Мацей Радзівіл
дзяржаўны дзяяч, кампазытар і драматург Вялікага Княства Літоўскага From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мацей Радзівіл (10 лістапада 1749 — 2 верасьня 1800) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кампазытар і драматург[2]. Падкаморы вялікі літоўскі (1786—1790), кашталян віленскі (з 1790).
Валодаў маёнткамі на тэрыторыі сучасных Летувы і Польшчы, на Беларусі — Паланэчкай, Крошынам ды іншымі.
Мацей Радзівіл — аўтар лібрэта да першай беларускай прафэсійнай опэры «Агатка» 1784 году, упершыню пастаўленай у Нясьвіжы (Наваградзкі павет, Вялікае Княства Літоўскае).
Remove ads
Біяграфія
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Лявона Міхала, стражніка польнага літоўскага, і Ганны з Мыцельскіх. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясьвіжы. Вандраваў Эўропай, наведаў Дрэздэн, Гданьск, Карлавы Вары, Прагу[3].
3 канца 1770-х гадоў зблізіўся з ваяводам віленскім Каралем Станіславам Радзівілам «Пане Каханку». Абіраўся паслом на сойм 1780 году, займаў пасады падкаморыя вялікага літоўскага (з 1786 году) і кашталяна віленскага (з 1790 году).
У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай (1792 год) перадаў у карыстаньне войску Вялікага Княства Літоўскага замкі, арсэналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Дамініка Гераніма Радзівіла, за што атрымаў падзяку ад Чатырохгадовага сойму (1788—1792 гады).
У 1793 годзе ў складзе Камісіі паліцыі Вялікага Княства Літоўскага. Браў удзел у падрыхтоўцы паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі (1794 год), уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (сябра дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія бралі ўдзел у паўстаньні. У кастрычніку 1794 году, занепакоены радыкалізацыяй паўстаньня, выехаў у Галіччыну.
За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады адабралі ў Мацея Радзівіла права апекі над малалетнім князем Дамінікам. У канцы жыцьця знаходзіўся ў сваім маёнтку Паланэчка (Наваградзкае ваяводзтва), які на пэўны час зрабіўся культурным асяродкам у краі.
У шлюбе з Альжбетай Хадкевіч меў дачку Антаніну і сына Канстантына.
Remove ads
Творчасьць
У творчасьці Мацея Радзівіла сэнтымэнталізм і клясыцызм спалучаліся зь перадрамантычнымі тэндэнцыямі.
У якасьці драматурга дэбютаваў у 1784 годзе, калі да прыезду караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага паставіў у Нясьвіжы опэру «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Мацея Радзівіла, музыка Яна Давіда Голянда). Пазьней опэра ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 году выконвалася ў 2-актавай вэрсіі над назвай «Добры пан — бацька для падданых» і карысталася папулярнасьцю да канца 1820-х гадоў. У опэры паэтызаваліся людзі з народу, даводзілася патрэбу палегчыць долю сялянаў, паказвалася, што цяжкая сялянская праца ёсьць асновай усеагульнага дабрабыту.
У 1786 годзе да імянінаў Караля Станіслава Радзівіла ў Альбе пад Нясьвіжам паставілі опэру «Войт альбанскага сяленьня» (лібрэта і музыка Мацея Радзівіла), дзе асуджалася жорсткае абыходжаньне зь сялянамі.
Іншыя музычныя творы Мацея Радзівіла: дывэртысмэнт, саната, сэрэнада, 6 палянэзаў. Апроч таго, пісаў вершы.
Remove ads
Галерэя
- Іканаграфія Мацея Радзівіла
- Невядомы мастак, па 1791 г.
- Невядомы мастак, XVIII ст.
- Невядомы мастак, каля 1800 г.
- Невядомы мастак, каля 1800 г.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads