Політэізм

вера ў мноства багоў ці багіняў From Wikipedia, the free encyclopedia

Політэізм
Remove ads

Політэі́зм (ад грэц. πολύς, «шматлікі, шмат» + грэц. θεός, «бог, боства» — «многабоства») — рэлігія, сукупнасьць вераваньняў, заснаваная на веры ў некалькіх багоў, якія маюць уласныя прыхільнасьці, характар, уступаюць у адносіны зь іншымі багамі й маюць спэцыфічную сфэру ўплыву. Політэізм быў тыповай формай рэлігіі ў эпоху бронзавага й жалезнага веку й да Восевага часу, пасьля чаго паступова пачалося разьвіцьцё монатэізму, пантэізму й атэізму. Політэізм быў характэрным для рэлігіяў антычнасьці, што праявілася ў існаваньні старажытнагрэцкага й старажытнарымскага шматбожжа, а таксама існаваньня політэізму ў германскіх і славянскіх плямёнаў. Паступова шматбожжа прыйшло ў заняпад, але яно й цяпер захоўваецца ў сучасных традыцыях і рэлігіях, такіх як індуізм, будызм, сінтаізм, кітайскія народныя рэлігіі й іншыя. Акрамя таго, назіраецца рост колькасьці прыхільнікаў нэапаганства ў Эўропе.

Thumb
Одын — адзін з асаў скандынаўскай міталёгіі

Політэізм зьяўляецца адным зь відаў тэізмаў. У рамках тэізму, ён рэзка кантрастуе з монатэізмам, верай у адзінага Бога. Політэісты не заўсёды пакланяюцца ўсем багам аднолькава, яны могуць быць генатэістамі, то бок пакланяцца толькі аднаму абранаму богу. Іншых шматбожнікаў можна аднесьці да катэнатэістаў, якія пакланяюццаа розным багам у розныя часы. Акрамя таго, у рамках політэізму пакланеньне племянным багам не выключае прызнаньня багоў іншых народаў. У політэістычных вераваньнях богі ўспрымаюцца як асобныя індывіды з розным статусам і з індывідуальнымі магчымасьцямі, патрэбамі, жаданьнямі, сваім мінулым. Яны не заўсёды ўспрымаюцца як усемагутныя. Часта яны малююцца як падобныя на людзей, але, у адрозьненьне ад людзей, яны маюць дадатковыя якасьці, уладу, веды й іншыя здольнасьці.

Філязофскае ўспрыманьне багоў адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, як яны адлюстраваны ў міталёгіі. У філязофскіх традыцыях богі лічацца несьмяротнымі, дасканалымі й усемагутнымі.

Remove ads

Гісторыя

Thumb
Ісыда-Пэрсэфона ёсьць адным з прыкладаў сынкрэтызму паміж рымскай рэлігіяй і рэлігіямі, якія былі паглынутыя Рымскай імпэрыяй, што выявілася ў падобных скульптурах, як гэтая, што аб’ядноўвае эгіпецкую багіню Ісыду й Пэрсэфону.

Некаторыя вядомыя гістарычныя політэістычныя пантэоны ўлучаюць шумэрскіх, эгіпецкіх багоў і клясычны грэцкі пантэон, які ахоплівае старажытную грэцкую й рымскую рэлігіі. Да клясычных політэістычных рэлігіяў таксама ўлучаюць скандынаўскую міталёгію вакол асаў і ванаў, яруба, багоў ацтэкскай міталёгіі й многіх іншых. Сёньня гістарычныя політэістычныя рэлігіі часта пагардліва называюцца «міталёгіямі», але гісторыі пра багоў трэба адрозьніваць ад самога культу або рэлігійнай практыкі. Напрыклад, боствы, прадстаўленыя ў мітах, часам шанаваліся ў храмах, што выяўляе адрозьненьне ў сьвядомасьці вернікаў паміж мітам і рэчаіснасьцю.

Празь вялікае падабенства й сувязяў паміж старажытнымі эўрапейскімі рэлігіямі выказваецца здагадка ў межах параўнальнай рэлігіязнаўчай навукі, што існавала пратаіндаэўрапейская рэлігія, ад якой паўсталі рэлігіі розных індаэўрапейскіх народаў, і што гэтая рэлігія была натуральнай, то бок паводле сваёй сутнасьці нумэнісцкай. Прыкладам рэлігійнага панятку гэтага агульнага мінулага ёсьць канцэпцыя Dyeus, якая дакумэнтуецца ў розных рэлігійных сыстэмах. Пантэоны многіх цывілізацыяў маюць тэндэнцыю пашырацца зь цягам часу. Боствы, якія спачатку шанаваліся як апекуны гарадоў або пэўных мясцовасьцяў, спалучаліся, калі імпэрыі набывалі свой распаўсюд. Заваёвы маглі стаць чыньнікам падпарадкаваньня пантэону адной культуры іншай, больш новай, як у грэцкім выпадку Тытанамахіі, а магчыма таксама ў выпадку асаў і ванаў у скандынаўскіх мітах. Культурны абмен мог спрычыняцца да таго, што «той жа» бог мог пачаць шанавацца ў двух розных рэгіёнах, але з рознымі імёнамі, як у грэкаў, этрускаў і рымлянаў, а таксама да ўлучэньня элемэнтаў «замежнай» рэлігіі ў мясцовы культ, як то ўкараненьне эгіпецкага бога Асырыса, які з часам шанаваўся ў Старажытнай Грэцыі.

Больш старажытныя сыстэмы вераваньняў базаваліся на канцэпцыі, што багі ўплываюць на чалавечыя жыцьці. Аднак грэцкі філёзаф Эпікур сьцьвярджаў, што багі жывуць сваім уласным жыцьцём, не займаючыся справамі сьмяротных людзей. Эпікур уважаў, што багі матэрыяльныя, падобныя да людзей і жывуць у пустых прасторах паміж сьветамі. Эліністычную рэлігію ўсё яшчэ можна ўважаць за політэістычную, але з моцнымі маністычнымі кампанэнтамі, і монатэізм у рэшце рэшт паўстаў з эліністычных традыцыяў у позьнюю Антычнасьць у форме нэаплятанізму й хрысьціянскай тэалёгіі.

У Старажытнай Грэцыі

Thumb
Дванаццаць алімпійцаў.

Клясычная схема ў Старажытнай Грэцыі прадугледжвала існаваньне дванаццаці алімпійцаў[1], сярод якіх былі Зэўс, Гэра, Пасэйдон, Атэна, Арэс, Дэмэтра, Апалён, Артэміда, Гефэст, Афрадыта, Гермэс і Гестыя. Аднак мяркуецца, што Гестыя адмовілася ад свайго месца, калі Дыяніс быў запрошаны на Алімп, але гэта застаецца прадметам спрэчак. Робэрт Грабас у сваёй кнізе «Грэцкія міты» цытуе дзьве крыніцы, у якіх Гестыя відавочна не адмаўлялася ад свайго месца[2][3]. Аіда[4] часта выключалі зь сьпісу, бо ён жыў у падземным сьвеце. Усе багі валодалі ўладай. Аднак у Антычнасьці існавала вялікая гнуткасьць адносна таго, хто ўважаўся за багоў-алімпійцаў. Розныя гарады часта шанавалі адных і тых жа багоў, але давалі ім розныя вызначэньні з улікам мясцовай сутнасьці.

Элінскі політэізм меў распаўсюд па-за межы мацерыковай Грэцыі, дасягнуўшы астравоў і ўзьбярэжжаў Іёніі ў Малой Азіі, Вялікай Грэцыі (Сыцыліі й паўднёвай Італіі) і грэцкіх калёніяў, раскіданых ва ўсім заходнім Міжземнамор’і, як то ў Масаліі (Марсэль) і Эмпарыёне. Грэцкая рэлігія паўплывала на этрускія культы й вераваньні, у рэшце рэшт стаўшы часткай рымскай рэлігіі.

Remove ads

Сутнасьць

Thumb
Багі з старажытнагрэцкага пантэону.

У парадыгме політэізму сьвет уяўляецца ў выглядзе герархіі розных бостваў, якія валодаюць большай ці меншай уладай ды маюць уласнае аблічча, перадусім падобнае на чалавека, і сваю пэўную сфэру кіраваньня ў прыродзе й грамадзтве. Пантэон багоў стварае складаную сыстэму ўзаемаадносінаў, дзе боствы маюць уласныя прыхільнасьці, характар, маюць дачыненьні адно з адным і трымаюць спэцыфічную сфэру ўплыву. Сфэра дзейнасьці кожнага боства аддзеленая ад сфэры дзейнасьці іншых. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі Пасэйдон уважаўся за бога воднай стыхіі, а Гея была багіняй зямлі. У сацыяльнай сфэры Гермэс панаваў у гандлі, а славянскі Вялес шанаваўся як бог жывёлагадоўлі. На чале пантэону звычайна стаіць вярхоўны бог, але не адзіны, у адрозьненьне ад монатэізму. Як правіла, гэтым богам ёсьць бог сонца, гэтак упарадкавана ў старажытнаэгіпецкай, славянскай і шумэрскай міталёгіях, але сустракаюцца й выняткі, бо гэтак у рымска-грэцкай міталёгіі вярхоўным богам быў, адпаведна, Зэўс або Юпітэр, які быў богам грому, навальніцы, маланкі й надвор’я наагул. У рамках політэізму пакланеньне племянным багам не выключае прызнаньня багоў іншых народаў.

Thumb
Шэсьце багоў на Прамэтэевым саркафагу. Люўр.

Тэарэтычным абгрунтаваньнем політэізму ёсьць міталёгія[5]. Таму дасьледаваньні політэізму шчыльна павязаныя з вывучэньнем мітаў, якія ўяўляюць сабою збор паданьняў аб багах і героях. Адрозьніваюць тэаганічныя міты, то бок міты аб паходжаньні багоў, і касмаганічныя, то бок міты аб паходжаньні сьвету. У першабытных і традыцыйных грамадзтвах міт, які апавядае аб паходжаньні Сусьвету й чалавека, аб узьнікненьні сацыяльных інстытутаў, аб культурных набытках, аб жыцьці й сьмерці, выконвае функцыі рэлігіі, ідэалёгіі, філязофіі, гісторыі й навукі. Першабытны міт уважаецца за простаю, вобразную й часта паэтычную схема ўладкаваньня сьвету, якая тлумачыць і прадпісвае пэўны чын існаваньня ў ім.

Рэлігійная практыка політэізму, то бок ягоныя рытуалы, скіраваная на ўсталяваньне кантакту з боствам і атрыманьне ад яго якой-небудзь дапамогі ў абмен на ахвяраваньне чаго-небудзь з боку чалавека[6]. Веданьне законаў узаемадзеяў з багамі й здольнасьць выкарыстаць іх на практыцы дае ўладу над навакольнай рэчавістасьцю. Апанаваньне ўлады над навакольлем з дапамогай рытуалу ёсьць магізмам. Політэізм магічны паводле сваёй сутнасьці, паколькі сьвет багоў ня ёсьць трансцэндэнтным, ён распушчаны ў прыродзе, таму любая гаспадарчая, вайсковая ці палітычная дзейнасьць чалавека ўваходзіць у судотык з тым ці іншым богам і слушны рытуал забясьпечвае пасьпяховасьць справы. Паколькі рытуал ёсьць паўтарэньнем сакральнага акта стварэньня сьвету, як і кожная дзея — паўтарэньне першадзеі бога-дэміюрга, міт зацьвярджае зададзеную рэчавістасьць як абсалютна значную.

Remove ads

У сучасных рэлігіях

Будызм

Thumb
Статуя Буды ў сьвятыні ў Карэі.

Будыйскае вучэньне пра «Дэваў», назву якіх дзеля спрашчэньня ўспрыманьня часта ў эўрапейскія мовы перакладаюць як «боствы», але Дэвы значна адрозьніваюцца ад багоў іншых політэістычных рэлігійных сыстэмаў. Дэвы жывуць у «сьвеце багоў», які на санскрыце мае назоў «дэвалока». Панятак дэва не павязаны зь нейкімі натуральнымі істотамі, але з пункту гледжаньня людзей іх параўноўваюць паводле моцы й шчасьця зь людзьмі. Колькасьць дэваў дакладна ня вызначаная, бо гэта вялікае мноства розных істотаў, якія падзяляюцца на шмат розных сьветаў і клясаў, фармуючы складаную герархію. Дэвы ніжняга рангу бліжэй паводле сваёй прыроды да людзей.

Адзінай мэтай пасьлядоўніка вучэньня Буды складаецца ў поўным збавеньні ад пакутаў кола сансары[7][8] й дасягненьні стану, званага нірванай. У будызьме адмаўляецца вучэньне аб асабістым Богу й прыродзе баства, як яно прысутнічае ў абрамічных рэлігіях. З гэтае прычыны будызм прылічваюць да нэтэізму й часта трактуецца як сьпірытуалістычная філязофія, а не рэлігія.

Даасізм

Thumb
Выява даоскай трыяды, вядомых як сань-цын.

Даоскі пантэон дастаткова складаны й разнастайны. Гэтая разнастайнасьць ёсьць сьледзтвам вялікай колькасьці розных даоскіх школаў, але пералік асноўных пэрсаналіяў і відаў бостваў у іх перадусім супадае. Боствы падзяляюцца на «данябесных» і «панябесных». Першыя, то бок старэйшыя боствы, увасабляюць сабою сілы прыроды, стыхіі Сусьвету й гэтак далей, да другіх, малодшых, ставяцца тыя, хто ў зямным жыцьці былі людзьмі, але па сьмерці здабылі адвечнае жыцьцё.

Пра вярхоўную Істоту, усеагульны Закон і Абсалют, заснавальнік вучэньня Лао-Цзы пісаў, што існуе Бясконцая Істота, якая зьявілася раней за Неба й Зямлю. У сябе яно канцэнтруе спакой, жыве самотна й усьцяж не зьмяняецца. Яно рухае ўсім, але не хвалюецца. Лао-цзы называў яго Дао. Дао пануе ўсюды й ва ўсім, заўсёды й бязьмежна. Яго аніхто не ствараў, але ўсё паходзіць ад яго. Сэнс жыцьця палягае на тым, каб з дапамогай нутранага засяроджваньня й аскетызму вызваліцца з-пад улады сьвету, спазнаць Дао й зьліцца зь ім. Асноўныя «данябесныя» боствы, якія стаяць на чале пантэону, вядомыя як «тры чыстыя» або сань-цын. Яны ўвасабляюць сабою этапы самавыкрыцьця Дао, а таксама сфэры нябеснага сьвету. Паводле адной з вэрсіяў, сань-цын фігуруюць як боствы, якія зьмянялі адзін аднаго ў якасьці кіраўнікоў сьвету ўсьцяж шэрагу пасьлядоўных цыклаў. Першым кіраўніком у даоскай трыядзе чыстых уважаецца Юаньшы-цяньцзунь, які перадаў сваю ўладу вучню Лін-бао цянь-цзуню, а той у сваю чаргу, перадаў яе Тай-шан Лао-цзюню.

Джайнізм

Thumb
Заснавальнікі джайнізму Рышабганатга й Магавіра.

У цэнтры вучэньня джайнізму, як і іншых індыйскіх рэлігіяў, стаіць праблема вызваленьня ад сансары. У джайнізьме маецца вялікая колькасьць бостваў, але асноўнымі бажаствамі ёсьць джыны, арыганты й тыртганкары, якія пераадолелі ўнутраны пал і набылі прасьветленую сьвядомасьць. Таму найвышэйшай мэтай для джайнаў ёсьць стаць джынамі, то бок пераможцамі. У гэтай рэлігіі багі ня вечныя, і рана ці позна, растраціўшы добрую карму, яны ізноў вымушаныя будуць нарадзіцца ў целе якой-небудзь іншай істоты. Дапамагчы людзям вызваліцца ад сансары багі ня могуць, і прасіць іх аб якіх-небудзь зямных выгодах таксама бессэнсоўна, бо анішто ня ўладны над кармаю.

Джайнізм вучыць таксама аб існаваньні якшаў, якія ставяцца да катэгорыі гэтак званых блукаючых бостваў або віянтараў, якія валодаюць шэрагам звышнатуральных магчымасьцяў, улучна са здольнасьцю зьмяняць памер і форму. Паводле джайнскай міталёгіі, цар багоў Індра загадаў якшам сачыць за дабрабытам тыртганкараў, з гэтае прычыны яны й атачаюць кожнага джыну падчас ягонага зямнога жыцьця. Нават не зважаючы на тое, што яны надзеленыя вялікай моцай і магутнасьцю, яны таксама блукаюць у цыкле перанараджэньняў і сьмерцяў сансары, як і ўсе чалавечыя душы.

Для джайнізму характэрна адмаўленьне існаваньня найвышэйшага боства, як безасабовага Брагмана, гэтак і асабовага Бога-Творцы. З гэтае прычыны джайнізм, як і будызм, звычайна ставяць да нэтэізму.

Індуізм

Thumb
Скульптуры трымурці, то бок зьлева направа Брагма, Вішну й Шыва.

У індуізьме налічваюцца тысячы багоў і багіняў[9]. У розных кірунках індуізму гэтыя сутнасьці разглядаюцца альбо як асобасныя (Бгагаван) праявы безасабовага вярхоўнага баства Брагмана з духоўнага сьвету, альбо як магутныя духоўныя істоты, званыя дэвамі. Дэвы ў індуізьме ўважаюцца за нябесных бостваў, якія кіруюць рознымі стыхіямі й сіламі прыроды, але ёсьць служкамі вярхоўнага бога. Большасьць гэтых бостваў адыгрываюць нязначную ролю ў рэлігійнай герархіі індуізму. Але некаторыя дэвы займаюць больш важнае становішча, бо яны кіруюць складанымі касьмічнымі працэсамі й адыгрываюць ключавую ролю ў час стварэньня й падтрыманьні жыцьця ў Сусьвеце. Некаторыя зь іх, як то Ганэша, выконваюць асабліва важныя функцыі ў складанай сыстэме кіраваньні Сусьвету й ёсьць папулярнымі аб’ектамі шанаваньня сярод індуістаў.

Індуісцкі пантэон улучае трох галоўных бостваў, як то стваральніка Брагму, захавальніка Вішну й руйнача Шыву, аб’яднаных у адзінае цэлае, якое вядомае як трымурці. Усё гэта агулам уяўляе сабою духоўны пачатак вярхоўнага баства Брагмана[10]. Такім чынам, за ўсёй політэістычнай разнастайнасьцю праглядаецца монатэістычнае вучэньне аб адзіным Богу.

Хрысьціянства

Не зважаючы на тое, што хрысьціянства звычайна апісваецца як монатэістычная рэлігія[11][12], часам сьцьвярджаецца, што дактрына Тройцы, якая падтрымліваецца большасьцю хрысьціянскіх традыцыяў з позьняй Антычнасьці, выключае чысты монатэізм. Гэтая дактрына палягае на тым, што Бог складаецца з Айца, Сына й Сьвятога Духа. Паколькі баство — гэта тры розныя асобы, некаторыя лічаць, што хрысьціянства варта лічыць формай трытэізму, формай політэізму[13][14]. Аднак, у хрысьціянскім багаслоўі, што «адзін Бог існуе ў трох асобах і адной сутнасьці», але што бажаство ня можа быць унітарнай асобай з індывідуальнай ідэнтычнасьцю. Хрысьціянства атрымала ў спадчыну ідэю «адзінага Бога» ад юдаізму й сьцьвярджае, што ягоная монатэістычная дактрына ёсьць цэнтральнай у веры.

Джордан Пэйпэр, заходні навуковец і політэіст, уважае політэізм за нармальны стан чалавечай культуры. Ён сьцьвярджае, што «нават Каталіцкая царква выяўляе політэістычныя аспэкты з шанаваньнем сьвятых. Зь іншага боку, на ягоную думку, монатэістычныя місіянэры й навукоўцы імкнуліся ўбачыць протамонатэізм або прынамсі генатэізм у політэістычных рэлігіях, напрыклад, калі з кітайскай традыцыі шанаваньня Неба й Зямлі, яны бралі толькі адную частку й называлі яе Ўладаром Нябесным, як гэта рабіў Матэо Рыччы[15]. У 1508 годзе лёнданскі лалард на імя Ўільям Пат’е быў абвінавачаны ў верваньне ў шасьцёх багоў[16].

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads