Красавіцкія страйкі ў Беларусі (1991)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Штра́йкі ў Белару́сі 1991 ро́ку, таксама Красаві́цкія штрайкі — сэрыя агульнанацыянальных штрайкаў і дэманстрацыяў у Беларускай ССР. Выбухнулі пачаткова ў знак нязгоды з падвышэньнямі цэнаў і падаткаў на экспартныя тавары, але пазьней ператварыліся ў шырэйшы антысавецкі рух з патрабаваньнямі адстаўкі савецкіх кіраўнікоў, зьмяншэньня эканамічнай залежнасьці ад цэнтральнага ўраду і перавыбараў Вярхоўнага Савету. Пратэст ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як найбольш масавы выступ рабочых у змаганьні за ўласныя палітычныя правы[1].
Remove ads
Гістарычнае тло
За часам Пятра Машэрава Беларуская ССР хутка перайшла ад аграрнай да індустрыяльнай эканомікі і стала «зборачным цэхам Савецкага Саюзу»: беларускія трактары, транспартныя сродкі, электронна-вылічальная тэхніка пастаўляліся ва ўсе савецкія рэспублікі і па-за межы СССР. Аднак у выніку рэформаў, палітыкі перабудовы і паскарэньня савецкая эканоміка трапіла ў глыбокі крызіс. Запыт на беларускія вырабы ўпаў, што выклікала масавыя звальненьні[2].
Яшчэ адным чыньнікам згаршэньня стану беларускай эканомікі сталі наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Чвэрць беларускіх лясоў трапілі ў заражаную зону, 137 700 чалавек былі эвакуяваныя, яшчэ 200 000 зьехалі самастойна. 479 населеных пунктаў апусьцелі, у ліпені 1990 року ўся тэрыторыя рэспублікі была абвешчаная зонай экалягічнага бедзтва. Паводле ацэнак, учыненая шкода дасягала 235 млрд $ ЗША, што адпавядала 32 бюджэтам Беларускай ССР узроўню 1985 року. На гэтым тле ў канцы 1980-х у рэспубліцы паўсталі рухі за нацыянальнае адраджэньне[2].
Яшчэ раней напружанае грамадзкае становішча выклікала штрайкі беларускіх працаўнікоў. У 1989 року страйкавалі салігорскія шахцёры[3], у 1990 — працаўнікі «Гомсельмашу»[4].
Remove ads
Перадумовы
У 1991 року Кабінэт міністраў СССР на чале з Валянцінам Паўлавам распачаў грашовую рэформу з мэтай зніжэньня сацыяльнага напружаньня, пазбаўленьня ад залішняй грашовай масы і вырашэньня праблемы таварнага дэфіцыту. У межах гэтай рэформы 19 сакавіка савецкі ўрад выдаў пастанову «Пра рэформу раздробавых цэнаў і сацыяльную абарону насельніцтва», намагаючыся такім чынам вырашыць праблему дэфіцыту бюджэту, спрычыненага эканамічнай крызай[5]. Указ уваходзіў у шэраг захадаў грашовай рэформы. З пачаткам дзеяньня ўказу цэны на тавары ўзьляцелі ў 2—5 разоў[6][7], а на асобныя групы нават больш[8].
Яшчэ адным чыньнікам, што павялічыў незадаволенасьць насельніцтва, стаў гэтак званы «Гарбачоўскі падатак» — 5% падатак на тавары, вырабелныя ў адной рэспубліцы для продажу ў іншых. Паколькі эканоміка Беларускай ССР грунтавалася на прадукцыі, што экспартаваліся ў іншыя савецкія рэспублікі, яна найбольш адчула страты ад «Гарбачоўскага падатку»[9].
Remove ads
Хада падзеяў
3 красавіка 1991 року ў адказ на падвышэньне цэнаў спынілі працу работнікі Менскага электратэхнічнага заводу, да іх далучыліся супрацоўнікі суседніх заводаў шасьцерняў(d) і аўтаматычных ліній(d). Рабочыя выйшлі на Даўгабродзкую вуліцу, перакрыўшы рух трамваяў[1][6]. 4 красавіка да штрайку далучыліся работнікі Менскага аўтамабільнага заводу. Пратэстоўцы, колькасьць якіх склала каля 100 000, прайшлі маршамі да Дому ўраду[4][10].
У першы дзень пратэстаў патрабаванні тычыліся выключна эканамічных пытаньняў (узьняць заробкі, зьнізіць цэны, скасаваць 5 % падатак на продаж усіх тавараў). На мітынгу ля Дома ўраду дадаліся палітычныя патрабаваньні:
- вывад з прадпрыемстваў партыйных камітэтаў;
- адстаўка прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, Кабмінаў БССР і СССР);
- новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР;
- наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнай сілы[10][1]
5 красавіка ў Салігорску спыніў працу Салігорскі калійны камбінат. Свае патрабаваньні яны агалосілі на цэнтральнай плошчы места[7]. Наступнымі днямі да штрайкаў далучыліся іншыя прадпрыемствы і гарады: Барысаў, Віцебск, Ворша, Гомель, Горадня, Ліда, Маладэчна, Наваполацак. Да канца тыдня прадстаўнікі 98 прадпрыемстваў пры падтрымцы БНФ «Адраджэньне» ўтварылі «стачкавыя камітэты»[7].
Знаныя апазыцыйныя пісьменьнікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч адкрыта выказаліся ў падтрымку пратэстоўцаў[9]. Акрамя ўласна палітыкаў з БНФ, шэраг іншых беспартыйных дэпутатаў, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, заклікалі ўрад выканаць патрабаваньні працоўных[11].
Апанэнтаў у той час узначальвалі Мікалай Дземянцей (старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету), ягоны намесьнік Станіслаў Шушкевіч, а таксама старшыня Кабінэту міністраў Вячаслаў Кебіч. Аднак яны былі больш гатовыя да перамоваў, чым цэнтральнае кіраўніцтва ў Маскве і працавалі над зьніжэньнем цэнаў. Аднак падзеі разьвіваліся так хутка, што ў той час эканамічныя патрабаваньні завадчанаў ужо былі замененыя палітычнымі[9]. Дзеля разьвязаньня пытаньня Станіслаў Шушкевіч склікаў закрытае паседжаньне прэзыдыюму Вярхоўнага савету, на якое не дапусьцілі іншых дэпутатаў. Пятро Садоўскі, прадстаўнік БНФ у прэзыдыюме, беспасьпяхова спрабаваў дамагчыся скліканьня надзвычайнай сэсіі парлямэнту. Яшчэ раней Станіслаў Шушкевіч адхіліў аналягічную прапанову дэпутата Сяргея Антончыка.
10 красавіка Савет міністраў БССР пайшоў на перамовы з страйкоўцамі і задаволіў эканамічныя патрабаваньні працоўных, падвысіўшы заробкі. Аднак палітычныя патрабаваньні не былі задаволеныя; тады лідэры страчкавага руху пастанавалі аднавіць штрайкі з 23 красавіка[7].
Аршанскі страйкам з пачатку красавіка нават выпускаў уласную газэту «Рабочая воля» (выйшлі чатыры нумары)[2]. Пікам пратэстаў стала перакрыцьцё чыгуначнага вузла ў Воршы 24 красавіка, у выніку чыго спыніўся рух цягнікоў з РСФСР на захад, зь Ленінграду ў Адэсу і зь Менску ў Смаленск[9]. 25 красавіка прадстаўнікі аршанскага стачкаму накіраваліся ў Менск на перамовы, аднак яны не далі вынікаў. Блякаду чыгуначнікаў увечары 25 красавіка спыніў АМАП зь Віцебску, Менску і Магілёву, пасьля гэтага пратэсты сышлі на нішто.
Remove ads
Вынікі
У выніку перамоваў было дасягнутае пагадненьне пра задавальньне эканамічных патрабаваньняў работнікаў, палітычныя патрабаваньні праігнаравалі[10].
Тым ня меней, работнікі Салігорскага калійнага камбінату страйкавалі яшчэ месяц пасьля разгону пратэстаў у Воршы, а ў жніўні 1991 року аднавілі пратэсты[10].
На базе стачкавых камітэтаў, якія паўсталі ў красавіку 1991 року, утварыліся першасныя камітэты незалежных прафсаюзаў, зь якіх пазьней разьвіўся недзяржаўны Беларускі незалежны прафсаюз(d)[7].
Remove ads
Глядзіце таксама
- Забастоўка працаўнікоў менскага мэтрапалітэну (1995)
- Менская вясна
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads