Мужчынская зборная Францыі па баскетболе
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мужчынская зборная Францыі па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Францыю на міжнародных баскетбольных турнірах. Кіруецца Францускай фэдэрацыяй баскетболу.
Remove ads
Гісторыя
Добры пачатак і заняпад
Зборная Францыі пачынала як адзін з даволі моцных калектываў. На чэмпіянаце Эўропы 1937 году каманда здабыла бронзавыя мэдалі.

На летніх Алімпійскіх гульнях 1948 году, якія ладзіліся ў Лёндане, зборная Францыі ачоленая Рабэрам Бюснэлем стала ўладальніцай срэбных мэдалёў упершыню ў сваёй гісторыі, саступіўшы залатыя мэдалі зборнай ЗША[1]. На чэмпіянаце Эўропы 1949 году французы былі срэбнымі прызэрамі. У 1950-я гады зборная яшчэ тройчы была бронзавым прызэрам кантынэнтальнага першынства. Наступныя гады былі менш слаўнымі. Баскетбольная зборная, здавалася, паступова занепадала, застаўшыся без мэдалёў на буйных міжнародных спаборніцтвах у 1960-х і 1970-х гадах. 1980-я гады былі адзначаныя пакаленьнем надзеі, у шэрагах якога былі такія зоркі, як то Рышар Дакуры, Стэфан Астроўскі і Эрвэ Дзюбісан. Цягам гэтага дзесяцігодзьдзя зборная Францыя вярнулася на Алімпіяду ў 1984 годзе і згуляла на чэмпіянаце сьвету 1986 году.
Паляпшэньне вынікаў
Не зважаючы на добрыя выступы каманды ў 1990-х гадах, каманда зноў была без мэдалёў. Аднак у канцы дэкады быў адзначаны пазытыўны зварот францускага баскетболу. Дружына, якая будавалася вакол Антуана Рыгадо, Тарыка Абдуль-Ваада, Лярана Ск’яры, Джыма Більбы і Лярана Фуарэ, фінішавала ў чацьвёртцы наймацнейшых на чэмпіянаце Эўропы 1999 году, які ладзіла ў сябе Францыя. Сваю першую паразу яны атрымалі толькі ў паўфінале, а другая была зазнаная ў матчы за бронзавыя мэдалі. У 2000 годзе каманда Францыі кваліфікавалася на летнія Алімпійскія гульні 2000 году ў Сыднэі. Дзякуючы працы трэнэра Жан-П’ера дэ Вінцэнзі зборная здабыла срэбныя мэдалі[2].

Па летніх Алімпійскіх гульняў 2000 году францускі маладзён Тоні Паркер быў абраны клюбам «Сан-Антоніё Спэрз» на драфце НБА 2001 году. Аднак на чэмпіянаце Эўропы 2001 году без Антуана Рыгадо, які нечакана пастанавіў сысьці з нацыянальнай зборнай, аднаго 19-гадовага Паркера было недастаткова, таму Францыя ня здолела паўтарыць свой выдатны выступ. Зборная Францыі саступіла ў чвэрцьфінале зборнай Нямеччыны зь лікам 77:81 і заняла ў выніку 6-е месца[3]. За гэты час адбывалася амаладзеньне зборнай, да якой пачалі далучацца гульцы моцнай юніёрскай зборнай. На чэмпіянаце Эўропы 2003 году каманда прыехала з надзвычай таленавітай камандай, у якую ўваходзілі як гульцы НБА Тоні Паркер, Жэром Муісо і Тарык Абдуль-Ваад ды шэраг баскетбалістаў з эўрапейскіх чэмпіянатаў. Не зважаючы на добрую і пэрспэктыўную каманду, зборная прагуляла ў паўфінале зборнай Летувы, а затым у роўным матчы саступіла бронзавыя мэдалі зборнай Італіі зь лікам 67:69[4]. У наступным чэмпіянаце перабудаваная зборная без Муісо і Абдуль-Ваада зноў прабілася ў чацьвёрку найлепшых, але гэтым разам у матчы за трэці радок перамагла зборную Гішпаніі зь лікам 98:68. Чэмпіянат сьвету 2006 году зборная гуляла бяз Паркера, які атрымаў траўму пальца перад турнірам. У вынікі каманда была выбітая зборнай Грэцыі ў чвэрцьфінале. Чэмпіянаты Эўропы 2007 і 2009 гадоў ня былі вельмі ўдалымі. На чэмпіянаце сьвету 2010 году зборная спынілася ў 1/8 фіналу.
Уздым

На чарговае кантынэнтальнае першынство ў Францыі былі вялікія спадзевы. Першы два матчы зборная пачынала даволі павольна, аднак каманда у апошніх чвэрцях рабіла выбуховыя высілкі, каб здабыць перамогі над зборнымі Латвіі і Ізраілю. У матчы з апошнім з супернікам Тоні Паркер назьбіраў 31 пункт. У наступнай перамозе над зборнай Нямеччыны Паркер здабыў 32 пункты. Па-ранейшаму непераможную Францыю чакала яшчэ адно цяжкае выпрабаваньне ў абліччы зборнай Італіі. Цягам трох чвэрцяў Італія мела перавагу ў ліку перад Францыяй, але Паркер, а таксама Барыс Дыяў і Нікаля Бацюм надалі дружыне неабходны рытм, што забясьпечыла францускім спартоўцам перамогу зь лікам 84:91. Нават ужо атрымаўшы месца ў плэй-оф, у апошнім туры групавога этапу французы ў авэртайме выгулялі зборную Сэрбіі.
На другім групавым этапе Францыя перамагла зборныя Турэччыны і Летувы, але потым зазнала паразу ад зборнай Гішпаніі. Тым ня менш, гэтага выніку хапіла дзеля выхаду ў чвэрцьфінал, дзе каманду чакала зборная Грэцыі. Паркер зноў быў найлепшым бамбардзірам на пляцоўцы, што дапамагло французам прасунуцца ў паўфінал, дзе чакалася супрацьстаяньне зборнай Францыі і Расеі. Абедзьве каманды гулялі вельмі добрыя і мелі шанец на перамогу цягам усяго часу, але Францыя зрабіла дастаткова здабыць перамогу і прайсьці далей[5]. Францыя дакрочыла да фіналу чэмпіянатаў Эўропы ўпершыню з 1949 году. Аднак, зламіць зборную Гішпаніі не атрымалася.

На летніх Алімпійскіх гульнях 2012 году зборная спынілася ў 1/4 фіналу. На чэмпіянаце Эўропы 2013 году каманда зноў няблага правяла групавы этап, але і зазнаўшы паразу аж зборнай Нямеччыны ў дэбютным матчы. У чвэрцьфінале была пераможаная зборная Славеніі, а таксама ў паўфінале была здабытая перамога над зборнай Гішпаніі. У фінале француская каманда перамагла зборную Летувы, стаўшы чэмпіён Эўропы[6]. Акрамя таго, зорная гульня Тоні Паркера цягам турніру прынесла яму прызнаньне самага каштоўнага гульца турніру[7]. Францыя кваліфікавалася на чэмпіянат сьвету 2014 году, аднак праз адсутнасьць Паркера вынікі пагоршыліся. На групавым этапе зборная прагуляла зборным Бразыліі і Гішпаніі. У 1/8 фіналу французы перамаглі зборную Харватыі, а ў наступным раўндзе далі рэванш гішпанцам. У паўфінале каманда саступіла зборнай Сэрбіі, а ў матчы за бронзавыя мэдалі францускія баскетбалісты былі мацнейшымі за зборную Летувы. Наступны чэмпіянат Эўропы 2015 году ладзіўся адразу ў чатырох краінах, сярод якіх была Францыя. Вяртаньне да складу Паркера ўзвысіла шанец зборнай на чарговае чэмпіёнства, аднак у паўфінале яна была выбітая зборнай Гішпаніі ў авэртайме. Перамога над зборнай Сэрбіі забясьпечыла спартоўцаў бронзавымі мэдалямі.
На летніх Алімпійскіх гульнях 2016 году зборная дасягнула толькі чвэрцьфіналу, прагуляўшы ў ім зборнай Гішпаніі[8]. Пасьля спаборніцтва Паркер аб’явіў аб заканчэньні кар’еры ў зборнай[9]. На чарговым эўрапейскім чэмпіянаце каманда Францыі зазнала паразу ў 1/8 фіналу ад зборнай Нямеччыны. На чэмпіянаце сьвету 2019 году дружына выйшла з групы першага этапу зь першага месца, здабыўшы цяжкую перамогу над немцамі зь лікам 78:74, дзякуючы намаганьням Эвана Фурнье. На другім групавым этапе дзякуючы перамозе над зборнай Летувы, зборная прабілася ў 1/4 фіналу, дзе французы перагулялі зборную ЗША. У матчы з фаварытам турніры асабліва вызначыліся Эван Фурнье і Рудзі Габэр. Аднак, у кроку да фіналу французы саступлі зборнай Аргентыны, але ў матчы за трэці радок была здабытая перамога над зборнай Аўстраліі зь лікам 67:59[10].
Дзякуючы добраму выніку на чэмпіянаце сьвету, зборная атрымала месца ў баскетбольным турніры на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году. У стартавым матчы зборная Францыі, маючы Эвана Фурнье з 28 пунктамі, адолела зборную ЗША зь лікам 83:76[11]. Пасьля ўпэўненай перамогі зборная прабілася ажно да паўфіналу, дзе сустрэла зборную Славеніі. Толькі перавага ў адзін пункт дала французам мажлівасьць згуляць у фінале, дзе французы саступілі зборнай ЗША[12]. Чэмпіянат Эўропы 2022 году прынёс камандзе срэбныя мэдалі, а на чэмпіянаце сьвету 2023 году зборную чакаў правал, бо пасьля першых двух паразах ад зборных Канады і Латвіі стала зразумела, што каманда ня здолее прабіцца ў наступны этап.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads