоцтвы чэскага караля былі абмежаваныя выключна правам голасу пры абраньні імпэратара, герцагу Саксоніі, пфальцграфу Райнскаму і маркграфу Брандэнбургу. Паводле імпэрскага права, курфюрскі статус мелі не асабіста кіраўнікі ці дынастыі, а адпаведныя тэрытарыяльныя ўтварэньні. Права на наданьне тытула курфюрста было адной з найважнейшых прэрагатываў імпэратарскай улады. У 1632 годзе, у час Трыццацігадовай вайны, імпэратар пазбавіў Пфальц курфюрскага тытула і перадаў яго Баварыі, аднак паводле ўмоваў Вэстфальскага міру Пфальц ізноў стаў восьмым курфюрствам. Пфальц ізноў страціў статус курфюрства ў 1777 годзе па аб’яднаньні з Баварыяй. У 1692 годзе дзявяты тытул курфюрста быў нададзены герцагу Браўншвайг-Люнэбургу (пазьней — Гановэр), што было пацьверджанае райхстагам у 1708 годзе. Апошняя зьмена ў калегіі курфюрстаў адбылася ў пачатку XIX стагодзьдзя, калі войскі Напалеона заваявалі левабярэжжа Райну, зьнішчыўшы тым самым курфюрствы Майнц, Трыр і Кёльн. Замест іх паводле пастановы імпэрскай дэпутацыі 1803 году статус курфюрстваў быў нададзены Гэсэн-Касэлю, Бадэну, Вюртэмбэргу, Зальцбургу і ўладаньням эрцканцлера Карла-Тэадора Дальбэрга (Ашафэнбург—Рэгенсбург). Гэты акт прывёў да фармаваньня ў калегіі курфюрстаў пратэстанцкай прафранцускай большасьці, што стала адной з прычынаў краху імпэрыі ў 1806 годзе.
Імпэрскія князі
Саслоўе імпэрскіх князёў уяўляла сабою найвышэйшую шляхту Сьвятой Рымскай імпэрыі. У склад гэтага саслоўя ўваходзілі кіраўнікі сьвецкіх і духоўных княстваў, якія былі ў наўпроставай леннай залежнасьці ад імпэратара і валодалі тытуламі, вышэйшымі за графаў. Гэта маглі быць прадстаўнікі старажытных арыстакратычных родаў, чые продкі яшчэ ў час высокага Сярэднявечча атрымалі свае лены ад імпэратара (Вэльфы, Царынгены, Асканіі ды іншыя), або меней радавітыя кіраўнікі невялікіх тэрыторыяў, якім імпэратар надаў княжацкі тытул (Турн-і-Таксіс, Шварцэнбэргі ды іншыя). З царкоўных герархаў да імпэрскіх князёў ставілі арцыбіскупаў і біскупаў. Працэс фармаваньня саслоўя завяршыўся да XV стагодзьдзя. Паводле імпэрскага матрыкула 1521 году, у імпэрыі існавала 50 духоўных і 24 сьвецкіх імпэрскіх князёў. Да канца XVIII стагодзьдзя колькасьць духоўных князёў паменела да 33, а сьвецкіх толькі ўзрасла да 61.
Сьвецкія і духоўныя імпэрскія князі ўтваралі асноўную палату імпэрскага райхстагу — раду імпэрскіх князёў (ням. Reichsfürstenrat), і такім чынам мелі мажлівасьць беспасярэдне ўплываць на палітыку імпэрыі. Кожная княжацкая тэрыторыя мела адзін голас у палаце, а ў выпадку, калі адзін кіраўнік валодаў некалькім імпэрскімі княствамі, іхныя галасы складаліся. Гэтак, напрыклад, курфюрст Гановэру ў канцы XVIII стагодзьдзя меў шэсьць галасоў у радзе. Менавіта імпэрскія князі як кіраўнікі сярэдніх і дробных дзяржаўных утварэньняў прэтэндавалі на тое, каб быць правадырамі інтарэсаў імпэрыі. Сярод прывілеяў імпэрскіх князёў былі права біцьця манэты, арганізацыя судовай і адміністрацыйнай сыстэмаў на тэрыторыі сваіх княстваў, спагнаньня мясцовых падаткаў і мыта.
Імпэрскія графы і прэляты

Імпэрскія графы былі найбольш шматлікім імпэрскім саслоўем, утвараючы асноўную масу сярэдняй шляхты краіны. Спачатку графы былі кіраўнікамі ў тых ці іншых рэгіёнах каралеўскага дамэна і ня былі ўладальнікамі алодаў. Зь цягам часу, аднак, некаторыя нямецкія графы здолелі ператварыць свае ўладаньні ў імпэрскія лены, стаўшы сувэрэнамі невялікіх і маленечкіх княстваў і ўтварыўшы асобнае імпэрскае саслоўе. Іншая частка графаў засталася пад сюзэрэнітэтам больш магутных тэрытарыяльных князёў, склаўшы групу ніжэйшага дваранства, якое не брало ўдзелу ў сыстэме кіраваньня імпэрыяй. Некаторыя з імпэрскіх графаў дамагліся прыўлашчэньня імі больш высокіх тытулаў, што спрыяла іхняму пераходу ў саслоўе імпэрскіх князёў, як гэта зрабілі, да прыкладу, Вюртэмбэргі ў 1495 годзе. Паводле імпэрскага матрыкула 1521 году, статус імпэрскіх графаў мелі 144 тэрытарыяльныя кіраўнікі, а да канца XVIII стагодзьдзя іхняя колькасьць скарацілася да 99. У райхстагу імпэрскія графы ўтварылі чатыры групы паводле геаграфічнае прыкметы. Гэтак былі імпэрскія графы Вэстфаліі, Вэтэраў, Швабіі і Франконіі, кожныя зь якіх мелі адзін голас у сьвецкай курыі рады імпэрскіх князёў. Значна большую ролю імпэрскія графы адыгрывалі на ўзроўні імпэрскіх акругаў. Гэтак, у органах кіраваньня акругамі кожны граф меў адзін голас, што ўраўноўвала іх у правах з значна больш магутнымі імпэрскімі князямі. У выніку мэдыятызацыі 1806 году вялікая частка імпэрскіх графаў страціла свой статус, ператварыўшыся ў вышэйшы пляст тэрытарыяльнага дваранства нямецкіх княстваў.

З саслоўем імпэрскіх графаў збліжалася саслоўе імпэрскіх прэлятаў, у якое ўваходзілі абаты і прыёры манастыроў, якія валодалі тэрытарыяльным сувэрэнітэтам на сваіх землях і лічыліся паўнапраўнымі суб’ектамі Сьвятой Рымскай імпэрыі. Іхныя ўладаньні моцна адрозьніваліся паводле плошчы і насельніцтву: ад адносна вялікага Фульдзкага абацтва да манастыра Обэрмюнстэр, які валодаў усяго некалькімі будынкамі ў Рэгенсбургу, але меў прэрагатывы імпэрскага дзяржаўнага ўтварэньня. У 1521 годзе да імпэрскіх прэлятаў стасавалі 83 царкоўных герархаў, аднак працэсы сэкулярызацыі скарацілі колькасьць гэтага саслоўя да канц XVIII стагодзьдзя да 40. Землі імпэрскіх прэлятаў месьціліся перадусім на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Асобую катэгорыю ўтваралі магістры Тэўтонскага і Мальтыйскага ордэнаў, уладаньні якіх таксама мелі тэрытарыяльны сувэрэнітэт. У райхстагу прэляты аб’ядноўваліся ў Швабскую і Райнскую калегіі імпэрскіх прэлятаў, якія мелі адзін голас у царкоўнай курыі рады імпэрскіх князёў. У 1803 годзе ўсе тэрыторыі імпэрскіх прэлятаў, за выняткам зямель ордэнаў, былі сэкулярызаваныя.
Свабодныя імпэрскія гарады

Імпэрскія гарады ў адрозьненьне ад іншых гарадзкіх цэнтраў імпэрыі не былі пад сюзэрэнітэтам тэрытарыяльных князёў, а наўпрост падпарадкоўваліся імпэратару і ва ўнутраных справах былі цалкам самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі. Статус імпэрскага саслоўя стасаваўся не да пэўных мяшчанаў, але да места агулам, які быў прадстаўлены сваім магістратам. Спачатку дзеяў добра замацаваны падзел сярод вольных гарадоў на дзьве катэгорыі:
- уласна імпэрскія гарады (ням. Reichsstadten), якія былі закладзеныя імпэратарамі (найперш Гогэнштаўфэнамі ў XII—XIII стагодзьдзях) і сплачвалі падаткі ў імпэрскую скарбніцу. Прыкладамі такіх гарадоў былі Мэмінген, Гагенаў, Мюльгаўзэн ды іншыя;
- і свабодныя гарады (ням. Freien Städten), якія дамагліся самастойнасьці ў барацьбе зь біскупамі ці сьвецкімі князямі і не плацілі імпэрскія падаткі. Да такіх местаў стасаваліся Любэк, Страсбург, Аўгсбург ды іншыя.
Правы як імпэрскіх, гэтак і свабодных гарадоў на прадстаўніцтва ў райхстагу былі афіцыйна замацаваныя ў 1489 годзе, што спрыяла збліжэньню гэтых катэгорыяў і складаньню адзінага саслоўя імпэрскіх свабодных гарадоў, прадстаўнікі якіх утваралі трэцюю палату райхстагу — раду імпэрскіх гарадоў. Зважаючы на тое, што гарады былі прадстаўленые ў райхстагу, іхны ўплыў на ўнутраную і замежную палітыку заставаўся нязначным, а пастановы рады імпэрскіх гарадоў часта ігнараваліся імпэрскімі князямі. Паводле матрыкула 1521 году, у Нямеччыне налічвалася 84 імпэрскія свабодныя гарады, а да канца XVIII стагодзьдзя іхняя колькасьць скарацілася да 51. Праз ухвалу імпэрскай дэпутацыі 1803 году большасьць гарадоў страціла самастойнасьць і далучылася да складу нямецкіх княстваў. На момант роспуску Сьвятой Рымскай імпэрыі ў 1806 годзе існавала толькі шэсьць свабодных імпэрскіх гарадоў, як то Любэк, Гамбург, Брэмэн, Франкфурт, Аўгсбург і Нюрнбэрг.
Імпэрскія рыцары
Імпэрскія рыцары не ўважаліся за імпэрскае саслоўе, бо не плацілі дзяржаўных падаткаў і ня мелі права на ўдзел у паседжаньнях ані райхстагу, ані ў радах імпэрскіх акругаў. Імпэрскае рыцарства ўяўляла сабою адную з найважнейшых апірышчаў імпэратарскай улады, спрыяючы інтэграцыйным працэсам у імпэрыі. Геаграфічна рыцарскія фэоды месьціліся, галоўным чынам, на паўднёвым захадзе Нямеччыны, утвараючы анклявы сярод уладаньняў імпэрскіх князёў, графаў і прэлятаў. Дзеля абмеркаваньня агульных пытаньняў склікаліся генэральныя зьезды (ням. Generalkorrespondenztage) імпэрскіх рыцараў. З падзеньнем імпэрыі ў 1806 годзе ўладаньні імпэрскіх рыцараў былі анэксаваны буйнейшымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі.
Сыстэма кіраваньня
Органы кіраваньня ў Сярэднявеччы
У раньні пэрыяд адміністрацыйная сыстэма імпэрыі была слаба дыфэрэнцыяванай. Імпэратар асабіста рупіўся кіраваньнем, пэрыядычна аб’язджаючы ўсе рэгіёны краіны[67]. Пры ім функцыянавала канцылярыя, якая складалася з трох аддзелаў, як то нямецкага, італьянскага (з 962 году) і бургундзкага (з 1033 году), ачоленых эрцканцлерамі. Дзеля абмеркаваньня найважнейшых палітычных пытаньняў пэрыядычна склікаліся шматлюдныя сходы найбуйнейшых сьвецкіх і царкоўных князёў імпэрыі (вялікая каралеўская рада — гофтаг). Да XIII стагодзьдзя законатворчыя функцыі цэнтральнай улады былі вельмі невыразнымі, цалкам панавала звычаёвае права[68], сваё для кожнага рэгіёну імпэрыі (прававы партыкулярызм). З XI стагодзьдзя пачалося фармаваньне саслоўных судоў (княжацкіх, графскіх, царкоўных, шэфэнскіх, муніцыпальных), якія ў эпоху Гогэнштаўфэнаў былі дапоўненыя агульнаімпэрскім надворным судом пры імпэратары. Аднак аб’ём кампэтэнцыі імпэратарскага суда заўсёды заставаўся моцна абмежаваным судовымі прэрагатывамі князёў: вядома, што колькасьць справаў у імпэрскім надворным судзе была ў 30 раз меншай за колькасьць судовых працэсаў, якія ладзіліся ў аналягічны час у парыскім парлямэнце караля Францыі[69]. Прадстаўнікамі імпэратара на месцах былі графы (у Італіі — імпэрскія пасланцы), якія хутка ператварыліся з каралеўскіх чыноўнікаў у спадчынных тэрытарыяльных князёў, якія стваралі на сваіх землях уласны адміністрацыйна-судовы апарат. У канцы XIII стагодзьдзя сфармавалася калегія сямі найбольш магутных тэрытарыяльных князёў, якая прысвоіла сабе выключнае права на абраньне імпэратара і кантроль ягонай дзейнасьці. Гэтая калегія курфюрстаў атрымала афіцыйнае прызнаньне ў «Залатой буле» 1356 году[70]. Дзеля абмеркаваньня найважнейшых агульнаімпэрскіх пытаньняў імпэратары склікалі шырэйшыя сходы, у якіх удзельнічалі імпэрскія сьвецкія і духоўныя князі, а з XIII стагодзьдзя — і прадстаўнікі некаторых імпэрскіх гарадоў. Кола ўдзельнікаў гэтых гофтагаў ці імпэрскіх соймаў вызначалася выключна імпэратарам, яму ж належала канчатковае рашэньне, улічваць ці ня ўлічваць меркаваньне, выказанае саслоўямі. З аслабленьнем імпэратарскай улады ў позьнім Сярэднявеччы роля прадстаўнічага органа імпэрскіх князёў няўхільна ўзрастала.
Райхстаг

Ператварэньне нявызначаных паводле складу і кампэтэнцыяў імпэрскіх соймаў Сярэднявечча ў арганізацыйна аформлены найвышэйшы прадстаўнічы орган імпэрыі — райхстаг, адбылося за часам укараненьня імпэрскай рэформы канца XV і пачатку XVI стагодзьдзяў. Структура райхстагу была вызначаная ў 1495 годзе. Ён складаўся з трох калегіяў:
- Рада курфюрстаў (ням. Kurfürstenrat), у склад якой уваходзілі курфюрсты імпэрыі (першапачаткова сем, а да канца XVIII стагодзьдзя іх было ўжо восем чалавек;
- Рада імпэрскіх князёў (ням. Reichsfürstenrat), якая складалася зь сьвецкіх і духоўных імпэрскіх князёў, кожны зь якіх меў адзіны голас, а таксама імпэрскіх графаў і імпэрскіх прэлятаў, якія валодалі, адпаведна, чатырма і двума калектыўнымі галасамі. Гэтая рада падзялялася на курыі сьвецкіх (63 сябра ў 1800 годзе) і духоўных (37 сябраў у 1800 годзе) князёў;
- Рада гарадоў (ням. Städterat), у склад якой уваходзілі прадстаўнікі свабодных імпэрскіх гарадоў (51 сябра ў 1800 годзе), аб’яднаных у дзьве калегіі: Швабскую і Райнскую.
Скліканьне райхстагу зьдзяйсьняў імпэратар на згоду курфюрстаў. Кола пытаньняў, якія выносіліся на абмеркаваньне райхстагу, вызначаў імпэратар аднаасобна. Абмеркаваньне і прыняцьцё пастановаў рабілася асобна ў калегіях большасьцю галасоў, прычым радзе курфюрстаў і радзе імпэрскіх князёў належылі вырашальныя галасы. Галасаваньне было патаемным. Рашэньне лічылася ўхваленым, калі яго аднагалосна падтрымалі ўсе тры калегіі і імпэратар. З 1663 году райхстаг ператварыўся ў стала дзейны орган, які засядаў у Рэгенсбургу.
Апроч райхстагу існаваў яшчэ адзін агульнаімпэрскі прадстаўнічы орган — зьезд імпэрскіх дэпутатаў ці імпэрская дэпутацыя (ням. Reichsdeputationstag), які складаўся зь невялікай колькасьці (звычайна ня больш чым 20) прадстаўнікоў саслоўяў і акругаў. На гэтым зьезьдзе рабіліся папярэднія абмеркаваньні пытаньняў і распрацоўваліся законапраекты, што выносіліся на райхстаг, а таксама выпрацоўваліся захады па падтрыманьню земскага міру. Імпэрскія дэпутацыі былі больш мабільным органам, чым райхстаг, што дазваляла больш эфэктыўна і хутчэй знаходзіць кампраміс паміж саслоўямі і імпэратарам. У кампэтэнцыі райхстагу было выданьне агульнаімпэрскіх законаў, абвяшчэнне вайны і складаньне міру, утварэньне і скасаваньне імпэрскіх органаў кіраваньня і суда, скліканьне і роспуск імпэрскага войска, зацьвярджэньне падаткаў і эканамічная палітыка, пытаньні земскага міру і суіснаваньня розных рэлігійных канфэсіяў. Па складаньні Вэстфальскага міру рэлігійныя пытаньні былі перададзеныя ў кампэтэнцыю імпэрскай дэлегацыяў у справах веры, якую на парытэтнай аснове фармавалі прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх імпэрскіх саслоўяў, што выключыла магчымасьць зрыву райхстагу праз канфэсійнае супрацьстаяньне.
Райхстаг меў ролю вярхоўнага органа саслоўнага прадстаўніцтва ў імпэрыі, быў адным з найважнейшых сувязных элемэнтаў імпэрскай сыстэмы і каналам вырашэньня ўнутраных канфліктаў і супярэчнасьцей[71]. Райхстаг таксама выконваў функцыі абмежаваньня імпэратарскай улады, а пасьля Вэстфальскага міру, які замацаваў статус райхстагу як найвышэйшага заканадаўчага органа імпэрыі, стаў цэнтрам інтэграцыйных працэсаў і апірышчам усёй імпэрскай канструкцыі[72].
Імпэрская канцылярыя

Імпэрская канцылярыя была адным з найстарэйшых адміністрацыйных органаў Сьвятой Рымскай імпэрыі. Фармальным галавой яе быў эрцканцлер (ням. Erzkanzler), якіх у імпэрыі было тры. Найбольш магутным быў эрцканцлер Нямеччыны — пачынаючы з імпэратара Атона I гэтая пасада была замацаваная за арцыбіскупам Майнцу. У 962 годзе зьявілася пасада эрцканцлера Італіі, якая з другой паловы XI стагодзьдзя замацавалася за арцыбіскупамі Кёльну. Па далучэньні ў XI стагодзьдзі да імпэрыі Бургундзкага каралеўства зьявіўся і эрцканцлер Бургундыі — у пачатку XIV стагодзьдзя гэтая пасада замацавалася за арцыбіскупамі Трыру. Калі ў XII—XIII стагодзьдзях у склад імпэрыі ўваходзіла Сыцылійскае каралеўства, яно таксама мела ўласную канцылярыю. Досыць рана абавязкі эрцканцлераў сталіся ганаровымі. Уладальнікі пасады былі трымальнікамі пячаткі, атрымлівалі прыбыткі ад сваіх канцылярыяў. Акрамя таго, эрцканцлеры за час выбараў нямецкага караля набывалі пераважныя правы. Эрцканцлерам фармальна былі падпарадкаваныя канцлеры, якія абіраліся зь ніжэйшага духавенства. Яны на практыцы кіравалі прыдворнай капэляй, але да канца XII стагодзьдзя яна страціла сваё ранейшае значэньне, а таксама займаліся справамі канцылярыі. Прызначэньне канцлераў было прэрагатывай імпэратара, але эрцканцлеры і спрабавалі ўмешвацца ў іхныя выбары. З XIV стагодзьдзя канцлер уваходзіў у склад каралеўскай прыдворнай рады[73].
Трохчастковы падзел на канцылярыі ў справах Нямеччыны, Італіі і Бургундыі, які ўзыходзіў да канца X і пачатку XI стагодзьдзя, быў зацьверджаны «Залатой булай» 1356 году, аднак страта імпэрскага ўплыву ў Італіі і Бургундыі ў позьнім Сярэднявеччы пазбавіла адпаведныя аддзелы імпэрскай канцылярыі практычнага значэньня. У той жа час пасада галавы імпэрскай канцылярыі засталася замацаваная за арцыбіскупамі Майнцу, якія працягвалі кіраваць гэтым органам да распаду імпэрыі ў 1806 годзе. Імпэрская канцылярыя займалася справаводзтвам імпэратара, падрыхтоўвала праекты пастановаў ці прапановаў, якія выносіліся на абмеркаваньне райхстагу ці калегіі курфюрстаў, арганізоўвала выбары імпэратара і ладжаньне райхстагаў, вяла міжнародную перапіску, рабіла ўлік і захоўваньне дакумэнтаў імпэратарскага двара і райхстагу. Пасада эрцканцлера была найвышэйшай у сыстэме прыдворных чыноў імпэрыі. Эрцканцлер ачольваў калегію курфюрстаў, ладзіў пасяджэньні райхстагу і фактычна быў сувязным зьвяном паміж імпэратарам і тэрытарыяльнымі князямі. У 1559 годзе імпэратар Фэрдынанд I дзеля таго, каб рэглямэнтаваць працу канцылярыі, выдаў адмысловую пастанову[73].
Замацаваньне пасады кіраўніка імпэрскай канцылярыі за арцыбіскупам Майнцу ўзмацніла ўплыў імпэрскіх князёў на працэсы кіраваньня імпэрыяй. Аднак імпэратары захавалі кантроль над канцылярыяй праз пасаду віцэ-канцлера, якая была створаная ў 1519 годзе імпэратарам Карлам V і паводле традыцыі прызначалася беспасярэдне імпэратарам і разьмяшчалася пры імпэратарскім двары ў Вене. Віцэ-канцлер фармальна быў падпарадкаваны эрцканцлеру, аднак фактычна меў асобны адміністрацыйны апарат, які дазваляў імпэратарам праводзіць уласную палітыку[73].
Імпэрскі камэральны суд

Імпэрскі камэральны суд (ням. Reichskammergericht) быў найвышэйшым судовым органам Сьвятой Рымскай імпэрыі Новага часу. Ягонае ўзьнікненьне павязанае з правядзеньнем у канцы XV стагодзьдзя Імпэрскай рэформы, падчас якой на зьмену сярэдневечнаму прыдворнаму суду, які перасоўваўся ўсьлед за імпэратарам па Нямеччыне і ўладаньнях Габсбургаў, прыйшоў саслоўны Імпэрскі камэральны суд, які меў сталую рэзыдэнцыю ў імпэрыі. Рашэньне аб заснаваньні суда было прынятае Вормскім райхстагам 1495 году, з 1527 году ягоная сядзіба месьцілася ў Шпаеры, а з 1689 годзе — у Вэцляры. Старшыняў суда прызначаў імпэратар, аднак пераважная большасьць сябраў суда дэлегавалася імпэрскімі саслоўямі (курфюрстамі і імпэрскімі акругамі), што забясьпечвала значную ступень незалежнасьці ад імпэратара. З 1555 году ў сэнаце суда адная палова судзьдзяў была каталікамі, іншая палова — лютэранамі.
Імпэрскі камэральны суд быў найвышэйшай апэляцыйнай і касацыйнай інстанцыяй па прысудах і пастановах судовых органаў суб’ектаў імпэрыі, а таксама месцам разьвязаньня канфліктаў паміж імпэрскімі саслоўямі і скаргаў на дзеяньні імпэратара. З падведамнасьці суда былі выключаныя тэрыторыі, якія мелі права non appellando (Аўстрыя, Франш-Кантэ, з 1548 году — Нідэрлянды, з 1648 году — курфюрствы), а таксама крымінальныя справы і справы выключнай кампэтэнцыі імпэратара (апошнія разглядаліся ў Надворнай радзе). Складаная працэсуальная сыстэма Імпэрскага камэральнага суда і ягоны саслоўны характар абцяжарвалі працэс разьвязаньня спрэчак, у выніку чаго многія працэсы зацягваліся на дзесяцігодзьдзі, а ў некаторыя часы праца суда была цалкам паралізаваная праз супярэчнасьці паміж саслоўямі ці недафінансаваньня. Тым ня менш, да канца існаваньня Сьвятой Рымскай імпэрыі камэральны суд меў вялікую значнасьць У справе падтрыманьня адзінства прававой прасторы і судовай сыстэмы Нямеччыны.
Надворная рада
Надворная рада была заснаваная ў 1497 годзе[74]. Імпэратар Максімілян I, які адмовіўся ў 1495 годзе ад кантролю над Імпэрскім камэральным судом, не жадаў губляць судова-адміністрацыйныя прэрагатывы ў імпэрыі і арганізаваў у Вене канкуруючую судовую інстанцыю — Імпэрскую надворную раду (ням. Reichshofrat), усе сябры якой прызначаліся імпэратарам. Канчатковую форму гэты орган набыў у 1559 годзе па выданьня ўлажэньня аб Імпэрскай надворнай радзе. У выключную кампэтэнцыю Надворнай раду ўваходзілі пытаньні фэадальна-леннага права, спрэчкі адносна тытулаў, зямельных уладаньняў і фэадальных абавязацельстваў, правоў і прэрагатываў імпэратара, прывілеяў і наданьняў імпэрскім саслоўям. У некаторых сфэрах юрысдыкцыя Надворнай рады перасякалася зь юрысдыкцыяй Імпэрскага камэральнага суда: парушэньне земскага міру, абарона зямельных уладаньняў, апэляцыі на прысуды і пастановы тэрытарыяльных судоў. У адрозьненьне ад Імпэрскага камэральнага суда ў Надворнай радзе працэсуальныя нормы былі больш свабоднымі, а вытворчасьць арыентаванае на знаходжаньне кампрамісу паміж бакамі, што дазваляла больш эфэктыўна вырашаць канфлікты палітычнага і канфэсійнага характару. Гэта значна павялічыла ролю Надворнай рады ў XVII стагодзьдзі, калі праца Імпэрскага камэральнага суда была паралізаваная праз барацьбу каталікоў і пратэстантаў.
Апроч судовых функцыяў, Надворная рада адыгрывала значную палітычную ролю, рэгулярна кансультуючы імпэратара па імпэрскіх пытаньнях і распрацоўваючы прапановы ў сфэры бягучай замежнай і ўнутранай палітыкі. Ад пачатку ў кампэтэнцыю рады ўваходзілі таксама пытаньні кіраваньня ўладаньнямі Габсбургаў па-за Сьвятой Рымскай імпэрыяй, аднак пры Фэрдынандзе II гэтая сфэра была перададзеная асобнай Аўстрыйскай надворнай радзе. Ядро рады ўтваралі найбліжэйшыя паплечнікі імпэратара, на чале з імпэрскім віцэ-канцлерам і канцлерам Аўстрыі, якія фармавалі вузкую патаемную раду (ням. Geheime Rat), які займаўся найважнейшымі ўрадавымі пытаньнямі.
Імпэрскія акругі

Стварэньне імпэрскіх акругаў (ням. Reichskreise) таксама было павязанае з ажыцьцяўленьнем імпэрскай рэформы. У 1500—1512 гадах тэрыторыя імпэрыі, безь зямель Чэскай кароны, Швайцарыі і Паўночнай Італіі, была падзеленая на 10 акругаў. У кожнай зь іх быў створаны акруговы сход (ням. Kreistag), у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх дзяржаўных утварэньняў, акрамя ўладаньняў імпэрскіх рыцараў, разьмешчаных на тэрыторыі акругі. На акруговых сходах дзейнічаў прынцып «адная тэрыторыя — адзін голас», што ў такіх акругах, як Швабская, Франконская і Верхнярайнская дазваляла дробным імпэрскім утварэньням мець рэальны ўплыў на рэгіянальную і імпэрскую палітыку. У кампэтэнцыі акругаў былі пытаньні падтрыманьня земскага міру і вырашэньня спрэчак паміж імпэрскімі саслоўямі, набор і ўтрыманьне ўзброеных сілаў, падтрыманьне ў баяздольнасьці крэпасьцяў, разьмеркаваньне і збор імпэрскіх падаткаў. З 1681 году на акруговы ўзровень былі перададзеныя фактычна ўсе пытаньні арганізацыі імпэрскага войска і ягонага фінансаваньня. Акругі адыгрывалі важную ролю ў падтрыманьні статус-кво ў імпэрыі, інтэграцыі дробных і сярэдніх дзяржаўных утварэньняў у агульнаімпэрскую сыстэму і падтрыманьні абараназдольнасьці краіны. Найбольш эфэктыўна функцыянавалі акругі, на тэрыторыі якіх адсутнічалі буйныя дзяржавы (Швабская і Франконская), тады як праца Верхнесаксонскай акругі была цалкам паралізаваная праз адмову Брандэнбургу ад удзелу ў акруговых выдатках. Акругі часам аб’ядноўваліся ў асацыяцыі. Гэтак, у час вайны за гішпанскую спадчыну асацыяцыя пяці заходніх акругаў здолела ўчыніць дзейсны супраціў францускаму націску ў кірунку Райну. Сыстэма акругаў у практычна нязьменным выглядзе праіснавала да роспуску Сьвятой Рымскай імпэрыі ў 1806 годзе.
Remove ads
Эканоміка
Тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад Сьвятой Рымскай імпэрыі ў Сярэднявеччы, рэзка адрозьніваліся адная ад адной паводле ўзроўню сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. У Германіі ў X—XI стагодзьдзях панавала ворнае земляробства, а плошча сельскагаспадарчых надзелаў няўхільна павялічвалася за кошт масаванага засваеньня пустак і лясоў. Базавай гаспадарчай адзінкай быў свабодны ці паўзалежны селянін, які валодаў сваім надзелам згодна з правам спадчыннай уласнасьці. Працэсы фэадалізацыі не былі яшчэ завершаны, а суладная фэадальная герархія яшчэ ня склалася, але пры падтрымцы імпэратараў сфармаваўся досыць шырокі пляст дробных і сярэдніх рыцараў і міністэрыялаў, якія слаба залежалі ад тэрытарыяльных князёў. Запрыгоньваньне сялянства адбывалася ня так хутка, як у Францыі ці Ангельшчыне. У Італіі прагрэс гаспадаркі, у параўнаньні зь Нямеччынай, быў больш значным. Тут хутчэй разьвівалася сельская гаспадарка, для якой была характэрная разнастайнасьць формаў сялянскага землеўладаньня, аднак галоўным рухавіком эканомікі сталі гарады, пераўтвораныя ўжо да XII стагодзьдзя ў буйныя гандлёва-рамесныя цэнтры, якія спэцыялізаваліся, галоўным чынам, на ткацтве, сукнаробстве і пасярэдніцкім гандлі[75]. Ажыўленьне гандлю распаўсюдзілася таксама і на нямецкія землі, найперш на гарады ўздоўж Райну і Маасу, а таксама Гарц, дзе пачалася актыўная здабыча срэбра. У выніку разьвіцьця гарадоў у Нямеччыне ў XI—XII стагодзьдзі пачалося фармаваньне саслоўя бюргерства сэньярыяльных і свабодных імпэрскіх гарадоў, аднак у адрозьненьне ад Францыі і Ангельшчыны зьвяз мяшчанаў з цэнтральнай уладай практычна ня склаўся.

У XII—XIII стагодзьдзях тэмпы разьвіцьця гандлю ў Нямеччыне значна паскорыліся, што прывяло да масавага ўзьнікненьня і бурнага росквіту існых гарадзкіх цэнтраў. Многія гарады здолелі выйсьці з-пад улады фэадалаў і дамагчыся ўнутранай аўтаноміі[76]. Аднак узровень дабрабыту і незалежнасьці нямецкіх свабодных гарадоў па-ранейшаму значна адставаў ад разьвіцьця гарадзкіх грамадаў Італіі, якія ў гэты час ператварыліся на фактычна незалежныя дзяржаўныя ўтварэньні і сталіся эўрапейскімі цэнтрамі марскога гандлю, рамёстваў і фінансавых апэрацыяў. Багацьце італьянскіх местаў было адным з галоўных чыньнікаў бесьперапыннай барацьбы за ўзмацненьне ўлады імпэратара ў Паўночнай і Сярэдняй Італіі ў XII—XIII стагодзьдзях. У сельскай гаспадарцы рост прадукцыйнасьці земляробства вёў, з аднаго боку, да ўзмацненьня эксплюатацыі сялянаў і паступоваму пераходу да грашовай рэнты, а зь іншага, спрыяў калянізацыі нямецкімі земляробамі слабазаселеных зямель на ўсходзе — Сылезіі, Чэхіі, Памор’і і Балтыцы. Аграрная калянізацыя гэтых тэрыторыяў суправаджалася стварэньнем гарадоў на нямецкім гарадзкім праве, а таксама экспансіяй фэадалаў, ачоленай нямецкімі рыцарскімі ордэнамі (Тэўтонскі ордэн у Прусіі, Ордэн мечнікаў на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора), у выніку чаго германскі ўплыў на ўсходзе пашырыўся да сучаснай Эстоніі[77]. Аднак, ордэнскія дзяржавы ў Балтыцы, аднак, юрыдычна не ўваходзілі ў склад імпэрыі.

У позьняе Сярэднявечча, пасьля страты імпэрыяй італьянскіх зямель, на першы плян у эканамічным разьвіцьці высунуліся ганзейскія гарады Паўночнай Нямеччыны, якія засяродзілі ў сваіх руках гандаль паміж Скандынавіяй, Ангельшчынай, Нідэрляндамі, Балтыкай і Ноўгарадам[78], а таксама тэкстыльныя цэнтры Нідэрляндаў (Антвэрпэн, Мэхэлен, Брусэль) і Паўднёвай Нямеччыны (мануфактуры Швабіі). Няўхільна павялічвалася значнасьць здабычы і апрацоўкі мэталаў (Саксонія, Чэхія, Тыроль, Нюрнбэрг), прычым кантроль над горнаруднымі і мэталюргічнымі прадпрыемствамі перайшоў да буйнага купецкага капіталу, як то Фугераў ды іншых. Адным з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў Эўропы стаў Аўгсбург. Эпідэмія Чорнай сьмерці 1348—1350 гадоў, у выніку якой у некаторых рэгіёнах колькасьць насельніцтва зьнізілася больш чым у два разы, спыніла нямецкую аграрную калянізацыю ва ўсходнім кірунку і спрыяла адтоку прадукцыйных сілаў зь вёскі ў гарады. У сельскай гаспадарцы рост попыту на хлеб прывёў да павышэньня таварнасьці збожжавай вытворчасьці ў Паўночнай Нямеччыне, што суправаджалася ўзбуйненьнем сялянскіх надзелаў на захадзе і ростам вотчыннай гаспадаркі на ўсходзе краіны. У Паўднёвай Нямеччыны, дзе асноўнае значэньне мелі агародніцтва і жывёлагадоўля і панавала дробная сялянская гаспадарка, пачаўся актыўны наступ фэадалаў на сялянаў, што выявілася ў павелічэньні паншчыны і натуральных павіннасьцей, згонах сялянаў зь зямлі і захопе абшчынных угодзьдзяў. Вынікам гэтага стала абвастрэньне сацыяльных праблемаў, што выявілася ў шэрагу сялянскіх паўстаньняў (гусіцкія войны, рух «Чаравіка»).
Фінансавыя справы
Матэрыяльную аснову імпэратарскай улады ў раньнія часы складалі прыбыткі ўласна імператарскага дамэна, частка прыходзіла ад царкоўных зямель, плацяжоў фэадальнага характару (рэльефы ды іншыя), а таксама за выключныя каралеўскія правы (рэгаліі), перш за ўсё ў сфэры выкананьня правасудзьдзя. Вялікае значэньне дзеля забесьпячэння бягучых патрэбаў імператарскага двара меў абавязак князёў браць на пастаянку і забясьпечваць за свой кошт утрыманьне імпэратара за час ягонага знаходжаньня ў іхных уладаньнях (лац. gistum), што прыводзіла да сталага перасоўваньня імпэратарскага двара па местах і замках Нямеччыны і Італіі. У эпоху Гогэнштаўфэнаў галоўнай крыніцай фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў зрабіліся фэадальная «дапамога» князёў і царкоўных установаў Германіі і плацяжы, якія спаганяліся імпэратарскімі чыноўнікамі з заможных гарадоў Паўночнай Італіі[79]. Заняпад імпэрскай улады ў Італіі ў другой палове XIII стагодзьдзя рэзка абмежавала фінансавыя рэсурсы кароны, гэтак выправы імпэратараў за Альпы, хоць і прыносілі велізарныя багацьці ў казну, гэтак у 1355 годзе Карл IV вывез з Італіі блізу 800 тысяч флёрынаў[80]), але былі вельмі рэдкія.

У позьнім Сярэднявеччы асноўнай крыніцай грошаў сталіся складкі імпэрскіх гарадоў, прыбыткі спадчынных уладаньняў імпэратара (землі Чэскай кароны пры Люксэмбургах, Аўстрыя пры Габсбургах), а таксама эпізадычныя паступленьні ў выглядзе ўнутраных і замежных пазыкаў, выкупных плацяжоў за адмову ад каралеўскіх рэгаліяў у дачыненьні да асобных гарадоў або тэрыторыяў і кантрыбуцыяў з габрэяў. Гэтых крыніцаў было недастаткова ня толькі дзеля правядзеньня актыўнай замежнай палітыкі, утрыманьня буйной арміі ці разгалінаванага апарата кіраваньня, але і дзеля фінансаваньня бягучых дзяржаўных выдаткаў. Калі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя кароль Ангельшчыны меў прыбыткі на суму каля 770 тысяч флёрынаў на год, кароль Францыі — больш за 2,5 мільёна, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі жа мог разьлічваць толькі на 150 тысячаў, прычым на думку некаторых дасьледнікаў фактычных прыбыткаў зьбіралася ня болей за трэціну ад гэтае сумы, а аб’ём запазычаньняў у 70 раз перавышаў прыбытковую частку дзяржаўнага бюджэту[81]. Да пачатку XV стагодзьдзя прыбыткі яшчэ больш скараціліся, у выніку чаго паводле ацэнак сучасных гісторыкаў, прыбыткі імпэратара Жыгімонта не перавышалі 15 тысяч флёрынаў на год. Спроба прасоўваньня адзінага агульнаімпэрскага падатку на крыжовы паход супраць гусітаў правалілася праз супраціў саслоўяў і браку ладна выбудаванай сыстэмы збору падаткаў. Дзяржаўная падатковая сыстэма пачала зараджацца ў пачатку XV стагодзьдзя на ўзроўні буйных тэрытарыяльных княстваў (Пфальц, Брандэнбург, Вюртэмбэрг, Баварыя, Аўстрыя). Менавіта паступленьні з спадчынных уладаньняў Габсбургаў, якія больш чым у чатыры разы пераўзыходзілі імпэрскія прыбыткі, а таксама пазыкі ў Фугераў ды іншых нямецкіх банкірскіх дамоў, дазвалялі Максіміляну I[82] і ягоным пераемнікам ладзіць актыўную замежную палітыку і трымаць буйныя наёмныя войскі.
У рамках імпэрскай рэформы 1495 году ўпершыню быў зацьверджаны адзіны ўсеагульны наўпроставы падатак, вядомы як агульны пфэніг (ням. Gemeiner Pfennig). Плаціць яго мусілі былі ўсе грамадзяне імпэрыі, якія дасягнулі веку 15 гадоў. Сродкі ад збору гэтага падатку павінны былі ісьці на фармаваньне арміі дзеля войнаў з Францыяй і Асманскай імпэрыяй. Аднак збор падатку быў практычна сарваны праз супраціў саслоўяў і адсутнасьці фіскальных органаў. У далейшым імпэратарам удавалася эпізадычна атрымліваць субсыдыі саслоўяў на барацьбу з туркамі, аднак гэтыя сродкі былі вельмі нязначнымі. Толькі ў 1681 годзе райхстаг зацьвердзіў вайсковую рэформу, якая абавязала суб’екты імпэрыі фінансаваць утрыманьне імпэрскага войска, дзеля чаго на ўзроўні імпэрскіх акруг былі створаныя фінансавыя ведамствы. Такая сыстэма захавалася да канца існаваньня імпэрыі, аднак яна забясьпечвала толькі мінімум сродкаў, неабходных дзеля падтрыманьня агульных узброеных сілаў і функцыянаваньня імпэрскіх установаў. Імпэратары былі вымушаныя папаўняць бюджэтны дэфіцыт за кошт прыбыткаў з уласных спадчынных уладаньняў ды замежных пазыкаў.
Remove ads
Вайсковая сыстэма

Вайсковая сыстэма імпэрыі спачатку засноўвалася на фэадальным абавязку васалаў імпэратара выстаўляць вайсковыя кантынгенты ў выпадку неабходнасьці. Ядром імпэрскай арміі былі рыцары, выстаўленыя сьвецкімі і духоўнымі князямі. Апроч іх да вайсковых паходаў прыцягваліся міністэрыялы[83], а дзеля патрэбаў абароны да XII стагодзьдзя выкарыстоўвалася таксама апалчэньне свабодных сялянаў (лац. milites agrarii). Паводле сучасных ацэнках[84], у канцы X стагодзьдзя для сваіх паходаў у Італію імпэратар мог выставіць да 6 тысяч узброеных рыцараў толькі з аднаго Германскага каралеўства. Умовы вайсковай службы вызначаліся фэадальнымі звычаямі і зацьвярджаліся пастановамі зьездаў князёў імпэрыі. Вярхоўным вайскаводам быў сам імпеэратар. Акрамя імпэрскага войска найбуйнейшыя фэадалы, асабліва кіраўнікі прыгранічных марак, мелі ўласныя вайсковыя кантынгенты, якія дазвалялі ім весьці самастойную замежную палітыку.
У позьнім Сярэднявеччы праз сыстэматычнае ўхіленьне князёў ад выкананьня вайсковай дапамогі галоўнай сілай імпэрскай арміі сталіся наёмныя войскі. У XV стагодзьдзі Швайцарыя, затым Швабія, а пазьней і іншыя нямецкія рэгіёны сталі цэнтрамі гандлю прафэсійнымі жаўнерамі, якіх наймалі імпэрскія княствы, свабодныя гарады і замежныя дзяржавы дзеля вайсковых апэрацыяў. Хранічны дэфіцыт сродкаў у скарбніцы не дазваляў імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі ў поўнай ступені выкарыстаць гэту вайсковую сілу. Толькі адносная стабілізацыя фінансаў пры Максіміляне I дала мажлівасьць наняць значныя кантынгенты ляндскнэхтаў, з дапамогай якіх удалося адбіць націск Францыі на імпэрскія землі.
Неабходнасьць карэннай перабудовы вайсковай сыстэмы стала відавочнай да канца XV стагодзьдзя ва ўмовах абвастрэньня замежнай пагрозы з боку Францыі і Асманскай імпэрыі. У рамках імпэрскай рэформы ў 1500 годзе быў усталяваны агульнаімпэрскі падатак на фінансаваньне вайсковых выдаткаў, а імпэрскім матрыкулам у 1521 годзе былі вызначаныя нормы выстаўленьня вайсковых кантынгентаў кожным суб’ектам імпэрыі такім чынам, каб забясьпечыць камплектаваньне войска ў складзе 20 тысяч жаўнераў пяхоты і 4 тысяч кавалерыі. Аднак кіраўнікі буйных княстваў сыстэматычна ўхіляліся ад выплаты падатку і вылучэньня вайскоўцаў у імпэрскую армію. Імпэратарам даводзілася разьлічваць на наймітаў, рэкрутаў з габсбурскіх уладаньняў або складаць двухбаковыя дагаворы аб вылучэньні жаўнераў з асобнымі княствамі. У 1556 годзе быў зарганізаваны гофкрыгсрат, то бок вайсковая рада Аўстрыйскіх зямель, пазьней пераўтвораная ў цэнтральнае вайсковае ведамства імпэратара.
Імпэрская армія

Ва ўмовах пачатку Трыццацігадовай вайны Фэрдынанд II наняў прафэсійную армію Альбрэхта фон Валенштайна, якая ўтрымлівалася за кошт кантрыбуцыяў з захопленых зямель. Шкода, якую чынілі найміты, прымусіла князёў пагадзіцца на фармаваньне войска на прынцыпах, закладзеных імпэрскай рэформай. Упершыню імпэрская армія (ням. Reichsarmee) была створаная ў 1630 годзе і выкарыстоўвалася ў ваенных дзеях супраць швэдаў і туркаў. Паводле закону 1681 году імпэрскае войска павінна было складацца з 28 тысяч пяхотнікаў і 12 тысяч кавалерыстаў, прычым адказнасьць за фармаваньне і ўтрыманьне арміі, а таксама за падтрыманьне абараназдольнасьці імпэрскіх фартэцыяў, была ўскладзеная на імпэрскія акругі. У час вайны колькасьць арміі магла на загад імпэрскіх акругаў павялічвацца. Камандаваньне і прызначэньне вышэйшага афіцэрства рабілася беспасярэдне імпэратарам. У 1694 годзе на ўзроўні некалькіх імпэрскіх акругаў было зацьверджаная прапанова аб падтрыманьні ў боегатоўнасьці некаторых часьцей імпэрскай арміі і ў мірны час, у выніку чаго ўзьніклі сталыя акруговыя войскі (ням. Kreistruppen), якія існавалі адначасна з арміямі асобных княстваў. Імпэратар таксама наймаў вайскоўцаў у тэрытарыяльных кіраўнікоў.
Княствы па-ранейшаму імкнуліся абмежаваць свой удзел у камплектаваньні імпэрскай арміі, захоўваючы свае найлепшыя вайсковыя кантынгенты для ўласных патрэбаў або перадаючы іх у найм за плату замежным дзяржавам. Гандаль жаўнерамі ператварыўся ў адную з найважнейшых крыніцаў прыбыткаў сярэдніх і малых дзяржаўных утварэньняў імпэрыі, а клясычным прыкладам такоф дзенасьці быў Гэсэн-Касэль). Баявая падрыхтоўка, зброя і дысцыпліна імпэрскай арміі таксама заставаліся на досыць нізкім узроўні. У часы францускай агрэсіі канца XVII стагодзьдзя дзякуючы намаганьням Швабскай, Франконскай і Верхнярайнскай акругаў удалося арганізаваць досыць эфэктыўную сталую імпэрскую армію, аднак у 1740 годзе яна была распушчаная. За час Сямігадовай вайны зноў створанае імпэрскае войска зазнала разгромную паразу ў бітве пры Росбаху ад прускіх войскаў. Таксама няўдалымі былі дзеі імпэрскай арміі ў войнах з рэвалюцыйнай Францыяй. Парадак фармаваньня і ўтрыманьня арміі ўжо не адпавядаў патрабаваньням часу. Па скасаваньні Сьвятой Рымскай імпэрыі і ўтварэньня Райнскага зьвязу ў 1806 годзе імпэрская армія перастала існаваць.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
