Крымчацкая мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Крымча́цкая мова (часам: габрэ́йска-крымскатата́рская мова, саманазва: кърымчах тыльы) — адна з моваў цюрскае сям’і моваў, распаўсюджаная ва Ўкраіне на паўвостраве Крым у асяродзьдзі крымчакоў, асаблівай этнічнай групы, якая спалучае ў сабе цюрскія й габрэйскія элемэнты. Часам можа лічыцца дыялектам крымскататарскае мовы. Колькасьць носьбітаў — каля 200 чалавек[3]; адносіцца да моваў, што знаходзяцца на мяжы выміраньня.
Як і большасьць моваў, што вядомыя пад сукупным тэрмінам габрэйскія мовы (які пазначае ня мовы адзінага генэтычнага паходжаньня, а мовы, што ў вялікай ступені гістарычна зьвязаныя з габрэйскай культурай і рэлігіяй), крымчацкая мова зьмяшчае вялікую колькасьць гебраізмаў. Перад савецкай эпохай для запісу мовы выкарыстоўвалася габрэйскае пісьмо, якому ў 1930 годзе ў рамках усесавецкае лацінізацыі моваў малых народаў СССР прыйшоў на замену ўніфікаваны цюрскі лацінскі альфабэт. Цяперашняя крымчацкая мова выкарыстоўвае кірылічны альфабэт. Да канца ХІХ ст. крымчакі называлі ўласную мову словам чагатай.
У 2012 годзе ва Ўкраіне пачалі дзейнічаць палажэньні Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў, крымчацкая мова стала адной з моваў, што трапіла ў сьпіс моваў, якім у краіне забясьпечваецца падтрымка паводле Хартыі.
Remove ads
Клясыфікацыя
Крымчацкая мова адносіцца да кыпчацка-палавецкае падгрупы цюрскае сям’і моваў, але ў сучасным размоўным і асабліва пісьмовым маўленьнях шмат элемэнтаў іншае падгрупы — агускай, што дазваляе разглядаць мову як зьмяшаную кыпчацка-агускую. Тым ня менш, крымчацкая мова захавала найстаражытнейшыя архаічныя рысы, якія, незважаючы на агускі ўплыў, збліжаюць мову з карачаева-балкарскай нават больш, чым з гістарычна блізкай караімскай. Агускі (або, вужэй, асманскі) уплыў выяўляецца толькі ў фанэтыцы і часткова ў лексыцы, тады як марфалёгія не закранутая, што важна пры аднясеньні мовы ў адну падгрупу з карачаева-балкарскай і караімскай[4].
Структурна крымчацкая мова можа разглядацца як гаворка сярэдняга дыялекту крымскататарскае мовы, адрозьніваючыся ў асноўным наяўнасьцю гебраізмаў і некаторымі архаічнымі асаблівасьцямі, зьвязанымі з замкнёным пражываньнем крымчакоў у асобнай слабадзе Карасубазару.
Remove ads
Лінгвістычная характарыстыка
Фанэтыка, фаналёгія
Для фанэтыкі мовы ўласьцівы некаторы асманскі ўплыў. У гэтай галіне праяўляюцца найбольш прыкметныя асаблівасьці мовы: моцная рэдукцыя галоснага пярэдняга шэрагу [i], які ў слабой пазыцыі абазначаецца як ы (быр «адзін», сыз «вы», кытийим «я іду адсюль», кыбык «як»); сьпірантызацыя q > x у фінальнай пазыцыі (бойдах «халасьцяк», къартлых «старасьць»); агускі ініцыяльны v (вер «дай», вар «ёсьць», вар- «пайсьці»); агуская форма дапаможнага дзеяслову ol- «быць»; пераход ініцыяльнага t > č (чыш «зуб», чӱш «сон», чӱшмек «падаць»), некаторая дэпаляталізацыя галосных ö, ü ў першых складох (ач копеклер «галодныя сабакі», мен ишчы дугульым «я не працоўны»).
Марфалёгія
Марфалёгія мовы супадае з марфалёгіяй сярэдняга дыялекту крымскататарскае мовы, яе лад практычна не закрануты агускім уплывам.
Лексыка
Для лексыкі мовы ўласьцівы пэўныя дзелі габрэйскага й агускага ўплываў, таксама вылучаецца спэцыфічная лексыка: къысреге «праўдзівы», чешни «смак», русфай «кепскі», опранмах «пакутаваць», мефе «карысьць», авода «служба», акибат «надзея», хора «усявышні, Бог», зофра «жоўць», д’иба «шоўк», халт «глупства», арын «проста», могеджет «цуд», бехсун «сумны», эйран ол- «закахацца», исфат «клятва». Рукапісныя зборнікі, вядомыя ў караімаў як мэджума, у крымчакоў называюцца джонк (параўн. з крымскататарскім джонк «альбом»).
Remove ads
Колькасьць носьбітаў
Да Другой сусьветнай вайны ў Крыме пражывала каля 6 000 крымчакоў, для пераважнае большасьці іх роднай мовай зьяўлялася крымчацкая. У часы акупацыі Нацысцкай Нямеччынай 1941—1944 гадоў сілы нацыстаў зьнішчылі амаль усіх крымчакоў. Жывымі засталося каля тысячы чалавек — мужчыны, якія сышлі на фронт, і нешматлікія сем’і, якія пасьпелі эвакуявацца.
У траўні 1944 году крымскія татары былі дэпартаваныя ва Ўзбэкістан, у лік дэпартаваных трапіла вялікая частка крымчакоў, некаторыя зь якіх так і засталіся ў краіне. У нашыя часы мова імкліва вымірае. Усеўкраінскі перапіс насельніцтва 2001 году засьведчыў наяўнасьць 785 чалавек крымчацкае нацыянальнасьці, зь іх прыкладна 68 чалавек здольныя размаўляць на мове[5], але існуюць і іншыя зьвесткі (гл. Ethnologue). Роднай мовай крымчацкая застаецца для значна меншай колькасьці людзей, толькі для трох чалавек. Адзін зь іх, Давід Рабі, у 2004 годзе выпусьціў кнігу з кароткім апісаньнем мовы і крымчацка-расейскім слоўнікам. Адна з апошніх носьбітак жывога крымчацкага маўленьня — Вікторыя (Гурджы) Багінская — памерла 7 студзеня 2012 году ў Краснадары, Расея.
Пісьмовасьць
Узьнікненьне крымчацкае пісьмовасьці на аснове арамэйскага альфабэту зьвязанае, відавочна, зь неабходнасьцю перакладу малітваў з старажытнагабрэйскае мовы: напрыклад, помнік канца XV — пачатку XVI стст. «Рытуал Кафы». У навучальных дапаможніках, выдадзеных у 1930-х гадох, выкарыстоўваўся лацінскі альфабэт, падобны на г.зв. яналіф («новы альфабэт») — уніфікаваны варыянт лацінскага альфабэту, які ў часы савецкай палітыкі лацінізацыі ўводзіўся для цюрскіх моваў СССР. Альфабэт меў наступны выгляд.
A a | B ʙ | C c | Ç ç | D d | E e | F f | G g |
H h | I i | J j | Ь ь | K k | Q q | Ƣ ƣ | L l |
M m | N n | N̡ n̡ | O o | Ɵ ɵ | P p | R r | S s |
Ş ş | T t | U u | Y y | V v | Z z | Ƶ ƶ |
Пасьля 1936 году кнігавыданьне на мове прыпынілася, і мова трапіла ў катэгорыю бесьпісьменных. Пачынаючы з 1930-х гадоў пры запісе тэкстаў на крымчацкай мове крымчакі ўжывалі расейскі варыянт кірыліцы.
Сучасны праектны крымчацкі альфабэт таксама засноўваецца на кірыліцы[6]. Як і некаторыя іншыя кірылічныя альфабэты цюрскіх моваў, ён утрымлівае дыграфы з выкарыстаньнем літары ъ і літары з дыякрытычным знакам трэма.
А а | Б б | В в | Г г | Гъ гъ | Д д | Е е | З з |
И и | Й й | К к | Къ къ | Л л | М м | Н н | Нъ нъ |
О о | Ӧ ӧ | П п | Р р | С с | Т т | У у | Ӱ ӱ |
Ф ф | Х х | Ч ч | Чъ чъ | Ш ш | Ы ы | Ь ь | Э э |
Remove ads
Адукацыя
У пачатку ХХ ст. у Сімфэропалі й Карасубазары дзейнічалі дзьве пачатковыя школы з навучаньнем на крымчацкай мове, першы лемантар і падручнік для пачатковых клясаў на крымчацкай мове склаў Ісаак Кая. У 1989 годзе ў Сімфэропалі дзейнічала нядзельная школа, дзе слухачы рознага ўзроўню вывучалі крымчацкую мову.
Прыклад
Урывак вершу А. Пушкіна «Хмара» на крымчацкай мове, пераклад В. Багінскай-Гурджы[7]:
- Булут къап-къара, сэн нэге давранайсынъ?
- Нэге ачылгъан кӧклерде долашайсынъ?
- Нэге къарартайсынъ ярых кӱнлерны?
- Нэге йыгълатайсынъ частлы аваны?..
Прымаўка на мове, В. Багінская-Гурджы[8]:
- Кымы су тапмаз ичмее, кымы копур тапмаз кечмее.
- Хто вады ня знойдзе напіцца, а хто мосту ня знойдзе — прайсьці.
Параўнаньне з турэцкай мовай
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads