Сяргей Паўловіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сярге́й Канстанці́навіч Паўло́віч (25 верасьня 1875, в. Асаўцы, Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня — 16 верасьня 1940, Вільня) — багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.
Remove ads
Раньняе жыцьцё
Скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю ў Вільні, пасьля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысэртацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 году. У 1900 скончыў акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя.
Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904 «Гродненские епархиальные ведомости» надрукавалі дапрацаванае ім кандыдацкае сачыненьне пад назвай «Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)», а потым яно выйшла асобным выданьнем у 254 старонкі.
У 1909—1912 выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай сэмінарыі і жаночай гімназіі Рагачова (Віленская навучальная акруга). У 1913 ён быў прызначаны інспэктарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. З пачаткам Першай сусьветнай вайны выехаў як бежанец у Калускую губэрню. Там займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзяленьня ў аддзеле народнае адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бугальтара ў Калускім аддзяленьні Дзяржаўнага банку.
Remove ads
Нацыянальна-асьветніцкая дзейнасьць
Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасьля пераезду ў Вільню Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927—1928 навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтае гімназіі.
Пэдагагічная й грамадзкая дзейнасьць Паўловіча была цесна зьвязаная з Таварыствам беларускае школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асьветнай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 — «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфэратамі па гісторыі хрысьціянства на яго паседжаньнях.
16 кастрычніка 1930 і ў 1933 Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках.
3 канца 1920-х рэзка ўзмацнілася палянізацыя школы. Міністэрства веравызнаньняў і грамадзкае асьветы заплянавала на 1929—1930 навучальны год увядзеньне ў беларускія школы падручніка «Лемантар» Ст. Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго; выкрыў шкоднасьць гэтага дапаможніка для нацыянальнае сьвядомасьці дзяцей. Прыкмечаныя Паўловічам 88 артаграфічных памылак вымусілі чыноўнікаў зьняць лемантар з карыстаньня, але ў наступным годзе «выпраўлены» падручнік усё ж такі быў уведзены ў навучальны працэс.
У 1929 у Вільні, у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік С. Паўловіча «Пішы самадзейна. Разьвіцьцё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучаньня (пасьля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў сьвет і «Мэтадычныя ўвагі» да пасобніка «Пішы самадзейна». Яны былі дапушчаны Міністэрствам асьветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ зь беларускай мовай навучаньня.
У 1936 у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча «Першыя зерняткі». Нацыянальнай абэцэдай беларусаў С. Паўловіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Ува ўмовах паглыбленьня палянізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданьне лемантара (1937 г.) лацінкай пад назовам «Zasieŭki». Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны.
Remove ads
Рэлігійна-асьветніцкая дзейнасьць
У 1926 была надрукавана падрыхтаваная ім «Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Сынод дазволіў увесьці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Паўловіча ў 1933 быў выдадзены «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, які часова быў дапушчаны да ўжываньня ў беларускіх пачатковых школах Віленскае акругі.
Вялікая папулярнасьць падручнікаў С. Паўловіча і высокі ўзровень яго ведаў былі прычынай таго, што ў адной з пастаноў Варшаўскага Сынода яго асоба прапаноўваецца ў якасьці адзінага кандыдата ў камісію са спэцыялістаў-багасловаў і мовазнаўцаў па стварэньні падручнікаў Закону Божага на беларускай мове. На рэкамэндацыю Віленскае камісіі па беларускіх падручніках Закону Божага выйшла ў сьвет апрацаваная Паўловічам «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (1-У аддзелы)» (Варшава, 1935) і «Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936).
Паводле некаторых зьвестак, у 1937 жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс «Снапок», які быў дадаткам да газэты праваслаўнай мітраполіі «Слово». У 1940 памёр ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.[2]
Бібліяграфія
Падручнікі
- Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій. Вільня, 1926.
- Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. 4.1: першы год навучання (пасля азбукі). Вільня, 1929.
- Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна». Вільня, 1929.
- Першыя зерняткі. Вільня, 1936 (І-е выданне пад назвай Zasieuki, Вільня, 1937).[3][4]
- Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі. Варшава, 1936.
- Першая навука Закона Божага. Вільня, 1936.
Кнігі і брашуры
- Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.). Гродно,1904.
- Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы. Вільня, 1928.
- Пазашкольная асвета. Культурна-асветніцкая праца ў гуртках Таварыства беларускае школы. Вільня, 1928.
- Некалькі ўваг аб беларускім «Лемантары» Ст. Любіч-Маеўскага. Вільня, 1929 (пад псэўд. Палешук).
- Об организации белорусской трудовой школы. / пераклад А. С. Ліс = Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы. Вільня, 1928 // составители: Э. К. Дорошевич, М. С. Мятельский, П. С. Солнцев. Антология педагогической мысли Белорусской ССР. — Москва: Педагогіка, 1986. — С. 363—367.
Артыкулы
- К открытию Рогачевской учительской семинарии // Народное образование в Виленском учебном округе, 1909, №11,0. 462—465.
- С. П. Да пытаньня аб аснаўных прынцыпах навучаньня й узгадаваньня ў пачаткавай беларускай школе. // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, сакавік. — № 1. — С. 28—32.
- С. П. Да пытаньня аб аснаўных прынцыпах навучаньня й узгадаваньня ў пачаткавай беларускай школе. // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, красавік. — № 2. — С. 20—22.
- С. П. Да пытаньня аб аснаўных прынцыпах навучаньня й узгадаваньня ў пачаткавай беларускай школе. // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, май. — № 3. — С. 33—35.
- С. П. Да пытаньня аб аснаўных прынцыпах навучаньня й узгадаваньня ў пачаткавай беларускай школе. // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, чэрвень. — № 4. — С. 34—35.
- Самаадукацыя // Беларускі летапіс, 1937, № 9 — 11 і шэраг іншых артыкулаў у «Летапісы Таварыства беларускае школы» (з 1936 г. — «Беларускі летапіс») і «Беларускім календары» (1929).
Пад рэдакцыяй С. Паўловіча выйшаў «Праваслаўны малітваслоў». Вільня, 1938; выдаваўся дзіцячы царкоўны, культурна-асьветніцкі ілюстраваны часопіс «Снапок» (Варшава, 1937), часопісы «Беларускі летапіс» і «Беларускі каляндар».
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads